Радзіма, радня, радавод, Радаўніца… Адным коранем звязвае мова дарагія сэрцу паняцці. Звязвае непарыўна, пранізліва, кроўна. Нібы дае нам магчымасць зноў і зноў асэнсоўваць сутнасць сваю, сваё месца ў жыцці, адчуць суразмернасць імгнення і вечнасці. Мы і памяць, памяць і мы – чалавек, чалавецтва і чалавечнасць. Маленькі па часе фрагмент вясны – Радаўніца, глыбокае па сэнсе праяўленне жыцця – Радаўніца. Вось так і крочаць яны заўсёднымі спадарожнікамі – вясна і Радаўніца, адраджэнне і памяць.
Кожны з роду людскога – носьбіт памяці. І на генным узроўні, і на разумовым, біялагічнай і бібліяграфічнай. Вечны агонь – гэта памяць, і кветкі ля абеліска, і музейныя экспазіцыі, і памінальныя дні… І калі сэрца сціскаецца ад пачутага голасу, які прыгадаў кагосьці, каго ўжо няма на гэтым свеце… «Нішто на зямлі не праходзіць бясследна», – здаецца, гэты песенны радок гучаў вечна. Нішто і ніхто не праходзіць бясследна. Чалавек, які быў, які хадзіў па зямлі, пасадзіў дрэва: яно і сёння шапоча пад ветрам. Чалавек, які кахаў, даў жыццё дзецям: сёння дзеці дзяцей у спякотны апоўдзень хаваюцца ад сонца пад галінамі таго дрэва. Чалавек, які ствараў, свае сэрца, талент, працу ўвасобіў у творчасць: яна працягвае абуджаць у душах высокія пачуцці і памкненні.
Радаўніца запальвае свечкі нашай памяці, любові і болю, які заўсёды ёсць нават у самым здаровым сэрцы. Таму што ў любога з нас свае страты і сваё мінулае. Месца, куды ідзём у другі аўторак пасля Вялікадня, вызначана сэнсам Радаўніцы – мы скіроўваем і шлях, і сардэчнае імкненне да апошняга прытулку тых, хто ўжо ступіў у небыццё. Ад нас залежыць – каб не ў забыццё. Наводзім парадак, убіраем смецце, фарбуем агароджы, саджаем кветкі каля штучных узгорачкаў з помнікамі, крыжамі, абеліскамі. Гэта тэрыторыя нашага сумлення і матэрыялізаваны клопат пра тых, хто некалі жыў, ствараў, кахаў. Тут, на тэрыторыі сумлення, не павінна быць ні чорных, ні белых плямаў. А яны, на жаль, бываюць, і ўтвараюць іх жывыя: каму лянота вынесці ў спецыяльныя кантэйнеры, устаноўленыя для гэтых мэт, старыя букеты, мінулагодняе лісце; хто забраў з магілы кветкі, перакуліў за агароджай лавачку… На шчасце, такія выпадкі нерастыражыраваныя. Але іх увогуле быць не павінна, таму што вандалізм нельга апраўдаць, у яго няма і не можа быць адвакатаў. Гэта відавочна, бясспрэчна, адназначна.
Месца смутку – могілкі – ёсць у любым населеным пункце незалежна ад колькасці яго жыхароў. Тут схіляюцца ў журбе жаночыя галовы ў чорных хусцінах і мужчынскія – у любую пару года без капелюшоў. Тут не сорамна плакаць. Які боль, што няма побач і ўжо ніколі не будзе тых, хто скончыў свой зямны шлях!.. Якое шчасце, што яны былі!..
Памяць продкаў, дарагіх і незаменных людзей ушаноўвае і вернік, і атэіст, і юнак, і зусім сталы чалавек. Светлы сум, светлы боль, незагойны, шчымлівы. Заўсёды ў гэты радаўнічны час хочацца ўзяць альбом з фотаздымкамі і ўбачыць хаця б на іх любімыя твары тых, каго ўжо не ўбачыш ніколі. Нічога не зробіш супраць законаў прыроды. У ёй усё заканамерна, усё запраграмавана, хаця не заўсёды радасна. І калі гасне чыясьці зорка, на Зямлі без яе святла становіцца цямней.
Час успамінаў – яшчэ і час самааналізу. Колькі людзей – столькі індывідуальнасцей. Непаўторны асабісты свет, непаўторны набор уласцівасцей і рыс характару. І абавязковыя для ўсіх каноны прыстойнага чалавека, бясспрэчныя запаведзі Хрыстовы. Шлях да самаўдасканалення даўжынёю ў жыццё. Па сутнасці, кожнаму не трэба забываць пра memento mori. Чалавек прыходзіць у гэты свет, каб зрабіць яго лепшым, дабрэйшым і прыгажэйшым. Каб адчуць смак паветра, вады, хлеба. Каб пастарацца пакінуць працяг на блакітнай планеце Зямля, свой працяг. Каб не забываць, ні ў якім разе і ніколі, пра свае карані і пра будучыню. Каб…
Мусіць, нездарма Радаўніца адзначаецца ў разгары вясны. Нібы сімвал бясконцасці і адраджэння. А што такое бясконцасць? Яе цяжка, амаль немагчыма ўявіць, і ўсё ж менавіта яна гучыць гімнам жыццю ў нашым падзоркавым свеце. Жыццю ўвогуле – пакаленне за пакаленнем.
…Былі. Слова вельмі балючае, калі пасля яго: ніколі больш не будуць. Каб у лабірынтах жыцця не сцерліся імёны тых, хто пайшоў з яго; каб не толькі родныя ўспаміналі пра іх, але і былыя калегі, сябры, суседзі; каб маналіт «учора – сёння – заўтра» не даў трэшчыны, трэба па справядлівасці, па законе чалавечнасці берагчы памяць, шанаваць памяць. Зноў і зноў паўтараем пройдзенае, зноў і зноў засвойваем кожнай клетачкай сваёй істоты пранізлівыя, геніяльныя радкі з «Рэквіема» Роберта Раждзественскага: «Гэта патрэбна – не мёртвым! Гэта патрэбна – жывым!». Тым, хто ёсць, тым, хто будзе.
Сонейкамі дзьмухаўцаў усміхаецца сёлетняя ранняя вясна. У яе красавіцкіх тэзісах пазначаны і аўторак пасля Велікоднага тыдня – Радаўніца, калі «до обеда пашут, в обед плачут, а вечером скачут (пляшут)».
У кожнага свае ўспаміны, свае незваротныя страты, сваё «ніколі». Гартаю стары сямейны альбом. Гляджу на дарагія твары. Мама, тата, бабуля… Хочацца плакаць. Балюча, што жыццё праходзіць хутка. Жывое сэрца адчувае боль. Гэта справядліва.
Пакуль я помню, я жыву.