Галоўнае — праявіць сябе і разам зрабіць нашу краіну лепшай. 21.by

Галоўнае — праявіць сябе і разам зрабіць нашу краіну лепшай

10.12.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора працягнуў работу 41-ы з'езд буйнейшай моладзевай арганізацыі краіны — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Удзел у яго рабоце ўзяў кіраўнік дзяржавы.

Сімвалічны пашпарт Беларусі Аляксандру Лукашэнку ўручыла студэнтка 1-га курса Акадэміі Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Алена Сарока, перадае БЕЛТА.

  Алена Сарока падзякавала кіраўніку дзяржавы за ўвагу да моладзі і адзначыла, што сучасныя маладыя людзі павінны зрабіць усё, што ад іх залежыць, для працвітання Радзімы. "Нашы патрыятычныя пачуцці пастаянна прыціскаюць, нам навязваюць чужыя жыццёвыя стандарты, ставячы ў аснову інтарэсы чалавека-спажыўца, які за грошы, добрае адзенне, модны тэлефон або проста ад бяздзейнасці і пустой цікаўнасці зможа, напрыклад, чарговы раз выйсці на плошчу папляскаць, пабіць шыбы", — сказала яна. Маладыя людзі павінны больш думаць аб тым, як захаваць павагу да слаўнай гісторыі, традыцый, культурнай спадчыны. "Кожны з нас можа праявіць сваю актыўную пазіцыю ў канкрэтных справах, удзельнічаючы ў праграмах і яркіх праектах БРСМ", — адзначыла студэнтка Акадэміі кіравання.

Патрыятызм моладзі — жыццёвая каштоўнасць любой дзяржавы, заявіў першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі.

"Не буду гаварыць за ўсе краіны, але вопыт нашай практычнай работы, сацыялагічныя даследаванні, якія праводзіліся ў нас у Беларусі, сведчаць, што пераважная большасць моладзі сёння настроена патрыятычна — любіць сваю краіну, шануе сямейныя каштоўнасці, ставіць прыярытэтам здаровы лад жыцця", — сказаў Ігар Бузоўскі.

Пры гэтым моладзевы лідар адзначыў, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі было і застаецца вядучым напрамкам работы саюза. "Так, мы не палітычная партыя — мы не змагаемся за ўладу, але ўплыў БРСМ на моладзь часта большы, чым у некаторых грамадскіх арганізацый і палітычных партый разам узятых", — сказаў ён, удакладніўшы, што больш як 900 актывістаў БРСМ сталі дэпутатамі мясцовых Саветаў 26 склікання.

БРСМ адкрыта падтрымлівае курс кіраўніка дзяржавы на пабудову моцнай, квітнеючай Беларусі, сацыяльна-справядлівай дзяржавы — дзяржавы для народа, падкрэсліў Ігар Бузоўскі, адзначыўшы пры гэтым, што выхаванне патрыятызму не абмяжоўваецца толькі ўдзелам у выбарчых кампаніях. На рахунку БРСМ тысячы патрыятычных праектаў і праграм.

Беларусь хутка можа стаць адной з самых ліберальных краін свету, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на з’ездзе.

"Сёння ў свеце крызіс не толькі фінансаў, але і ліберальнай дэмакратыі. Еўропа не ведае, што рабіць з бунтуючымі імігрантамі. Фінансавая сталіца свету Лондан трымціць ад вулічных марадзёраў. Учарашнія абаронцы бязмежнай свабоды ў інтэрнэце пераглядаюць ужо свае пазіцыі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — На гэтым фоне Беларусь хутка можа стаць адной з самых ліберальных краін у свеце".

Толькі моцная ўлада можа кансалідаваць і ўтрымаць краіну, лічыць Прэзідэнт.

"Я ніколі ў сваім жыцці не карыстаўся тым, каб сілай трымаць уладу", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Прэзідэнта народ выбірае менавіта для таго, каб ён ажыццяўляў свае ўладныя паўнамоцтвы. "Хто з вас скажа, што дзяржава павінна ганарыцца слабай уладай? Слабая ўлада ненадоўга", — упэўнены беларускі лідар.

"У моры хаосу, бязмежжа толькі моцная ўлада можа кансалідаваць і ўтрымаць краіну, зрабіць нас усіх народам", — падкрэсліў Прэзідэнт, пасля чаго прагучалі працяглыя апладысменты.

"Можа быць, гэты час адыходзіць, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Можа, нам трэба карэктаваць сваю палітыку. Аб гэтым я ўсё больш і больш думаю са сваімі калегамі і прыходжу да высновы, што мы не павінны стаяць на месцы. І нават тая сістэма ўлады і ўстройства нашага грамадства не павінны быць застылымі, бо прыйдзе застой, як гэта было ў гісторыі нашай вялікай краіны (СССР. — Заўвага БЕЛТА). Мы ўмеем рабіць вывады з таго, што адбываецца".

"Мы пабудуем сваю дэмакратычную Беларусь, дзе найперш будзе цаніцца жыццё чалавека, яго спакой і дабрабыт", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Беларусь справіцца з цяперашнімі праблемамі.

"На жаль, ёсць і такія, хто любіць ныць і запэўніваць усіх, што нічога добрага не будзе і перспектывы цёмныя. Але можна ўспомніць, што ў сярэдзіне 90-х краіна ляжала на дне бездані, і ніхто не думаў, што мы тады падымемся. Быў час, калі выплата нават мізэрнай пенсіі лічылася вялікім дабром, калі многія сем'і думалі не аб выплаце мытных пошлін за другую іншамарку, а аб тым, што яны будуць заўтра есці на абед", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Але мы выкарабкаліся, выстаялі. І калі мы адолелі тыя праблемы, якія тады здаваліся невырашальнымі, то хіба ёсць сумненні ў тым, што мы справімся і цяпер?!" — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у якасці прыкладу бурнае развіццё, якое за апошнія дзесяцігоддзі перажылі азіяцкія краіны. "Мы не можам дакладна паўтарыць іх шлях, таму што ў гісторыі ніколі не бывае супадзенняў. Трэба смела маляваць вобраз нашай будучыні — той будучыні, якую павінна будаваць маладое пакаленне", — сказаў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэта будучае краіны, якая імкліва рвецца наперад, верная сваім традыцыям, але прагна ўбірае ўсё лепшае і перадавое, жыве сваёй працай і розумам, краіны, у якой не проста ціха і спакойна, але ў якой можна жыць ярка, займальна і цікава.

"Будучыню будаваць менавіта вам — вашаму актыву, усёй нашай моладзі. Але для гэтага кожны з вас павінен зразумець — нічога ў свеце не даецца без цяжкай працы і выпрабаванняў, не бывае лёгкага хлеба, а тое, што ім здаецца, потым аказваецца звычайным сырам у пастцы", — папярэдзіў беларускі лідар.

"За кожным дзеяннем супраць нашай краіны стаяць канкрэтныя дзялкі з вялікімі грашовымі мяшкамі, узброеныя самай сучаснай зброяй, у тым ліку СМІ", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што такімі дасягненнямі, як інтэрнэт, карыстаюцца ўсе, у тым ліку падпальшчыкі бунтаў, камп'ютарныя жулікі і тэрарысты. "Таму мы павінны абараняць нашы сеткі, як гэта робяць ва ўсіх краінах свету, ад хакераў, тэрарыстаў і пагромшчыкаў. І я рады, што гэта думка прагучала ў выступленнях дэлегатаў з'езда", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Калі мы нешта змаглі нядаўна зрабіць, каб процістаяць такому развіццю падзей, то толькі дзякуючы двум дзясяткам вельмі таленавітых маладых людзей, якія прыйшлі па закліку Прэзідэнта і зрабілі сваю справу. Прыйдзе час, мы пра іх вам яшчэ раскажам", — адзначыў беларускі лідар.

"Калі спецслужбы пэўных краін паспрабавалі разгарнуць так званую рэвалюцыю праз сацыяльныя сеткі, мы знайшлі спосабы процістаяць ім, нічога не перакрываючы ў інтэрнэце. На вуду правакатараў клюнулі нямногія. І на будучае ўсе павінны ведаць: калі на нас нападуць — мы будзем абараняцца. І паверце, зможам сябе абараніць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы расказаў аб Вячаславе Дзіянаве, які апошнім часам спрабаваў стаць у эпіцэнтр сеткавай рэвалюцыі ў Беларусі. "Калі я заўважыў, што гэта нельга ігнараваць, я паклікаў спецслужбы і папрасіў даць поўную інфармацыю аб тым, што адбываецца, пачынаючы ад Дзіянава, якога наша "пятая калона" і ўся жоўтая прэса цытавала як амаль што героя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І што аказалася: сядзіць у Польшчы за каменнымі сценамі пад аховай спецслужбаў. Ніякіх там рэвалюцыянераў беларускіх няма. Гэта яны, тыя, хто спачатку змагаліся і змагаюцца супраць нас, выкарыстоўваюць нашых маладых людзей — тых, хто пагнаўся за грашамі і трапіў у гэтыя сеткі".

"Не спакушайцеся, не здзіўляйцеся і не думайце, што ўсё гэта так, як вы бачыце ў інтэрнэце і на экране", — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што бунт і рэвалюцыя — гэта не змена ўлады, а разбурэнне дзяржавы. "На жаль, гарматным мясам любой смуты заўсёды была моладзь. Лялькаводы ніколі на лезлі на барыкады. Яны выпіхвалі маладых і пасля на іх крыві рабілі свой бізнэс", — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі ёсць просты спосаб змяніць уладу і Прэзідэнта — выбары. "Праз выбары народ дае ўладу, праз выбары народ мае права яе забраць", — падкрэсліў ён.

"Усялякая рэвалюцыя пачынаецца з цудоўных слоў і заўсёды завяршаецца грандыёзным падманам", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі павінен стаць крыніцай ідэй не толькі для моладзі, але і ўсёй краіны.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму спадабаўся моладзевы праект "100 ідэй для Беларусі". "Але гэта толькі першы крок, галоўнае — ажыццявіць гэта", — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і Адміністрацыі Прэзідэнта рэалізаваць усе лепшыя ідэі гэтага праекта. Прэзідэнт адзначыў, што для гэтага ў дзяржавы ёсць фінансавыя сродкі. Ён таксама сказаў, што гэты праект атрымае працяг, аднак гэта павінны быць сапраўды лепшыя прапановы, якія прынясуць поспех дзяржаве.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цікавых і рэальных праектаў не хапае для сельскай моладзі. І прапанаваў ім самім выступаць з ініцыятывамі.

Прэзідэнт паставіў задачу прадумаць больш дакладную сістэму ўзаемадзеяння БРСМ з Акадэміяй навук і Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналогіях. На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна, каб БРСМ мог адстойваць у дзяржаўных структурах ідэі ўсіх талентаў, якія ўдалося знайсці. "А калі праекты вартыя таго, чаму яны не могуць прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку з тых фондаў, якія мы выдзяляем на навуку і вынаходствы?" — адзначыў кіраўнік дзяржавы. У той жа час ён падкрэсліў, што тут, як і ўсюды, павінен быць дакладны падыход. "Вось ідэя, вось бізнэс-план, вось разлікі. Вось ацэнка рызык (зразумела, што новая ідэя — гэта заўсёды рызыка). І галоўнае — вось вынік, за які трэба будзе адказваць", — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама акцэнтаваў увагу на тое, што неабходна зрабіць усё, каб ніводная ідэя, ніводны праект не памерлі або не паплылі за мяжу. Ён лічыць, што ў гэтым плане вялікая роля БРСМ, як моладзевай арганізацыі. "Вы павінны не толькі шукаць гэтыя ідэі, але і адстойваць, прабіваць іх. Прабіваць праз браню чыноўніцкай абыякавасці, можа быць, чыйго-небудзь неразумення, гультайства або зайздрасці".

"Менавіта ў гэтым звышзадача БРСМ, прычым не толькі ў сферы навукі і тэхналогій. Ускалыхнуць усю моладзь, знайсці лепшых і самых актыўных, вылучыць і падтрымаць іх. Даць грамадству і краіне не проста ідэі, а і тых, хто здольны іх ажыццяўляць", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі спадзяецца, што ў 2012 годзе Беларусі будзе крыху лягчэй у сувязі з дамоўленасцю з Расіяй па пастаўках прыроднага газу.

"Спадзяюся, што ў наступным годзе нам будзе крыху лягчэй у сувязі з дамоўленасцю з Расійскай Федэрацыяй, іншымі дзяржавамі, стварэннем мытнай прасторы адзінага Мытнага саюза", — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь можа выжыць толькі грунтуючыся на навізне, на тым, што "з меншымі затратамі дае вельмі дарагі тавар". "Цяперашняя пяцігодка — гэта пяцігодка новага, інавацый, стварэння прадуктаў з большай дабаўленай вартасцю, каб выйсці з таго фінансавага крызісу, у які мы акунаемся амаль кожную пяцігодку, таму што ў нас продаж тавараў за мяжу па аб'ёме ў доларах меншы, чым купля па імпарце таго ж прыроднага газу, нафты і г.д.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у сувязі з гэтым згадаў Парк высокіх тэхналогій. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго пакуль не задавольвае работа ПВТ. "Вы не набралі тую вышыню, аб якой мы калісьці думалі".

Урад павінен прадаставіць моладзі магчымасць зарабляць. "Запішыце як першачарговую задачу: дайце моладзі нармальныя рабочыя месцы з добрай зарплатай. Гэта не папулізм. Гэта выгадна дзяржаве, асабліва цяпер", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да членаў урада. "Калі моладзь хоча зарабляць, то трэба ёй даць такую магчымасць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Калі малады чалавек заробіць Br6-10 млн за працоўны семестр, нам менш яму стыпендыю давядзецца плаціць. Ён жа сам заробіць гэтыя грошы! Чаму мы баімся заплаціць моладзі нават крыху больш, чым яна зарабіла?"

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў маштабах краіны яшчэ шмат што трэба зрабіць у плане руху студэнцкіх атрадаў. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што задача БРСМ сумесна з дзяржавай — дапамагчы маладым людзям у прафесійнай арыентацыі. Прэзідэнт таксама адзначыў, што сёння на прадпрыемствах няхватка рабочых будаўнічых спецыяльнасцяў.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятывы, вылучаныя ўдзельнікамі з'езда БРСМ. У прыватнасці, гаворачы аб валанцёрскай рабоце на чэмпіянаце свету па хакеі ў 2014 годзе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што арганізоўваць яе будуць менавіта члены БРСМ. "І не бясплатна", — дадаў Прэзідэнт.

Моладзь не павінна заставацца ўбаку ад палітычнага жыцця ў Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што маладыя людзі павінны прыняць актыўны ўдзел у маючых адбыцца парламенцкіх выбарах. "Жыццё не стаіць на месцы, лічу, што партыйнае і палітычнае жыццё ў Беларусі таксама будзе ажыўляцца і тут вы таксама не павінны застацца ўбаку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў з'езда.

Прэзідэнт назваў адной з задач БРСМ правядзенне сістэмнай работы па пошуку і вылучэнні сапраўдных лідараў. "БРСМ павінен стаць кадравым рэзервам для ўсёй нашай краіны. Менавіта з вашых радоў мы павінны чэрпаць першакласных прафесіяналаў і кіраўнікоў, папаўняць дэпутацкі корпус", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Думаю, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пачуў тое, што я сказаў", — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама лічыць, што ў самой моладзевай арганізацыі неабходна стварыць ядро, касцяк. На думку Прэзідэнта, у любой масавай арганізацыі павінен быць баявы актыў, які вядзе за сабой усіх астатніх.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка ўказаў на тое, што больш эфектыўным павінна быць узаемадзеянне БРСМ з дзяржаўнымі структурамі ў пытаннях рэалізацыі моладзевай палітыкі ў розных галінах. "Не саромейцеся, прапануйце свае ініцыятывы і ўдзел", — сказаў кіраўнік дзяржавы. У той жа час Прэзідэнт лічыць, што і дзяржава павінна прапаноўваць моладзі канкрэтныя праекты. "Дзяржаўныя органы павінны перадаваць асобныя функцыі моладзевым і іншым арганізацыям. Думаю, і прэм'ер-міністр, і кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта таксама мяне пачулі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ініцыятыва моладзі ёсць. Цяпер мы, дзяржорганы, павінны прайсці свой шлях, каб задзейнічаць у дзяржаўных справах моладзь, прафсаюзы і іншыя патрыятычныя, палітычныя арганізацыі і партыі".

Аляксандр Лукашэнка чакае большай актыўнасці моладзі і ўключэння ўсіх у жывую, кіпучую дзейнасць БРСМ. За гады існавання арганізацыя набыла вялікую колькасць і сёння налічвае ўжо больш як паўмільёна чалавек. "І я не скажу, што гэта дрэнна. Калі ўсе гэтыя юнакі і дзяўчаты прыйшлі таму, што ім сапраўды цікава, і яны падзяляюць дзяржаўныя погляды і перакананні, то гэта вельмі добра", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Я і раней гаварыў: менш гучных слоў, заяў, вазьміцеся за канкрэтныя справы, якія сёння хвалююць моладзь, і зрабіце па дзясятку напрамкаў значна больш, чым зробяць іншыя, і моладзь да вас пойдзе, у вас паверыць", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, што калісьці чуліся скаргі на тое, што ў БРСМ заганяюць моладзь. "Апошнім часам я гляджу, што гэта тэма пайшла на спад. Сапраўды, загнаць у арганізацыю больш як паўмільёна чалавек — гэта штосьці з роду фантастыкі", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што БРСМ не стваралі штучна. У 90-я гады, калі моладзевы рух прыйшоў да заняпаду, з'явілася ініцыятыва, якая ішла знізу, ад маладых. І дзяржава гэту ініцыятыву падтрымала. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што БРСМ успрыняў лепшыя ранейшыя традыцыі і стаў правапераемнікам савецкага камсамола. "Вядома, у цяперашнім БРСМ няма таго размаху, які быў у камсамоле. Відаць, сёння гэта і не патрэбна, а можа, і немагчыма. Тым не менш добра, што вы разумееце важнасць пераемнасці і захоўваеце традыцыі. Хоць шмат што змянілася — і час, і пакаленні, і краіна, адно засталося нязменным: імкненне моладзі праявіць сябе, знайсці сяброў, аднадумцаў і разам зрабіць нашу краіну лепшай", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на некалькі ініцыятыў арганізацый, якія моладзь рэалізуе на добраахвотных пачатках. У прыватнасці, рух "Добрае сэрца", дзе тысячы маладых людзей бясплатна ў свой вольны час дапамагаюць сіротам, хворым, старым. Падтрымліваць парадак праваахоўнікам дапамагаюць дружыннікі з ліку членаў БРСМ. Ёсць і іншыя праграмы, патрэбныя грамадству. "Менавіта таму мы падтрымліваем вас і гэта павінна быць галоўнай крыніцай вашага аўтарытэту ў моладзевым асяроддзі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі выбраныя 25 чалавек, першым сакратаром зноў выбраны Ігар Бузоўскі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора працягнуў работу 41-ы з'езд буйнейшай моладзевай арганізацыі краіны — Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Удзел у яго рабоце ўзяў кіраўнік...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика