Сяброўству — тысяча гадоў. 21.by

Сяброўству — тысяча гадоў

16.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускія армяне з поспехам выступілі на Міжнародным фестывалі “Карот”, дзе прызнаваліся ў любові да сваёй другой радзімы
Для тых, хто не ведае, нагадаю: “карот” азначае па-армянску “настальгія, туга па радзіме”. Менавіта каб пазбавіцца яе і збіраюцца разам мае супляменнікі. Нядаўна фестываль “Карот” праходзіў, ужо ў трэці раз, у новым Доме музыкі ў Маскве. Прычым асноўнымі ўдзельнікамі фэсту былі армяне з Беларусі: самадзейныя і прафесійныя артысты паказвалі мастацтва і культуру свайго народа. Між іншым, наша армянская суполка праводзіць у Беларусі і свой фэст, пад назвай “Міасін”, што значыць “Разам”.
Вядучымі на вялікім канцэрце “Карот — Міасін” у Маскве былі армянка Нарынэ і беларус Максім, яны віталі ўсіх на армянскай і беларускай мовах. Затым гучалі вершы — прызнанне ў любові да Беларусі. Потым выступіў танцавальны ансамбль “Эрэбуні”, уладальнік спецыяльнага дыплома ЮНЕСКА, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў. Увогуле тры гадзіны масквічы атрымлівалі асалоду ад музыкі, харэаграфіі, песняў, арагінальных жанраў. А майстэрства паказвалі не толькі армяне. Скажам, шмат апладысментаў атрымаў студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Сяргей Клачкоў: ён выканаў песню вялікага армянскага кампазітара Камітаса “Крунк” (“Журавель”) на цудоўнай армянскай мове. Шчыра прымалі і ўладальніцу Гран-пры міжнароднага джазавага фэсту Кацярыну Худынец, лаўрэата міжнародных конкурсаў і фэстаў Беларусі і Расіі, студэнта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Егіазара Фарашана. У ліку выканаўцаў былі і вядомыя ў Беларусі спявачкі Стэла, Іскуі Абалян.
Маскоўскі фэст “Карот” яшчэ раз засведчыў: культура магічным чынам аб’ядноўвае людзей, замацоўвае сяброўства. А беларускія армяне шчыра прызнаваліся, што з другой радзімай ім пашанцавала. Пра гэта гаварыла са сцэны і вядучая канцэрта Нарынэ Аганджанян. Яна — студэнтка Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, уладальніца звання “Міс Вясна”, фіналістка конкурсу прыгажосці дзяўчат з універсітэтаў Мінска.
Беларусь, сапраўды, наш агульны дом. Тут жыве народ, які блізкі нам, армянам, па менталітэце, гісторыі, культуры, і ўсё ж мае непаўторныя рысы. Цяпер, як вядома, у краіне ёсць прадстаўнікі больш чым 130 нацыянальнасцяў, з іх каля 30 тысяч — армяне. Першыя нашы супляменнікі з’явіліся тут ужо ў XI стагоддзі, так што нашаму сяброўству — амаль тысяча гадоў! Армянскі народ пакінуў прыкметны след у гісторыі і культуры Беларусі. Напрыклад, стваральнікам славутай слуцкай мануфактуры па вырабе паясоў быў Ян Маджарскі (Аванес Маджаран), які прыбыў у Рэч Паспалітую па запрашэнні князя Радзівіла. І не проста нала-дзіў вытворчасць, але і развіў традыцыі вырабу ўсходніх шаўковых паясоў, злучыўшы дэкаратыўныя стылі Усходу і Захаду.
Сяброўства беларусаў і армян прайшло і выпрабаванні агнём, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны перарасло ў воінскае брацтва, змацаванае крывёй. Мы ганарымся, што поўнач Беларусі вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў фронт пад камандаваннем армяніна, маршала Савецкага Саюза Івана Хрыстафоравіча Баграмяна. А Брэсцкую крэпасць абаранялі больш за 100 нашых суайчыннікаў. Усяго ж у гады вайны на тэрыторыі Беларусі ваявала больш за 30 тысяч армян, з іх 12 атрымалі званне Героя Савецкага Саюза, абараняючы Беларусь. Дарэчы, хутка ў Мінску ў памяць пра адважных сыноў Арменіі, што загінулі на беларускай зямлі, будзе ўстаноўлены традыцыйны армянскі помнік хачкар, ці крыж-камень. Гэта стане яшчэ адным доказам моцнага сяброўства паміж беларускім і армянскім народамі.

Святлана Гульянц



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускія армяне з поспехам выступілі на Міжнародным фестывалі “Карот”, дзе прызнаваліся ў любові да сваёй другой радзімы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика