“Ты – наш лес, мы – твае лесаводы” – гэтыя словы з песні, якая напісана Сяргеем Дубко і Нінай Серабранскай, і з’яўляюцца гімнам Бягомльскага лясгаса і вельмі дарагой высновай для героя сённяшняга артыкула.
– Лес для мяне ніколі не быў проста работай – гэта мая аддушына, сэнс жыцця, – сцвярджае інжынер па лесааднаўленні і меліярацыі ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Валянцін Каляга, які больш за 30 гадоў працуе ў галіне.
Размаўляць з гэтым неабыякавым да справы, глыбокадасведчаным чалавекам, які цудоўна валодае літаратурнай беларускай мовай, – адно задавальненне. Мяккі, удумлівы позірк, прыемны голас у спалучэнні з прафесійнай інфармацый, якой сыпле выключна даступна… Лаўлю сябе на думцы, што з Валянціна Яўгенавіча атрымаўся б выдатны настаўнік ці нават універсітэцкі выкладчык. Нібы ў пацверджанне гэтых думак высвятляецца, што субяседнік і сапраўды мог бы мець дачыненне да школы, бо яго бацькі былі вясковымі настаўнікамі на Докшыччыне, а тата яшчэ потым узначальваў калгас “Прагрэс”, працаваў у іншых гаспадарках раёна. Вучыўся Валянцін добра і са сваімі адзнакамі мог бы смела штурмаваць педагагічны інстытут, аднак марыў зусім не пра гэта. У Полацкі лясны тэхнікум ён паступіў пасля арміі мэтанакіравана. Пасля заканчэння яго быў размеркаваны ў Бягомльскае лясніцтва, якое раней месцілася ў сённяшнім адміністрацыйным будынку лясгаса. Пачынаў з пасады памочніка ляснічага.
– Першы працоўны год пачаўся з вялізнай па аб’ёме пасадкі. Толькі адно Бягомльскае лясніцтва ў 80-х гадах садзіла 100-120 гектараў лесу, – расказвае Валянцін Яўгенавіч. – Дарэчы, ніколі не думаў, што дачакаюся таго часу, калі ўбачу магутныя дрэвы свайго першага пасаджанага лесу. Але ён вырас, і нават спілаваны.
На спрэчнае пытанне пра вечнае супрацьстаянне тых, хто займаецца лесааднаўленнем і прамысловай нарыхтоўкай, Валянцін Каляга адказвае цвёрда і ўпэўнена:
– Паверце майму вопыту: і садзіць трэба, і пілаваць. Лес усё роўна сваё возьме. Нават на здавалася б самых неспрыяльных участках ён будзе расці. Гэта прыродны закон. Мы ж яго толькі карэкціруем. Дарэчы, ужо сёлета наш лясгас пасадзіў 368 гектараў новага лесу. Дадаткова на плошчы яшчэ ў 80 гектараў садзейнічаем натуральнаму ўзнаўленню.
Немалаважную ролю адыгрывае ў гэтай справе і якасны насенны матэрыял. Некалькі гадоў таму, калі Бягомльскі лясгас пачынаў займацца падрыхтоўкай месца пад будаўніцтва і закладку ўласнага сучаснага гадавальніка, здавалася, што справе не будзе канца, настолькі яна патрабавала карпатлівай працы і дакладнага разліку. А сёння гэта 17 гектараў, як шуткуюць лесаводы, “ляснога агароду”, які забяспечвае сеянцамі і саджанцамі не толькі для ўласных патрэб, але і для продажу ў бліжняе замежжа.
Яшчэ адна крыніца даходу арганізацыі – нарыхтоўка насення сасны і елкі. Яна пачынаецца са збору шышак, якія пэўны час знаходзяцца ў сушыльным комплексе, далей – знякрыльваюцца. З адной тоны яловых шышак атрымоўваецца 25-27 кілаграмаў насення, з сасны крыху менш. А потым яно праходзіць экспертызу ў навукоўцаў. Толькі пасля іх станоўчага заключэння яго можна адпраўляць на захоўванне.
– У сталіцы ў спецыяльных халадзільных камерах знаходзіцца больш за тону нашага насення. Гэта той стратэгічны запас, з якім у экстрэмальным выпадку можна працаваць гадоў з пяць, – з гонарам расказвае Валянцін Каляга. – За апошнія гады яшчэ каля 200 кілаграмаў насення прадалі ў Швецыю, дзе яно вельмі цэніцца. Дарэчы, яшчэ падчас маёй вучобы ў тэхналагічным універсітэце выкладчык па лясных культурах прафесар Сіроткін адзначаў высокую якасць елкі, якая расце менавіта ў нашым раёне.
Сёлета Бягомльскі лясгас на плошчы ў 12 гектараў пачаў закладку лесанасеннай плантацыі. На ёй будзе высаджана сасна палепшанай якасці, з якой праз некалькі дзясяткаў гадоў плануецца збіраць шышкі і нарыхтоўваць насенне. Гэта будзе найлепшы генетычны матэрыял.
– Зразумела, што названай справай будуць займацца ўжо іншыя лесаводы, такія ж маладыя і апантаныя справай, якімі колісь і мы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, прыйшлі ў Бягомльскі лясгас. За працу сваю не сорамна, бо падмурак пад новыя лясы закладзены выдатны. Захаваць і прымножыць – задача на будучыню, – заключае вопытны лесавод.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.