Паедзе — не паедзе.... 21.by

Паедзе — не паедзе...

18.08.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паводле слоў дзядулi, у нас, на Арэнбуржчыне, вялiкая радня. Мы доўга збiралiся яе наведаць i гэтым летам такi рашылiся.

На чыгуначным вакзале нас сустрэлi стрыечныя мамiны браты, усе разам мы паехалi ў вёску, да бабулi Зiны, роднай дзядулевай сястры, а потым... Дзядуля праўду казаў: за чатырнаццаць гадоў свайго жыцця раднi я бачыў меней, чым за адзiн тыдзень на Арэнбуржчыне! Траюрадныя брацiкi i сястрычкi, дзядзькi i цёткi, бабулi, дзядулi... Усе прыемныя, добрыя людзi!

Але ж пра аднаго сваяка вось гэтага, мусiць, не скажаш. Не, ён неблагi. І ў дзяцiнстве, пасля вайны, вельмi шмат што перажыў... Але ж, як я зразумеў, усё жыццё дзядзька Юрась быў, мякка кажучы, не раўнадушны да алкаголю, з-за чаго i здаралася з iм вельмi многа смешных i (не вельмi) гiсторый. Адну з iх я i хачу расказаць.

Значыць, доўгi час наш дзядзька Юрась працаваў вадзiцелем, потым перасеў на трактар. У саўгасе такiх спецыялiстаў, як ён, было не вельмi шмат. А вось аматараў выпiць — больш, чым дастаткова.

Дык вось аднойчы (заўважым — падчас працоўнага дня) яны, гэтыя аматары, з'ехалiся разам i рашылi, як кажуць, зрабiць па чарцы, непадалёк, на роўнай дарозе, паставiлi тэхнiку. Дзядзька ж Юрась вызначыўся — ён на сваiм жалезным канi заехаў на вяршыню досыць крутога пагорка i заглушыў рухавiк там. У калег, магчыма, было адчуванне, што трактар можа "сарвацца" i паiмчаць па нахiленай, але ж каму да гэтага справа, калi "накрыта паляна", калi налiта па першай, а потым i па другой...

Пасля трэцяй аднаму з мужыкоў падалося, што самотны трактар, як быццам, уздрыгнуў, зварухнуўся? Ён нават на горку пальцам паказаў:

— Юра, паглядзi!

Дзядзька на гэта (ды спакойна так):

— Бачу... Але будзь спакойны — трактар не паедзе.

I той сапраўды стаяў!.. Потым зварухнуўся яшчэ раз.

— Не, не паедзе, — яшчэ раз запэўнiў дзядзька.

Але на гэты раз паслухмяны "Беларус" яго не паслухаў — каменем ляцеў унiз. Дзядзька, яшчэ не верачы сваiм вачам, падхапiўся з месца, кiнуўся да яго, але што ён там мог зрабiць?..

Самае цiкавае, што пад гэтай гарой раскiнулася невялiкае сяло, i найпершым будынкам "на шляху "Беларуса" быў... адмiнiстрацыйны, дзе размяшчалася кiраўнiцтва саўгаса, сельскi Савет, кабiнет участковага...

Грукат пры сутыкненнi быў проста жудасны!

Праз колькi секундаў, калi пыл хоць трохi асеў, стала бачна, што досыць доўгая пабудова... "рассечаная" на дзве. Ахвяраў няма, адно — дзядзька Юрась, якi першым прыбег да месца здарэння, старанна падымае з зямлi i абтрасае бруд з касцюма дырэктара саўгаса, напрамiлы бог просiць прабачыць!

Але ж, вiдаць, марна (прасiў) — яму не даравалi, бо ў гэтай гаспадарцы дзядзька больш не працаваў.

Павел Балышаў,

г. Мiнск

Вiдаць па вачах, хто ходзiць
па начах

...Гэты сад заклалi на пачатку 50-х, так што на пачатку 60-х калгас ужо меў iстотны прыбытак ад продажу яблыкаў. А яшчэ...

У тым садзе, апроч яблынь, была пасаджана ладная колькасць чарэшань. Гэта цяпер iмi нiкога не здзiвiш, а тады, калi нi бананаў, нi апельсiнаў, нi кiвi нiхто i ў вочы не бачыў, гэтыя дрэўцы сталi сапраўднай з'явай. Уся вёска з цiкавасцю сачыла спярша, цi добра ж яны цвiтуць, цi лётаюць над кветкамi пчолы, цi дружна завязваюцца ягады, потым — без перабольшвання — пачыналi чакаць, калi яны пажаўцеюць-паспеюць, калi прыйдзе час збiраць ураджай. I тады...

Мала таго, што тады добра было зарабiць працадзень — можна ж ад пуза наесцiся, прычым самымi спелымi, больш за тое — узяць з сабой: кожнаму "зборшчыку" ў якасцi прэмii давалi па дзве кiлi чарэшань. Дома ўсё прынесенае, як правiла, дзялiлася папалам (каб i на ранiцу было!), а потым рассыпалася па мiсачках — па колькасцi едакоў. Сем'i былi не раўня цяперашнiм... Таму кожнаму даставалася пакрысе — толькi паласавацца. I людзi дарослыя з гэтым мiрылiся, а вось дзятва — не. Ёй у той сад трэба было залезцi — конча!

А мiж тым гэта было вельмi рызыкоўна, бо, з аднаго боку, строга забаранялася бацькамi, а з iншага — сад пiльна ахоўваўся. Асаблiва — па вечарах i ноччу. I дзяжурыў там дзед Iсак — з сабакам. У iх там нават будка спецыяльная была — для начлегу.

Дык вось. Неяк аднойчы i нягледзячы нi на што, спланавалi хлопцы "аперацыю", сышлiся разам, доўга i моўчкi сядзелi за плотам — "пасвiлi" вартаўнiка, чакалi, пакуль ён разам з тым сабакам у будцы схаваюцца...

I прычакалi ж такi! Зайшлi. Яны. А дзятва тады саранчой цераз плот... Толькi б на дрэўцы i да той смакаты, — а не... Ад будкi "гаў-гаў-гаў-гаў!". Дзецi — у рассыпную. I ходу! Беглi, — што мелi сiлаў!

I вось адзiн, змогшыся ўжо, улятае ў хату, — мацi насустрач:

— Сынок, а дзе ж ты быў?! Што так запыхаўся?

— На вулiцы, — адказвае той, ледзь пераводзячы дух. — З хлопцамi... Дурэлi... Бегалi...

— I хто ж апошнiм бег?

— Iсакаў сабачка.

Вось так разумныя добрыя мамы выведвалi нашы дзiцячыя сакрэты.

А што да саду, то чарэшнi i частка яблынь ужо выкарчаваныя, будку Iсакаву цi не тыя ж хлопцы (толькi ўжо дарослыя) па п'янцы спалiлi. А гiсторыя вось засталася.

С.Б., Рагачоўскi раён

Рагачоўскi раён

Рыбацкае
шчасце

Праз нашу вёску iдзе дарога i над канавай — робiць паварот: перад мостам вока ды вока патрэбна, бо варта хоць крыху зазявацца i ўсё — загрымiш.

Па першасцi туды многiя падалi, асобныя — нават не раз. А вось дзядзьку Хведара Бог, як кажуць, абносiў. Чым ён вельмi ганарыўся! Але ж — да пары.

Аднаго вечара завiтаў ён да нас — "на светлячок". Пасядзелi, пагаманiлi, пасмяялiся, бо там дзе дзядзька без гэтага ну нiяк... Гумарыст ён. Але i пра сур'ёзныя рэчы ў той раз гаварыў. Яму, маўляў, рыбiну прывезлi, у горадзе па вялiкiм блаце купiлi. Шабляй называецца — з метр даўжынёй, пальцы на чатыры — таўшчынёй...

Нiхто ў нас гэткай рыбы дагэтуль не бачыў, нават назвы не чуў! Рашылi, што залiвае мужык — не паверылi. Ён у крыўду. Кажа, раз вы так, то я зараз пайду дамоў i прынясу яе.

Ляпнуў дзвярыма, пайшоў. I... з канцамi. Значыць, рыбiны той i праўда не было, падумалi мужыкi. Дзядзька ж мiж тым, паспяхова праскочыўшы мост, прытупаў дадому, ухапiў рыбiну (а заадно i на бутэльку ў кладоўцы пашчасцiла) i "ў прадчуваннi" падаўся да нас. А цемра навокал — як кажуць, на ваўка можна сесцi i не заўважыць! Спынiўся дзядзька. Азiрнуўся. Стаў шукаць хоць нейкi арыенцiр: добра б слупок на мосце. Некалi iх шэсць было... Пяць палеглi ў няроўнай схватцы з трактарамi i машынамi. Але ж адзiн застаўся.

Дзядзька знайшоў яго, беленькi, крыху пахiлены, нават абмацаў.

— А зараз — пайду, — рашыў ён i ўпэўнена ступiў...

Думаў — на мост, а высветлiлася — на вылiты з бетону "жолаб" для сцёку вады... I ў тую канаву... Як тарпеда... З галавой! Пырскi аж над мостам ляцелi, крык — над усёй ваколiцай! Але дзядзькава жонка, прыбегшы, кiнулася спачатку шапку "ратаваць", пакуль цячэннем не знесла...

А гэтым жа часам з гасцей iшла другая кабета i таксама на крык.

— Федзя?! А што ты тут робiш? — спытала яна.

— А то не бачыш! — гаркнуў дзядзька. — Рыбу лаўлю! Трымай во!

I кiдэц ёй... тую шаблю з кладоўкi.

— Ой, Федзечка, упоцемках ловiш?! Ды такую вялiкую!.. Гэта, можа, уюн?

— Шчыпоўка, — кiнуў ёй дзядзька (пачуццё гумару не пакiдала яго нават тут).

Пакуль кабета думала, цi можа шчыпоўка (самая дробная рыбка сямейства ўюновых) вось гэткай вырасцi, ля канавы з'явiлася-такi дзядзькава жонка з шапкай. Удваiх яны неяк выцягнулi небараку з ледзянога палону, завялi дамоў.

А назаўтра ён ужо быў у нас — з тою самай рыбiнай. I расказам пра тое, як злавiў яе — упоцемках.

Анатоль Галушка,

в. Магiльнае, Iвацэвiцкi раён

Ёсць такая
культура!

У 1956 годзе ў Беларусi адбывалася ўзбуйненне абласцей. Не стала, прынамсi, нашай Баранавiцкай... Частка зямель, як робiцца ў гэтым выпадку, адышла пад Брэсцкую, частка — пад Гродзенскую.

З iмi, з землямi, напэўна, прасцей было. Складаней — з кадрамi, бо ў вынiку ўзбуйнення вызвалiлася досыць шмат чыноўнiкаў, якiя ўмелi хiба што кiраваць. А чым? I кiм?

Каб знайсцi для iх нейкiя пасады, аб'явiлi чарговы партыйны прызыў — як у Шолахава ў "Паднятай цалiне". Толькi ў нас добраахвотнiкаў меней было...

Дык вось. Адзiн з iх — былы палiтрук партызанскай брыгады — пагадзiўся пераехаць у нашу вёску, узначалiць калгас "Уперад".

Ён — пагадзiўся, але ж трэба было спытацца i ў нас.

Прызначылi агульны сход, з'явiлася высокае начальства, з гадзiну даводзiла, што старшыню нам трэба мяняць. I людзi ўважлiва слухалi, маўчалi, як быццам, згаджалiся. А прыйшла чарга галасаваць, — большасць супраць!..

Першы раз нiчога не атрымалася, другi... Потым партыйнае начальства ў абход пайшло — "старому" старшынi прапанавалi звольнiцца з-за дрэннага здароўя. I новага ж такi зацвердзiлi!

Прыняў ён гаспадарку, паехаў аглядаць палеткi. Што ён там бачыў — гiсторыя замоўчвае. Факт, што ў брыгадзе Жукоўскага згледзеў цэлае поле... свiрэпы. Ды гэтакай жа гусценькай, жоўценькай... У старшынi аж вочы засвяцiлiся — ад радасцi. Пытаецца ў брыгадзiра:

— Што гэта цвiце?

— А-а, лухта, — адказвае той.

Праехалi потым мiж астатнiх палёў, але ж хараства вось такога нiдзе больш не ўбачылi!

Вечарам новы старшыня сабраў праўленне — падвалiў брыгадзiрам! I, як кажуць, па першае чысло. За што? Хочаце верце, хочаце — не, за тое, што... не пасеялi той лухты, што расце ў Жукоўскага.

У. Лабко,

в. Дзераўная, Слонiмскi раён

Рубрыку вядзе
Валянцiна Доўнар.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле слоў дзядулi, у нас, на Арэнбуржчыне, вялiкая радня. Мы доўга збiралiся яе наведаць i гэтым летам такi рашылiся. На чыгуначным вакзале нас сустрэлi стрыечныя мамiны браты, усе разам мы паехалi ў вёску, да бабулi Зiны, роднай дзядулевай сястры, а потым... Дзядуля праўду казаў: за чатырнаццаць гадоў свайго жыцця раднi я бачыў меней, чым за адзiн тыдзень на Арэнбуржчыне! Траюрадныя брацiкi i сястрычкi, дзядзькi i цёткi, бабулi, дзядулi... Усе прыемныя, добрыя людзi!
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика