Эфект блізнят» і вандраванні ў часе. 21.by

Эфект блізнят» і вандраванні ў часе

14.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Падарожжа чалавека ў часе цалкам верагодна, але абмежавана. Як сцвярджае адзін з найбуйнейшых тэарэтыкаў сучаснай фізікі брытанскі прафесар Стывен ХОКІНГ, патрапіць можна толькі ў будучыню, а мінулае так і застанецца для нас закрытым. Артыкул, прысвечаны метадам вандравання ў будучыню, надрукаваў лонданскі штотыднёвік "Sunday Tіmes".

  Вучоны заяўляе, што ніякіх тэарэтычных перашкод для такіх эксперыментаў насамрэч справе не існуе. Паводле яго меркавання, дастаткова стварыць звышхуткасны касмічны карабель, які зможа развіваць хуткасць да 98 працэнтаў хуткасці святла.

"З моманту старту з Зямлі такому караблю спатрэбіцца шэсць гадоў, каб развіць падобную хуткасць. У выніку ў ім зменіцца цячэнне часу — для людзей на борце апарата яно запаволіцца: за час пражытых імі адных сутак на Зямлі пройдзе цэлы год", — цытуе словы вучонага ІТАР-ТАСС.

Паводле слоў Хокінга, стварэнне такога карабля актуальнае для чалавецтва, якому неабходна выходзіць за межы ўласнай Сонечнай сістэмы, каб захаваць чалавечую цывілізацыю. Пры гэтым ён падкрэсліў, што тэорыя, згодна з якой у часе існуюць "дзіркі", праз якія "можна патрапіць у мінулае, супярэчыць асновам навукі".

Вучоны таксама адзначыў, што раней намагаўся ўстрымлівацца ад падобных гучных заяў, але ён не змог больш цярпець: "Сусветная навука доўгі час расцэньвала размовы пра вандраванне ў часе як ерась, і я звычайна ўстрымліваўся ад выказванняў па гэтай тэме, каб мяне не лічылі дурнем. Аднак зараз я не хачу быць залішне асцярожным".

Стывен Хокінг працуе ў аддзеле прыкладной матэматыкі і тэарэтычнай фізікі Кембрыджскага ўніверсітэта. Ён займаецца даследаваннем руху Сусвету. У 1974 годзе Хокінг стаў членам Лонданскага Каралеўскага таварыства. Цяпер вучоны займае пасаду лукасаўскага прафесара матэматыкі ў Кембрыджскім універсітэце, якая 300 гадоў таму належала Ісааку Ньютану.

Як ставяцца да ідэй Хокінга беларускія навукоўцы? Ці лічаць яны магчымымі вандроўкі ў часе? Па каментарый мы звярнуліся да доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, дырэктара Нацыянальнага навукова-вучэбнага цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій БДУ Мікалая ШУМЕЙКІ.

— Я павінен сказаць, што нічога новага Хокінг не адкрывае, — адзначыў прафесар. — Любы фізік, знаёмы са спецыяльнай тэорыяй адноснасці (не кажучы ўжо аб агульнай тэорыі адноснасці — тэорыі гравітацыі) добра ведае пра эфект змянення маштабу часу (яго яшчэ называюць эфектам запаволення часу) сістэме адліку, якая рухаецца з большай хуткасцю ці з паскарэннем адносна іншай сістэмы адліку. Нічога новага тут няма. У падручніках па спецыяльнай тэорыі адноснасці разглядаецца так званы "парадокс блізнят", вядомы ўжо не адно дзесяцігоддзе (з часоў стварэння самой тэорыі адноснасці). Уявіце двух блізнят, адзін з якіх застаецца на Зямлі, а другі садзіцца ў касмічны карабель (які заклікае стварыць Хокінг, і, між іншым, выдатна, што заклікае) і адпраўляецца ў палёт. Натуральна, у палёце павінна быць дасягнута хуткасць, блізкая да хуткасці святла. Карабель некаторы час вандруе з такой хуткасцю. Згодна са спецыяльнай тэорыяй адноснасці, час усярэдзіне карабля цячэ дастаткова запаволена ў параўнанні з зямным часам. І калі чалавек вяртаецца на Зямлю — ён яшчэ застаецца маладым, а яго брат-блізнец ужо сівы дзед.

Сапраўды, ніякіх тэарэтычных перашкод для падобных эксперыментаў няма. Але як стварыць патрэбны звышхуткасны касмічны карабель, які здолеў бы развіваць хуткасць да 98 працэнтаў хуткасці святла? Гэта пакуль нікому не вядома. Наколькі я ведаю, нават блізка да гэтага мы не падышлі, хоць вучоныя працуюць у гэтым кірунку. Я згодны з Хокінгам, стварэнне такога карабля сапраўды актуальна для чалавецтва. І матывацыю ён агучвае правільную: чалавецтву неабходна выходзіць за межы Сонечнай сістэмы, каб захаваць сваю цывілізацыю (каб даляцець хоць бы да найбліжэйшых нябесных цел з верагодным існаваннем жыцця, ці прыдатных да жыцця).

Што датычыцца тэорыі чорных дзірак, то яна сведчыць толькі пра магчымасць існавання аб'ектаў, якія забіраюць матэрыяю з навакольнага асяроддзя і не вяртаюць яе назад. Але Хокінг, як тэарэтык, паказаў, што ў пэўных умовах матэрыя можа вяртацца з чорных дзірак. Калі гаварыць аб саміх чорных дзірках, абсалютна дакладна іх існаванне навукай не даказана, ёсць толькі звесткі назіранняў, якія паказваюць на гэта. Прасцей кажучы, найбольш верагодным тлумачэннем пэўных астранамічных з'яў і эфектаў з'яўляецца меркаванне аб існаванні чорных дзірак. Але гаварыць, што гэта абсалютна дакладна, — заўчасна. І пра тое, што яны могуць (ці не могуць) быць сродкам перамяшчэння ў прасторы — тым больш. Гэта фантастыка, якая пакуль што нават не грунтуецца на навуковых звестках.

Інга МІНДАЛЁВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падарожжа чалавека ў часе цалкам верагодна, але абмежавана. Як сцвярджае адзін з найбуйнейшых тэарэтыкаў сучаснай фізікі брытанскі прафесар Стывен ХОКІНГ,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика