ФУТБОЛ, ФАСОЛЯ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА ў жыцці легіянера з Бразіліі. 21.by

ФУТБОЛ, ФАСОЛЯ І БЕЛАРУСКАЯ МОВА ў жыцці легіянера з Бразіліі

21.08.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рэнан Брэсан Бардзіні, цэнтральны паўабаронца футбольнага клуба "Гомель", балельшчыкамі клуба неаднаразова прызнаецца лепшым гульцом. За легіянера з Бразіліі беларусы шчыра хварэюць, на сайтах яго называюць "прыгажуном" не толькі за знешні выгляд, але і за гульню. Яму толькі 21 год, і з іх два з паловай ён працуе ў нашай краіне. На яго заглядаюцца не толькі дзяўчаты, але і скаўты, якія пралічваюць патэнцыял футбаліста і магчымасць перакупіць яго ў іншыя клубы. А ён тым часам дае неблагія перадачы партнёрам на полі, удасканальвае свае веды ў мове, дапамагае бацькам і плануе ажаніцца з каханай дзяўчынай.

— Вы ж зрабілі футбол прафесіяй...

— Калі быў малады, футбол быў як гульня для кожнага юнака, потым зразумеў, што гэтым заняткам можна зарабіць грошы і трэба ісці ў прафесійны футбол. Я заўсёды любіў спорт. Футбол для мяне на першым месцы, а валейбол — на другім. Я гуляў і ў валейбол раней, але ж больш падабаецца ўсё ж футбол.

— Такім чынам, на мэблевую фабрыку, як бацька і брат, працаваць не пойдзеце?

— Не-не... Пакуль я не хачу, ды і навошта?

— Да прыезду ў нашу краіну ў вас былі нейкія аб ёй уяўленні?

— Я спачатку вельмі мала ведаў пра Беларусь. Ведаў, што тут холадна вельмі. У нас няма такога халоднага надвор'я. Два з паловай года прайшло, прызвычаіўся, зараз без праблем — і мінус 10 можна. Мне падабаецца тут.

— Рэнан, як вы вывучалі мову?

— Вельмі складана, вядома, было спачатку. Гэта ж трэцяя ў свеце па складанасці — руская мова! Але ж трэба было вучыць, трэба... Сам вывучаў, па падручніках. Пра ўсё, чаго не ведаў, распытваў. У мяне быў сябар — сербскі абаронца Мілаш Жыўкавіч. Ён ведаў і рускую, і англійскую мовы. Вось ён мне і перакладаў спачатку — на англійскую. А потым я кожны дзень займаўся вечарам: пісаў, чытаў, тэлевізар глядзеў і распытваў пра ўсё, чаго не разумею. Мая родная — партугальская мова, і я дрэнна валодаю англійскай. Першыя словы былі: "Привет! Как дела?". Потым беларусы мяне крыху навучылі і іншай лексіцы, не зусім літаратурнай. Я шмат слоў і зараз не разумею, але ж заўсёды распытваю, каб мне растлумачылі неяк па-іншаму. У футбольнай мовы ёсць свая спецыфіка, хоць і там трэба разумець, калі чуеш "лева-права"... Зараз няма моўных праблем — ні з трэнерамі, ні з партнёрамі. Самае галоўнае — у мяне ёсць жаданне вучыць мову. Тады будзе ўсё атрымлівацца.

— Што-небудзь разумееце па-беларуску?

— Не, на жаль.

— Няўжо ніколі не сутыкаліся з сітуацыяй, калі кажуць "дзякуй"?

— Гэта "спасибо", так?

— А гаворыце, што не ведаеце! Вы і беларускую мову так вывучыце хутка... А вас калі-небудзь нашымі нацыянальнымі стравамі частавалі? Дранікамі, напрыклад?

— Не, пакуль не ведаю нават, што гэта такое. Самым складаным для мяне спачатку, акрамя надвор'я, было харчаванне. У нас таксама гатуюць з бульбы, рысу і макарону, але ж зусім інакш. І ў нас больш па аб'ёме ядуць, чым у вас. Для мяне вельмі важна, каб была фасоля, тут яе вельмі мала. Але ж гэта не страшна — гульні не перашкаджае. Увогуле ж у нас многа падобнага. Зразумела, людзі крыху іншыя. П'юць тут больш, кураць таксама больш.

— Што ў Гомелі вы бачылі, акрамя спартыўнай базы?

— Музей ваеннай славы. Мы там многа фатаграфаваліся. У цэнтры Гомеля я ўсё ведаю — дзе можна адпачыць і добра павячэраць, напрыклад. У гомельскім парку мы гулялі з дзяўчынай. Між іншым, калі Марыяна прыехала з Бразіліі сюды ў красавіку, яна замярзала. Не ведаю, што б з ёй было, калі б яна прыехала ў студзені!

— Стаўленне да легіянераў у камандзе далёка не заўсёды добрае, наколькі я ведаю...

— Калі я прыехаў, было вельмі складана. Было так, што даходзіла да бойкі, лаяліся на мяне. Я нічога не зрабіў дрэннага, а на мяне сварыліся. Агент мне заўсёды казаў — спакойна, ты павінен вытрымаць, калі на цябе лаюцца. Але ж зараз, мне здаецца, усё наладзілася. Такіх праблем няма.

— Вы ж, Рэнан, чалавек тэмпераментны — без гэтага ў спорце няма чаго рабіць...

— Толькі на полі. А ў жыцці я спакойны. Уся энергія на полі застаецца.

— Балельшчыкі нашы як да вас ставяцца?

— Балельшчыкі вельмі добрыя тут. Калі мы гуляем на выездзе, з МТЗ, напрыклад, там балельшчыкаў можа быць 500 чалавек, а тут заўсёды — 4-5 тысяч. Незалежна ад матчу. Прыхільнікі футбола мяне любяць, я таксама іх люблю. Значыць, я павінен яшчэ лепш гуляць.

— Акрамя футбола, што існуе ў вашым жыцці?

— Дома я люблю пляж, шашлык, адпачынак са сваёй сям'ёй і сябрамі. А тут асноўнае — інтэрнэт. Кожны дзень я звязваюся праз сусветную сетку з мамай, татам, братамі, сябрамі... Яны ведаюць, як праходзіць кожны дзень майго жыцця. У выхадны дзень я люблю паспаць і пагуляць дзе-небудзь у парку.

— Што самае важнае вы зрабілі ў сваім жыцці?

— Магчыма тое, што атрымліваецца час ад часу дапамагаць сваёй сям'і. Калі трэба, я ім пасылаю тое, што зарабляю. Яны мяне любяць і заўсёды падтрымліваюць. Калі б гэта не было так, мне здаецца, я б не вытрымаў і паехаў дадому. У нас вельмі дружная сям'я і мая дзяўчына ўжо стала яе часткай.

— Ваш узрост можна назваць юнацкім. У вас вялізныя планы на будучыню?

— Зразумела, усе футбалісты жадаюць зарабіць грошы — я таксама. Я хачу іграць ужо тут — у Еўропе, бо ведаю мову...

Натуральна, я хачу ажаніцца з маёй каханай дзяўчынай, хачу, каб у нас былі дзеці — дачка і сын.

— Футбольнае жыццё калі-небудзь заканчваецца. Чым вы яго працягнеце?

— Пакуль у мяне няма дакладных планаў на гэты конт. Я не ведаю, колькі грошай змагу зарабіць. Калі многа — магчыма, адчыню рэстаран. Але ж пакуль яшчэ рана пра гэта думаць. Пакуль я гуляю і думаю толькі пра футбол.

Гутарыла Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара.

 

 

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэнан Брэсан Бардзіні, цэнтральны паўабаронца футбольнага клуба "Гомель", балельшчыкамі клуба неаднаразова прызнаецца лепшым гульцом. За легіянера з Бразіліі беларусы шчыра хварэюць, на сайтах яго называюць "прыгажуном" не толькі за знешні выгляд, але і за гульню. Яму толькі 21 год, і з іх два з паловай ён працуе ў нашай краіне. На яго заглядаюцца не толькі дзяўчаты, але і скаўты, якія пралічваюць патэнцыял футбаліста і магчымасць перакупіць яго ў іншыя клубы. А ён тым часам дае неблагія перадачы партнёрам на полі, удасканальвае свае веды ў мове, дапамагае бацькам і плануе ажаніцца з каханай дзяўчынай.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика