76 чалавек... на адно званне Містар свету. 21.by

76 чалавек... на адно званне Містар свету

26.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У ліку прэтэндэнтаў і беларус

Увечары 27 сакавіка ў Сеуле (Паўднёвая Карэя) адбудзецца фінальнае шоу конкурсу прыгажосці "Mіster World 2010", у якім упершыню бярэ ўдзел і Беларусь. Нават, можна сказаць, двайны ўдзел — мадэль Нацыянальнай школы прыгажосці і прафесійны спартсмен 21-гадовы Міхаіл Баранаў прадстаўляе нашу краіну, а 24-гадовы Хафіз Агаеў, хоць і выступае ад Азербайджана — таксама краіны-дэбютанта, але папярэднюю падрыхтоўку да конкурсу праходзіў у Мінску, у студыі моды Сяргея Нагорнага. Больш за тое, хлопцы прыляцелі на конкурс адным рэйсам і сярод вялікага мноства канкурэнтаў (сёлета за тытул самага прыгожага мужчыны свету спаборнічаюць маладыя людзі з 76 краін) па-сяброўску трымаюцца адзін аднаго.

Конкурс "Містар свету", які ладзіцца раз на два гады, пачынаючы з 2000 г. — не тыповы "агляд прыгажосці", да якіх мы прызвычаіліся, назіраючы жаночыя конкурсы. Дэфіле тут аддадзена далёка не галоўная роля. За 17 дзён удзельнікі праходзяць мноства іспытаў, збольшага — спаборніцтваў па розных відах спорту. Сёлета, напрыклад, маладых людзей чакала трэніроўка па праграме карэйскіх пехацінцаў, забег па горнай мясцовасці — на вышыні 1522 м над узроўнем мора — і па пляжы (прычым у апошнім хлопцам давялося не проста пераадольваць вільготны пясок, а бегчы з іншымі канкурсантамі на плячах), спаборніцтвы па пейнтболе, таэквандо, заезды на квадрацыклах, лёгкаатлетычная эстафета на стадыёне 4х100 метраў... У апошніх спаборніцтвах, між іншым, Міхаіл Баранаў у складзе каманды "сініх" — Беларусь, Аўстралія, Чэхія, Багамы — заняў першае месца. У большасці ж іншых спаборніцтваў у тройку лідараў практычна заўсёды трапляў чэх — былы прафесійны дзесяціборац. Па выніках усіх спаборніцтваў, прабегшы складаны 300-метровы "пляжны крос" за 1 хвіліну і 9 секундаў, менавіта канкурсант з Чэхіі і стаў "Містарам Спорт" і аўтаматычна трапіў у паўфінальную частку "Містара свету 2010". Але і нашага суайчынніка ёсць за што ўхваліць — абышоўшы амаль 60 супернікаў, беларус увайшоў у фінальную топ-8 конкурсу "Містар спорт" і да тройкі лепшых не дацягнуў зусім крыху.

Усе без выключэння канкурсанты, "узброіўшыся" каскамі і пальчаткамі, удзельнічалі ў дабрачынным праекце міжнароднай арганізацыі "Habіtat for Humanіty" — расчышчалі ад будаўнічага смецця будучы прытулак для бяздомных у правінцыі Gyeonggі. І хоць тут стараннасць узнагароджвалася толькі маральна, ніхто з сяброў-сапернікаў і не падумаў адвільваць ад цяжкай фізічнай працы.

Яшчэ адным выпрабаваннем для найпрыгажэйшых мужчын свету сталі кулінарныя спаборніцтвы — разбіўшыся на каманды, супернікі за пэўны час павінны былі згатаваць "бібімбап" — страву нацыянальнай кухні з цёплага рысу, на які слаямі выкладваюцца абсмажаная лустачкамі ў алеі гародніна, грыбы і вострая прыправа з перцам чылі. Змешваць усе кампаненты нельга — гэта робіцца непасрэдна перад ужываннем ежы. Кампетэнтнае журы ацэньвала вынік на выгляд, на смак, на пах, а таксама па арыгінальнасці сервіроўкі. Лепшым "кухарам па-карэйску" ў выніку быў названы прадстаўнік Калумбіі, які менавіта ў гэты дзень да таго ж святкаваў уласныя народзіны.

А вось у фінал творчага конкурсу "Містар Талент" трапілі прадстаўнікі ўсяго 20 краін — на жаль, у іх ліку не апынуліся ні Беларусь, ні Азербайджан. Затое ў тройку лідараў выйшаў прадстаўнік Расіі, прадэманстраваўшы танец самурая, які гледачы прызналі "зграбным і зачаравальным". Перамогу ж — і пуцёўку ў паўфінал — атрымаў удзельнік з Карэі, якому дапамаглі ці то родныя сцены, ці то ўласныя выбітныя вакальныя здольнасці.

У сераду адбылося моднае дэфіле, на якім удзельнікі дэманстравалі ўборы ад дызайнера Андрэ Кіма — сумесь футурыстычных мадэляў і нацыянальнага каларыту. Сярод тэмаў калекцыі, напрыклад, былі зімовыя Алімпійскія гульні-2018, на правядзенне якіх прэтэндуе ў тым ліку карэйскі П'ёнчанг; чэмпіянат свету ФІФА у Паўднёвай Афрыцы; а таксама вясельная мода і сучасная інтэрпрэтацыя розных гістарычных перыядаў карэйскай гісторыі. "Калі ранейшыя модныя паказы на першым плане мелі жаночую прыгажосць, якой захапляліся мужчыны, то наша шоу дэманструе прыгожыя мужчынскія ўборы, якія могуць уразіць жанчын", — заўважыў дызайнер Андрэ Кім. Прыбытак ад паказу, які арганізатары зрабілі адкрытым для наведвальнікаў, будзе накіраваны на дабрачынныя мэты — у Міжнародны інстытут вакцыны, і на дапамогу паўночнакарэйскім дзецям з малазабяспечаных сем'яў. Для канкурсантаў жа галоўным вынікам паказу стала рашэнне журы на чале са старшынёй конкурсу "Містэр свету" Джуліяй Морлі — пераможцам конкурсу "Містэр Топ-мадэль" і яшчэ адным аўтаматычным паўфіналістам стаў прадстаўнік Бразіліі.

Што ж, атрымліваецца, і Азербайджан, і Беларусь "у пралёце"? Альбо яшчэ ёсць шанц убачыць прадстаўнікоў гэтых краін у фінале самага прэстыжнага конкурсу мужчынскай прыгажосці? Як расказаў "Звяздзе" кіраўнік студыі моды Сяргей Нагорны, які падтрымлівае сувязь з абодвума "нашымі" канкурсантамі, у фінальным шоу ў любым выпадку на сцэне пакажуцца ўсе 76 маладых людзей, але толькі 15 з іх выйдуць на фінішную прамую — трое — за перамогу ў папярэдніх міні-конкурсах, астатнія — па рашэнні журы. "Сёння (у чацвер. — Аўт.) адбылося інтэрв'ю з журы, праўда, паколькі ў нас з Карэяй розніца па часе 7 гадзін, я даведаўся пра гэта толькі ноччу. Натуральна, і Хафіз, і Міша хваляваліся з-за моўнага бар'еру, аднак, паводле іх адчуванняў, інтэрв'ю прайшло ўдала, так што ў абодвух у прынцыпе ёсць шанцы прайсці ў фінальную частку конкурсу. Але прагназаваць я не бяруся — хоць заўжды перажываеш за сваіх, але на гэтым шоу ёсць даволі шмат моцных кандыдатаў", — адзначае Сяргей.

Неўзабаве інтрыга конкурсу раскрыецца — 27 сакавіка гледачы больш як 100 краін свету, дзе будзе транслявацца шоу, даведаюцца, хто стане "Містарам свету-2010", а таксама хто атрымае тытулы першага і другога "Віцэ-Містара" (у Беларусі паглядзець конкурс змогуць толькі ўладальнікі спадарожнікавага тэлебачання). Пераможцу дастанецца грашовы прыз у 50 тысяч долараў, а таксама кантракт з брытанскім мадэльным агенцтвам. Зрэшты, і ў іншых канкурсантаў, нават калі яны не трапяць у прызы, ёсць шанц зацікавіць вядучыя замежныя мадэльныя агенцтвы і атрымаць цікавыя прапановы, альбо рэалізавацца ў іншай сферы — напрыклад, папярэдні "Містар свету", іспанскі самелье Хуан Гарсія, зрабіў паспяховую кар'еру на тэлебачанні.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

Фота з афіцыйнага сайта конкурсу www.mrworld.tv.  

Пытанне наўздагон

— Калі ўдача ўсміхнецца прадстаўніку Азербайджана, гэта будзе перамога выключна Азербайджана ці ўсё ж агульная?  

— Ведаеце, перамога Азербайджана ўжо ёсць, — здзіўляе адказам Сяргей Нагорны. — Падчас падрыхтоўкі да конкурсу мы давалі вельмі шмат інтэрв'ю ў Баку, і там у сувязі з гэтым ускалыхнулася індустрыя прыгажосці. Напрыклад, раней там ніколі не ладзіліся конкурсы прыгажосці, бо ў гэтай краіне дастаткова традыцыйныя погляды — як гэта, дзяўчына будзе распранацца і хадзіць па подыуме. А цяпер, у тым ліку і дзякуючы нашым з Хафізам расповедам, там пачалі адбывацца кастынгі на нацыянальны конкурс "Міс Азербайджан". Калі ж Хафізу пашанцуе на конкурсе "Містар свету" — натуральна, лічу, гэта будзе агульная перамога, бо наша агенцтва цягам года рыхтавала хлопца літаральна "з нуля", ён раней не меў дачынення да мадэльнага бізнэсу. А пакуль што перажываем мы, зразумела, за абодвух нашых хлопцаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У ліку прэтэндэнтаў і беларус Увечары 27 сакавіка ў Сеуле (Паўднёвая Карэя) адбудзецца фінальнае шоу конкурсу прыгажосці "Mіster World 2010", у якім упершыню бярэ ўдзел і Беларусь. Нават, можна сказаць, двайны ўдзел — мадэль Нацыянальнай школы прыгажосці і прафесійны спартсмен 21-гадовы Міхаіл Баранаў прадстаўляе нашу краіну, а 24-гадовы Хафіз Агаеў, хоць і выступае ад Азербайджана — таксама краіны-дэбютанта, але папярэднюю падрыхтоўку да конкурсу праходзіў у Мінску, у студыі моды Сяргея Нагорнага. Больш за тое, хлопцы прыляцелі на конкурс адным рэйсам і сярод вялікага мноства канкурэнтаў (сёлета за тытул самага прыгожага мужчыны свету спаборнічаюць маладыя людзі з 76 краін) па-сяброўску трымаюцца адзін аднаго.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика