Трэба менш пiць. 21.by

Трэба менш пiць

13.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За цвярозы лад жыцця

Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджаннi i пераадоленнi п'янства i алкагалiзму на 2006-2010 гады перадусiм планавала знiжэнне спажывання насельнiцтвам алкагольных напояў. Гэтага не адбылося: людзi п'юць, ды шмат. У Магiлёўскай вобласцi за сёлетнiя 9 месяцаў на душу насельнiцтва, ад немаўлятаў да старых, выпiта 6,9 лiтра абсалютнага алкаголю. Па годзе чакаецца 9 лiтраў.

— Гэта значыць, штотыдзень кожны жыхар рэгiёна выпiвае бутэльку гарэлкi, — патлумачыў галоўны нарколаг мiнiстэрства аховы здароўя Беларусi Аляксей Аляксандраў. — А калi выключыць з гэтай колькасцi непаўналетнiх, то тыднёвая доза для дарослых павялiчваецца да 1,5 бутэлькi.

На пасяджэннi Магiлёўскага аблвыканкама, дзе разглядаўся ход выканання супрацьалкагольнай праграмы, прагучалi трывожныя лiчбы. З кожным годам павялiчваецца колькасць злачынстваў, учыненых у нецвярозым стане: летась iх было амаль што чвэрць ад агульнай колькасцi. Нецвярозыя вадзiцелi сталi вiноўнiкамi больш як сотнi дарожна-транспартных здарэнняў.

Сёлета ў медвыцвярэзнiк трапiлi больш за 9700 грамадзян. Да адмiнiстрацыйнай адказнасцi за з'яўленне ў п'яным выглядзе i распiцце спiртных напояў у грамадскiх месцах прыцягнуты больш за 23 тысячы чалавек. Атруцiлiся алкаголем 263 чалавекi, у ЛПП накiраваны больш за 800 п'янiц (гэта лiчба з кожным годам павялiчваецца).

Павялiчваецца i колькасць людзей, залежных ад алкаголю: цяпер iх стаiць на ўлiку ў Магiлёўскiм наркадыспансэры больш за 23 тысячы чалавек. З iх амаль 5 тысяч — жанчыны, i нават 5 непаўналетнiх. Але гэта яшчэ не ўсё: пад прафiлактычным назiраннем нарколагаў з прычыны злоўжывання алкаголем у побыце — больш за 7,5 тысячы чалавек, сярод якiх 900(!) непаўналетнiх.

Прычым спецыялiсты раяць не забывацца на тое, што алкаголь спажываюць не толькi гэтыя 30 тысяч, якiя маюць алкагольныя расстройствы, але скрозь дарослае насельнiцтва. Паводле апытанняў, пераважная большасць (85%) ужывае алкаголь, i прыкладна 30% з iх — у дозах, якiя шкодныя для здароўя.

Таму нездарма на пасяджэннi аблвыканкама ўзгадалi савецкую перабудоўную кампанiю па барацьбе з п'янствам i алкагалiзмам.

— За тым часам у вялiзнай краiне смяротнасць панiзiлася на 14%, праўда, на кароткi перыяд, — нагадаў начальнiк упраўлення аховы здароўя Магiлёўскага аблвыканкама Уладзiмiр Шрубаў. — Зразумела, я не кажу пра перагiбы кшталту высечкi вiнаграднiкаў, але ўсё лепшае з той кампанii можна ўзяць нам на ўзбраенне.

Таму медыкi i праваахоўныя органы выступаюць за абмежаванне продажу алкаголю ў вечаровы i начны час. Не так даўно ў Магiлёве аднавiлi працу начныя крамы, i ўлада вырашыла прасачыць за сiтуацыяй вакол iх.

Адным з негатыўных фактараў у прафiлактыцы п'янства i алкагалiзму ўсе выступоўцы называлi рэкламу пiва, якая мае значны ўплыў на розум маладых людзей. Калi даросламу чалавеку для таго, каб стаць алкаголiкам, у сярэднiм патрабуецца 5-10 гадоў, то для маладога чалавека дастаткова 2-3 гадоў.

Таму, калi забарона рэкламы пiва немагчымая, то хацелася хоць бы, каб сацыяльная рэклама супраць п'янства не адставала.

Прафiлактыку ўскладаюць на грамадскiя арганiзацыi: у працоўных калектывах абаронай здароўя раяць заняцца прафсаюзам. У сельскiх раёнах шукаюць уласныя метады супрацiўлення п'янiцам. Добры досвед заахвочвання да здаровага ладу жыцця, варты пераймання, ёсць у СВК "Калгас "Радзiма" Бялынiцкага раёна i ў Вейнянскага сельсавета Магiлёўскага раёна.

Напрыклад, у Быхаўскiм раёне сталi праводзiць вялiкiя вясковыя сходы, дзе з удзелам людзей, кiраўнiцтва i нават праваслаўнага святара галосна разбiраюцца з мясцовымi п'янiцамi.

— Мы вырашылi ўзняць хвалю знiзу, — дзялiўся досведам старшыня Быхаўскага райвыканкама Мiкалай Кароцiн. — Таму што зразумелi: простыя людзi шкадуюць п'янiц i лiчаць iх няшчаснымi. А трэба iх прыструнiць.

Аблвыканкам вырашыў прыняць канкрэтныя меры супраць п'янства. У прыватнасцi, на ўзбраенне будзе ўзяты вопыт iншых рэгiёнаў, калi за парушэнне правiлаў гандлю алкагольнымi напоямi (маецца на ўвазе продаж непаўналетнiм) без лiтасцi адбiраецца лiцэнзiя. У гарадах i раёнах будуць працаваць паводле мадэлi ўзаемадзеяння, якая распрацавана пракуратурай i дазволiць дайсцi да кожнага канкрэтнага п'янiцы.

— Трэба зыходзiць з таго, што алкаголiкi — гэта хворыя людзi, i за iмi трэба прыглядаць, — сказаў старшыня Магiлёўскага аблвыканкама Пётр Руднiк. — I улады, i грамадскасць павiнны надаць увагу гэтай праблеме.

Iлона Iванова.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджаннi i пераадоленнi п'янства i алкагалiзму на 2006-2010 гады перадусiм планавала знiжэнне спажывання насельнiцтвам алкагольных напояў. Гэтага не адбылося: людзi п'юць, ды шмат. У Магiлёўскай вобласцi за сёлетнiя 9 месяцаў на душу насельнiцтва, ад немаўлятаў да старых, выпiта 6,9 лiтра абсалютнага алкаголю. Па годзе чакаецца 9 лiтраў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика