Чаму людзі звоняць старшыні Дзяржкантролю?
22.04.2010
—
Новости Общества
|
Таму што не знаходзяць адказаў на свае пытанні ад тых органаў улады, у якія ўжо звярталіся, таму што не ведаюць, як знайсці ўправу на самавольства начальства, таму што абурае безгаспадарлівасць і падман. Фермер, які вырошчвае гародніну для дзіцячых садкоў і школ, тры гады не можа дабіцца трактара ў лізінг. Пенсіянер не можа спакойна назіраць, як на Маладзечанскім аўтавакзале "чорныя" перавозчыкі перахопліваюць пасажыраў, у той час як тыя, што маюць ліцэнзію і плацяць падаткі, з'язджаюць пустыя. Будаўнік у прыватнай фірме ўжо тры месяцы не атрымлівае заробак. Жанчына просіць праверыць фірму, у якой працуе яе былы муж, бо афіцыйны заробак у яго надта малы, а яго завінавачанасць па аліментах складае 7 мільёнаў рублёў. Пытанні розныя. Большасць прыватныя. Валакіта ў афармленні сацыяльных выплат па доглядзе маці-інваліда, валакіта па афармленні зямлі ў спадчыну, цяжкасці па афармленні беларускага грамадзянства пасля вяртання з заробкаў у Расіі... Але ёсць і грамадскія: асвятленне і добраўпарадкаванне паркаў, правядзенне водаправода, знішчэнне зялёнай зоны каля дзіцячага садка з-за будаўніцтва новага дома, адсутнасць дастатковай колькасці крамаў на вуліцы Каржанеўскага ў Мінску, знікненне здабычы азёрнай рыбы ў Нарачанскім краі. Ёсць і тыповыя, якія датычацца зацягвання будаўніцтва, падману дольшчыкаў, здачы недабудаванага дома ў эксплуатацыю, недавер уласнай адміністрацыі, мясцоваму начальству... Старшыня Камітэта Дзяржкантролю абяцае, што ўсе пытанні, якія ён пачуў, будуць вырашаныя згодна з законам. Такіх каля паўтысячы. А як жа тыя сто тысяч, што спрабавалі дазваніцца падчас 6 "прамых ліній", ім праведзеных? А як тыя, хто не ведаў пра "прамыя лініі" альбо не меў магчымасці пазваніць? Вядома, уражанне, што праблемы ў нас можна вырашыць толькі пазваніўшы Зянону Ломацю, не зусім правільнае. Карысць ад такіх прамый ліній павінна быць не ў тым, каб толькі дапамагчы ў тым ці іншым канкрэтным выпадку, а ў тым, каб выяўленыя такім чынам чалавечыя праблемы дапамаглі зразумець сітуацыю ў цэлым. З заканадаўствам. З тым, як выконваюць свае абавязкі дзяржслужачыя. Чаму перавозчыкам не выгадна легалізавацца? Чаму прыватным фірмам не выгадна паказваць рэальныя даходы і заробкі сваіх супрацоўнікаў? Чаму работніку завода ніхто не патлумачыў нюансы кантрактнай сістэмы? Мы прыводзім толькі малую частку "прамой лініі", якая адбылася 19 красавіка. Вашы праблемы падобныя на якую-небудзь з гэтых? Тады гэта не прыватны выпадак. (<І>— Вам звоняць пацярпелыя ад будаўнічай кампаніі "Тэрабудінвест" у Мінску. Дагавор з гэтай кампаніяй мы заключылі тры гады таму праз агенцтва "Заходняя нерухомасць", якое гарантавала, што кампанія дзейнічае ў адпаведнасці з заканадаўствам. Цяпер мы вымушаныя звяртацца ў следчы камітэт, стварылі таварыства пацярпелых дольшчыкаў. Нас каля 470 чалавек, нам абяцаюць, што наша праблема будзе вырашана, але разам з тым папярэдзілі, што вырашэнне можа зацягнуцца на дзесяцігоддзі... — Рашэнне па вашай сітуацыі павінен прымаць суд. Дзяржкантроль можа прасачыць, як выконваецца рашэнне суда. На жаль, ваш выпадак не адзіны. З вамі сустрэнуцца прадстаўнікі адміністрацыі раёна і горада і патлумачаць, як лепей паступаць у такой сітуацыі і як вам абараніць свае правы. (— Да Вас звяртаецца Наталля з Мінскага раёна. Жыхары нашага дома сутыкнуліся з актам валакіты і бюракратызму з боку КУП ЖКГ Мінскага раёна. На наш калектыўны зварот па пытанні капітальнага рамонту даху і ўцяплення сцен адвязваюцца абяцанкамі і адпіскамі на працягу 7 гадоў! Мы звярталіся ў раён і вобласць, а таксама ў Міністэрства ЖКГ і ў Камітэт дзяржкантролю вобласці. — Побач са мной знаходзіцца намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, які кажа, што да 1 кастрычніка рамонт даху будзе зроблены. А мы бяром на кантроль. (— Ірына, горад Мінск. Я працую на ПУП "Святлопрыбор" ГА БелТІЗ. Летась па выніках візіту Прэзідэнта да нас на завод было дадзена даручэнне кіраўніцтву раёна аб стварэнні ЖБК для работнікаў прадпрыемства. Нядаўна мы звярталіся да кіраўніка Адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска, і ён пацвердзіў, што сёлета пачнецца будаўніцтва дома на перакрыжаванні вуліц Адзінцова і Якубоўскага. Затым мы звярнуліся ў адміністрацыю завода, дзе нам паведамілі, што яны такой інфармацыяй не валодаюць. Як жа так? Другое пытанне. Летась выйшаў Указ Прэзідэнта № 301, які прадугледжвае льготы для інвалідаў І і ІІ груп і інвалідаў з дзяцінства. Размова ідзе пра магчымасць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы па-за чаргой. У нас на прадпрыемстве адмаўляюцца ствараць асобную чаргу для гэтай катэгорыі работнікаў. Мы звярталіся ўжо ў райвыканкам і гарвыканкам, адкуль атрымліваем адпіскі. Чарга так і не створаная. Нам тлумачаць, што такое рашэнне павінна прыняць прафсаюзная канферэнцыя. — Мне падказвае намеснік старшыні гарвыканкама, што ваш дом праектуецца, будаўніцтва сапраўды будзе пачатае сёлета, а што датычыцца льготнай чаргі, мы разбяромся. (— Жыхары Талькі вам звоняць. Летась, у кастрычніку, адбылося далучэнне нашага сельсавета да Блужскага. Напярэдадні на агульным сходзе жыхароў вёскі мы прагаласавалі супраць гэтага, але пазней сабралі дэпутатаў і пераканалі іх прагаласаваць за далучэнне. Мы не разумеем, навошта патрэбна было тады збіраць людзей. Вырашылі б усё і без нашага меркавання. Мы выказалі недавер свайму старшыні сельвыканкама, бо гэта было не адзінае парушэнне ім сваіх паўнамоцтваў. Мы звярнуліся ў райвыканкам, вобласць, газету, але плёну не дабіліся. У сваіх адказах чыноўнікі нас упэўніваюць, што пасля далучэння нам будзе лепей жыць. Але гэта выклікае ў нас вялікае сумненне. Асвятлення вуліц не было ўсю зіму, з'явілася толькі ў сакавіку. Смецце не вывозілася, і дагэтуль яшчэ не ўсё вывезенае. Старшыня нам сам казаў, што на добраўпарадкаванне могілак было выдаткавана 50 млн рублёў, але агароджу зрабілі толькі з двух бакоў, зрабілі абы-як. На адкрыццё новых могілак таксама былі выдаткаваныя немалыя бюджэтныя сродкі, але пад'ехаць туды дагэтуль немагчыма — канава перасякае дарогу. Гады тры ўжо як яны адкрытыя, але там не пахаваны ніводзін чалавек. Мы прасілі, каб нам пакінулі аптэку, КБА. Гэтыя будынкі стаяць, а на чыім яны балансе, невядома. — Колькі жыхароў у вас пражывае? — У Тальцы 800 жыхароў. Дарэчы, спісы маламаёмных складаюць 150 чалавек. Ёсць сведчанні, што гэтым людзям была аказана матэрыяльная дапамога. Але мы надта сумняваемся, што гэтую дапамогу сапраўды атрымалі маламаёмныя, бо ніхто ў вёсцы пра такое не чуў. Пры чыгуначнай станцыі ў нас ёсць 7-кватэрны жылы дом, у якім прапісана каля 60 чалавек. Што гэта за людзі, таксама невядома. Былі парушэнні ў выбарчай камісіі, калі мы вылучалі сваіх кандыдатаў... — Да вас абавязкова прыедуць прадстаўнікі аблвыканкама ўжо заўтра раніцай. Тое, што можна вырашыць аператыўна і хутка, будзе вырашана адразу, астатняе таксама не будзе доўга чакаць. (— Людміла Леанідаўна, горад Мінск. Маё пытанне датычыцца аплаты за ацяпленне. На вуліцы Мірашнічэнкі стаіць 8 цалкам аднолькавых дамоў. Але жыхары гэтых дамоў чамусьці па-рознаму аплачваюць свае жыроўкі. Розніца ў аплаце за ацяпленне ідэнтычных кватэр складае каля 40 тысяч. Напрыклад, я, жыхарка 43 дома, за ацяпленне 50 кв. м у студзені заплаціла 106 тысяч, а жыхары дома № 13 за такую плошчу заплацілі 63 тысячы. І так было на працягу ўсяго ацяпляльнага сезона. Мы звярталіся ў ЖРЭА Савецкага раёна з калектыўным пісьмом, нам прыйшоў адказ, што ўсе параметры бяруцца з паказанняў лічыльніка. Але нам незразумела, чаму лічыльнікі так па-рознаму адлюстроўваюць ацяпленне ў цалкам аднолькавых дамах? Мы звярталіся да дэпутата, але і ён нам дагэтуль ніякага зразумелага адказу не даў. Цяпер, калі ў горадзе распачата комплексная праграма па аптымізацыі цепласпажывання жылых дамоў, чамусьці некалькі з названых дамоў у гэтую праграму не ўключылі, у тым ліку і мой... Разам з тым, я плаціла 72 тысячы за ацяпленне сваёй кватэры яшчэ ў 2005 годзе, і ўжо тады звярталася да гарадскіх уладаў з просьбай вырашыць маю праблему. Бо плачу шмат, а ў кватэры вельмі холадна. Я інвалід І групы, у мяне сур'ёзная хвароба, і сіл змагацца ўжо няма. — З вашай сітуацыяй будуць разбірацца спецыялісты. Мы ўзялі ваша пытанне на кантроль. (— Мяне завуць Кацярына, і я званю наконт дарогі ў вёску Красная Дуброва ў Капыльскім раёне. З вёскі Філіповічы да Краснай Дубравы калісьці ляжаў асфальт, але ён прыйшоў у такую нягоднасць, што праехаць там амаль немагчыма. Даводзіцца пераадольваць ямы на першай перадачы. Звяртаюся да Вас ад імя ўсіх жыхароў вёскі, дапамажыце з вырашэннем гэтай праблемы. — Генеральны дырэктар КУП "Міскаблбуд" абяцае зрабіць рамонт дарогі да 1 ліпеня гэтага года. (— Таццяна Альфрэдаўна з Жодзіна. На сваім прадпрыемстве я 21 год стаю на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Бясплатнай кватэры я так і не дачакалася. Цяпер мне прапануюць будаўніцтва ў складзе ЖБК. Але мой муж загінуў, у мяне двое няпоўнагадовых дзяцей, а мой заробак складае 500 тысяч — я працую на паўтары стаўкі. Яшчэ я атрымліваю пенсію 460 тысяч. Мне паабяцалі субсідыю, і кіраўніцтва прадпрыемства звярнулася з хадайніцтвам на атрыманне матэрыяльнай дапамогі... — Да вас будуць накіраваныя спецыялісты і ўся магчымая падтрымка з боку дзяржавы будзе аказаная. (— Святлана з Мінска. 28 снежня мінулага года мы засяліліся ў новую кватэру па вуліцы Ігнатоўскага, а 4 студзеня ў мяне ў кватэры ўжо была мокрая ўся столь. Будаваў наш дом Мінскі домабудаўнічы камбінат. Сёння ў маёй кватэры цвіль. Я паскардзілася, і прадстаўнікі МБК прыязджалі да мяне, рабілі камісійнае абследаванне кватэры, але акт гэтага абследавання яны мне не паказалі. У кватэры зімой было 12 градусаў цяпла, 85 працэнтаў вільгаці. Мне параілі часцей праветрываць пакоі. Праз некалькі дзён я звярнулася ў Дзяржбуднагляд, бо жыць нам было вельмі цяжка, спалі апранутыя каля батарэі... Усё, чаго я дабілася, гэта пастанова Дзяржбуднагляду да 1 мая пераклеіць у маёй кватэры шпалеры. Але гэта не вырашыць нашу праблему, бо прычына ў тым, што дрэнна заробленыя стыкі ў панэлях. Прыйдзе зіма, і зноў мы будзем мерзнуць, і зноў з'явіцца цвіль. Цяпер мяне абвінавачваюць у тым, што я не ўпускаю ў кватэру ліквідаваць недахопы па акце. А я прашу: уцяпліце спачатку сцяну! — Намеснік старшыні гарвыканкама чуе нашу размову і абяцае вырашыць ваша пытанне. (— Я грузаперавозчык з Клецка. Са мной дагэтуль не разлічыўся Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў за перавозку збожжа летась. Хутка ўжо новае збожжа пачне паспяваць, а за леташняе разліку так і няма. З заробленых 23 мільёнаў атрыманыя толькі сем. А перавезена было 349 тон збожжа, вазілі і ўдзень, і ўначы. Спрабавалі дазваніцца дырэктару — не бярэ трубку. — Ваша пытанне мы ўзялі на кантроль, сітуацыя няпростая... — Усё разумею, але ж за гэты час хоць па сто рублёў можна было заплаціць? Нам жа таксама трэба жыць... "Прамую лінію" слухала Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таму што не знаходзяць адказаў на свае пытанні ад тых органаў улады, у якія ўжо звярталіся, таму што не ведаюць, як знайсці ўправу на самавольства начальства, таму...
|
|