У РЭЗАНАНСЕ. 21.by

У РЭЗАНАНСЕ

30.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнт "Звязды" Мiкола Тамашэвiч адшукаў вучня знакамiтага мастака Івана Хруцкага

ДАВЕДКА

Сяргей Мiкалаевiч Чарцiлiн нарадзiўся ў Мiнску 30 лiстапада 1973 года. Па атрыманнi сярэдняй адукацыi закончыў Мiнскi архiтэктурна-будаўнiчы тэхнiкум i мастацка-графiчны факультэт Вiцебскага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. Пазней выкладаў у БДПУ iмя Максiма Танка — цяпер працуе ў тэхналагiчнай гiмназii № 13 г. Мiнска.

Сергiюш — прызнаны майстар жывапiсу, сябар моладзевай секцыi Беларускага саюза мастакоў, нязменны ўдзельнiк мiжнародных i айчынных выставаў. Сярод шматлiкiх выставаў можна назваць вiцебскiя "De factum" ды "Жывапiс i Rock-n-Roll", а таксама мiжнародныя праект "GLEЙNA", выставы ў Аўстрыi i Латвii ды мастацкiя фестывалi "Panton", прымеркаваныя да Славянскага базару. Работы мастака ўпрыгожваюць шматлiкiя прыватныя калекцыi не толькi нашай краiны, але i Францыi, Польшчы, ЗША, Аўстрыi, Расii, Iзраiля, Германii, Канады i iншых. Цяпер мастак займаецца не толькi традыцыйным жывапiсам, але i iнтэр'ерамi; некалькi гадоў таму ўдзельнiчаў у рэстаўрацыi Кацярынiнскай царквы ў Мiнску. Сёння Сергiюш — яркая фiгура ў культурным жыццi Беларусi.

На пачатку надыходнага года знакамiтаму беларускаму мастаку Iвану Хруцкаму, талент якога засланiў нават славутых галандскiх творцаў, спаўняецца 200 гадоў ад дня нараджэння. Сёння нават цяжка ўявiць нашага суайчыннiка, якi б не чуў пра гэту "апору" айчыннага мастацтва — i тым не менш, мала хто ведае пра творчасць самога мастака, а тым больш пра яго не менш таленавiтых наступнiкаў... Але ж сёння ў нас ёсць унiкальная магчымасць пагутарыць з чалавекам, якi сваiм прафесiйным развiццём абавязаны, перш-наперш, самому Iвану Хруцкаму: яго бачанню рэалiстычнай творчасцi i беларускасці сюжэтаў.

Сяргей ЧАРЦIЛIН — беларускi мастак трэцяга тысячагоддзя, якi, тым не менш, арыентуецца ў сваёй творчасцi на выбiтных майстроў царскага перыяду ў Беларусi. Некалi захапiўшыся ў школе творчасцю "малых галандцаў", а пазней пабачыўшы воляю лёсу экспазiцыю ў яшчэ на той час невялiкiм Мастацкiм музеi ды паабяцаўшы свайму iснаму сан-сэю ў мастацтве "перамахнуць" самоага знакамiтага беларуса, наш герой ужо трацiну свайго жыцця iдзе разам з Iванам Хруцкiм.

— беларускi мастак трэцяга тысячагоддзя, якi, тым не менш, арыентуецца ў сваёй творчасцi на выбiтных майстроў царскага перыяду ў Беларусi. Некалi захапiўшыся ў школе творчасцю "малых галандцаў", а пазней пабачыўшы воляю лёсу экспазiцыю ў яшчэ на той час невялiкiм Мастацкiм музеi ды паабяцаўшы свайму iснаму сан-сэю ў мастацтве "перамахнуць" самоага знакамiтага беларуса, наш герой ужо трацiну свайго жыцця iдзе разам з Iванам Хруцкiм.

Наша размова пачынаецца ў невялiкай майстэрнi. Тут, здаецца, усё дыхае гiсторыяй, творчасцю i жартамi, без якiх анiякi крэатыў, проста немагчымы. Вунь, бачу, усе сцены ледзь цi не цалкам закрытыя дзясяткамi малюнкаў, а вунь — старажытныя лiхтарыкi ды лямпы, сабраныя з усёй этнiчнай Беларусi, калекцыя акустычных музычных iнструментаў i розных шкляных вазончыкаў ды савецкай культавай атрыбутыкi. А на палiцах — вершы самабытных паэтаў нашай Бацькаўшчыны... I я, пацягваючы гарбату з сапраўднай "чыгуначнай" шклянкi з падшклянкам, заядаючы агрэставым варэннем, працягваю нашу размову першым тэматычным пытаннем:

— Пане Сергiюш, распавядзiце, калi ласка, аб Iване Хруцкiм! Чаму яго творчасць — своеасаблiвы брэнд Беларусi за мяжою?

— Вядома, наш знакамiты мастак не проста так з чыстага аркуша паперы пачаў свой творчы шлях. У гэтым сэнсе, безумоўна, Iван Хруцкi працягвае традыцыю "малых галандцаў.

А "малыя галандцы", калi адыходзiць крышачку ў гiсторыю, пiсалi невялiкiя нацюрморты, але гэта было ўсё настолькi прапiсана, iхнiя карцiны настолькi жывыя: не тое, што, банальна, натуралiстычныя ("кiчаватыя"), а так якасна з душою зробленыя, што, бадай, сёння так анiхто i не напiша ўжо. I вось Хруцкi працягвае менавiта гэтую творчую нiдэрландскую плеяду. Я так мяркую, ён, хутчэй, сам ездзiў у Галандыю, бачыў там усё гэта i...

— I, як кажуць, набраўся творчага iмпэту!

— Дакладна! Хоць, безумоўна, у нацюрмортах нашага славутага земляка i бачныя нейкiя заморскiя рэчы (напрыклад, вазон з лiмонам — а гэта данiна менавiта "малым галандцам", якiя вельмi любiлi лiмонную скурку, што звiсае са стала па спiралi, ды розныя шклянкi з нейкай вадкасцю), але, тым жа часам, на яго творах пераважаюць i беларускiя матывы. Самыя знакавыя тут, безумоўна, грыбы. У дадатак, Хруцкi часта выкарыстоўваў беларускi глiняны глечык: менавiта той формы, якая была на яго Радзiме... Таму, бясспрэчна, сувязь з "малымi галандцамi" ў яго прасочваецца, але ўсё адно бачна, адчуваецца, што гэта — наш родны "галандзец"!

— А вось калi параўнаць вышэйзгаданых заходнееўрапейскiх мастакоў з нашым творцам?..

— Несумненна, не памяншаючы тэндэнцый Хруцкага, па каларыце, майстэрстве твораў галандцы мацнейшыя. Магчыма, нельга параўноўваць цэлую мастацкую школу з адным чалавекам... Але, калi браць да ўлiку, што на тэрыторыi ўсёй тагачаснай Расiйскай iмперыi не было майстроў нацюрморту, роўных па ўзроўнi з нашым суайчыннiкам, то Iвана Хруцкага можна смела ставiць у адзiн шэраг з тымi ж заходнееўрапейскiмi мастакамi... Сёння многiя знаўцы мастацтва кажуць: "Што нам тыя галандцы?! У нас ёсць свой!".

— Сяргей Мiкалаевiч, я некалi чуў, што Iван Хруцкi з'яўляўся i дызайнерам, што ён абстаўляў рэзiдэнцыi тагачаснага "вышэйшага" грамадства. Цi праўда гэта?

— Мяркую, на той час усе мастакi займалiся гэтым. Вось, напрыклад, нейкi мастак жыў, скажам, пад Полацкам у сваiм маёнтку. Там ён пiсаў карцiны, туды да яго прыязджалi па замову. I калi мастак трапляў у сядзiбу нейкага багатага буржуа, то, зразумела, атрымлiваў яшчэ i дадатковае заданне пiсьменна, па апошнiх павевах моды, абставiць i само памяшканне: дзесьцi карцiну павесiць, шторы змянiць, — карацей, выпрацаваць асноўную кампазiцыйную iдэю — тое, што мы сёння называем мастацкiм дызайнам... I, безумоўна, Хруцкi гэтым займаўся, бо, па-першае, ён быў акадэмiкам Пецярбургскай (!) Акадэмii мастацтваў — а гэта лепшая мастацкая ўстанова ўсёй Расiйскай iмперыi; а, па-другое, ён бачыў не толькi сталiчнае, пецярбургскае жыццё, унутраныя iнтэр'еры нават iмператарскiх палацаў, але i заходнееўрапейскiя матывы падчас сваiх вандровак у Еўропу — тое, да чаго заўжды iмкнулася расiйскае "вышэйшае" грамадства. Ну i, трэба сказаць, хтосьцi пабачыў у гасцях такое абсталяванне, iдэю i кажа: "Я сабе такое ж хачу!" Тут мастаку толькi i выконвай аўтарскiя замовы па iнтэр'ерах.

— Як так здарылася, што праз 100 гадоў пасля смерцi ў Iвана Хруцкага ўзнiкае вучань? Якiм чынам наш вялiкi суайчыннiк стаў вашым настаўнiкам?

— Гiсторыя такая... Да майго навучання ва ўнiверсiтэце я, асаблiва мастакоў i не ведаў: так, толькi самыя вядомыя iмёны — нават у мiнскiм Мастацкiм музеi быў толькi адзiн раз. А на першым курсе станавiлася неяк, можна сказаць, сорамна, калi студэнты з iншых гарадоў пыталiся, як там у сталiчным музеi, а я мiнчанiн нiчога i адказаць не мог. Таму i вырашыў па заканчэннi першага года навучання ўлетку наведаць наш Нацыянальны мастацкi музей. I вось, калi я туды патрапiў, я па-сапраўднаму быў уражаны — нiколi не падумаў бы, што ў нас ёсць такiя работы: Шышкiн, Брулоў, Жукоўскi, Трапiнiн, Лявiцкi... i Хруцкi. Тыдзень прыходзiў у музей з нататнiкам i занатоўваў усе мастацкiя работы. I вось гэты перапiс так мне шмат даў, што я ўжо не толькi вiзуальна памятаў размяшчэнне карцiн, але i асноўныя сюжэты, iх аўтараў. Дакладна тады я i ў сваёй галаве адзначыў Iвана Хруцкага, бо ўжо дагэтуль ведаў творчасць "малых галандцаў", i нават не мог уявiць, што тут, у Беларусi, былi мастакi з такiм жа ўзроўнем майстэрства, асаблiва ў нацюрморце...

...Крыху пазней я пазнаёмiўся з маiм будучым настаўнiкам Алесем Мемусам, якi, таксама, як i Хруцкi, закончыў Ленiнградскую Акадэмiю мастацтваў (а гэта самая прэстыжная мастацкая навучальная ўстанова ва ўсiм Савецкiм Саюзе) i якi прывiў, можна сказаць, нам любоў да беларускасцi: роднай мовы, якую заўжды выкарыстоўваў, неадчужальнасцi нашай матэрыяльнай культуры. У гэтым сэнсе, ён адстойваў i Хруцкага. I вось аднойчы, калi я на нейкiм пленэры пачаў усхваляцца творчасцю "малых галандцаў" (кшталту Рубенса), мне Мемус сказаў: "Сергiюш, ну што там галандцы?! У нас ёсць свой — Хруцкi". А яму адказваю: "А што там Хруцкi?!" — маўляў, я Хруцкага за пазуху заткну...

Але я так сказаў, бо ўжо некалькiх гадоў адсочваў мастацкi шлях беларускага знакамiтага мастака. Так, я аднойчы ад мясцовых забулдыгаў, у якiх за бутэльку мы заўжды набывалi фарбы, за капейкi займеў таўшчэзную кнiгу "Iван Хруцкi. Нацюрморт", выдадзеную ў Маскве. I, прачытаўшы яе ад коркi да коркi, захапiўшыся стылем, вырашыў зноўку выправiцца ў Мастацкi музей толькi дзеля аднаго Хруцкага. Цiкава, што назiраючы, як ён зрабiў нейкiя дэталi, я для сябе заўважаў: "Вось, я гэта зрабiў бы лепш, смачней, цiкавей". I пазней вырашыў паспрабаваць: пачаў капiраваць карцiны Хруцкага, дадаючы больш каларыту.

...I вось, гэты мой выраз Алесь Мемус мне ўвесь час нагадваў, кажучы: "Гэта ж Чарцiлiн! Ён абяцаў Хруцкага ў падмёткi зашыць!" А калi наступiў час напiсання дыплома, я прапанаваў Мемусу стаць маiм кiраўнiком, дык ён у мяне пытаецца: "А што за работа?" — Я ж са шматзначнай усмешкай кажу: "Нацюрморт"...

Мiкола ТАМАШЭВIЧ.

Фота Аляксея КУЛЬБIЦКАГА i аўтара.

ДАВЕДКА

Iван Хруцкi нарадзiўся ў мястэчку Вула 8 лютага 1810 года. Першапачатковую мастацкую адукацыю атрымаў на факультэце вольных мастацтваў Полацкага лiцэя, па заканчэннi якога паступiў у прэстыжную Пецярбургскую Акадэмiю мастацтваў, дзе навучаўся 9 гадоў. Мастак неаднаразова атрымлiваў медалi сваёй Акадэмii, а таксама быў узнагароджаны залатым гадзiннiкам ад цара Мiкалая I. А ў 1839 годзе Iван Хруцкi стаў акадэмiкам Акадэмii мастацтваў, пасля чаго вярнуўся на Радзiму.

У сваёй творчасцi знакамiты мастак аддаваў перавагу нацюрмортам, у сюжэтах якiх ён выкарыстоўваў звычайную гароднiну i садавiну, што можна было знайсцi на любым сялянскiм стале беларуса: моркву, капусту, грушы, гарбузы... Мастацкi стыль Iвана Хруцкага хутка займеў шмат прыхiльнiкаў i паслядоўнiкаў, што паспрыяла развiццю нацюрморта ў Расiйскай iмперыi.

Акрамя гэтага беларускi мастак з'яўляўся i майстрам партрэта, асаблiва шмат маляваў iх у сталых гадах. Тады ж у творчасцi мастака пачынаецца перыяд рэлiгiйных твораў. Памёр Iван Хруцкi 13 студзеня 1885 года, быў пахаваны на фамiльных могiлках у Захарнiчах.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пачатку надыходнага года знакамiтаму беларускаму мастаку Iвану Хруцкаму, талент якога засланiў нават славутых галандскiх творцаў, спаўняецца 200 гадоў ад дня нараджэння. Сёння нават цяжка ўявiць нашага суайчыннiка, якi б не чуў пра гэту "апору" айчыннага мастацтва — i тым не менш, мала хто ведае пра творчасць самога мастака, а тым больш пра яго не менш таленавiтых наступнiкаў... Але ж сёння ў нас ёсць унiкальная магчымасць пагутарыць з чалавекам, якi сваiм прафесiйным развiццём абавязаны, перш-наперш, самому Iвану Хруцкаму: яго бачанню рэалiстычнай творчасцi i беларускасці сюжэтаў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика