Дзяржпраграма развіцця Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады зацверджана ў Беларусі. 21.by

Дзяржпраграма развіцця Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады зацверджана ў Беларусі

31.03.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады зацверджана ў Беларусі. Адпаведны ўказ № 161 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 29 сакавіка.

Мэтай праграмы, распрацаванай па даручэнні кіраўніка дзяржавы, з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыпяцкага Палесся на аснове комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў, павелічэнне экспарту інвестыцый, захаванне ўмоў узнаўлення прыродна-рэсурснага патэнцыялу і стварэнне спрыяльных умоў для пражывання насельніцтва.

Вызначаны дзяржаўныя заказчыкі праграмы, функцыі каардынатараў ускладзены на Міністэрства эканомікі, Брэсцкі і Гомельскі аблвыканкамы.

Агульная плошча Прыпяцкага Палесся складае 1825,3 тыс. га. На тэрыторыі рэгіёну пражываюць 568,4 тыс. чалавек, у тым ліку гарадскога насельніцтва — 351 тыс., сельскага — 217,4 тыс. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва — 27 чалавек на 1 кв. км (у 1,7 раза менш, чым у сярэднім па рэспубліцы).

Прыродна-ландшафтны комплекс рэгіёну ўнікальны і ўключае ў сябе буйнейшы ў Еўропе лесабалотны комплекс і пойменныя экасістэмы ракі Прыпяць. Каля 18,4 працэнта тэрыторыі рэгіёну — асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі (Нацыянальны парк "Прыпяцкі", 25 заказнікаў рэспубліканскага і мясцовага значэння, 24 помнікі прыроды).

Мерапрыемствы праграмы накіраваны на развіццё сацыяльнай сферы, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання меліяраваных зямель, прадухіленне дэградацыі зямель і аграландшафтаў, развіццё сельскай і рыбнай гаспадаркі, рацыянальнае выкарыстанне водных рэсурсаў і захаванне іх ад спусташэння і забруджвання. Акрамя таго, прадугледжваюцца мерапрыемствы па ахове лясных рэсурсаў і рэсурсаў расліннага і жывёльнага свету, выкарыстанні рэсурсаў паляўнічай фаўны, мінімізацыі наступстваў надзвычайных сітуацый (паводак, пажараў, радыеактыўнага забруджвання) і тэхнагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, развіцці турызму, прыдарожнага і рачнога сэрвісу, стварэнні адпаведнай інфраструктуры для пашырэння турыстычных паслуг.

Праграмай прадугледжана добраўпарадкаванне населеных пунктаў, рэканструкцыя ўстаноў адукацыі, аб'ектаў гандлю, аховы здароўя, культуры, умацаванне іх матэрыяльнай базы. Напрыклад, у Лунінецкім раёне плануецца будаўніцтва ў в.Вулька-2 сярэдняй школы, рэканструкцыя дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і будаўніцтва Дома культуры на 600 месцаў у г. Лунінец, рэканструкцыя стадыёна ў г. Мікашэвічы. У Мазырскім раёне будуць пабудаваны дзіцячыя яслі-сад на 300 месцаў, завершана будаўніцтва школы-сада ў н.п. Тварычаўка.

Па праграме будуць таксама праведзены рэканструкцыя і аднаўленне меліярацыйных сістэмаў, што дасць магчымасць стварыць спрыяльныя ўмовы для забеспячэння патэнцыяльнай урадлівасці глебаў. Для паляпшэння якасных паказчыкаў вады, што скідваецца ў раку Прыпяць, плануецца рэканструяваць і мадэрнізаваць ачышчальныя збудаванні.

У мэтах пашырэння спектра турыстычных паслуг прадугледжваецца будаўніцтва экатурыстычнага комплексу на базе ТАА "Экатурыстычны комплекс "Чыбіс" і аўтамабільнага моста праз раку Прыпяць, абсталяванне паромнай пераправы ў Пінскім раёне, стварэнне аграсядзібаў у Столінскім, Петрыкаўскім, Нараўлянскім і Жыткавіцкім раёнах. Будуць таксама добраўпарадкаваны старадаўнія паркі — помнікі прыроды рэспубліканскага і мясцовага значэння — "'Манькавіцкі" і "Ніжнецерабяжоўскі" ў Столінскім раёне; пабудавана вяслярная база і лодачная станцыя з набыццём прагулачнага катэра на 30 месцаў, аграсядзіба на возеры Лясное ў Нараўлянскім раёне, вяслярная база на рацэ Прыпяць у Мазырскім раёне і іншыя аб'екты.

Усяго на фінансаванне мерапрыемстваў праграмы спатрэбіцца амаль Br4 трлн сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, інавацыйных фондаў, уласных сродкаў арганізацый, крэдытаў банкаў, сродкаў інвестараў, а таксама аблігацыйнай пазыкі.

Рэалізацыя мерапрыемстваў праграмы дасць магчымасць стварыць у Прыпяцкім Палессі больш за 25 тыс. новых рабочых месцаў. Вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасце ў 2015 годзе ў Брэсцкай вобласці больш як на 65 працэнтаў, Гомельскай вобласці — на 80 працэнтаў. Значна павялічыцца колькасць малых прадпрыемстваў.

Рэалізацыя мерапрыемстваў праграмы ў сельскагаспадарчай сферы дасць магчымасць павялічыць валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у 2015 годзе ў параўнанні з 2009 годам у 1,4 раза, бульбы — у 2,3, агародніны — у 1,8. Вытворчасць мяса (у жывой вазе) узрасце адпаведна ў 1,5 раза, малака — у 1,3 раза. Прадугледжаны будаўніцтва малочнатаварных фермаў, цэхаў па перапрацоўцы малака і мяса, рыбных кансерваў і вэнджанні рыбы, закупка і развядзенне высокапрадукцыйных мясных парод буйной рагатай жывёлы і інш.

На базе Палескай доследнай станцыі меліярацыйнага земляробства і лугаводства ў зоне Прыпяцкага Палесся будуць створаны спецыялізаваная лабараторыя па мясной жывёлагадоўлі "НВЦ НАН Беларусі па жывёлагадоўлі" і спецыялізаваная лабараторыя па агародніцтве, што дасць магчымасць развіваць мясную жывёлагадоўлю, рацыянальна выкарыстоўваць пойменныя землі, арганізаваць новыя рабочыя месцы.

Праграмай прадугледжаны істотныя падатковыя льготы для камерцыйных арганізацый, створаных пасля 1 студзеня 2010 года (за выключэннем створаных шляхам рэарганізацыі), з месцам знаходжання і пры ажыццяўленні дзейнасці на тэрыторыі гэтых раёнаў, на працягу пяці гадоў з дня стварэння гэтых арганізацый.

Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010—2015 гады зацверджана ў Беларусі. Адпаведны ўказ № 161 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 29 сакавіка. Мэтай праграмы, распрацаванай па даручэнні кіраўніка дзяржавы, з'яўляецца забеспячэнне ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыпяцкага Палесся на аснове комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў, павелічэнне экспарту інвестыцый, захаванне ўмоў узнаўлення прыродна-рэсурснага патэнцыялу і стварэнне спрыяльных умоў для пражывання насельніцтва.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика