Гэта больш, чым пасланне
13.11.2009
—
Новости Общества
|
Учора вуснамi свайго прэзiдэнта Дзмiтрыя Мядзведзева Расiя абвясцiла аб новым курсе на мадэрнiзацыю ўсiх сфераў жыцця. Аб выступленнi расiйскага прэзiдэнта i сённяшнiм стане эканамiчных стасункаў з нашым саюзнiкам мы гутарым з беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Л.Ф. Заiкам. — Леанiд Фёдаравiч, якое ваша першае ўражанне аб пасланнi? — Гэта больш, чым пасланне. Ва Уладзiмiра Пуцiна нiчога такога не было. А ў Мядзведзева гэта атрымаўся вельмi сур'ёзны, наватарскi, я б сказаў, рэвалюцыйны дакумент. Гэта — стратэгiчны план, праграма доўгатэрмiновага развiцця краiны, у якой прадугледжваецца рашучы паварот на мадэрнiзацыю палiтычнага, эканамiчнага i сацыяльнага жыцця расiян. Мэта гэтых намаганняў — ператварэнне Расii ў магутную, перадавую, цывiлiзаваную дзяржаву. Расiя цяпер будзе разглядаць сваю знешнюю палiтыку з пункту погляду паляпшэння стандартаў жыцця сваiх грамадзян. Нiякiх субсiдый iншым, толькi голы прагматызм. I нам трэба ўважлiва прачытаць пасланне Дзмiтрыя Мядзведзева, каб потым не ўзнiкала недарэч- насцяў у адносiнах з нашым партнёрам. Магчыма, пры ўрадзе варта было б стварыць групу экспертаў па ацэнцы наступстваў расiйскай мадэрнiзацыi для Беларусi ў найблiжэйшай i глыбокай перспектыве. Мяне вельмi ўразiла тое, што прадугледжваецца, напрыклад, шырокая рэформа адукацыi ў Расii, калi педагагiчныя факультэты будуць пры ўнiверсiтэтах. Такiм чынам, падрыхтоўка педагагiчных кадраў пераводзiцца пад крыло ўнiверсiтэцкай сiстэмы. Гэта, на мой погляд, рэвалюцыйны падыход. Бо ў школе многае пачынаецца, гэта ў Расii зразумелi. — Расiя па-ранейшаму з'яўляецца нашым галоўным эканамiчным партнёрам? — Ужо не. Расiя цяпер не асноўны наш эканамiчны партнёр, iм стаў Еўрасаюз. Ён па экспарце для нас выйшаў на першае месца. Расiя для нас у эканамiчным плане з'яўляецца галоўным пастаўшчыком сыравiны i энерганосьбiтаў i вельмi важным iмпарцёрам нашай прадукцыi. Цэны на нафту для нас не залежаць ад Мядзведзева, яны фармiруюцца на сусветным рынку. Цэны на газ для нас у сувязi са стварэннем Мытнага саюза Беларусi, Расii i Казахстана, павiнны быць такiмi як на ўнутраным расiйскiм рынку для сваiх спажыўцоў. — Але, на жаль, наша суседка бывае часам вельмi наравiстым i не заўсёды прадказальным iмпарцёрам. Дастаткова прыгадаць сюрпрызы для вытворцаў беларускiх малочных i мясных прадуктаў. — Гэта ўжо, здаецца, у мiнулым. З падпiсаннем Мытнага саюза Беларусi, Расii i Казахстана, здаецца, закончыўся перыяд "харчовых" войнаў з Расiяй. Але нават нягледзячы на былыя скандалы з пастаўкамi нашых малочных i мясных прадуктаў, iх экспарт у Расiю вырас у параўнаннi з мiнулым, дакрызiсным, годам. У прыватнасцi, ялавiчыны свежай i марожанай прадалi iстотна больш. Калi летась ад продажу марожанай ялавiчыны выручылi 88 млн долараў, то ўжо сёлета да пачатку восенi 134 млн долараў. Летась ялавiчыны свежай прадалi на 67 млн долараў, то сёлета за восем месяцаў на 90 млн долараў. Летась малака прадалi 35 тысяч тон, а ўжо сёлета 51,5 тысячы тон. Сыру летась прадалi 53 тысяч тон, а ўжо сёлета 66 тысяч тон. Так што на рынку харчовых прадуктаў сiтуацыя нармалiзавалася. Але дрэнна прадаюцца нашы грузавыя аўтамабiлi — падзенне вельмi iстотнае. Трактары таксама горш набываюцца расiянамi. — А што мы менш сталi набываць у Расii? — Крызiс трохi навучыў беларусаў эканомiць. Сёлета мы закупляем iстотна менш прыроднага газу. Калi летась да пачатку восенi мы набылi 12 млрд кубаметраў газу, то сёлета за адпаведны перыяд 8,6 млрд кубаметраў. Амаль на чвэрць менш. — Леанiд Фёдаравiч, а цi варта нашым суграмадзянам захоўваць зберажэннi ў расiйскiх рублях? — Нядаўна мяне запрасiлi паўдзельнiчаць у ранiшняй праграме тэлеканала АНТ, дзе вядучыя распытвалi аб тым, у якой валюце лепш захоўваць зберажэннi. Вiдаць, гэта вечнае пытанне. Што датычыць расiйскiх рублёў, то гэта пакуль выгадная валюта. Яна сёлета рэвальвуецца. I тыя, хто захоўваў зберажэннi ў расiйскiх рублях, больш выйграў, чым тыя, хто захоўваў зберажэннi ў амерыканскiх доларах. Але гэта ў 2009 годзе, як будзе далей — вам нiхто не скажа... Гутарыў Леанiд Лахманенка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора вуснамi свайго прэзiдэнта Дзмiтрыя Мядзведзева Расiя абвясцiла аб новым курсе на мадэрнiзацыю ўсiх сфераў жыцця. Аб выступленнi расiйскага прэзiдэнта i сённяшнiм стане эканамiчных стасункаў з нашым саюзнiкам мы гутарым з беларускiм эканамiстам, кiраўнiком аналiтычнага цэнтра "Стратэгiя" Л.Ф. Заiкам.
|
|