Не адрываючыся ад рэалій. 21.by

Не адрываючыся ад рэалій

27.09.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка ў інтэрв'ю "Звяздзе" пра тэматыку дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў, якая адкрыецца 3 кастрычніка

— Уладзімір Паўлавіч, пачатак кожнай парламенцкай сесіі можна, напэўна, параўнаць з зажынкамі ў сельскай гаспадарцы, з якімі хлебаробы заўсёды звязваюць чаканне добрага ўраджаю. На які ж заканатворчы ўраджай разлічваюць дэпутаты падчас асенняй сесіі?

— Вядома, на багаты. У графіку падрыхтоўкі да сесіі ўжо блізка да шасцідзесяці законапраектаў. Яны працягваюць паступаць. Да канца года ад суб'ектаў права заканадаўчай ініцыятывы чакаем яшчэ каля трыццаці новых нарматыўна-прававых дакументаў. Так што абнаўленне закране даволі шырокі абсяг заканадаўчага поля. Але колькасны паказчык не засланяе ад нас галоўнага, на чым мы засяродзім сваю ўвагу — гэта якасць заканатворчага прадукту, яго адпаведнасць задачам развіцця краіны і грамадства.

Паколькі асенняя сесія па традыцыі бюджэтная, то галоўным пытаннем будзе абмеркаванне праекта Закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2012 год. Ён яшчэ знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі і ўзгаднення ва ўстаноўленым парадку з удзелам групы дэпутатаў. Па завяршэнні гэтай работы ён будзе ўнесены ў Палату прадстаўнікоў і мы разгледзім яго ў першачарговым парадку, разумеючы сваю адказнасць за своечасовае прыняцце гэтага асноватворнага фінансавага дакумента. У бюджэтным кантэксце пройдзе абмеркаванне яшчэ двух нарматыўна-прававых дакументаў: паправак у Падатковы кодэкс і праекта Закона аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

— Паслабленні ў падаткаабкладанні будуць?

— Падатковая нарматыўная база ў нашай краіне ўдасканальваецца паэтапна. Кожны год адначасова з прыняццем рэспубліканскага бюджэту парламент прымае і змяненні і дапаўненні ў падатковае заканадаўства. Не стане выключэннем і гэтая сесія. Прыняцце такіх выключна важных законапраектаў заўсёды з'яўляецца вынікам вялікай і вельмі складанай работы, сінхранізаванай з фарміраваннем даходнай і расходнай частак бюджэту, што вымагае ўзважанага, абачлівага, акуратнага падыходу да вельмі шырокай палітры пытанняў, у тым ліку да тэмпаў і сродкаў развіцця падатковай сістэмы як важнейшага рычага эканамічнага росту. Бюджэтна-падатковы працэс грунтуецца, я гэта падкрэсліваю, на магчымасцях эканомікі і рэальных патрэбах краіны і тэрыторый.

Хацеў бы сказаць, што ўсе законапраекты, уключаныя ў сесійны графік, прайшлі альбо яшчэ праходзяць прадугледжаную экспертызу, у тым ліку фінансава-эканамічную, юрыдычную, крыміналагічную, лінгвістычную, а таксама неабходную дапрацоўку.

— Нават крыміналагічную?

— У абавязковым парадку. Указам Прэзідэнта яе правядзенне ўскладзена на дзяржаўную ўстанову "Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь". Спецыялісты вызначаюць, ці ёсць у законапраекце нормы, рэалізацыя якіх можа выклікаць узнікненне рызыкі крыміналагічнага характару, і робяць сваё заключэнне. Яно ўлічваецца пры далейшай рабоце над дакументам.

— Якія яшчэ законапраекты, на ваш погляд, могуць стаць знакавымі для гэтай сесіі?

— Я выдзеліў бы праект Жыллёвага кодэкса, які ідзе на другое чытанне, а таксама два праекты законаў першага чытання — "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" і "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)". Гэта будуць буйныя, сістэмныя заканадаўчыя рашэнні. Зразумела, пасля праходжання імі ўсёй лесвіцы заканатворчага працэсу і ўступлення ў сілу.

— Што яшчэ вы лічыце асабліва адметным у сесійнай тэматыцы?

— Мы мяркуем завяршыць работу над праектамі новых законаў "Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі", "Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", над шэрагам змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй і аб прафілактыцы правапарушэнняў непаўналетніх. На стадыі завяршэння і дапрацоўка пакета новых заканадаўчых ініцыятыў па тэматыцы аховы здароўя: аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва, папярэджанні сацыяльна небяспечных захворванняў, аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі і аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях. Усе яны будуць разглядацца на сесіі ў другім, заключным чытанні. Другое чытанне прадстаіць і тром законапраектам культурнай сферы: папраўкам у законы аб кінематаграфіі і культуры і праекту Закона аб архіўнай справе. Таксама да другога чытання прапануюцца змяненні і дапаўненні ў Кодэкс аб шлюбе і сям'і.

Сярод законапраектаў міжнароднага характару адзначу маючую адбыцца ратыфікацыю міжурадавых пагадненняў з Расійскай Федэрацыяй аб супрацоўніцтве ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай прасторы ў мірных мэтах, у будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі, аб некаторых мерах па забеспячэнні паралельнай работы энергетычных сістэм нашых дзяржаў, а таксама трох дакументаў па лініі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Назаву таксама ратыфікацыю паправак да Артыкулаў пагаднення Міжнароднага валютнага фонду і Пагаднення з урадам і Нацыянальным банкам Кыргызскай Рэспублікі аб урэгуляванні доўгавых абавязацельстваў і патрабаванняў за 1992 год.

— Гэта наш доўг?

— Не, доўг Кыргызстана. У адпаведнасці з Пагадненнем ён будзе вернуты нашай краіне на працягу 2011—2013 гадоў.

— Якім чынам ён узнік?

— Гэта розніца па міждзяржаўных разліках.

— І якая сума доўгу, калі не сакрэт?

— Сакрэту тут няма. Запазычанасць складае крыху больш за 207 з паловай тысяч долараў ЗША. Яны паступяць у рэспубліканскі бюджэт.

— Уладзімір Паўлавіч, вы назвалі адным са стрыжнёвых сесійных пытанняў вызначэнне прававой платформы дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі і інавацыйнай дзейнасці. Як вы лічыце, ці ёсць у Беларусі адпаведны рэсурс, каб паступальна і вынікова павышаць долю высокатэхналагічнай прадукцыі ў яе агульным аб'ёме і навукаёмістаць валавога ўнутранага прадукту давесці ў недалёкай перспектыве да ўзроўню развітых краін, гэта значыць — павялічыць у 2-3 разы?

— Такі рэсурс у Беларусі ёсць, гэта нашы працавітыя людзі, іх розум, іх таленты і здольнасці. Прэзідэнт адназначна сказаў, што будучыня нашай краіны за інавацыйным развіццём, за мадэрнізацыяй вытворчасці, павышэннем прадукцыйнасці працы. Наша мэта — інавацыйнае, інвестыцыйнае і высокатэхналагічнае развіццё эканомікі. Адпаведна з ёю кардынальна мяняюцца падыходы да эканомікі прадпрыемстваў. На першае месца пастаўлена рэсурсазберажэнне, зніжэнне сабекошту, якасць тавараў і пашырэнне рынкаў іх збыту, укараненне новых, больш эфектыўных тэхналогій. Зразумела, што прадметам самага сур'ёзнага аналізу і ўвагі павінны быць усе фактары, якія стымулююць або тармозяць інавацыйнае развіццё. Летась былі праведзены парламенцкія слуханні, прысвечаныя стратэгіі інавацыйнага развіцця эканомікі і ролі ў гэтым працэсе навукі і адукацыі. Адбылася зацікаўленая размова па шырокім комплексе пытанняў інавацыйнай сферы з актыўным удзелам кіраўнікоў дзяржаўных органаў і устаноў, прадстаўнікоў суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры і малога інавацыйнага бізнэсу. Цікавыя думкі былі выказаны і па змесце праекта Закона "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", які тады яшчэ распрацоўваўся. Хаця рабочы працэс у Палаце прадстаўнікоў па гэтым вельмі важным дакуменце яшчэ працягваецца, думаю, што яго прыняцце дапаможа актыўна культываваць інавацыйныя працэсы ва ўсіх сегментах эканомікі.

Увогуле ж дзявятая сесія будзе даволі працаёмкай і насычанай як па вялікім аб'ёме работы па рэспубліканскім бюджэце і блоку базавых законапраектаў, так і па разнастайнасці заканатворчага зместу сесійнага парадку дня.

— Ці застанецца ў дэпутатаў час для выезду ў свае выбарчыя акругі, тым больш што ў сесійны перыяд яны будуць удзельнічаць і ў шэрагу міжнародных мерапрыемстваў?

— Кожны месяц адзін тыдзень мы "браніруем" для работы ў выбарчых акругах. Выязны тыдзень не здымаецца з парламенцкага раскладу і падчас сесіі. Дэпутаты вядуць пастаянны маніторынг сітуацыі ў сваіх выбарчых акругах, рэгулярна сустракаюцца з людзьмі, трымаюць у цэнтры ўвагі асабліва адчувальныя пытанні і займаюцца іх вырашэннем сумесна з мясцовымі органамі ўлады. Са свайго вопыту магу сказаць, што парламентарыю, каб быць эфектыўным, а значыць — і аўтарытэтным, ніколі не трэба страчваць сувязі са сваімі выбаршчыкамі і з грамадска-палітычнай рэальнасцю. Веданне думкі людзей па шырокім комплексе пытанняў і стане спраў у рэгіёнах дапамагае нам паглыбляць экспертызу законапраектаў і выпрацоўваць найбольш аптымальныя прававыя канструкцыі для вырашэння задач, пастаўленых жыццём. На асенняй сесіі ў гэтым накірунку будуць зроблены чарговыя крокі.

Аляксандр Філімонаў.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка ў інтэрв'ю "Звяздзе" пра тэматыку дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика