Напярэдадні прафесійнага свята галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Аляксандр Лук’яненка знайшоў час у сваім шчыльным рабочым графіку, каб расказаць чытачам “Кіраўца” аб складанасцях і радасцях медыцынскай справы, рамонце паліклінікі на тэрыторыі бальнічнага гарадка і арганізацыі работы каманды кіраўскіх медыкаў ва ўмовах пандэміі.
Пра сутнасць прафесіі
А.Я.Лук’яненка ўзначаліў калектыў райбальніцы 1 лістапада 2019 года. Яго працоўны багаж – 23 гады работы ўрачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Кіраўскім пацыентам аказвае дапамогу шосты год. Дарэчы, і ў цяперашні час, калі займаецца адміністрацыйнай работай, не пакідае медыцынскую практыку.
Зыходзячы з асабістага працоўнага вопыту, Аляксандр Яўгенавіч адзначае, што ў медыцыне не можа быць выпадковых людзей: “Наша прафесія асаблівая. Добра працаваць у ёй могуць толькі тыя, хто прыйшоў па закліку душы. У медработніка абавязкова павінна быць павага да людзей, спачуванне чужому болю, бо нам давяраюць самае каштоўнае – здароўе і жыццё. Аднак, у той жа час, медык павінен умець авалодваць сваімі эмоцыямі і пачуццямі, каб у экстранай сітуацыі прыняць правільнае рашэнне і аказаць пацыенту максімальна магчымую дапамогу”.
Стаць на шлях прафесіі медыцынскага работніка Аляксандра Лук’яненку падштурхнуў сямейны прыклад: бабуля была ўрачом фтызіятрам, у медыцыне працавала і яго цётка. “Я з дзяцінства жыў у гэтай атмасферы, – дзеліцца ўспамінамі Аляксандр Яўгенавіч. – Бачыў, як да бабулі часта завітвалі пацыенты, якія перамаглі хваробу, са шчырай удзячнасцю за аказаную дапамогу. Яшчэ з маленства я зразумеў, што медработнікі сваімі ведамі і навыкамі могуць дапамагаць іншым”.
Аляксандр Лук’яненка прызнаўся, што шчыра перажывае за кожнага свайго пацыента: “магчыма, гэта і не вельмі добра, з аднаго боку, бо, як кажуць спецыялісты, можа прывесці да эмацыянальнага выгарання, аднак па-іншаму я не магу. Тым больш адчуваю, што, калі дзелішся з пацыентам сваёй душэўнай цеплынёй, то таксама атрымліваеш ад яго ўзамен дабрыню”.
Самае складанае для Аляксандра Лук’яненкі – не паспець своечасова аказаць дапамогу. Па роду спецыяльнасці яму часта даводзіцца працаваць у экстраных умовах.
“Працуючы ў рэанімацыйным аддзяленні, я бачу крайнасці, часта, калі чалавек знаходзіцца ў кроку ад смерці. А вось, як галоўны ўрач – адміністратар, бачу, што своечасова выявіць хваробу, назначыць правільнае лячэнне можна яшчэ з этапу дыспансерызацыі, калі чалавек толькі звярнуўся ў паліклініку для абследавання. Як галоўны ўрач я прыкладваю намаганні, каб медыцынская служба Кіраўшчыны працавала як мага эфектыўней, такім чынам, у мяне з’явілася магчымасць дапамагчы не аднаму пацыенту, як, напрыклад, падчас работы ў рэанімацыі, а некалькім тысячам жыхароў нашага раёна,” – падзяліўся разважаннямі наш суразмоўца.
Пра рамонт і маладых спецыялістаў
Галоўны ўрач расказаў, што будынак былога інфекцыйнага корпуса амаль на 90% ужо адрэканструяваны. Плануецца, што ён стане часткай паліклінічнага адзялення, у якім зараз таксама праводзіцца рамонт.
У новым корпусе мяркуюць размясціць дарослую і дзіцячую паліклінікі, кабінеты фтызіятра і інфекцыйны – з асобнымі ўваходамі і выхадамі. У будынку былой паліклінікі будзе рэгістратура, наладжаны прыём урачамі агульнай практыкі.
А.Я.Лук’яненка адзначыў, што рамонт робіцца першым чынам для таго, каб палепшыць
абслугоўванне і камфорт пацыентаў. Плануецца максімальна аднавіць паліклінічнае абсталяванне.
Летась была набыта новая карэта хуткай медыцынскай дапамогі, 2 апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх і 2 дыхальна-наркозных апараты.
Напрыканцы лета калектыў медработнікаў ЦРБ папоўняць 14 маладых спецыялістаў – у асноўным урачы агульнай практыкі, а таксама педыятр, оталарынголаг, псіхіятр-нарколаг, стаматолаг, УЗІ-дыягностыкі.
У планах – увесці пасаду ўрача функцыянальнай дыягностыкі – спецыяліста, які інструментальна абследвае пацыентаў для выяўлення розных захворванняў на ранняй стадыі. Напрыклад, кіраўчанам не трэба будзе звяртацца ў іншыя медыцынскія ўстановы, каб пры дапамозе медыцынскага прыбора “Холтэр” правесці маніторынг работы сэрца, – гэта можна будзе зрабіць у нашай райбальніцы.
Аляксандр Яўгенавіч адзначыў: “Нягледзячы на тое, што сёлета да нас прыйдзе шмат новых спецыялістаў, мы па-ранейшаму будзем выкарыстоўваць вопыт тых, хто прысвяціў медыцыне шмат год свайго жыцця”.
Зараз у стстэме аховы здароўя раёна – 381 работнік, 40 з якіх – урачы, 178 – сярэдні медперсанал.
Ёсць спецыялісты, якія прыязджаюць па размеркаванні, некаторыя з іх, адпрацаваўшы, звальняюцца, іншыя ж застаюцца.
Ёсць спецыялісты – ураджэнцы Кіраўшчыны, якія, атрымаўшы прафесію медработніка, вярнуліся на малую радзіму, каб сваімі ведамі і навыкамі дапамагаць землякам. Напрыклад, загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Дзмітрый Варацілкін – мясцовы. Працуе ў ЦРБ з 2011 года, пачынаў тэрапеўтам, затым пры першай жа магчымасці прайшоў спецыялізацыю па анестэзіялогіі і рэанімацыі.
Нядаўна ў рэанімацыйным аддзяленні пачаў працаваць Міхаіл Скарабагатаў, бацька якога – Вячаслаў Раманавіч шмат год прысвяціў выратаванню жыццяў пацыентаў Кіраўскай райбальніцы.
Пра ўмовы работы падчас пандэміі
Сёлетняя сітуацыя з распаўсюджваннем COVID-19 прымусіла медработнікаў усяго свету працаваць у напружаных складаных умовах, весці сапраўдную барацьбу з каварным вірусам. Кіраўскія медыцынскія работнікі – не выключэнне.
Галоўны ўрач расказаў, што калектыў райбальніцы строга прытрымліваецца атрыманых рэкамендацый.
Яшчэ ў пачатку пандэміі ў ЦРБ быў разгорнуты стацыянар інфекцыйнага аддзялення. Маецца дастаткова неабходных лекавых сродкаў, кіслародных пунктаў, каб аказаваць своечасовую максімальную дапамогу пацыентам. Строга выконваюцца пратаколы лячэнняў.
На належным узроўні наладжана ўзаемадзеянне ЦРБ, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённай улады.
Аляксандр Лук’яненка запэўніў, што калектыў медустановы ў дастатковай колькасці забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны. Значную дапамогу ў гэтым ім аказвае УКП “Кіраўскія бытпаслугі”: шыюць маскі, зручныя медыцынскія шапачкі, халаты, касцюмы, бахілы.
Калектыў медарботнікаў удзячны таксама індывідуальным прадпрымальнікам, валанцёрам і ўсім неабыякавым людзям, якія аказваюць падтрымку.
Нарыканцы нашай гутаркі Аляксандр Лук’яненка пажадаў сваім калегам працоўнага аптымізму, бо медработнікам давяраюць, на іх спадзяюцца, ад іх чакаюць дапамогі.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.