Выбарчая кампанія: мінулы тыдзень у лічбах і фактах
22.03.2010
—
Новости Политики
|
Пачатак тыдня супаў з апошнім днём вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў розных узроўняў. Былі агучаны афіцыйныя лічбы па колькасці прэтэндэнтаў, якія падалі ў тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі.Мізэрны адсотак вылучэнцаў ад палітычных партый па краіне Лідзія Ярмошына публічна прадставіла як вынікі тых “перавагаў”, якія партыйным структурам “далі змены ў выбарчым заканадаўстве”. На фоне развагаў старшыні цэнтрвыбаркаму пра ўзмацненне канкурэнцыі сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты прадстаўнікі дэмакратычнага блоку пачалі падлік безальтэрнатыўных акругаў па краіне.
На працягу тыдня ўлады ў розных варыяцыях “рассакрэчваліся” спісы сфармаваных участковых выбаркамаў. Тым часам актыўныя прадстаўнікі грамадскасці па розных інстанцыях шукалі тлумачэнняў наконт таго, якім чынам можна скарыстацца ўжо пратэрмінаванымі ўладамі трыма днямі, падчас якіх заканадаўства дазваляе аспрэчыць рашэнні пра фармаванні камісій. Кандыдаты ў дэпутаты вылучаны У адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, апошнім днём прадстаўлення ў адпаведную тэрытарыяльную, акруговую выбарчую камісію дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, значыцца 15 сакавіка. Аднак, як патлумачыў журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі М.Лазавік, гэта не азначае, што ўжо 16 сакавіка выбаркамы прыступілі да рэгістрацыі кандыдатаў. Цэнтрвыбаркам, паводле яго словаў, рэкамендуе праводзіць рэгістрацыю ўсіх кандыдатаў у акрузе адначасова, каб яны маглі на роўных умовах пачынаць агітацыйную кампанію. Паводле афіцыйнай інфармацыі, па ўсёй краіне на 21 303 дэпутацкіх крэслы ў 1 495 мясцовых Саветах розных узроўняў прэтэндуюць 25 475 чалавек. З іх амаль палова - 44,6% - жанчыны, 6,3% - моладзь да 30 гадоў, 2,7% - беспрацоўныя, 0,1% - грамадзяне Расіі. Варта адзначыць, што найбольшая распаўсюджанасць такой формы вылучэння, як збор подпісаў грамадзянаў, мае аб’ектыўныя прычыны. Толькі гэтым шляхам могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў палітычныя партыі, якія не могуць атрымаць афіцыйнай рэгістрацыі. Так, актывістам Партыі БХД, якой улады адмовілі ў легальным юрыдычным статусе, давялося вылучацца шляхам збору подпісаў. Паводле звестак, якія агучыў сустаршыня аргкамітэта Партыі БХД Павел Севярынец, патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты вылучаны 173 сябры партыі па 226 акругах: у абласныя Саветы дакументы на рэгістрацыю пададзены па 48 акругах, у гарадскія - па 102, у раённыя - па 55, у пасялковыя - па 3 акругах, у сельскія саветы - па 18. Пры гэтым больш за 20 патэнцыйных кандыдатаў ад БХД былі вымушаныя адмовіцца ад удзелу ў кампаніі з прычыны ціску і рэпрэсій. Каментуючы нязначны па сутнасці адсотак кандыдатаў-партыйцаў, старшыня Цэнтрвыбаркаму заўважыла, што колькасць вылучэнцаў ад партыяў падчас цяперашніх мясцовых выбараў у два разы перавысіла ўзровень 2003 года. “Гэта азначае, што партыі ацанілі тыя перавагі, якія ім далі змены ў выбарчым заканадаўстве, тое спрашчэнне – і вылучыліся менавіта такім спосабам”, - падкрэсліла Л.Ярмошына, не здрадзіўшы сваёй пафаснай рыторыцы. “Узмацненне канкурэнцыі” і безальтэрнатыўныя акругі У параўнанні з трыма папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, сёлета вылучэнне кандыдатаў праходзіла больш актыўна, канстатавала кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі, патлумачыўшы, што “ўзмацненне канкурэнцыі адбылося з-за павелічэння прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ў сельскія Саветы”. Л.Ярмошына паведаміла, што на 1 дэпутацкі мандат прэтэндуюць 1,2 патэнцыяльныя кандыдаты, і гэта лічба вышэйшая за аналагічны паказчык на выбарах у 1999, 2003 і 2007 гадах. Разам з тым, афіцыйная статыстыка паказвае, што ў выніку этапа вылучэння конкурс сярод кандыдатаў у Менску і гарадах абласнога падпарадкавання вышэйшы за аналагічны падчас мясцовых выбараў у 2007 годзе, але не дасягнуў паказчыкаў 2003 года. Разам з тым, калі нават усе прэтэндэнты, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў, будуць зарэгістраваныя, то падаўляючая большасць акругаў па краіне ўсё роўна застануцца безальтэрнатыўнымі. Так, правядзем элементарныя матэматычныя разлікі: усяго 21 303 выбарчыя акругі, на дэпутатства ў якіх прэтэндуюць 25 475 чалавек, гэта значыць што максімум на 4 172 акругах будзе конкурс, а на астатніх выбаршчыкі будуць галасаваць толькі за аднаго прэтэндэнта, без выбару. Калі ад абагульненай статыстыкі па краіне перайсці да больш канкрэтных “рэгіянальных” лічбаў, то відавочная колькасць безальтэрнатыўных акругаў у асобных рэгіёнах уражвае. Галоўным чынам безальтэрнатыўнымі будуць выбары і ў Менскай вобласці. Тут ў мясцовыя Саветы розных узроўняў вылучана 4 558 кандыдатаў, а дэпутатамі павінна быць абрана 4 256. Склады ўчастковых выбаркамаў “рассакрэчаны” У другой палове тыдня афіцыйныя выданні, нарэшце, пачалі друкаваць рашэнні раённых, гарадскіх выканкамаў, мясцовых адміністрацый пра фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Пры гэтым незалежныя назіральнікі адзначалі розныя варыяцыі ў намаганнях мясцовых чыноўнікаў да апошняга захаваць “дзяржаўную таямніцу”, якой яны зрабілі інфармацыю пра склад камісій. У Барысаве чарговы “суботні” нумар газеты “Адзінства” з прынятым яшчэ 10 сакавіка рашэннем раённага выканкама пра стварэнне ўчастковых камісій выйшаў у свет толькі ў аўторак 16 сакавіка. Паводле логікі, ён павінен быў з’явіцца 13-га. Аднак, усё, акрамя даты выхаду, адпавядала “асаблівасцям” суботняга нумара – і абмежаваны тыраж, і распаўсюд толькі па падпісцы. У шапіках “Мінскаблсаюздруку” яго набыць немагчыма, у адрозненне ад нумара з рэкламным дадаткам, што выходзіць па серадах. Што так старанна хавалі ўлады ад грамадскасці? Апублікаваныя спісы ўчастковых выбаркамаў хіба што пацвердзілі тэндэнцыі папярэдніх выбарчых кампаній. На мінулым тыдні ў сувязі з фармаваннем участковых выбаркамаў беспрэцэдэнтны выпадак быў зафіксаваны ў раённым цэнтры Свіслач, што на Гарадзеншчыне. Партыя БСДГ вылучала ва ўчастковыя камісіі 4-х сваіх сябраў – Мікалая Лукшу, Міхаіла Казака, Аляксандра Палубінскага і Дзмітрыя Бузука, яшчэ трое мясцовых грамадска-палітычных актывістаў вылучаліся шляхам збору подпісаў і падавання адпаведнай заявы. На паседжанні адміністрацыі Свіслацкага райвыканкаму 9 сакавіка прысутнічаў прадстаўнік БСДГ Віктар Дзесяцік. З яго словаў, падчас паседжання прозвішчы ўключаных у камісіі сябраў не агучваліся, аднак афіцыйна было заяўлена, што ўсе вылучаныя ўвайшлі ў іх склад, за выняткам двух асобаў, якія раней мелі судзімасці. У наступныя дні вылучаным партыйцам і грамадска-палітычным актывістам тэлефанавалі з выканкаму і паведамлялі пра тое, што яны ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісій. Аднак у спісах ўчастковых камісій, якія выйшлі ў раённай “Свіслацкай газеце” 13 сакавіка, ніхто з 7 прадстаўнікоў БСДГ і вылучаных грамадска-палітычных актывістаў у складах камісій не значыцца. Незалежныя назіральнікі дапускаюць версію, што такі абсурд мог здарыцца ў выніку таго, што калі стала вядома пра рашэнне Свіслацкай адміністрацыі, у справу маглі ўмяшацца абласныя ўлады ці нейкія іншыя службы. У выніку адбылася “элегантная зачыстка” прадстаўнікоў мясцовай дэмакратычнай супольнасці. Звароты ў суды – безвыніковыя Паколькі рашэнні раённых, гарадскіх выканкамаў, мясцовых адміністрацый пра фармаванне ўчастковых выбарчых камісій сталі вядомыя пазней за тры дні, адведзеныя заканадаўствам для падачы скаргаў у суд, далёка не ўсе партыйныя структуры і грамадзяне змаглі аспрэчыць неўключэнне сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы. Тым часам ніхто з тых суб’ектаў, што паспелі накіраваць скаргі ў суд, не атрымаў судовага рашэння на сваю карысць. Суд Партызанскага раёна Менска палічыў правільным неўключэнне ў камісіі сябраў Партыі БНФ. Таксама суд адхіліў прапанову партыі аб магчымасці дадатковага ўключэння сябраў партыі ў склад участковых камісій на падставе іх няпоўнай укамплектаванасці. “Удзельнічаць” ці “не ўдзельнічаць” – вось у чым пытанне… На працягу амаль што ўжо двух месяцаў, як пачалася выбарчая кампанія, працягваецца дыскусія сярод палітычных суб’ектаў аб мэтазгоднасці ўдзелу ў ёй. Большасць этапаў ужо пройдзена, высновы адносна іх “лібералізацыі” зробленыя, дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў пададзеныя, і для многіх прыйшоў час вырашаць: ці варта ўвогуле далей гуляцца ў выбары па правілах уладаў. Розныя палітычныя суб’екты вырашаюць гэтае пытанне па-свойму. Партыя БНФ дала партыйным кандыдатам у дэпутаты магчымасць самастойна вызначыцца з фарматам далейшага ўдзелу ў мясцовых выбарах. Адпаведнае рашэнне было прынята 20 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні сойма партыі. 18 сакавіка на паседжанні ЦК Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” было заяўлена, што ва ўмовах, калі няма свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, партыя не выключае магчымасці змянення фармату свайго ўдзелу ў іх, а папросту – адмовы ад далейшага ўдзелу. У апошні дзень тыдня дакладна вызначылася па гэтым пытанні Аб’яднаная грамадзянская партыя. 21 сакавіка з'езд АГП прыняў рашэнне аб адмове ад далейшага ўдзелу ў выбарах у мясцовыя Саветы партыі АГП як палітычнай структуры. Партыйныя кандыдаты, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, будуць вырашаць самастойна, ці працягваць перадвыбарчую гонку, але ў гэтым выпадку яны будуць выступаць ужо як грамадзяне Беларусі, а не як сябры партыі, адзначыла кіраўніцтва АГП. “Наша рашэнне аб выхадзе з выбарчага працэсу - гэта адказ на брутальныя дзеянні ўлад у адносінах да кандыдатаў у дэпутаты і сяброў выбарчых камісій ад апазіцыйных партый, - растлумачыў такое рашэнне партыі Анатоль Лябедзька, старшыня АГП. - Такім чынам, мы маем намер пакінуць за сабой права мець магчымасць выбіраць дэпутатаў, а не назіраць за іх прызначэннем. Выхад АГП як партыі з выбарчага працэсу - гэта і заклік да іншых дэмакратычных сіл паспрабаваць змяніць правілы выбарчай сістэмы перад прэзідэнцкімі выбарамі”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пачатак тыдня супаў з апошнім днём вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў розных узроўняў. Былі агучаны афіцыйныя лічбы па колькасці прэтэндэнтаў, якія падалі ў тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі.
|
|