Якасныя законы — аснова паскоранага развіцця грамадства. 21.by

Якасныя законы — аснова паскоранага развіцця грамадства

01.07.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рубінава А.М. на закрыцці чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

Сёння мы завяршаем работу чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. Характар яе работы ў значнай меры быў вызначаны Пасланнем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Кіраўнік дзяржавы намеціў галоўныя кірункі развіцця нашай краіны, якія павінны забяспечыць якасны прарыў у яе далейшым сацыяльна-эканамічным развіцці. Базісам у рашэнні пастаўленай задачы стануць лібералізацыя эканомікі, інавацыі, дзелавая ініцыятыва, развіццё прадпрымальніцтва і сацыяльная адказнасць. Па сутнасці, новыя працэсы і новыя адносіны ўвойдуць ва ўсе сферы нашага жыцця. Таму прыярытэтнай задачай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і ўсіх іншых суб'ектаў норматворчай дзейнасці з'яўляецца распрацоўка такіх заканадаўчых актаў, якія забяспечвалі б прававую аснову для рэалізацыі сфармуляваных задач. На дасягненне гэтых мэтаў і была накіравана дзейнасць Савета Рэспублікі.

Ад сесіі да сесіі мы ўдасканальваем падыходы да распрацоўкі і падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў, якія склаліся і апрабаваныя практыкай. Яшчэ на стадыі "зараджэння" законапраекта члены Савета Рэспублікі і спецыялісты Сакратарыята Савета Рэспублікі актыўна падключаюцца да дзейнасці рабочых груп, удзельнічаюць у семінарах, нарадах, канферэнцыях, на якіх прапрацоўваюцца і ўзгадняюцца розныя меркаванні. Падобная практыка існуе на ўсіх этапах праходжання законапраекта. Гэта дазваляе значна паскорыць заканатворчы працэс, забяспечыць высокую якасць падрыхтоўкі законапраектаў і зрабіць заканадаўчыя акты больш даступнымі і зразумелымі для грамадзян.

Чацвёртая сесія была дастаткова насычанай з пункта гледжання заканатворчай дзейнасці. Савет Рэспублікі ўхваліў каля 60-ці законапраектаў і прыняў да ведама 5 дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Большасць з іх мае жыццёва важнае значэнне для нашага грамадства. Перш за ўсё, трэба адзначыць законы, якія фарміруюць прававыя асновы якасна новых кірункаў развіцця нашай эканомікі. Так, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва" закліканы забяспечыць развіццё прыватнага бізнэсу і аздараўленне эканомікі ў цэлым.

Ён прадугледжвае напаўненне яго канкрэтнымі нормамі і палажэннямі, якія цяпер распрацоўваюцца і якія, як чакаецца, будуць прынятыя ў форме Дырэктывы Прэзідэнта № 4.

Прыняты намі Закон Рэспублікі Беларусь "Аб гаспадарчых таварыствах" дазваляе значна спрасціць шэраг бухгалтарскіх працэдур. На спрашчэнне працэдуры афармлення юрыдычных дакументаў на зямельныя ўчасткі і максімальную абарону правоў і законных інтарэсаў землекарыстальнікаў накіраваны дапаўненні і змяненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь "Аб зямлі".

Лібералізацыя прадпрымальніцкай дзейнасці ў сферы турызму забяспечваецца новым Законам Рэспублікі Беларусь "Аб турызме".

Магчымасць лібералізацыі адносінаў у сферы распараджэння дзяржаўнай маёмасцю забяспечвае прыняты намі закон, які датычыцца прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. Ён накіраваны на аблягчэнне ўмоў прыватызацыі і пераўтварэння дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянерныя таварыствы, а таксама на забеспячэнне спрыяльных умоў для прыцягнення інвестыцый.

Можна адзначыць таксама законы "Аб ветэрынарнай дзейнасці" і "Аб ахове навакольнага асяроддзя", якія накіраваны на забеспячэнне інтарэсаў грамадства ў гэтых важных сферах.

Заканадаўцы не абышлі ўвагай і інавацыйную дзейнасць. Так, змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях рэгулявання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, а таксама па пытаннях прававой абароны вынаходніцтваў, карысных мадэляў і прамысловых узораў накіраваны на развіццё інструментаў падтрымкі інавацыйнай дзейнасці, захоўванне і развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу, прасоўванне канкурэнтаздольных тэхналогій, удасканаленне маркетынгавых падыходаў у галіне навукі.

Асаблівую ўвагу Савет Рэспублікі надаваў працы над сацыяльным блокам заканадаўчых актаў, якія непасрэдна закранаюць пытанні жыццезабеспячэння нашых грамадзян. Так, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2009 год" пацвярджае поўнае выкананне заяўленага аб'ёму фінансавання расходаў на выплату заработнай платы, стыпендый, аплаты паслуг. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі" накіраваны на забеспячэнне гарантаванай абароны грамадзян ад некваліфікаванай псіхалагічнай дапамогі. Нормы Закона "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей" замацоўваюць меры па ўдасканаленні парадку прызначэння і выплаты дзяржаўных дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, прадугледжвае прававую абарону дзяцей з няўдалых сем'яў. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў" прадугледжвае датэрміновае вызваленне больш як трох тысяч чалавек і скарачэнне на адзін год тэрміну пакарання для больш як дзесяці тысяч зняволеных.

Савет Рэспублікі надаваў значную ўвагу развіццю дагаворна-прававой сферы міжнародных адносінаў. На бягучай сесіі намі ўхвалены пакет пагадненняў аб мытным саюзе паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам, ратыфікавана пагадненне "Аб калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ", ухвалены шэраг дагавораў з Украінай, Казахстанам, Туркменістанам, Літвой, Эстоніяй, Ірландыяй, Саудаўскай Аравіяй.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У міжсесійны перыяд нас чакае вялікая праца над праектамі Жыллёвага кодэкса, законаў "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год", "Аб крыніцах энергіі, якія аднаўляюцца", "Аб трацейскіх судах", "Аб сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў" і іншымі законапраектамі. Мяркуюцца таксама кардынальнае змяненне канцэптуальных падыходаў да новай рэдакцыі Інвестыцыйнага кодэкса (былы састарэў), а таксама распрацоўка і прыняцце комплекснага закона "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы".

Хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу на неабходнасць скрупулёзнай прапрацоўкі законапраектаў. Тут нельга згубіць ніводнай дробязі, асабліва ў тых выпадках, калі гэта датычыцца інтарэсаў грамадзян. Каб пасля не даводзілася шукаць кружных шляхоў тых ці іншых практычных пытанняў з-за таго, што ў новай рэдакцыі мы неабдумана выкінулі ці недапрацавалі нейкі артыкул закона. Я гавару гэта таму, што падобны прыклад у нас, на жаль, ёсць.

Паважаныя калегі!

Другое паўгоддзе гэтага года будзе палітычна, эканамічна і сацыяльна напружаным. Неабходна дакладна разумець, што галоўнай падзеяй стане перадвыбарная кампанія па абранні Прэзідэнта краіны. Найважнейшай задачай становіцца работа з грамадзянамі. Гэтаму боку сваёй дзейнасці Савет Рэспублікі надае асаблівую ўвагу. За час работы чацвёртай сесіі ў Савет Рэспублікі паступіла 200 пісьмовых зваротаў грамадзян, на прыёме ў Савеце Рэспублікі пабывалі 33 наведнікі. На выездзе члены Прэзідыума Савета Рэспублікі прынялі 47 чалавек. Падобная практыка ажыццяўляецца і членамі Савета Рэспублікі на месцах. Сёлета да гэтай работы больш актыўна прыцягваліся работнікі Сакратарыята. Нам трэба шырэй практыкаваць арганізацыю прыёму грамадзян на месцах членамі Савета Рэспублікі з удзелам работнікаў Сакратарыята.

Аналіз зваротаў грамадзян сведчыць аб падтрымцы большасцю насельніцтва нашай краіны дзяржаўнай сацыяльна арыентаванай палітыкі, накіраванай на абарону інтарэсаў людзей, захаванне ў грамадстве стабільнасці і згоды. У той жа час грамадзяне ў сваіх зваротах уздымаюць праблемы ў сферы занятасці насельніцтва, аховы здароўя і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, забеспячэння законнасці і аховы правапарадку. Нам трэба больш актыўна і эфектыўна рэагаваць на гэтыя праблемы. Неабходна своечасова выяўляць канкрэтныя болевыя пункты, папярэджваць узнікненне тых ці іншых настрояў пратэсту і актыўна садзейнічаць прыняццю выканаўчымі органамі неабходных мераў для аператыўнага вырашэння пытанняў, што ўзніклі.

Разам з гэтым вельмі значнай з'яўляецца таксама роля інфармацыйна-прапагандысцкай работы членаў Савета Рэспублікі. Галоўнае ў гэтай дзейнасці — стварэнне пазітыўнага настрою ў людзей. Неабходна дабіцца разумення існуючых у краіне цяжкасцяў і перакананасці, што курс сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны правільны і накіраваны на паляпшэнне ўмоў жыцця грамадзян. Гэта і выхад краіны з крызісу, і рост заработнай платы, і палітыка стрымлівання цэнаў і тарыфаў, і палітыка адстойвання інтарэсаў краіны і яе народа ў мытным саюзе, які фарміруецца, і многае іншае.

Паважаныя калегі!

Важная роля ў рабоце з грамадзянамі адводзіцца мясцовым Саветам дэпутатаў. Менавіта Саветы разам з прафсаюзнымі і іншымі грамадскімі арганізацыямі з'яўляюцца той асновай, якая ў канчатковым выніку фарміруе сацыяльны клімат краіны. У многім поспех работы мясцовых Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў залежыць ад іх прадуктыўнага і змястоўнага ўзаемадзеяння з усімі галінамі ўлады, працоўнымі калектывамі. Гэта пераканаўча пацвердзіла выбарчая кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 26-га склікання. Яна была максімальна адкрытай і дэмакратычнай. Усяго па краіне было абрана 21 288 дэпутатаў. Гэта найбольш актыўныя і ініцыятыўныя людзі. Яны ведаюць праблемы на месцах і закліканы вырашаць іх з улікам законных інтарэсаў кожнага канкрэтнага чалавека. Добрай дапамогай для многіх з іх стануць Закон "Аб мясцовым кіраванні і самакіравання ў Рэспубліцы Беларусь", які ўваходзіць у сілу 20 ліпеня 2010 года, а таксама дапамога і кансультацыі з боку членаў Савета Рэспублікі.

Значную ролю ў каардынацыі дзейнасці мясцовых Саветаў рознага ўзроўню адыгрывае Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі. Асаблівую ўвагу Савет па ўзаемадзеянні надае фарміраванню і павышэнню прафесійнай кваліфікацыі старшыняў мясцовых Саветаў дэпутатаў пярвічнага і базавага ўзроўню. Члены Савета Рэспублікі і Савета па ўзаемадзеянні праводзяць з імі тэматычныя сустрэчы і "круглыя сталы" як у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, так і на месцах. Змест гэтых мерапрыемстваў неабходна пастаянна пашыраць, накіроўваючы іх у рэчышча вывучэння заканадаўчай базы і практычнага вырашэння такіх праблем, як інвестыцыйная прыцягальнасць рэгіёнаў, стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці ў кожным населеным пункце, забеспячэнне росту экспарту і імпартазамяшчэнне, павышэнне энергаэфектыўнасці і энергазберажэння, укараненне рэжыму эканоміі і эфектыўнага кіравання рэспубліканскай і муніцыпальнай маёмасцю. Гэтую работу трэба актывізаваць, сканцэнтраваўшы асаблівую ўвагу на тых задачах, якія былі пастаўлены Прэзідэнтам краіны ў яго красавіцкім Пасланні Парламенту і народу.

Сёлета плануецца правесці два выязныя пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні: у жніўні — на базе Аршанскага раёна і ў кастрычніку — на базе Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

У Савеце Рэспублікі сумесна з прадстаўнікамі мясцовых Саветаў дэпутатаў прапрацоўваюцца новыя формы супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння паміж Саветамі рознага ўзроўню. Законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, які мы з вамі прынялі, прадугледжана новая норма (артыкул 7), якая дазваляе ствараць асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. У бліжэйшы час нам трэба будзе падрыхтаваць і ўзгадніць пакет устаноўчых дакументаў па стварэнні асацыяцый мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У сесійны перыяд Савет Рэспублікі праводзіў паслядоўную работу па ўмацаванні міжпарламенцкага ўзаемадзеяння з парламентамі замежных дзяржаў і міжнароднымі арганізацыямі.

Традыцыйна вялікая ўвага была нададзена развіццю міжпарламенцкага дыялогу з калегамі з дзяржаў — удзельнікаў СНД у частцы ўдасканалення нарматыўна-прававой базы інтэграцыйных працэсаў.

У цэнтры ўвагі мерапрыемстваў міжпарламенцкіх асамблей СНД, ЕўрАзЭс і Парламенцкай Асамблеі АДКБ, якія прайшлі ў пачатку красавіка ў Санкт-Пецярбургу, былі пытанні фарміравання мытнага саюза, у тым ліку яго прававой базы, стварэння Адзінай эканамічнай прасторы, гарманізацыі нацыянальных заканадаўстваў, а таксама сацыяльна-прававой абароны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу ваенных гадоў.

Члены Савета Рэспублікі ўзялі ўдзел у 37-й сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі. Саюзныя парламентарыі абмеркавалі справаздачу Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2008 год, унеслі дапаўненні ў Рэгламент Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якія прадугледжваюць магчымасць запрашэння службовых асобаў Саюзнай дзяржавы і дзяржаў-удзельніц на сесіі Парламенцкага Сходу для адказаў на пытанні дэпутатаў, а таксама прынялі шэраг кадравых рашэнняў.

Шматбаковыя дамоўленасці ў рамках названых вышэй арганізацый былі дасягнутыя ў ходзе візітаў у Рэспубліку Беларусь калег з Азербайджана і Туркменістана. Былі пацверджаны ўзаемная зацікаўленасць у актыўным развіцці міжпарламенцкага дыялогу, падабенства пазіцый па ключавых пытаннях міжнароднага парадку дня, а таксама імкненне паглыбляць узаемадзеянне ў рамках міжнародных парламенцкіх структур.

Важным вынікам мінулага перыяду стаў таксама афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь сірыйскай парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Народнага сходу гэтай краіны Махмудам Аль-Абрашам. У ходзе візіту падпісаны Пратакол да Пагаднення аб супрацоўнцтве паміж Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь і Народным сходам Сірыйскай Арабскай Рэспублікі ад 3 жніўня 2004 года, які прадугледжвае стварэнне сумеснай міжпарламенцкай камісіі. Гэта дазволіць вывесці беларуска-сірыйскія міжпарламенцкія адносіны на больш высокі ўзровень.

Сесійны перыяд характарызаваўся значнай актывізацыяй кантактаў на ўзроўні парламенцкіх камісій і міжпарламенцкіх рабочых груп. Беларускія парламентарыі паслядоўна развівалі дыялог са сваімі калегамі з краін Еўрапейскага саюза — Францыяй і Латвіяй. Візіт у Парыж дэлегацыі рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, які адбыўся ў маі, па супрацоўніцтве з Парламентам Французскай Рэспублікі, і візіт латвійскай парламенцкай дэлегацыі ў Рэспубліку Беларусь прадэманстравалі ўзаемную гатоўнасць заканадаўчых органаў да актывізацыі сумесных намаганняў па шырокім спектры накірункаў узаемадзеяння, у прыватнасці па пашырэнні беларуска-латвійскага пагранічнага супрацоўніцтва.

Не застаўся без належнай увагі і ўсходне-азіяцкі вектар. Сведчаннем адносінаў Рэспублікі Беларусь з Турцыяй і Іранам, якія дынамічна развіваюцца, сталі чарговы візіт у Мінск дэлегацыі групы міжпарламенцкага супрацоўніцтва "Турцыя — Беларусь" і візіт парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Ісламскую Рэспубліку Іран. Канкрэтныя дамоўленасці па пашырэнні беларуска-іранскіх парламенцкіх сувязяў замацаваныя ў падпісаным Пратаколе аб супрацоўніцтве паміж парламенцкімі групамі дружбы.

Далейшаму развіццю двухбаковага супрацоўніцтва будуць таксама садзейнічаць сустрэчы з пасламі Турцыі, Швейцарыі, Амана, Украіны, Польшчы і Францыі, якія адбыліся ў Савеце Рэспублікі і ў ходзе якіх былі абмеркаваныя перспектыўныя накірункі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння.

У міжсесійны перыяд мы працягнем нашу дзейнасць па прасоўванні інтарэсаў беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне. Пры гэтым асноўным прынцыпам нашай работы ў гэтым кірунку стане развіццё раўнапраўных і ўзаемапаважлівых адносінаў з калегамі з замежных дзяржаў і міжнародных арганізацый.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У заключэнне дазвольце выказаць вам словы ўдзячнасці за сумесную работу ў перыяд чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі чацвёртага склікання.

Дзякую супрацоўнікам Сакратарыята за эфектыўнае забеспячэнне дзейнасці Савета Рэспублікі.

Выказваю таксама ўдзячнасць акрэдытаваным у Савеце Рэспублікі журналістам за аб'ектыўнае і своечасовае асвятленне нашай работы.

Дарагія сябры! 3 ліпеня мы святкуем Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Сардэчна віншую вас з надыходзячым святам. Зычу моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту. Няхай у вашых дамах заўсёды пануюць мір і згода!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рубінава А.М. на закрыцці чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика