Тэхагляд: учора і сёння. 21.by

Тэхагляд: учора і сёння

08.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кожны, хто мае машыну, ведае, колькі хваляванняў прычыняюць тэхагляды. А калі тваёй "тачцы" пад дзесяць ці больш гадоў, то прычына для перажыванняў заўсёды ёсць.

Тэхагляд сёння — працэс даволі сур'ёзны, а раней, за савецкім часам, усё было інакш. Тады не было спецыялізаваных станцый і тэхагляды праводзіліся на прадпрыемствах. У вызначаны дзень работнікі прыязджалі на працу на аўтамашынах і выстройвалі свае "Жыгулі" ды "Масквічы" на адведзенай пляцоўцы. Начальнік ДАІ ці аўтаінспектар падыходзіў да машыны і аглядаў яе. І тут галоўнае было, каб аўтамабіль меў добры знешні выгляд.

— Што такое рулявая цяга? Сёння яна нармальная, а заўтра паляцела. А вось калі ты паедзеш на пашарпанай машыне ў Мінск, то там у цябе могуць спытаць: "А як табе ўдалося прайсці тэхагляд?" — разважаў правяраючы.

Аўтаінспектар прасіў уключыць павароты, пасігналіць, мог сесці за руль і пацягнуць ручны тормаз ці нават праехаць дзясятак метраў... і на гэтым , як правіла, тэхагляд заканчваўся.

Прыватнікі павінны былі праходзіць тэхагляд раз у 3 ці 5 гадоў (не памятаю), а вось дзяржаўны аўтатранспарт — штогод.

Пасля кожнага такога тэхагляду, у тыя часы, накрывалі стол, падымалі чарку за здароўе начальніка ДАІ і дзякавалі. Быў іншы свет — іншая ўстаноўка на жыццё. Пры тых тэхаглядах, найперш, адыгрываў ролю чалавечы фактар. У асноўным стан аўтамабіля вызначаўся на вока. У былым Саюзе аўтамабільная прамысловасць знаходзілася ў заняпалым стане. Не было абсталявання, каб правяраць тыя машыны, ды і колькасць іх у прыватным сектары была абмежавана.

Сёння ўсё змянілася. З'явіліся станцыі дыягностыкі з імпартным абсталяваннем і роля чалавека звялася да мінімуму.

— Тэхагляд трэба праходзіць на Грунтовай — там нармальныя людзі, — раіць знаёмы.

Паехаў туды, але ж тармазы там правяраюць на камп'ютары, выхлапныя газы таксама. А за тэхперсаналам застаюцца дворнікі, сігнал, павароты ды знешні выгляд аўтамашыны. Праўда, яшчэ глянуць на аптэчку, вогнетушыцель ды аварыйны знак.

Знаёмства ўжо важнай ролі пры праходжанні тэхагляду не мае. Калі на экране выскачылі лічбы, што ў тваёй машыне праблемы з тармазамі, то на гэта нават брат і сват вочы не заплюшчаць — вядома, калі яны людзі адказныя.

Многія станцыі дыягностыкі знаходзяцца ў прыватных руках і там хочуць, каб не было праблем, бо ліцэнзія выдадзена на пэўны перыяд, а калі будуць прэтэнзіі, то могуць і не даць на наступны тэрмін.

Калі аўтамашыне за дзесяць гадоў, то правяраць яе неабходна штогод, але далёка не заўсёды тэхагляд праходзіць гладка. Аднойчы давялося аўтамашыну ганяць на станцыю разы чатыры. Найбольш турбот было з тармазамі — то з адным колам праблема, то з другім. Тормаз ёсць, але камп'ютар не тыя лічбы высвечвае. А колькі часу патраціў, каб засвяціла супрацьтуманная фара. Знайшоў спецыяліста ў сельгаскааператыве суседняга раёна, бо ў горадзе адзін электрык пакалупаўся ў праводцы, другі... і прыйшлося тэлефанаваць знаёмым і шукаць таго спецыяліста.

Узнікаюць пэўныя цяжкасці з праходжаннем тэхагляду аўтатранспарту прадпрыемстваў і сельгаскааператываў. Найбольш праблемаў у апошніх.

У Баранавіцкім раёне гаспадаркі прадставілі на тэхагляд 838 трактароў і 326 трактарных прычэпаў. Далёка не ўся тэхніка аказалася прыдатнай да эксплуатацыі. У 18 % трактароў і 36 % прычэпаў выявіліся дэфекты тармазоў, фараў, паваротаў, шыны былі празмерна зношаныя... Амаль сто механізатараў адхілілі ад працы, бо не мелі адпаведнай катэгорыі, медыцынскай даведкі.

Некалі трактарысты працягвалі б араць ды сеяць. А сёння кіраўнікам сельгаскааператываў даводзіцца тэрмінова выконваць прадпісанні інспекцыі Дзяржтэхагляда, бо будзе паўторная праверка.

Магчыма, некаму і ўдаецца прайсці тэхагляд з нейкімі непаладкамі ў аўтамашыне. Напрыклад, працэнт шкодных выхлапаў газаў будзе вышэй за норму, але сёння гэта ўсё ж трэба лічыць выключэннем.

І ўсё ж пераважная большасць аўтааварый адбываюцца не з-за тэхнічных непаладак у аўтамашыне, а па віне вадзіцеляў ці пешаходаў. І гэты факт шмат пра што сведчыць.

Сымон Свістуновіч.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны, хто мае машыну, ведае, колькі хваляванняў прычыняюць тэхагляды. А калі тваёй "тачцы" пад дзесяць ці больш гадоў, то прычына для перажыванняў заўсёды...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика