Ты тата або хто?. 21.by

Ты тата або хто?

18.08.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Або я нешта не разумею, або нашы беларускiя жанчыны хочуць неверагоднага. Гэта я наконт таго, што, бывае, скардзяцца многiя маладыя (i не толькi) мацi, што тата пасля нараджэння дзiцяцi часцей за ўсё толькi адзначыць гэтую падзею ў коле сяброў, а потым i не вельмi стараецца дапамагаць жонцы гадаваць дзiця. Маўляў, я грошы зарабляю, i што ты хочаш ад мяне? — мужчынская логiка. Пры гэтым яшчэ доўга пры сустрэчах са знаёмымi будзе ганарыцца, што ў яго сын (дачка) нарадзiўся...

Падзялюся некаторымi думкамi. Па-першае, маленькаму чалавеку нiхто так не патрэбны, як мацi. Што, тату грудзьмi кармiць малога? Фiзiчна немагчыма. Мабыць, i пра гэта жанчыны мараць? Ды i псiхалагiчна, эмацыянальна (не хадзi да спецыялiстаў па псiхалогii i экстрасэнсаў) немаўля залежыць менавiта ў першую чаргу ад мацi. Зразумела, ад таты таксама, але не так, як ад яе. І ўсё жыццё так. "Мама" — слова святое! Ну, не веру, што калi каму-небудзь з нас вельмi бывае балюча ўжо i ў дарослым узросце, нехта спантанна закрычыць: "Татачка, мне дрэнна!"

Па-другое. Дэкрэтны водпуск i даецца спецыяльна, каб мацi гадавала дзiця. I грошы за гэта плацяць. На жаль, у нашай краiне плата за догляд дзiцяцi (спадзяюся, пакуль што) невялiкая. Напэўна, тыя, хто вызначае яе штомесячны памер, самi не атрымлiваюць такi мiзэр? Што парламентарыi, якiя атрымлiваюць, калi не памыляюся, мiнiстэрскiя зарплаты, калi знаходзяцца ў дэкрэце, атрымлiваюць столькi ж, як i iх выбаршчыцы — мацi ў дэкрэце? А калi i столькi ж, ну, не параўнаць зарплату мiнiстра з, напрыклад, эканамiстам у радавой установе. Падсабраць можна грошы.

Прызнаюся шчыра, што я асабiста таксама не ўваходжу ў пералiк iдэальных бацькоў. Праўда, выпiвалi мы i, шчыра, — вельмi сiмвалiчна толькi пасля нараджэння майго першага сына. А другому "не пашанцавала" — лiшняга часу ды i грошай бацька ягоны не знайшоў, каб адсвяткаваць факт нараджэння.

Дзецi, калi iм гадоў да двух — "механiзм складаны", крычыць, калi нешта не падабаецца. I чаго хоча? Мацi амаль што адразу зразумее — на тое яна i мацi.

Пiсаць хочаш? — пытаю на вулiцы малога, як папугай. Маўчыць. I тут — вось сюрпрыз, татачка, напiсаў у штаны. А надвор'е не цёплае. Захварэе, не дай божа. У вынiку мацi ягоная крычыць: ты ж што, не мог пракантраляваць? А чаму ты яго не можаш пакармiць? Я ж магу! Ты — тата, або хто? — пытае зноў мацi маiх дзяцей.

А калi дзiця будзе выпадкова падаць, што потым распачнецца з боку яго мацi! Пры гэтым пры ёй i падаў, i бiўся. А вы кажаце — чаму мужчына "на адлегласцi" стараецца быць?

Мiнi-апытанне па тэме маiх знаёмых мужчын толькi пацвердзiла тое, што я ў свой час зразумеў дакладна. Калi б жанчыны меней эмацыянальна рэагавалi на памылкi мужчын у дробязях, што датычацца iх стасункаў з дзецьмi (пра тыя ж мокрыя штаны), болей бы ахвотна мужчыны i выхоўвалi малых. Майму старэйшаму хутка будзе пяць. З iм, вядома ж, прасцей. Але калi што не так (зноў жа ўпаў i гэтак далей), хто вiнаваты? Бацька! А калi нешта яму не спадабаецца, яшчэ i паскардзiцца мацi сваёй. Вось i думай: цi паехаць лiшнi раз у камандзiроўку, цi больш быць з дзецьмi? А iх я вельмi люблю, як i iх мацi. I стараюся больш зарабiць, каб многае было ў iх з таго, што яны хочуць. Лепш так "гадаваць" дзяцей, чым нiяк?

Тата дваiх дзяцей Аляксандр
ПУКШАНСКI.

Татаў многа. Адказнасцi мала!

Наколькi я разумею, пасля гэтай сцiплай прыпiскi — "тата дваiх дзяцей" — мне застаецца схiлiць галаву i спынiць дыскусiю. Iнакш усе мае аргументы будуць разбiвацца аб жалезнае "Вось з'явяцца свае, тады i пагаворым". I ўсё ж мне ёсць што сказаць. Прычым, у адрозненне ад цябе, Саша, я прапаную пачаць не з прыватнага, а з агульнага.

Адкажы шчыра — цi многа ты ведаеш мацi-адзiночак? Мне, каб прыгадаць некалькi чалавек, можна не пакiдаць не тое што межаў рэдакцыi, але i з уласнага пад'езда не выходзiць. У цябе, упэўнена, таксама знойдзецца, пра каго ўзгадаць. А... татаў, якiя адны выхоўваюць адно, дваiх i больш дзяцей — многа назавеш? Асабiста я ведаю толькi аднаго — хударлявага, негераiчнага на выгляд Аляксандра Артамонава з Салiгорска, якi тым не менш самааддана выхоўвае 4 прыёмных сыноў. Ну, дык яго цi не ўся Беларусь ведае, i ён якраз з тых выключэнняў, якiя толькi пацвярджаюць правiла. А ненармальная рэчаiснасць у тым, што мацi-адзiночкi — гэта ўжо тэндэнцыя, iх надзвычай многа, i далёка не ўсе яны свядома прымалi рашэнне аб такой "незалежнасцi".

Ты сцвярджаеш на гэта — "маленькаму чалавеку нiхто так не патрэбны, як мацi". У першыя месяцы жыцця — так. Але ёсць i сустрэчная аксiёма: мацi ў гэты час патрэбны чалавек, на дапамогу i падтрымку якога яна заўжды зможа разлiчваць, бо яе псiхалагiчны стан, будзе гэта раздражнёнасць цi спакойная радасць, вокамгненна перадаецца немаўляцi. I хто, па-твойму, павiнен ролю гэтага чалавека выконваць — няўжо не тата?

Iдзём далей. Дэкрэтны водпуск. Можа, для цябе гэта будзе адкрыццём, але ён не даецца "спецыяльна, каб мацi гадавала дзiця" — паводле Працоўнага кодэкса, водпуск па доглядзе дзiцяцi да дасягнення iм 3 гадоў узяць можа як мацi, так i тата, i бабуля або дзядуля. Гэта на паперы. А ў жыццi сiтуацыя, як заўжды, iншая — паводле звестак ЮНIСЕФ у Беларусi, у дэкрэтны водпуск сыходзiць усяго каля 1 % беларускiх татаў. Летась па ўсёй краiне iх было прыкладна 1500 чалавек. Для параўнання — у заходнiх краiнах гэта лiчба дасягае 25 %. З чаго б? Самы вiдавочны варыянт — бо мужчыны, здабытчыкi i абаронцы, дагэтуль зарабляюць значна больш, чым жанчыны. Так, ды не так — у фемiнiзаванай журналiстыцы, напрыклад, як i ў банкаўскай справе або юрыспрудэнцыi, жанчыны атрымлiваюць добрыя грошы (часам у 1,5 раза больш за мужоў). А ў дэкрэт чамусьцi iдуць усё ж яны. Або не iдуць увогуле, ужо праз месяц вяртаючыся да паўнавартаснай работы i абвяргаючы меркаванне, што толькi Гай Юлiй Цэзар мог рабiць некалькi спраў адначасова. Дык мо справа не ў грашах, а ў зручнай пазiцыi "ты мацi, ты лепш зразумееш, чаго ён хоча, ты i выхоўвай"?

Калi вярнуцца з агульнага зноў да прыватнага... Ведаеш, калi маленькаму чалавечку проста сумна, адзiнока або страшна, або хочацца пагуляцца — яму абсалютна ўсё адно, хто возьме яго на рукi, абы гэтыя рукi трымалi моцна i ласкава. Праверана на маёй паўгадавалай пляменнiцы. А ўсе спасылкi на псiхолагаў i асцярожныя разважаннi, што немаўляцi больш патрэбная мама — гэта самападман. Дзiцяцi жыццёва неабходныя абодва бацькi — менавiта ад iх малое атрымлiвае першыя ў жыццi ўрокi чалавечых стасункаў. А маме i тату неабходныя ўзаемаразуменне, цярпенне i гатоўнасць несцi вялiкую адказнасць. Бо дзiця не "заводзяць", як шчанюка цi сабачку. Яго нараджаюць i выхоўваюць як мiнiмум два чалавекi, незалежна ад таго, хто ў доме галоўны. Без усякiх "калi б", "калi яна, то я..." i iншых умоўных канструкцый.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Або я нешта не разумею, або нашы беларускiя жанчыны хочуць неверагоднага. Гэта я наконт таго, што, бывае, скардзяцца многiя маладыя (i не толькi) мацi, што тата пасля нараджэння дзiцяцi часцей за ўсё толькi адзначыць гэтую падзею ў коле сяброў, а потым i не вельмi стараецца дапамагаць жонцы гадаваць дзiця. Маўляў, я грошы зарабляю, i што ты хочаш ад мяне? — мужчынская логiка. Пры гэтым яшчэ доўга пры сустрэчах са знаёмымi будзе ганарыцца, што ў яго сын (дачка) нарадзiўся...
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика