Калі кандыдат не ідзе да электарату, электарат ідзе... у выбаркам. 21.by

Калі кандыдат не ідзе да электарату, электарат ідзе... у выбаркам

10.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Падчас інтэрв'ю са старшынёй сталічнай выбарчай камісіі карэспандэнт "Звязды" нарэшце даведалася, да якой акругі адносіцца і якія кандыдаты "змагаюцца" за яе голас

Стэнд для плакатаў... з плакатамі ў гэтую выбарчую кампанію — рэдкасць, ды што тут ужо драбязіцца — дзіва. Таму калі ўбачыла такі паблізу свайго дома, была прыемна ўражаная — ого, выбары дайшлі да ўскраіны! Як тут не пацікавіцца?! Во, каляровая выява, буйное фота, учэпісты слоган — нічога лішняга. Мінімалізм мне па душы, — адзначаю пра сябе, падсвядома ўжо прыцэльваючыся, каго б адарыць сваім каштоўным голасам. А што яшчэ застаецца... Можа, нават хутчэй за ўсё, гэта мой адзіны шанц убачыць свайго дэпутата — такое раз на чатыры гады выпадае! Вось і даводзіцца "гутарыць" з паперкай... Сур'ёзна, з вялікім задавальненнем схадзіла б на сустрэчу з кандыдатамі, аднак мяне чамусьці ніхто не запрашае! Хоць ты сама ідзі ды набівайся — нейкі белы танец атрымліваецца... Тым часам перасільваю пазяханне на чарговым абзацы зацяжной аўтабіяграфіі іншага прэтэндэнта. І раптам усведамляю, што кандыдаты, глядзі ты, па розных акругах! Ну і што яны робяць на адным стэндзе, а галоўнае, якая ж з акруг мая? Паспрабуй разбярыся... Балазе, у мяне неўзабаве было прызначанае інтэрв'ю са старшынёй Мінскага гарадскога выбаркама. Яно і дазволіла расставіць усе кропкі над "і".

У чаканні старшыні камісіі Таццяны КРАЎЧАНКІ (якая ў звычайным, пазавыбарчым, жыцці ўзначальвае Беларускую асацыяцыю шматдзетных бацькоў) прыглядаюся да карты акруг. Знаходжу свой дом і — бінга — я ўжо ведаю назву сваёй акругі. Паўсправы зроблена! Іншыя выбаршчыкі могуць пайсці больш простым шляхам — патэлефанаваць або наведацца ў раённы выбаркам (а з 10 красавіка, калі запрацуюць на поўную моц участковыя камісіі, звяртацца можна будзе і туды) або звярнуцца да друкаваных выданняў, дзе былі апублікаваныя звесткі пра акругі і кандыдатаў. Карыстальнікі інтэрнэту знойдуць неабходную інфармацыю на сайце Мінгарвыканкама ў асобным раздзеле, прысвечаным выбарам.

Але ж калі я ўжо ў камісіі, дык азнаёмлюся і з пералікам кандыдатаў. Конкурс па маёй акрузе — чатыры чалавекі на "значок", амаль як сярэдні па горадзе. Мінск, як я даведалася з гутаркі, — зона, вольная ад безальтэрнатыўнасці. Па кожнай акрузе спаборнічаюць мінімум два, максімум сем кандыдатаў. Па мерках нашых мясцовых выбараў — у параўнанні з астатнімі рэгіёнамі — нежартоўны конкурс!

<І>— Ці не перарастае здаровая канкурэнцыя ў ліхую сварку? — цікаўлюся атмасферай гарадскіх выбараў у старшыні камісіі.

— Ды не, усё ціха. Нават вельмі ціха, — дзеліцца ўражаннямі Таццяна Краўчанка. — Хацелася б, каб крыху паварушыліся... У раённыя камісіі паступіла літаральна пару скаргаў на тое, што развешаныя лістоўкі без выхадных звестак. А значыць, прадукцыя надрукаваная звыш тых сродкаў, што вылучаліся ўсім кандыдатам на перадвыбарную агітацыю. У такіх выпадках камісія выносіць папярэджанне, і гэтыя лістоўкі павінны быць знятыя. Аднак здараецца, потым яны з'яўляюцца зноў. Не прыставіш жа да кожнага вартаўніка, даводзіцца толькі спадзявацца на сумленнасць і прыстойнасць кандыдатаў. Увогуле ж сур'ёзных парушэнняў пакуль не было.

Кандыдатам у Мінскі гарадскі Савет (гэтак жа як і прэтэндэнтам на месцы ў абласных Саветах) на вонкавую самарэкламу належыць па 280 тысяч. На іх дужа не разгуляешся: хопіць толькі недзе на сотню каляровых плакатаў А3, 150 чорна-белых лістовак А4 ды яшчэ колькі каляровых каляндарыкаў. Пры тым, што выбаршчыкаў у кожнай сталічнай акрузе ў сярэднім каля 21,5 тысячы! Нядзіўна, што пры такіх тыражах прадукцыі мы не ведаем сваіх кандыдатаў у твар...

— Ну, колькі атрымліваецца, — паціскае плячыма старшыня гарадской выбарчай камісіі і тут жа дадае: — Можна надрукаваць шмат маленькіх каляндарыкаў, але ж яны хочуць, каб і плакат каляровы быў, і лістоўка, якую можна ў скрыню кінуць, і каляндарык — раздаваць на пікетах.

У камісіі нас запэўнілі, што кандыдаты не абавязаныя карыстацца паслугамі дзяржаўных друкарняў, гэта можа быць і прыватная кантора, галоўнае, каб у яе была ліцэнзія, вось без гэтага ўжо нікуды... Дарэчы, прапанаваная абноўленым выбарчым заканадаўствам магчымасць аб'ядноўваць сродкі і друкаваць прадукцыю разам — а адпаведна павышаць яе тыраж — не карыстаецца попытам у сталічных кандыдатаў. Хутчэй за ўсё, такі прэцэдэнт будзе адзіным — агульны плакат маюць намер замовіць двое сужэнцаў, якія балатуюцца па адной акрузе ў Савецкім раёне. Адзін на сям'ю, так бы мовіць. Магчыма, гэта канкурэнцыя будзе яшчэ цікавейшай, чым альтэрнатыва паміж кіраўніком МАПІДа і старшынёй аб'яднання падманутых грамадзян-дольшчыкаў у Каменнагорскай акрузе, якая ўжо стала прыпавесцю ... А калі яшчэ ўзгадаць, што па адной з акруг балатуецца вядомы гумарыст, то дакладна атрымаюцца прыколы нашага гарадка...

А можна я не пайду на радыё?

Бясплатным эфірам многія кандыдаты таксама не карыстаюцца:

— Не тое, каб агулам усе адмаўляліся, але ж далёка не ўсе выступаюць па радыё. Супрацоўнікі раённых камісій расказваюць, што кандыдаты ім тэлефанавалі і пыталіся: "А можна я не пайду на радыё?". Ну вядома ж, волакам ніхто нікога не цягне, — кажа Т.  Краўчанка. — Неініцыятыўныя нейкія кандыдаты — ці то сказаць ім няма чаго, ці ... я нават не ведаю.

Тых, хто ўсё ж адважыўся, можна пачуць штодня ў эфіры радыёстанцыі "Сталіца" з 18.00 да 19.00. У кожнага кандыдата ёсць да пяці хвілін (менавіта пяці, хоць і прадугледжвалася, што ў акругах з вялікай колькасцю кандыдатаў ліміт можа быць зніжаны да трох ці чатырох хвілін, гэтага не адбылося — гарадскі выканкам паклапаціўся, каб кандыдатам па кожным раёне было вылучана па максімуме) на пераконванне.

Сустрэчы з выбаршчыкамі многія кандыдаты таксама "ігнаруюць":

— Выбарчая камісія ў Ленінскім раёне, напрыклад, сама ініцыявала сходы ў школах, дык на іх нават кандыдаты не ўсе прыходзілі, што ўжо казаць пра тое, што такія мерапрыемствы слаба наведваюць выбаршчыкі... Неяк усё вяла, можа, актывізуюцца бліжэй да датэрміновага галасавання...

Калі падсумаваць, то за два тыдні да выбараў у многіх кандыдатаў яшчэ "не дайшлі рукі" да лістовак, а ногі — да радыёстудыі і месцаў сустрэч з выбаршчыкамі... Узнікае рэзоннае пытанне, як жа яны сябе рэкламуюць?

— Цяжка сказаць, відаць, ходзяць ад дзвярэй да дзвярэй, — выказвае здагадку старшыня гарвыбаркама. — Праўда, да маіх дзвярэй пакуль яшчэ ніхто не дайшоў!

Не стукаліся і ў мае! Вінаваціць ва ўсім кандыдатаў язык не паварочваецца — ну калі грошай толькі на некалькі сотняў экзэмпляраў друкаванай прадукцыі, а выбаршчыкаў пры гэтым 21 500, пра што можа ісці размова?! З іншага боку, ну не мне ж трэба стукацца ва ўсе дзверы з пытаннем "Голас нікому не патрэбны?". Карацей, камунікацыя паміж тым, хто абірае, і тым, хто абіраецца, не адладжаная. Што думаюць на гэты конт арганізатары выбараў?

— Тое, што выбаршчыкі не ведаюць сваіх акруг і кандыдатаў — на сумленні якраз кандыдатаў. Яны павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб да іх прыйшло як мага больш людзей, да якіх яны змаглі б данесці сваю праграму, сваё бачанне развіцця раёна. Ці ў грошах справа, калі не ўсе яны выкарысталі нават тое, што ім дадзена?! Відаць, больш карысці было б ад сустрэчы з выбаршчыкамі, чым ад лістоўкі, укінутай у паштовую скрыню. Выбарчая камісія ж не пойдзе за іх пікет праводзіць, праўда? У горадзе да 200 месцаў вызначана, дзе можна праводзіць сходы, мітынгі, пікеты — у школах, клубах, проста на дварэ, на свежым паветры. У дазволеных месцах кандыдаты могуць бачыцца з выбаршчыкамі, паведаміўшы пра гэта ў мясцовае ўпраўленне ідэалагічнай работы.

Ну а пакуль усе бакі займаюцца перацягваннем коўдры, нам, неабыякавым выбаршчыкам, даводзіцца, як Магамету, ісці да гары...

Няма такога, каб усе прагаласавалі "за"

У самой камісіі дапамагаюць не толькі такім небаракам, як я, вызначыцца са сваёй акругай, участкам і спісам кандыдатаў, але і паняволі становяцца своеасаблівай грамадскай прыёмнай.

— Мноства зваротаў наогул не звязана з выбарамі, на побытавыя непарадкі часта скардзяцца, пера- даём гэтыя пытанні ў ЖЭСы, — расказвае Таццяна Краўчанка.

На "гарачай" лініі выбаркама па буднях заўжды нехта дзяжурыць. А калі трэба разгледзець скаргу, прыняць нейкае рашэнне, збіраюцца поўным складам.

— У камісіі ёсць дыскусійнасць, усе погляды розныя, паколькі яна цалкам складаецца з прадстаўнікоў партый і грамадскіх аб'яднанняў, — дзеліцца сваімі ўражаннямі старшыня. — Такога, каб усе прагаласавалі "за", няма — у нас заўжды палеміка, і асаблівае меркаванне, здараецца, выказваюць члены камісіі. І гэта правільна, гэта нармальна.

За час работы разгледзелі мноства скаргаў, большасць рашэнняў раённых камісій пакінулі ў сіле, аднак пяцярых прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат, якім было адмоўлена ў рэгістрацыі, усё ж аднавілі ў правах і ўключылі ў перадвыбарную гонку. Разам з тым сямёра чалавек звярнуліся ў суд са скаргамі на саму гарадскую камісію. Праўда, задаволена была толькі адна — і тое, паводле слоў старшыні, віны камісіі ў памылковым рашэнні не было, несапраўдныя звесткі дала кадастравая служба, што высветлілася толькі ў судзе...

Я не магла не пацікавіцца ў старшыні гарадскога выбаркама, ці вызначылася яна з уласным выбарам — па сваёй акрузе.

— Так, свайго кандыдата я ведаю асабіста. Ведаю, што ён чалавек дзейны. А цяпер жа шмат кандыдатаў з пустымі дэкларацыямі — ні маёмасці, ні кватэры, ні заробку... У людзей узнікае пытанне: як я магу звярнуцца да яго са сваёй праблемай, калі ён для сябе нічога не змог зрабіць?

Яна таксама не выключае, што адмена бар'еру яўкі наадварот стымулюе выбаршчыкаў прыйсці на ўчасткі:

— Калі прымушаюць, узнікае адваротная рэакцыя. А калі ёсць выбар, хочаш — ідзі, не хочаш — не ідзі, чалавеку, хутчэй, захочацца пайсці. Паглядзім, як яно будзе... Хацелася б усё ж, каб людзі сваю волю выявілі — лёс горада будзе вырашацца. Ад таго, якіх кандыдатаў абяруць дэпутатамі, будзе залежаць работа гарсавета: ці там будуць толькі спрачацца і сварыцца, ці там будуць плённа працаваць. Напрыклад, гэта скліканне вельмі плённа працавала...

Аднак каб выбіраць, варта найперш даведацца, з каго ж выбіраць. Застаецца толькі спадзявацца, што да 25 красавіка ўсе ахвотныя змогуць атрымаць такую інфармацыю...

Ала МАЧАЛАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падчас інтэрв'ю са старшынёй сталічнай выбарчай камісіі карэспандэнт "Звязды" нарэшце даведалася, да якой акругі адносіцца і якія кандыдаты "змагаюцца" за яе голас Стэнд для плакатаў... з плакатамі ў гэтую выбарчую кампанію — рэдкасць, ды што тут ужо драбязіцца — дзіва. Таму калі ўбачыла такі паблізу свайго дома, была прыемна ўражаная — ого, выбары дайшлі да ўскраіны! Як тут не пацікавіцца?! Во, каляровая выява, буйное фота, учэпісты слоган — нічога лішняга. Мінімалізм мне па душы, — адзначаю пра сябе, падсвядома ўжо прыцэльваючыся, каго б адарыць сваім каштоўным голасам. А што яшчэ застаецца...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика