Беларусы сталі больш... ашчаднымі. 21.by

Беларусы сталі больш... ашчаднымі

26.03.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

Нягледзячы на праблемы ў эканоміцы, летась беларусы ў цэлым здолелі захаваць узровень жыцця "дакрызіснага" 2008 года. Але пры гэтым даводзіцца канстатаваць, што мы сталі больш думаць пра заўтрашні дзень. У прыватнасці, статыстка сведчыць: на працягу мінулага года ў краіне ўзраслі банкаўскія ўклады.

Па заробках мы — чацвёртыя

Паводле хвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, летась намінальныя даходы ў разліку на аднаго "сярэдняга" грамадзяніна Беларусі складалі 775 тысяч, тады як пазалетась — 648 тысяч рублёў у месяц. Але пры гэтым рост рэальных, з улікам змянення цэнаў, даходаў, аказаўся больш сціплым і склаў ўсяго 2,9 працэнта. Як вынік, адзначыла намеснік старшыні камітэта Алена Кухарчык, суадносіны сярэдніх даходаў з мінімальным спажывецкім бюджэтам і бюджэтам пражытковага мінімуму засталіся практычна на ўзроўні 2008 года.

Што да прычын, то яны відавочныя — замаруджванне росту такіх асноўных крыніц існавання беларусаў, як зарплата і пенсія. Па выніках мінулага года рэальныя заробкі беларусаў зменшыліся на 0,4 працэнта. Так, зніжэнне рэальных заробкаў па навуцы і навуковым абслугоўванні склала 0,3, па культуры і мастацтве — 1,9, адукацыі — 2,4, ахове здароўя — 3,1, прамысловасці — 4,2, лясной гаспадарцы — 13,6 працэнта. Менш адчулі крызісныя з'явы работнікі сельскай гаспадаркі (тут наадварот адзначаны рост на 6,2 працэнта), сувязі (на 3,5 працэнта), гандлю і грамадскага харчавання (3 працэнты), будаўніцтва (2,7 працэнта), апроч таго, на 5 працэнтаў павысіліся рэальныя заробкі па малых і мікраарганізацыях.

У цэлым жа па ўзроўні аплаты працы ў СНД Беларусь апынулася на чацвёртым месцы. Так, сярэдняя зарплата ў нас адпавядала 356 доларам. Для параўнання: той жа паказчык у Расіі быў 628, Казахстане — 455, Азербайджане — 371, ва Украіне — 239.

Асобная тэма — пенсіі. Тут малюнак атрымаўся вельмі падобным. У канцы мінулага года іх сярэдні памер у Беларусі адпавядаў 430 тыс. рублёў — у рэальным вымярэнні гэта аказалася на 0,2 працэнта больш, чым пазалетась. Пры гэтым, заўважыла Алена Кухарчык, сярэдняя пенсія па ўзросце ў снежні склала 450 тыс., сярэдняя пенсія па інваліднасці — 395 тыс., па выпадку страты карміцеля — 267 тыс., а сацыяльная пенсія — 187 тыс. рублёў. Дарэчы, доларавая раскладка па сярэдніх пенсіях атрымалася наступнай: Расія — 204, Беларусь — 150, Украіна — 129.

Розніца змяншаецца

Не менш цікавым падаюцца вынікі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак — сем'яў і адзінокіх грамадзян. Летась даходы сярэдняй хатняй гаспадаркі нашай краіны склалі 1,6 млн рублёў у месяц, у тым ліку 1,7 мільёна ў гарадах і гарадскіх пасёлках і 1,3 мільёна — у вёсках.

Як паведаміла Алена Кухарчык, у параўнанні з 2008 годам рэальныя даходы хатніх гаспадарак у цэлым па Беларусі павялічыліся на 0,9 працэнта. Але пры гэтым калі па сельскай мясцовасці быў адзначаны рост на 1,3, то па гарадах — ужо зніжэнне на 1,6 працэнта. Гэта прывяло да змяншэння разрыву ва ўзроўні дабрабыту: у 2008 годзе даходы гарадскіх хатніх гаспадарак перавышалі даходы хатніх гаспадарак у вёсках на 37, а летась — толькі на 33 працэнты.

Гэтаксама скараціўся разрыў даходаў і па асобных групах насельніцтва. Даходы ў найбольш беднай часткі беларусаў павялічваліся хутчэй, чым у часткі больш багатай. Розніца ў даходах 10 працэнтаў найбольш і найменш заможных грамадзян краіны летась склала 5,6, тады як пазалетась — 5,9 раза.

Да слова, больш хуткі рост даходаў найменш багатых грамадзян краіны даў яшчэ адзін вынік. У параўнанні з пазамінулым годам доля беларусаў, якія знаходзяцца за рысай бюджэту пражытковага мінімуму, скарацілася з 6,1 да 5,4 працэнта, або з 577 да 508 тысяч чалавек. Узровень малазабяспечанасці сярод хатніх гаспадарак, якія складаюцца з 1 чалавека, зменшыўся з 0,9 да 0,8, сярод хатніх гаспадарак без дзяцей — з 2,2 да 2, а хатніх гаспадарак з дзецьмі ва ўзросце да 18 гадоў — з 8,6 да 7,5 працэнта. Праўда, адначасова нельга не заўважыць: у катэгорыю малазабяспечаных па-ранейшаму трапляе кожная трэцяя шматдзетная сям'я.

Не выпадае эканоміць толькі на паслугах

Ці не галоўная праява крызісу ва ўсім свеце — зніжэнне спажывецкага попыту. Паводле слоў Алены Кухарчык, летась доля расходаў грамадзян Беларусі на набыццё прадуктаў харчавання склала 40,2 працэнта — пазалетась гэты паказчык быў на 1 пункт большым. У параўнанні з 2008 годам таксама скарацілася ўдзельная вага такіх артыкулаў, як набыццё алкаголю (з 2,3 да 2,2 працэнта) і набыццё нехарчовых тавараў (з 35,2 да 34,8 працэнта). Але, з іншага боку, з 21,3 да 22,8 працэнта павялічылася доля выдаткаў на паслугі — перш-наперш на жыллёва-камунальныя і бытавыя.

Як засведчыў маніторынг Нацыянальнага статкамітэта, летась у сярэднім адна хатняя гаспадарка выдаткоўвала на харчаванне 460 тыс. рублёў у месяц. У параўнанні з 2008 годам з улікам індэкса росту цэнаў гэты паказчык скараціўся на 5 працэнтаў. Прычым "сярэднестатыстычны" беларус зменшыў спажыванне хлеба на 10 працэнтаў (да 82 кілаграмаў у год), мяса і мясапрадуктаў — на 3 працэнты (64 кілаграмы), рыбы і рыбапрадуктаў — на 7 працэнтаў (14 кілаграмаў), бульбы — на 10 працэнтаў (64 кілаграмы). А вось спажыванне малочных прадуктаў і агародніны засталося практычна нязменным.

Паказальная сітуацыя — і набыццё нехарчовых тавараў. Летась на іх сярэдняя хатняя гаспадарка выдаткоўвала 400 тыс. рублёў у месяц. З улікам індэкса цэнаў у параўнанні з пазамінулым годам тут таксама адзначана скарачэнне — на 0,6 працэнта. Алена Кухарчык заўважыла: беларусы радзей куплялі дарагія культурна-бытавыя тавары і мэблю. Аднак у той жа час прадметаў працяглага карыстання ў хатніх гаспадарках працягвала станавіцца больш. За мінулы год у разліку на 100 хатніх гаспадарак колькасць каляровых тэлевізараў павялічылася са 140 да 145, відэа- і DVD-магнітафонаў — з 56 да 63, халадзільнікаў і маразільнікаў — са 124 да 127, аўтаматычных пральных машын — з 50 да 58, печак ЗВЧ — з 39 да 47, персанальных камп'ютараў — з 32 да 40. І, дарэчы, летась кожная чацвёртая хатняя гаспадарка мела "прыватны" доступ у інтэрнэт. У параўнанні з 2008 годам апошняя лічба павялічылася ў 1,2, а ў сельскай мясцовасці — нават у 1,4 раза. Па сутнасці Сецівам ужо карыстаецца кожная дзясятая вясковая сям'я.

Нарэшце, трэцяя значная пазіцыя — паслугі. Гэты артыкул "пацягнуў" з бюджэту сярэдняй хатняй гаспадаркі 260 тыс. рублёў у месяц, прычым зноў жа з улікам індэкса цэнаў, адносна 2008 года ён павялічыўся на 4 працэнты. Між тым, заўважыла Алена Кухарчык, менавіта летась адбылося змяненне непасрэдна эканамічных паводзінаў насельніцтва. Частка беларусаў пачала абмяжоўваць "бягучае спажыванне" з мэтай назапашвання грошай. У нечым гэта тлумачыцца неабходнасцю пагашэння ранейшых крэдытаў і даўгоў. Але не толькі — адначасова летась хатнія гаспадаркі краіны накіравалі ва ўклады і ашчаджэнні на 18 працэнтаў сродкаў больш, чым пазалетась.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нягледзячы на праблемы ў эканоміцы, летась беларусы ў цэлым здолелі захаваць узровень жыцця "дакрызіснага" 2008 года. Але пры гэтым даводзіцца канстатаваць, што мы сталі больш думаць пра заўтрашні дзень. У прыватнасці, статыстка сведчыць: на працягу мінулага года ў краіне ўзраслі банкаўскія ўклады.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика