Новая аграрная праграма: гаспадарскі падыход. 21.by

Новая аграрная праграма: гаспадарскі падыход

23.03.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора Прэзідэнт Беларусі заслухаў справаздачу Урада аб развіцці вёскі, падчас якой была прадстаўлена новая, чацвёртая па ліку, аграрная праграма — Дзяржаўная праграма развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады. Выкананне папярэдніх дазволіла Беларусі не толькі пераадолець сур'ёзнае падзенне галіны ў постперабудовачныя гады, але і дабіцца яе дынамічнага росту.

  За апошнюю пяцігодку словы "адраджэнне і развіццё" набылі для вёскі цалкам канкрэтныя і акрэсленыя рысы: створана сетка з 1481 аграгарадка, дзе пабудавана 8016 жылых дамоў, рэканструявана і пабудавана 1477 малочнатаварных фермаў, 213 комплексаў па вырошчванні і адкорме свіней і буйной рагатай жывёлы, 60 птушкафабрык. Плошча сельгасугоддзяў у сярэднім на гаспадарку павялічылася ў 1,4 раза. У 2010 годзе, паводле ацэнак Белстата, вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі на аднаго працаўніка склала 56 млн рублёў пры заданні 30-35 мільёнаў. Прадукцыйнасць працы ў параўнанні з 2005 годам павялічылася ў 1,8 раза. Аб'ём аграрнага экспарту склаў 3,3 млрд долараў ЗША супраць 1,3 млрд у 2005 годзе... Разам з тым застаецца і шэраг праблем: велізарная запазычанасць сельгасарганізацый, нізкая рэнтабельнасць продажу прадукцыі, адставанне ад прагнозных паказчыкаў па тэмпах росту вытворчасці і пашырэння асартыменту прадукцыі.

Адно з асноўных дасягненнняў рэалізацыі папярэдніх аграрных Дзяржпраграм, якое вылучыў кіраўнік дзяржавы — забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, што стала трывалай асновай для сацыяльна-палітычнай стабільнасці нашага грамадства. Сельгаспрадукцыя ўсё больш становіцца стратэгічным рэсурсам на сусветным рынку. І ў адрозненне ад карысных выкапняў мы гэты рэсурс можам сур'ёзна павялічыць і нарасціць экспарт харчавання, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Да 2015 года неабходна выйсці на рубеж больш за сем мільярдаў долараў. І гэтую даволі амбіцыйную задачу павінна цалкам вырашыць новая аграрная праграма.

Прадстаўляючы яе, прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што Дзяржпраграмма развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады мае ярка выражаную экспартную накіраванасць. Практычна ўвесь запланаваны ў праекце праграмы прырост вытворчасці павінен пайсці на знешнія рынкі. А гэта значыць, што да 2015 года Беларусь выйдзе па чыстым экспарце масла на другое месца ў свеце, сыру — на чацвёртае, мясной групы — на пятае-шостае.

Паводле разлікаў экспертаў, плацежаздольны попыт на прадукты харчавання ў свеце за бліжэйшыя пяць гадоў вырасце ў 1,3-1,4 раза. Беларускім вытворцам у барацьбе за знешнія рынкі давядзецца канкурыраваць з глабальнымі транснацыянальнымі кампаніямі. Для забеспячэння стабільнасці экспартных паставак неабходны магутны міжнародны маркетынг, буйныя айчынныя ці сумесныя кампаніі, здольныя весці агрэсіўную палітыку продажу. Іх трэба будзе стварыць.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, незалежна ад таго, замежныя, сумесныя ці нацыянальныя кампаніі будуць дамініраваць на беларускім рынку, прыярытэт трэба аддаваць вяскоўцу. Гэта значыць, дадатную вартасць па сродках цанавой інвестыцыйнай палітыкі акумуляваць у асноўным у сыравінных звёнах тэхналагічнага ланцужка.

У адпаведнасці з праектам праграмы, 70 працэнтаў усяго сельскагаспадарчага экспарту ў бліжэйшыя пяць гадоў забяспечыць мяса-малочная група тавараў. Ставіцца беспрэцэдэнтная задача: за пяць гадоў пабудаваць 875 і рэканструяваць больш як 1350 малочнатаварных фермаў, што разам з прыростам прадукцыйнасці і пагалоўя кароў дазволіць выйсці на вытворчасць як мінімум 10,5 млн тон малака за год.

Экспарт мяса і мясапрадуктаў мяркуецца павялічыць за пяцігодку ў 2,8 раза. З улікам актыўнага развіцця вытворчасці мяса свініны і птушкі (так званага "хуткага мяса") у Расіі, урад удакладніць знешнеэканамічную стратэгію. Канкурэнцыя ў сегменце ялавічыны і прадуктаў з яе на працягу бліжэйшых трох гадоў будзе менш інтэнсіўнай, і гэтым трэба скарыстацца.

Трэці складнік росту экспарту — прадукцыя раслінаводства. У мінулай пяцігодцы гэтыя пытанні не ўдалося вырашыць у поўным аб'ёме. Летась, напрыклад, у краіну завезена па імпарце садавіны і гародніны, прадуктаў іх перапрацоўкі на 408 млн долараў. Экспарт бульбы — нацыянальнага беларускага брэнда — плануецца павялічыць за пяцігодку ў 10 разоў. Ужо ў 2011 годзе будзе забяспечана ўнутраная патрэба краіны ў крупах, у тым ліку ў грэчцы. У 2015 годзе чакаецца вытворчасць збожжа ў аб'ёме 12 млн тон, цукровых буракоў — 5,5 млн, ільну — 60 тыс, масла з насення рапсу — 1,06 млн, бульбы — 7,75 млн і іншай гародніны — 2,16 млн тон. Сярэднямесячная заработная плата ў сельскай гаспадарцы ў 2015 годзе павінна скласці ў эквіваленце 750 долараў ЗША.

Увогуле новая аграрная праграма з'яўляецца комплекснай і ўключае ў сябе 18 праграм рознага ўзроўню. На яе рэалізацыю ўрад запрасіў 244 трлн рублёў, у тым ліку на развіццё вытворчай сферы — 232 трлн.

Аляксандр Лукашэнка падвергнуў жорсткай крытыцы структуру Праграмы. У яе нейкім чынам уключылі падпраграмы, даўно зацверджаныя кіраўніком дзяржавы, Саветам Міністраў, міністэрствамі і ведамствамі. Яны ўжо рэалізуюцца, і пытанняў па іх фінансаванні няма. Недарэчнымі, на думку кіраўніка дзяржавы, выглядаюць у структуры выдаткаў на фінансаванне Дзяржпраграмы і сродкі на бягучую дзейнасць сельскай гаспадаркі. Падыход Прэзідэнта даволі канкрэтны: аграпраграма павінна ўключаць толькі тое, што дзяржава зробіць для галіны. А гэта тое, з чым самастойна гаспадаркі і аблвыканкамы не справяцца: будаўніцтва фермаў, міліярацыя земляў, іх урадлівасць... Усё астатняе павінна вырашацца і рабіцца на месцах. Пры такім раскладзе кошт праграмы змяншаецца амаль удвая. Аднак і гэта не мяжа. Патрэбы абласцей у колькасці новых малочнатаварных фермаў, іншых вытворчых будынкаў, а разам з імі і фінансаванне, былі, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, складзены далёка не аптымальна. Як паказвае практыка, у асобных рэгіёнах будуюцца фермы, дзе жывёла-месца каштуе ў 2 разы і больш даражэй, чым у сярэднім па краіне. І вось гэтую безгаспадарнасць ні ў якім разе нельга ўключаць у фінансаванне праграмы. З іншага боку, трэба яшчэ раз больш пільна паглядзець, ці сапраўды паўсюдна, дзе прадугледжана праектам праграмы, неабходна будаваць новыя фермы, ці, магчыма, дастаткова будзе рэканструкцыі. На гэтым, дарэчы, засяродзілі ўвагу прадстаўнікі дырэктарскага корпусу гаспадарак-флагманаў, якія прысутнічалі на нарадзе.

— Трэба зыходзіць з таго, што мы маем, а не замахвацца на замежны вопыт, да якога там ішлі 200 гадоў, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка не пагадзіўся і з лічбай фінансавання, якое павінна было пайсці на будаўніцтва памяшканняў для захоўвання бульбы.

— На захоўванне бульбы яшчэ трыльёны рублёў будзем выдаткоўваць? У нас столькі пустуе памяшканняў, абсталюйце іх! Па-гаспадарску трэба падыходзіць!

Гаспадарскі падыход — галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы і да ўсіх астатніх пунктаў праграмы. У тым ліку і грошай. Крэдытныя сродкі банкаў, бюджэтныя сродкі, выдаткаваныя гаспадаркам, не павінны спісвацца і ў абавязковым парадку іх неабходна вярнуць. Таму, перш чым узяць, кіраўнікам трэба думаць, як яны іх збіраюцца вяртаць.

— Каб не было, што адзін працуе, другі крэдытаў чакае... Напрэгчы трэба ўсіх!

Такое ж жорсткае стаўленне і да закупак абсталявання за валюту. Там, дзе без гэтага немагчыма абысціся, пытанне павінна вырашацца аператыўна. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў пастаўкі лекаў. А калі тыя ж угнаенні, крыху паварушыўшыся, рэальна і, дарэчы, больш танна набыць у Беларусі, то да гэтага і трэба імкнуцца. Прэзідэнт адзначыў, што сёння ў свеце сітуацыя даволі складаная, і кожная дзяржава імкнецца стварыць для сябе пэўную "падушку бяспекі" ў выглядзе золатавалютных рэзерваў.

Вялікую ўвагу падчас нарады Аляксандр Лукашэнка надаў фарміраванню кадравага корпусу, здольнага вырашаць аграрныя праблемы на сучасным узроўні. На яго думку, наспела неабходнасць рэвалюцыі ў сельскагаспадарчых ВНУ. На шмат больш значную ўвагу трэба надаць практыцы, якую лепшыя з лепшых павінны праходзіць у гаспадарках-флагманах і потым перанесці гэты вопыт на месца сваёй будучай працы.

Падводзячы вынікі нарады, кіраўнік дзяржавы адзначыў негатоўнасць урада да абмеркавання тэмы развіцця сельскай гаспадаркі. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў бюракратызм распрацоўшчыкаў праекта Дзяржпраграмы, які выліўся ў тысячы паперак, і запатрабаваў ліквідаваць усялякі дубляж. Да чацвёртай па ліку аграпраграмы пасля яе дапрацоўкі вернуцца пазней, у больш вузкім складзе. Аднак згодна з патрабаваннем Прэзідэнта, сярод удзельнікаў наступнай нарады абавязкова павінны прысутнічаць практыкі — кіраўнікі лепшых гаспадарак.

Сяргей ПРОТАС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора Прэзідэнт Беларусі заслухаў справаздачу Урада аб развіцці вёскі, падчас якой была прадстаўлена новая, чацвёртая па ліку, аграрная праграма — Дзяржаўная...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика