Беларусь і Сербія: перспектывы супрацоўніцтва. 21.by

Беларусь і Сербія: перспектывы супрацоўніцтва

13.03.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Сёння мы вітаем блізкага па духу чалавека, прадстаўніка той краіны, да якой мы ставіліся і ставімся з вялікай любоўю", такімі словамі прывітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка Прэзідэнта Сербіі Таміслава Ніколіча, які ўчора прыбыў у Беларусь з двухдзённым візітам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з першым афіцыйным візітам Прэзідэнта Сербіі Беларусь звязвае перспектывы далейшага развіцця дружалюбнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж краінамі. Паводле слоў беларускага лідара, для гэтага ёсць добрая аснова — гістарычная, культурная і духоўная блізкасць, традыцыйная дружба і высокая ступень ўзаемнай павагі славянскіх народаў.

"Ваш сённяшні візіт — гэта не пачатак, гэта працяг нашых адносін. У нас ёсць падмурак, нарматыўна-прававая база супрацоўніцтва, ёсць агульныя прадпрыемствы, дзе вырабляецца тэхніка. Сітуацыя заключаецца ў тым, што нам не трэба пачынаць спачатку, а пасля гэтай паўзы, якая была ў адносінах, трэба рухацца наперад. Аснова для гэтага ёсць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.


Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на развіццё адносін паміж краінамі ў галіне аховы здароўя, адукацыі, культуры і асабліва спорту. "Нягледзячы на складанасці, усё ж такі ў спорце вы свае пазіцыі не страцілі. І мы будзем прасіць вас, каб вы нам у гэтых адносінах крыху дапамаглі, таму што мы стварылі нядрэнную матэрыяльную базу, а вось з кадрамі ў нас цяжкавата. А ў вас якраз гэтыя людзі ёсць", — адзначыў беларускі лідар.

У выніку перамоваў, якія прайшлі, прэзідэнты канцэптуальна выйшлі на рашэнне многіх праблем. Кіраўнікі дзяржаў пацвердзілі рашучасць рэалізаваць усе двухбаковыя дамоўленасці. "Таміслаў Ніколіч толькі што сказаў, што сербскія тавары памятаюць, але ім сёння няма чаго прадаваць. Гэта самая лёгкая праблема, якую можна вырашыць. І мы гатовыя аб'яднаць намаганні. Мы ўмеем вырабляць, а вы ўмееце добра гандляваць, таму нам трэба аб'яднацца і разам выступаць на знешніх рынках", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. "Вядома, нельга сказаць, што ў апошнія гады мы нічога не рабілі, але шмат чаго за гэты час упушчана. І мы сёння дамовіліся, што мы не проста поўныя рашучасці залатаць гэты прабел у адносінах, але проста перакананыя, што зробім вельмі шмат, каб ужо на працягу гэтага года вывесці адносіны Беларусі і Сербіі на самы высокі ўзровень у імя нашых народаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы са шкадаваннем адзначыў недастатковы ўзровень двухбаковага гандлю і выказаў надзею, што ў бліжэйшы час тавараабарот паміж дзвюма краінамі дасягне $0,5 млрд. "Мы, вядома, будзем прасоўваць інвестыцыі і ў Беларусі, і ў Сербіі, падтрымліваючы інвестараў, бізнэс, розныя вытворчыя праграмы", — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнты дамовіліся, што дзве краіны сумесна будуць вырабляць і ў Беларусі, і ў Сербіі прадукцыю і прадаваць на рынках трэціх краін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў гістарычную значнасць сустрэчы лідараў дзвюх краін у Мінску ў кантэксце таго, што цяперашні афіцыйны візіт Прэзідэнта Сербіі з'яўляецца першым візітам у Беларусь кіраўніка сербскай дзяржавы за апошнія 17 гадоў. "Хачу падзякаваць вам за візіт і за тую мужнасць, якую вы праявілі, прыехаўшы ў Беларусь у цяперашняй сітуацыі, якая складваецца вакол нас у Еўропе. Паверце, гэта будзе на карысць нашым народам, і вы пра гэта ніколі не пашкадуеце", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Як адзначыў у сваю чаргу Таміслаў Ніколіч, з моманту абрання на пост Прэзідэнта Сербіі ён імкнуўся знайсці магчымасць для таго, каб прыехаць у Беларусь і "выправіць нейкія памылкі, якія мы дапусцілі ў дачыненні да Беларусі". "Сапраўдныя сябры ніколі не сыходзяць назаўсёды. Беларусь — вялікі саюзнік Сербіі, — сказаў Таміслаў Ніколіч. — Гэты невялікі застой, які быў падчас папярэдніх адміністрацый, не даў нам магчымасці працягнуць супрацоўніцтва з лепшых пазіцый, чым яны ёсць зараз. Але гэта і ваш, і наш лёс". Прэзідэнт Сербіі падкрэсліў, што як ва ўнутранай палітыцы, так і ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва неабходна, перш за ўсё, працаваць на карысць і па волі сваіх народаў, забяспечваючы лепшае жыццё для людзей. Існуючы аб'ём гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй ён лічыць неадпаведным узроўню дружбы паміж народамі дзвюх краін.

Таміслаў Ніколіч адзначыў, што Беларусі ўдалося захаваць свае вытворчыя магутнасці, у той час як Сербія ў папярэднія гады рэзка скараціла аб'ём прамысловай вытворчасці. Аднак цяпер Сербія імкнецца аднавіць старую дружбу і ранейшыя рынкі. "Гэта шанц для супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Сербіяй. Мы будзем разам вырабляць, прадаваць, купляць", — сказаў Прэзідэнт Сербіі. Ён таксама адзначыў, што паміж дзвюма краінамі падпісана вялікая колькасць розных пагадненняў, якія з'яўляюцца базай для далейшага супрацоўніцтва.

"Усё, пра што мы дамовімся, мы рэалізуем. І вы, і я будзем гарантамі гэтых дамоўленасцяў і пагадненняў, — сказаў Таміслаў Ніколіч. — Нам патрэбныя добрыя адносіны, заснаваныя на даверы, павазе і жаданні, каб нашы народы жылі лепш".

Беларусь заяўляе аб сваёй падтрымцы суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Сербіі. Пра гэта гаворыцца ў падпісанай учора сумеснай заяве прэзідэнтаў дзвюх краін. У дакуменце падкрэслена паслядоўная падтрымка Беларуссю суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Сербія і выпрацоўкі ўсеабдымнага і ўзгодненага рашэння ў дачыненні да Косава і Метохіі. Бакі пацвердзілі прыхільнасць дзвюх краін агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, мэтам і прынцыпам статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, умацаванню ролі ААН у вырашэнні ўсяго комплексу пытанняў па падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі, процідзеянню сучасным выклікам і пагрозам.

Таміслаў Ніколіч узнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку ордэнам Рэспублікі Сербія. Кіраўнік беларускай дзяржавы ўзнагароджаны за заслугі ў развіцці і ўмацаванні міралюбівага супрацоўніцтва і дружалюбных адносін.

Ордэн з'яўляецца вышэйшай дзяржаўнай узнагародай Сербіі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Сёння мы вітаем блізкага па духу чалавека, прадстаўніка той краіны, да якой мы ставіліся і ставімся з вялікай любоўю", такімі словамі прывітаў Прэзідэнт...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика