Прэзідэнт беларусі падзякаваў місіі наглядальнікаў ад СНД за іх ацэнку выбараў
22.12.2010
—
Новости Политики
|
Сустракаючыся 21 снежня ў Мінску са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым, кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў у яго асобе ўсёй місіі за праведзеную ёю каласальную работу. "За тое заключэнне, якое прагучала з вашых вуснаў, я вам вельмі ўдзячны", — сказаў Прэзідэнт. "Мне здаецца, што тут няма ніякіх нацяжак. Калі раптам нейкія шурпатасці былі, вы скажыце, — адзначыў ён. — Вы чалавек зацікаўлены ў тым, каб у краіне быў парадак, каб яна развівалася. Гэта не чужая вам краіна". "Мы адзін аднаго ведаем даўно, і вы не скажаце, што мы выкарыстоўвалі нейкія нефармальныя сувязі, дружалюбныя адносіны і націск. Ні ў якім выпадку", — адзначыў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што для наглядальнікаў былі створаны самыя спрыяльныя ўмовы, яны мелі доступ да любых участкаў і валодалі масай інфармацыі. "Таму мы вашы заўвагі будзем успрымаць як дружалюбныя, нацэленыя на выпраўленне нейкіх недахопаў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў дзяржавы было жаданне ператварыць выбары ў свята. "Ніякага тут фарсу не было. Гэта ўдзячнасць нашаму народу за яго цярплівасць, за тыя поспехі, якія былі", — сказаў беларускі лідар. У сваю чаргу Сяргей Лебедзеў, які ўзначальваў місію наглядальнікаў ад СНД, падзякаваў кіраўніку беларускай дзяржавы за добрыя ўмовы для работы місіі. "Мы сапраўды мелі свабодны доступ на ўсе выбарчыя ўчасткі, ва ўсіх органах улады прадастаўлялася неабходная інфармацыя, — сказаў ён. — Мы ўсюды сустракалі падтрымку, адчувалі адкрытасць усіх структур улады, адчувалі дапамогу ў нашай рабоце. І гэта дапамагло выканаць нашу задачу — уважліва, аб'ектыўна, што важна, справядліва ацаніць ход падрыхтоўкі прэзідэнцкіх выбараў, сам працэс галасавання, падліку галасоў". Ён падкрэсліў, што тая ацэнка, якую зрабіла місія СНД, гэта аднадушнае меркаванне ўсіх прадстаўнікоў 9 дзяржаў Садружнасці, што ўваходзілі ў яе склад. "Яны аднадушна падтрымалі гэту ацэнку, — адзначыў ён. — На нашу думку, выбары былі адкрытымі, такімі, якія забяспечылі свабоднае волевыяўленне грамадзян Беларусі". Паводле слоў Сяргея Лебедзева, ажыццяўляючы назіранне за ходам выбараў, місія кіравалася прынцыпамі аб'ектыўнасці, добразычлівасці і справядлівасці, а таксама законамі краіны, дзе вялося назіранне. Сяргей Лебедзеў таксама выказаў сваё меркаванне адносна таго, чаму ў выніку разышліся ацэнкі наглядальнікаў місій ад СНД і АБСЕ. Ён расказаў, што 19 снежня наглядальнікі місіі ад СНД сустракаліся з даволі шматлікай дэлегацыяй ад АБСЕ, абменьваліся думкамі. Паводле слоў Сяргея Лебедзева, ацэнкі дзвюх місій былі вельмі блізкія адносна працэсу і падрыхтоўкі выбараў, і галасавання. "Наглядальнікі ад АБСЕ тады прызнавалі, што гэты працэс даволі адкрыты. Наглядальнікі ад Захаду сустракалі такую ж адкрытасць і добразычлівы падыход з боку ўсіх структур улады. Нідзе не стваралася ніякіх перашкод для іх работы", — сказаў Сяргей Лебедзеў. "Але, на жаль, ацэнка змянілася 20 снежня", — адзначыў ён. Як вынікае з заяў заходніх наглядальнікаў, гэта звязана з працэдурай падліку галасоў і тымі падзеямі, якія адбыліся вечарам 19 снежня ў Мінску. "Аднак мы лічым, што вячэрнія падзеі ў Мінску зусім не звязаны з выбарамі. Выбары толькі паслужылі падставай для таго, каб ажыццявіць гэту правакацыю", — сказаў кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД. "Гэта дзве зусім розныя падзеі. І чаму гэтыя падзеі павінны ўплываць на ацэнку выбараў, я асабіста гэтага не разумею", — сказаў Сяргей Лебедзеў. Ён зноў падкрэсліў, што наглядальнікі ад СНД перакананы: выбары ў Беларусі былі адкрытымі і самае галоўнае — забяспечана права грамадзян на свабоднае волевыяўленне. "Не толькі наша місія, але і многія незалежныя наглядальнікі падзяляюць нашы ацэнкі", — сказаў ён і прывёў у якасці прыкладу меркаванне прадстаўніка Парламенцкай асамблеі АБСЕ і незалежнага наглядальніка ад Славакіі, якія на прэс-канферэнцыі гаварылі аб гатоўнасці падпісацца пад тым, што выказалі наглядальнікі ад СНД. Значная частка размовы Аляксандра Лукашэнкі і Сяргея Лебедзева была прысвечана абмеркаванню стану спраў у Садружнасці Незалежных Дзяржаў, рабоце Выканаўчага камітэта СНД, у прыватнасці штаб-кватэры ў Мінску. Старшыня Выканкама нагадаў, што наступны год будзе юбілейным для Садружнасці. "Важна, каб юбілей стаў базай, каб ацаніць дасягнутае і намеціць планы на будучыню", — сказаў ён. Сяргей Лебедзеў адзначыў актыўную ролю Беларусі ў інтэграцыйным супрацоўніцтве ў СНД. Так, у наступным годзе ў Беларусі пройдзе нямала мерапрыемстваў у рамках СНД. Напрыклад, у маі плануецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД, а ў канцы верасня — правядзенне буйной навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 20-годдзю СНД. На заканчэнне сустрэчы Сяргей Лебедзеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай, пажадаў поспехаў у адказнай дзейнасці на карысць народа, а беларускаму народу — працвітання, шчасця, дабрабыту. "Таму што мы як сябры хочам, каб народ Беларусі жыў шчасліва", — сказаў Сяргей Лебедзеў. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сустракаючыся 21 снежня ў Мінску са старшынёй Выканаўчага камітэта — выканаўчым сакратаром СНД Сяргеем Лебедзевым, кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў у яго... |
|