Нам трэба "перахварэць" на свабодныя цэны. 21.by

Нам трэба "перахварэць" на свабодныя цэны

30.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Абмежаваннi на гандлёвыя надбаўкi на большасць тавараў былi адмененыя ўчора, калi набыла моц пастанова Мiнiстэрства эканомiкi ад 19 жнiўня 2009 года № 141. Такiм чынам, калi раней быў сфармуляваны пералiк тавараў, на якiя суб'екты прадпрымальнiцкай дзейнасцi маглi фармiраваць цэны свабодна, то з учарашняга дня стала наадварот: прымяняць гандлёвыя надбаўкi можна з улiкам кан'юнктуры рынку на ўсе тавары, акрамя пералiку сацыяльна значных тавараў з 50 пазiцый.

У спiс рэгулюемых 50 пазiцый патрапiлi цяляцiна ды свiнiна (а таксама iх субпрадукты), пельменi, вараныя каўбасы, яйкi, малако, кефiр, смятана, тварог, сыры сычужныя i мяккiя, масла, алей, у т.л. рапсавы, малочныя сумесi i кашы для дзiцячага харчавання, мясныя i рыбныя кансервы для дзiцячага харчавання, фруктовыя кансервы i сокi для дзiцячага харчавання, хлеб, мука пшанiчная, рыс, манныя i грэцкiя крупы, пярловыя крупы, аўсяныя крупы, макаронныя вырабы групы Б i В, соль, рыба, свежыя бульба, капуста, морква, буракi, цыбуля, гуркi, памiдоры, яблыкi, бананы, апельсiны i лiмоны, а таксама тавары для дзяцей i лякарствы. Цiкава, што Мiнiстэрства эканомiкi ўжо паспела апублiкаваць два лiсты з тлумачэннямi наконт асобных пазiцый у гэтым спiсе. Напрыклад, на пельменi, прыгатаваныя па традыцыйнай тэхналогii (мяса + соль + спецыi + мука), распаўсюджваецца лiмiт гандлёвай надбаўкi, а вось на пельменi, у якiх ёсць смакавыя дабаўкi або замяняльнiкi мяса, надбаўку можна фармiраваць з улiкам кан'юнктуры рынку.

З набыццём моцы пастановы Мiнэканомiкi № 141 таксама змяняецца парадак фармiравання цэнаў на тавары замежнага паходжання. Калi яны прызначаныя для наступнай рэалiзацыi юрыдычным асобам i ІП для далейшай вытворчасцi цi спажывання, то цана павiнна фармiравацца па ранейшай схеме з надбаўкай не больш за 30 %. Ну а на астатнiя тавары, завезеныя да нас з мэтай рэалiзацыi, цэны ўжо павiнны фармiравацца з улiкам попыту i прапаноў.

Варта заўважыць, што пастанова № 141, хоць яна i пачала дзейнiчаць учора, не распаўсюджваецца на цэны тавараў, адгружаных i аплачаных на тэрыторыi Беларусi, а таксама на рознiчныя цэны на тавары, якiя ўжо знаходзяцца ў аб'ектах гандлю да 29 кастрычнiка.

"Звязда" паспрабавала высветлiць, як зменiцца дзейнасць суб'ектаў гаспадарання ў сувязi з гэтай пастановай Мiнэканомiкi i чаго варта чакаць спажыўцам ад пазбаўленых дзяржрэгулявання цэнаў.

Вiктар Маргелаў, старшыня саюза юрыдычных асобаў "Рэспублiканская канфедэрацыя прадпрымальнiцтва", дырэктар гандлёвага прыватнага ўнiтарнага прадпрыемства "Трыдакта":

— Я мяркую, хутка i моцна дзейнасць бiзнэсу гэтая пастанова нiяк не зменiць. Пакуль мы працуем у звычайным рэжыме, нiякiх камандаў змяняць гандлёвыя нацэнкi нi я, нi мае партнёры не давалi. Зыходзячы з гэтага, цэны ў многiх застануцца тыя ж самыя. Вось за 9 месяцаў яны выраслi амаль на 20 % на прадукты харчавання, але тут iншыя прычыны, а не павелiчэнне гандлёвых надбавак. Пастанова № 141 — правiльная, гэта вельмi важны элемент. Можна казаць пра тое, што з набыццём моцы гэтай пастановы мы перайшлi кропку незвароту назад. Адзiнае, што да гэтай пастановы трэба цэлы пакет iншых мерапрыемстваў. У прыватнасцi, трэба iсцi смялей наперад, нельга, як кажуць, стаяць левай нагой у сацыялiзме, а правай — у капiталiзме. Па-першае, мы павiнны вызвалiць цэны для вытворцаў, бо з 1 лiпеня 2010 года мы адкрыем межы з Расiяй i Казахстанам, i калi нашы вытворцы акажуцца не гнуткiмi для такой працы, то расiйскiя i казахскiя партнёры, умоўна кажучы, забяруць рынак у беларускiх прадпрыемстваў. Па-другое, рынак — гэта не базар i не анархiя, ён добра сябе паказвае там, дзе ён ёсць: там iснуе канкурэнцыя i iснуюць правiлы ўдзелу. Адпаведна, для таго, каб канкурэнцыя было добрасумленнай, у краiне патрэбны моцны механiзм кантролю за канкурэнцыяй. I мы лiчым, што ў нас недастаткова зроблена захадаў па антыманапольным заканадаўстве. Хоць Прэзiдэнт падпiсаў нядаўна адпаведны Указ, але на жаль, пад гэты Указ пакуль не падведзена рэальная база, г.зн. колькасць людзей, якiя займаюцца манапалiстамi, не павялiчылася. А ў нас такiх людзей 10 чалавек на ўсю краiну — чатыры ў Мiнэканомiкi i па адным у аблвыканкамах... Мы лiчым, што патрэбны дзяржаўны, сумешчаны з грамадскiм, нагляд за нядобрасумленнай канкурэнцыяй, у тым лiку i на мясцовых рынках. Для гэтага трэба ствараць, можа, i грамадскiя саветы, прыцягваць туды i прэсу, i аб'яднаннi прадпрымальнiкаў, iншыя структуры грамадства. Трэба сачыць, як паводзяць сябе суб'екты гаспадарання, бо ад нядобрасумленнай канкурэнцыi асобна ўзятае прадпрыемства можа атрымаць лепшыя вынiкi, але людзям ад гэтага будзе горш.

Пётр Жабко, першы намеснiк мiнiстра эканомiкi:

— Страшнага тут мы, Мiнiстэрства эканомiкi, нiчога не бачым. Чаму? Бо ў прынцыпе ўвесь свет па вялiкiм рахунку рэгулюе тое, што важна для кожнай краiны. Мы таксама тут асаблiвасцяў не вынаходзiм, мы сёння рэгулюем паслугi, якiя вельмi важныя i з'яўляюцца вялiкай часткай затрат па выпуску прадуктаў. Мы рэгулюем камунальныя паслугi, цэны на газ, электраэнергiю, сёння ёсць 50 таварных пазiцый, якiя не адпушчаны ў свабоднае плаванне. Сёння ў нас далёка не тое, што было раней: ёсць розныя вытворцы, якiя выпускаюць аналагiчныя прадукты, ёсць канкурэнцыя. I калi рухi ў бок павелiчэння будуць, а яны могуць быць, то давайце "перахварэем" раз, i ўсё стане як трэба, мы вялiкiх праблем тут не бачым. Акрамя таго, у Мiнiстэрстве эканомiкi ёсць антыманапольны орган, i калi недзе будзе бачна, што ёсць змова, ёсць парушэнне антыманапольнага заканадаўства, гульня на павышэнне цэнаў, то проста ўключым гэты iнструмент для таго, каб паставiць усе кропкi над "i" на падставе заканадаўства краiны.

Павел БЕРАСНЕЎ.

На фота Анатоля КЛЕШЧУКА: у сталiчным унiверсаме "Рыга" ўчарашнi дзень не вылучаўся нi пакупнiцкiм ажыятажам, нi ростам цэнаў, нi наяўнасцю новых прадуктаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абмежаваннi на гандлёвыя надбаўкi на большасць тавараў былi адмененыя ўчора, калi набыла моц пастанова Мiнiстэрства эканомiкi ад 19 жнiўня 2009 года № 141. Такiм чынам, калi раней быў сфармуляваны пералiк тавараў, на якiя суб'екты прадпрымальнiцкай дзейнасцi маглi фармiраваць цэны свабодна, то з учарашняга дня стала наадварот: прымяняць гандлёвыя надбаўкi можна з улiкам кан'юнктуры рынку на ўсе тавары, акрамя пералiку сацыяльна значных тавараў з 50 пазiцый.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика