Хэнлана змыла прыморскай хваляй. 21.by

Хэнлана змыла прыморскай хваляй

22.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чарговы паядынак мiнскага "Дынама" ў чэмпiянаце КХЛ прынёс сенсацыйныя звесткi. На паслягульнявую прэс-канферэнцыю выйшаў не трэнер мiнчан Глен Хэнлан, а старшыня федэрацыi хакея Уладзiмiр Навумаў, якi аб'явiў, што канадзец разам з усiм трэнерскiм штабам здымаецца са сваёй пасады. Учора ранiцай каманду ўзначалiў Аляксандр Андрыеўскi.

Гэта сапраўды нечаканая навiна. Прыход у "Дынама" Хэнлана быў першым i галоўным крокам у пачатку рэфармавання мiнулагодняй каманды. Пад канадца набiралiся гульцы, на якiх пайшлi вельмi вялiкiя сумы. Зусiм не факт, што Пелтанен згадзiўся б ехаць да iншага трэнера, тое самае тычыцца i Хювенена. Але прайшло пятнаццаць тураў, а вынiкi "бела-блакiтных" несуцяшальныя. Суадносiны кошту i якасцi зусiм не прапарцыянальныя. Як заявiў Навумаў, Хэнлан яшчэ некалькi тураў таму выказаў жаданне сысцi, але серыя перамог з трох гульняў падаравала надзею — а раптам мiнчане знайшлi сакрэт поспеху. На жаль, калi i знайшлi, то ненадоўга. Сустрэча з гасцямi з далёкага Хабараўска прынесла толькi расчараванне.

А пачынаўся першы перыяд зусiм нават нядрэнна. Мiнчане зачынiлi "Амур" у яго зоне, небяспечна кiдалi Андэрсан, якi вярнуўся на лёд пасля траўмы, i Пелтанен. Ужо на шостай хвiлiне, пасля выдалення ў складзе хабараўчан, Андрэй Мiхалёў адправiў шайбу ў пусты вугал варот. Тонкiм пасам адзначыўся Мялешка. Далей — больш. Маканен выкацiўся па цэнтры, усё той жа Мiхалёў падпраўляў, але штанга выратавала гасцей. Намiнальна чацвёртая тройка дынамаўцаў Андэрсан-Андрушчанка-Задзялёнаў выглядала наймацнейшай у складзе абедзвюх каманд. Шведскi "казачнiк", напэўна, вельмi сумаваў, пакуль не мог выйсцi на пляцоўку, таму з вялiкiм азартам раз за разам накручваў абаронцаў "Амура", адпрацоўваючы пры гэтым i ў абароне. Сваю першую сапраўдную атаку хабараўчане правялi толькi блiжэй да сярэдзiны перыяду. І, на жаль, адразу зраўнялi лiк. Пасля выдалення Сяргея Задзялёнава Капейкiн скарыстаўся выдатным пасам Вiктара Касцючонка, абаронцы зборнай Беларусi i капiтана прыморскай каманды ў гэтым сезоне. Гаспадары кiнулiся даказваць выпадковасць гола, а госцi мерна абаранялiся i... закiнулi другую шайбу. Контратака, Мезiн з першым кiдком спраўляецца, а супраць дабiвання Крысанава ўжо нiчога зрабiць не можа. Абаронцы назiралi за сiтуацыяй, як быццам у тэатры.

Выслухаўшы настаўленнi свайго трэнера, "Амур" у другiм перыядзе яшчэ больш апусцiўся па вертыкалi, без асаблiвай сарамлiвасцi стаў гуляць у "адкат". Так бы мовiць, па лiку на табло. Форварды мiнчан жа нiяк не маглi пераадолець такi шчыльны заслон. А вось абаронца Лiнтнэр змог. Працягнуўшы шайбу за варотамi, Рыхард прастрэлiў уздоўж варот — i Мiхалёў забiў свой другi гол у гульнi! На жаль, радасць трыбун была нядоўгай. Арбiтр з Пермi вырашыў, што падчас кiдку наш Андрэй знаходзiўся ў плошчы варот, i шайбу адмянiў. Беларускiя заўзятары адказалi на гэта гучным "Суддзю з поля!", але лiк так i застаўся на карысць хабараўчан. У апошнiя два дзясяткi хвiлiн "бела-блакiтныя" амаль безвынiкова спрабавалi прайсцi абарончую сцяну "Амура". Калi i атрымлiвалася, выратоўваў галкiпер Мос. Адзiн з яго сэйваў напрыканцы трэцяга перыяду i распачаў контратаку, пасля якой сетка за варотамi Мезiна ўскалыхнулася ў трэцi раз. Шайба ў пустую "рамку" нiчога не вырашала, толькi лiк стаў больш звычным: у Палацы спорту "Дынама" ў гэтым сезоне ўжо не раз саступала 1:4. Хэнлан сыходзiў з трэнерскай лавы з сумным тварам. Як высветлiлася пазней, сыходзiў назаўсёды.

Што далей? Адстаўка канадца выглядае настолькi нечаканай, што нават цяжка ўявiць, як гэтая сiтуацыя адаб'ецца на камандзе. Вялiкая колькасць легiянераў, з якой давядзецца працаваць Аляксандру Андрыеўскаму, — гэта не родны "Гомель", дзе ўсё знаёмае. Хацелася б пажадаць поспеху маладому настаўнiку, увага да якога цяпер будзе вельмi пiльная. Першая спроба ўжо ў чацвер. У госцi наведаюцца "металургi" з Навакузнецка.

Яўген ВАРАКСА.

 
Теги: Гомель
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чарговы паядынак мiнскага "Дынама" ў чэмпiянаце КХЛ прынёс сенсацыйныя звесткi. На паслягульнявую прэс-канферэнцыю выйшаў не трэнер мiнчан Глен Хэнлан, а старшыня федэрацыi хакея Уладзiмiр Навумаў, якi аб'явiў, што канадзец разам з усiм трэнерскiм штабам здымаецца са сваёй пасады. Учора ранiцай каманду ўзначалiў Аляксандр Андрыеўскi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика