Мясцiны
10.02.2010
—
Новости Общества
|
У маладосцi, калi чалавечы век здаваўся доўгiм i вялiкiм, я выбiраў сабе мясцiны для жыцця. Ездзiў я па свеце, прыглядаўся, прымерваўся. Такiх мясцiн назбiралася не так i шмат, а дакладней iх было ўсяго тры: Мазыр, Тарту i Сочы. Каб у тыя часы не было "жалезнай заслоны", што падзяляла свет на два варожых палiтлагеры, i мне можна было б выехаць за межы савецкай iмперыi, месцы б выбралiся зусiм iншыя. Толькi легальна пакiнуць iмперыю я не мог, а на ўзброены канфлiкт на мяжы iсцi не было намеру з-за сваiх пацыфiсцкiх перакананняў, праз якiя нават у... войска я не пайшоў. Таму ўсе найлепшыя мясцiны майго хiповага юнацтва былi ў межах адной, хай сабе i велiзарнай, дзяржавы. Цiхi Мазыр я ўпадабаў з-за жанчыны. На стромкiм беразе шырокае Прыпяцi жыла мая Тамара. Мы гулялi з ёю ў летнiм духмяным сасоннiку, плавалi на рачным параходзiку, пiлi "масандру", набытую ў параходным буфеце, цалавалiся i мiлавалiся. Як жа ж было не палюбiць спакойны Мазыр? Мне бачылася нашае жыццё з Томаю i дачкой Вольгаю ў цiхамiрным Мазыры. Замоў на розныя сценапiсы i вiтражы ў Мазыры i Гомелi было шмат. Заробкi ў тагачасных мастакоў-манументалiстаў былi вялiкiя. Так што я сур'ёзна думаў кiнуць Мiнск i перабрацца ў Мазыр, але адносiны з Тамараю сапсавалiся, я застаўся ў Мiнску. Унiверсiтэцкi гарадок Тарту мяне ўразiў сцiпла-зялёным колерам дамкоў, ашаляваных дошчачкамi i цiшынёю. У Тарту было цiха, як у вялiкай майстэрнi мастака. А яшчэ там было чыста. Тады ў Тарту было чыста, як чыста цяпер у Мiнску. Савецкi Мiнск быў брудным горадам, не такiм брудным, як Масква цi Ленiнград, але ўсё адно смецця на вулiцах было шмат. Тарту са сваёй чысцiнёю, выхаванасцю, адкрытасцю ўсiх дзвярэй мяне зачараваў. Каб у Тарту было мастацкае жыццё, каб у тамтэйшым унiверсiтэце меўся мастацкi факультэт, я туды пераехаў бы. Але Тарту быў горадам навукоўцаў, а не мастакоў i музыкаў. Музыкi з мастакамi туды прыязджалi толькi на фестывалi i выставы, а мне такога выстаўна-фестывальнага жыцця было замала, мне трэба было штодзённае жыццё ў мастакоўскiм асяродку, таму я не перабраўся з шэрага Мiнска ў зялёны Тарту. З Сочы мае ўзаемаадносiны складвалiся надзiва шчаслiва. Мая цётка Рэгiна выйшла замуж за Генадзя i перабралася жыць да яго, на бераг Чорнага мора. З трэцяга класа я ездзiў да цёткi ў Сочы. Бацькi давалi мне грошы на квiток у адзiн бок, цётка купляла мне другi квiток. Сочы я ведаю зусiм не так, як яго бачаць прыбiтыя сонцам турысты i адпачыннiкi. Сочы я ведаю наскрозь. Але жыць у вялiкiм Сочы мне нiколi не хацелася, пакуль Рэня не купiла маленькi дамок у гарах, над мястэчкам Мацэста. Менавiта ў гарах мне захацелася жыць. Я сядзеў на беразе горнага ручая i прыдумляў сабе паэтычнае жыццё з вырошчваннем гароднiны i маляваннем горных ды марскiх краявiдаў. Лес, якi абступаў цётчын дамок, людзi называлi Лесам дэзерцiраў. У часы Другой сусветнай вайны ў тым лесе хавалiся мужчыны, што не хацелi ваяваць. Бясконцыя згадкi пра вайну ў Беларусi так мне надакучылi i так абрыдлi, што Лес дэзерцiраў выглядаў простым i правiльным раем. Але мае намеры жыць у горным райскiм дамку прапалi, яны прапалi ў маленечкай прадуктовай краме, дзе я зазвычай набываў сякiя-такiя прадукты перад паходам у горы. Паперадзе мяне ў чарзе стаяў горац, такi звычайны селянiн у вялiкай кепцы са спрацаванымi на зямлi вялiкiмi рукамi. Селянiн папрасiў у прадавачкi сто кiлаграмаў солi i сто пачкаў з запалкамi. У дзяцiнстве мая баба Броня наказала мне ўважлiва прыглядацца да простых людзей у прадуктовых крамах. "Як пабачыш простага мужчыну, якi бярэ мяшок солi, ведай — гэта вайна!" Калi я сказаў цётцы, што ў iх хутка пачнецца вайна, Рэгiна мне не паверыла. Не паверыў мне i Генадзь. Ён, як кожны рускi, верыў у непераможнасць i магутнасць Расii. "Ды мы гэтых горцаў за адзiн дзень скруцiм!" — са смехам казаў мне падвяселены гарэлкаю Генадзь. Паверыць у заўтрашнюю вайну амаль немагчыма. Як мне цяжка паверыць у страту сваiх найлепшых месцаў для жыцця. Цётчын дамок горцы спалiлi. Лес дэзерцiраў запоўнiўся каўказскiмi партызанамi. Цiхi i чысты Мазыр нечакана апынуўся зусiм побач з Чарнобыльскай забруджанай радыяцыяй зонаю. А Тарту? Эстонцы пасля абвяшчэння сваёй незалежнай дзяржавы пачалi прыходзiць да людзей, якiя iм не падабалiся, i прапаноўваць iм пакiнуць Эстонiю на працягу 24 гадзiнаў. Пэўна, эстонцы мелi права так сябе паводзiць, але майму знаёмаму мастаку Яўгену давялося з'ехаць. І так здарылася, што ў Мiнску ён прыйшоў да мяне i папрасiў здаць яму маленькi працоўны пакой. Я не адмовiў Яўгену. У сталым веку, калi чалавечае жыццё падаецца кароткiм i нязначным, я не шукаю сабе лепшых мясцiн для жыцця, бо iх проста няма. Адам ГЛОБУС. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У маладосцi, калi чалавечы век здаваўся доўгiм i вялiкiм, я выбiраў сабе мясцiны для жыцця. Ездзiў я па свеце, прыглядаўся, прымерваўся. Такiх мясцiн назбiралася не так i шмат, а дакладней iх было ўсяго тры: Мазыр, Тарту i Сочы. Каб у тыя часы не было "жалезнай заслоны", што падзяляла свет на два варожых палiтлагеры, i мне можна было б выехаць за межы савецкай iмперыi, месцы б выбралiся зусiм iншыя. Толькi легальна пакiнуць iмперыю я не мог, а на ўзброены канфлiкт на мяжы iсцi не было намеру з-за сваiх пацыфiсцкiх перакананняў, праз якiя нават у... войска я не пайшоў. Таму ўсе найлепшыя мясцiны майго хiповага юнацтва былi ў межах адной, хай сабе i велiзарнай, дзяржавы.
|
|