Айцец Аляксандр Надсан: "Мы ж не будзем карміць вашы ўлады!"
26.04.2010 21:05
—
Новости Общества
|
Айца Аляксандра Надсана, аднаго з нязменных завадатараў беларускай грамады ў Вялікабрытаніі, ведае цэлы беларускі свет. Першы святар, які пачаў
“Я не хацеў быць ні палякам, ні расійцам” — Большую частку жыцця вы правялі за мяжой. Беларусь і цяпер амаль невядома свету. Што і казаць пра часы, калі незалежнай дзяржавы не было ў прыродзе. Як вы тлумачылі, хто вы і адкуль? — Я заўжды казаў, што мы самастойны народ, а наша краіна ляжыць паміж Расіяй і Польшчай. Нягледзячы на тое, што жывем пад чужой уладай, мы хочам незалежнасці. Менавіта гэта і было галоўнай мэтай нашай арганізаванай дзейнасці на эміграцыі. Беларусамі я і маё пакаленне сталі падчас нацыстоўскай акупацыі. Тры гады за немцамі былі жахлівыя. Але нашы настаўнікі ў беларускіх школах выкарысталі тыя мізэрныя магчымасці, каб прышчапіць нам любоў да Бацькаўшчыны. Два гады ў Нясвіжскай семінарыі далі мне так шмат, што цяпер мне 83 гады, я ведаю дзевяць моў, але мая родная — беларуская і я застаўся беларусам. Тады нам зрабілі такі ўкол беларускасці. Цікава, што калі я атрымліваў ў Вялікабрытаніі дакументы, там мусілі запісаць маё паходжанне. Я кажу: “Беларус”. “Такой краіны няма, — кажуць. — Выбірайце: ці паляк, ці расіец”. Я паходзіў з Заходняй Беларусі, што давала мне права “не быць” расійцам. Але і палякам я таксама не хацеў станавіцца. Тады я пайшоў на хітрасць. У Брытаніі, ЗША графа “нацыянальнасць” азначае не этнічнае паходжанне, а грамадзянства. І я ім кажу: “Тады пішыце Soviet — савецкі, бо я прыехаў менавіта з гэтай краіны". Ну, а на Захадзе такі варыянт быў найгоршым. Так мяне запісалі беларусам. З гэткімі самымі праблемамі сутыкаліся і амерыканскія беларусы. Прычым, не тое, каб клеркі іміграцыйных устаноў рабілі гэта наўмысна. Проста яны не разумелі нашай бяды. — Падчас актыўнай дзейнасці ў царкве св. Пятра і Паўла і Згуртаванні беларусаў Вялікай Брытаніі ці былі праблемы з савецкімі спецслужбамі? — Канечне, былі людзі, якіх мы падазравалі ў супрацы з Саветамі, некаторых нават ведалі. Калі ведаеш ворага, ён становіцца не такім небяспечным. Але мы ніколі не рабілі нічога крымінальнага, незаконнага і адкрыта заяўлялі нашу галоўную мэту: каб Беларусь стала незалежнай, беларускай дзяржавай. З СССР на нас лілі балота, але мы стараліся не звяртаць на гэта ўвагі. — Чаму спыніла дзейнасць беларуская школа пры царкве, на чале якой вы стаялі ў 1960-х гадах? — Яна працавала амаль 15 гадоў, да 1975-га. Але паступова мы старэлі, а новых святарскіх пакліканняў амаль не было. Аднак некалькі пакаленняў маладых людзей мы ўзгадавалі. Не ўсё было ўдала, але некаторыя з выпускнікоў потым нават умацавалі жыццё беларускай дыяспары ў Амерыцы і Канадзе. “У савецкім Мінску мяне сустракалі з бел-чырвона-белымі сцягамі” — Вы ўпершыню адведалі Беларусь у 1990 годзе. Чым здзівіла радзіма пасля амаль паўвекавога раставання? — Я ехаў у Мінск цягніком і думаў, што аб маім прыездзе ніхто не ведае. А тут поўны перон людзей на вакзале, радасць, бел-чырвона-белыя сцягі! Мяне пасадзілі ў машыну, высунулі з вакна нацыянальны сцяг і павезлі праз цэнтр гораду ў “Планету”. А гэта ж быў яшчэ Савецкі Саюз. Вядома, потым я агледзеўся і зразумеў, што не ўсё так радасна. Аднак, прынамсі, убачыў, што ёсць маладыя патрыёты, якія, як і мы на эміграцыі, мараць аб незалежнай Беларусі. Ну, і найперш я святар. Думаў, што ўніяцкая царква на Беларусі памерла, як і памяць пра яе. А тут да мяне прыходзяць маладыя людзі; “Айцец, мы ўніяты, хочам з вамі пагутарыць”. Сёння тыя, хто хацеў тады са мной пагутарыць, самі святары. Яны вучыліся ў мяне, дзякуй Богу за гэта. — Як Беларусь змянілася за гэтыя 20 год? — У 1990-м годзе ў беларускім грамадстве было больш аптымізму, энтузіязму. Цяпер, што б ні здарылася, людзі ставяцца да гэтага, як да нормы. Сітуацыя з беларускай мовай, асабліва з беларускім школьніцтвам, цяпер яшчэ горш, чым у савецкія часы. Мы праз 60 гадоў захавалі мову на эміграцыі, а ў самой Беларусі гэтага зрабіць не здолелі. Прыязджаеш — паўсюль расійшчына. Лячу гэтым разам на Мінск. Сцюардэса прапаноўвае: “Вам кофе ілі чай?”. Я адказваю: “Гарбату, калі ласка”. Дык не зразумела, каву прынесла! Ці неяк засяляўся ў гатэль у Магілёве. Трэба было запоўніць анкету. “На якой мове? — пытаюся. — Па-расійску, канечне. — А па-беларуску можна? — Не, толькі па-расійску!” У выніку запаўняў па-ангельску. Вашы людзі ўсё ніяк не могуць зразумець, што мы ў Брытаніі не абавязаныя ведаць расійскую мову. Аднойчы нас з Мальдзісам за мову ледзь не пабілі. Было гэта праз некалькі месяцаў пасля вашага рэферэндуму па мове і сімволіцы. Сядзім мы з Адамам на лаўцы каля помніка Перамогі, размаўляем, натуральна, па-беларуску. Падыходзяць два маладзёны нападпітку: “Хватіт уже на этой трасянке говоріть. Разговарівайте на человеческом языке!” “Што, мы не можам у сваёй краіне на роднай мове размаўляць!?”, — спакойна запытаўся я, і неяк яны адразу адступілі. “Супрацоўнічаць няма з кім” — Айцец Аляксандр, вы ж былі сярод першых, хто пасля Чарнобыльскай катастрофы прывозіў на Беларусь гуманітарную дапамогу, арганізоўваў аздараўленне беларускіх дзяцей у Еўропе… — Гэта мой абавязак. Наша дапамога была патрэбна. Займаліся гэтым гадоў пяць-шэсць: з 1990-га аж пакуль ваш прэзідэнт не прыйшоў і не забараніў вывазіць дзяцей. Мы мелі багатыя кантакты са шпіталямі, дзіцячым дамамі. А потым улады Беларусі пачалі ставіць умовы: прывязіце тое і тое, а мы будзе самі размяркоўваць. Прыйшлося спыніць праекты падтрымкі: мы ж не будзем карміць вашы ўлады. І так многія. Немцы прывозяць дапамогу, а груз па два тыдні трымаюць на мяжы. Ну, яны раз пастаялі, другі, а на трэці павезлі ў Румынію. — Пэўны час назад у Беларусі быў прыняты закон, згодна з якім для прыезду ў краіну замежных прадстаўнікоў неправаслаўных канфэсій быў неабходны дазвол Камітэту па справах рэлігіяў. Ці сутыкаліся вы з такой праблемай? — Ён з’явіўся у 2000 ці 2001 годзе. Мяне ў той час якраз запрашалі ў Беларусь, і я напісаў артыкул ў “Нашу ніву”, што гэта ёсць парушэннем асноўных міжнародных пагадненняў у галіне правоў чалавека. Рэакцыяй уладаў было маўчанне, але візу я атрымаў. Ніколі не пытаўся і ніколі не буду пытацца дазволу прыехаць на радзіму! — Слынны беларус свету Барыс Кіт перадаў свае архівы ў Беларусь. Ці не было ў вас такога жадання датычна ўнікальнай "Скарынаўкі"? — На пачатку 90-х мы думалі аб супрацоўніцтве, але пасля 1994 года ад падобных думак прыйшлося адмовіцца. Калі б была сапраўдная незалежная беларуская Беларусь, калі б афіцыйныя установы гэтым зацікавіліся і ім можна было даверыць... Можна было б стварыць нейкую установу ў Лондане пад патранатам беларускага ўраду. Але пакуль гэта нерэальна. Супрацоўнічаць папросту няма з кім. Паглядзім, ці зменіцца нешта з прыходам вашага новага міністра культуры. — Але ці падтрымліваеце вы кантакты з беларускай амбасадай у Лондане? — Так, канечне. Яны прыходзяць на нашы мерапрыемствы. Просяць паглядзець на старадрукі. Праўда, па-беларуску, апроч маладога консула, там ніхто не размаўляе…
— Старэйшае, паваеннае пакаленне свядомых беларусаў адыходзіць. Новая эміграцыя найперш эканамічная. Нацыянальнае жыццё на Туманным Альбіёне затухае? — Наадварот, паступова аднаўляецца. Ёсць тут і студэнты, і высокапрафесійныя спецыялісты, якія, апынуўшыся за мяжой, хінуцца да беларускай справы. Ёсць і дзеці з беларускіх сямей, якія ўжо брытанцы ў другім пакаленні, але беларуская для іх родная мова нароўні з ангельскай. Цяпер не мы працуем, а яны. Мне 83 гады, я ўжо не магу рабіць, як раней. Але ў мяне ёсць святар, крышку маладзейшы за мяне — гадоў на 50! Дзякуй Богу што ёсць! Канечне, цяперашняя моладзь адрозніваецца ад нашага пакалення. Яны інакш думаюць, і гэта заканамерна. Параўнаць хаця б друкарскія машынкі, на якіх нам даводзілася працаваць, і сучасныя кампутары! Але яны шчырыя беларусы і робяць беларускую справу па-свойму, не горш за нас. Канечне, ёсць і такія, хто прыходзіць на нашыя імпрэзы выключна папіць піва, але і гэта нармальная рэч. Безумоўна, праблема нацыянальнай свядомасці беларусаў у Вялікабрытаніі ёсць. Аднак колькі свядомых беларусаў у самой Беларусі? — Ці мажлівая ў гістарычнай перспектыве незалежная дзржава Беларусь без беларускай мовы? — Мне гэта цяжка ўявіць і прыняць. Вось учора (гутарка адбылася 25 красавіка — TUT.BY) я даваў шлюб маладой пары, і пасля вяселля трохі пасядзеў з гасцямі ў нейкай карчме ў Дудутках. Цётка, апранутая ў псеўдафальклорны строй, вяла ўсё па-беларуску. Але, як толькі была патрэба нешта сказаць “у жыцці”, пераходзіла на расійскую. То бок, яна ведае беларускую мову, але ўжывае яе толькі па працы — калі за гэта плацяць. Так і госці. Песні беларускія ўсе ведаюць, спяваюць. Як толькі скончылася песня, усе па-расійску. У Брытаніі многія дзеці беларусаў таксама не могуць па-беларуску. Але ж там не Беларусь! Дзіўна мне ўсё гэта бачыць... Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Айца Аляксандра Надсана, аднаго з нязменных завадатараў беларускай грамады ў Вялікабрытаніі, ведае цэлы свет. Першы святар, які пачаў рэгулярна ўжываць у... |
|