ЗА СТОЛІКАМ У ЛЮБІМАЙ КАВЯРНІ
20.05.2010
—
Новости Общества
|
У кавярні за столікам сядзелі двое. Па глытку адпівала віно з высокага келіха сярэдніх гадоў жанчына са стомленымі вачыма, прыгожа і з густам апранутая, у паставе якой, у тым, як яна трымала келіх, як усміхалася і хмурылася, угадвалася тая высакародная інтэлігентнасць, якую немагчыма набыць ні за год, ні за дзесяць, а можна толькі атрымаць разам з генамі ў спадчыну, пажадана не ад аднаго пакалення такіх жа, пародзістых. З яе не зводзіў вачэй прыкладна такога ж узросту мужчына з інтэлігентнай, густа пабітай сівізной бародкай, у дарагім касцюме і гальштуку — у яго жылістых руках, шчырай усмешцы, адкрытым позірку тым не менш угадваліся народныя, хутчэй за ўсё, сялянскія карані... У вазе на стале стаяла ружа, у келіхах іскрылася белае віно, апетытныя фрукты, здаецца, толькі і чакалі, калі спакусяцца іх сакавітасцю. Але гэтыя двое моўчкі сядзелі і глядзелі адно на аднаго... Жанчына першай парушыла цішыню: — Што гэта ты надумаў — пасля столькіх гадоў знайсці мяне, запрасіць на сустрэчу. Ды яшчэ ў маю любімую кавярню. Як, зрэшты, ты пра гэта даведаўся?— спытала яна з сумнай усмешкай. Ён паціснуў плячыма. — Ніяк. Проста гэта і мая любімая кавярня. Яшчэ з тых часоў, памятаеш, калі аднойчы мы тут адзначалі дзень студэнта. Тут іграў нейкі геніяльны саксафаніст, і мы танцавалі з табой... — А як ты мяне знайшоў? — Шчыра? Выпадкова даведаўся, што ты па-ранейшаму жывеш у гэтым горадзе — я быў перакананы, што ты са сваімі талентамі і ўпартасцю даўно скарыла сталіцу, магчыма, нават якую замежную. І раптам ускалыхнулася ўсё наша, недагаворанае, недазразумелае... Захацелася ўбачыць цябе, пагаварыць нарэшце аб усім. Успомнілася, як аднойчы, у Дзень Святога Валянціна... Яна тут жа падхапіла — было бачна, што і ў яе сэрцы жывуць тыя ўспаміны... — ...У тую зіму зусім не было снегу. Ішоў дождж, але мне захацелася пабыць адной. Познім вечарам я выйшла з кватэры і пабрыла па вуліцах пад парасонам. Прахожых амаль не было, рэдкія ліхтары адбіваліся ў лужынах... І раптам пачула нечыя крокі за спінай. Скажу шчыра: я спалохалася. Азірнулася... — А фінал быў нечаканы: гэта аказаўся я, — усміхнуўся мужчына. — Усё той жа надакучлівы кавалер, які хадзіў за табой па пятах з першага курса. У той дзень маё сумленне пайшло ў адпачынак, і я вырашыў: цяпер альбо ніколі! Я павінен нарэшце сказаць, што кахаю цябе — моцна, больш за ўсё на свеце. — Але чамусьці ты маўчаў і толькі лыпаў вачыма... — Калі ты азірнулася, такая перапалоханая і гатовая бараніцца любым чынам, ад маёй рашучасці не засталося і следу. Я падумаў: навошта я ёй са сваім каханнем? Хто яна? Прафесарская дачка, медалістка, выдатніца... А хто я? Сялянскі сын, які жыве на стыпендыю, па начах разгружае вагоны і ходзіць у працёртых да дзірак чаравіках. Я не ведаў, што сказаць, не мог падабраць патрэбных слоў... І таму пралапатаў нешта пра канспекты, пра заўтрашні залік. А ты крута развярнулася і пабегла... — А казаць нічога не трэба было, — памаўчаўшы, уздыхнула яна. — Проста падысці і ўзяць за руку... — Усяго? Так проста? — не паверыў мужчына. — І ты б пайшла за мной? — Дурань ты, — жанчына зноў прыгубіла келіх. — Такім быў — такім і застаўся. І тады нічога не зразумеў, і цяпер не разумееш... Вядома ж, пайшла б! Я ж таксама цябе кахала. І ўсё чакала, калі ж ты нарэшце гэта зразумееш. Не дачакалася... Калі хочаш ведаць, я чакала гэтай нашай сустрэчы ўсё жыццё. Ён доўга маўчаў, спрабуючы зразумець, усвядоміць тое, што яна зараз сказала. Пераасэнсаваць, што было б з ім, з ёю, з іх жыццём, калі б тады, на прамозглай ад лютаўскага дажджу вуліцы ён рашыўся сказаць тое, што збіраўся... Урэшце ён усміхнуўся: — МЫ чакалі гэтай сустрэчы ўсё жыццё, — паправіў ён. — Разам і паасобку. Яна закрыла твар рукамі. — Шчасце ты маё незабыўнае... Няспраўджанае, немагчымае... Які ж ты дарагі — і які далёкі... — Чаму няспраўджанае? І чаму далёкі? Вось я, тут. І цяпер я ведаю самае галоўнае: што можна нічога не гаварыць, не шукаць гэтыя дарэмныя, зашмальцаваныя, збітыя, наскрозь фальшывыя словы, а проста ўзяць цябе за руку, — ён прыкрыў яе далонь сваёй і моцна сціснуў. І праз хвіліну спытаў: — А цяпер ты пойдзеш за мной? Яна заплюшчыла вочы. Але гэта не спыніла здрадніцу-слязу, якая выслізнула з-пад вейкі і пакацілася па шчацэ. Жанчына маўчала доўга — у яго галаве роем пранеслася безліч думак, і ўрэшце ён вырашыў, што, напэўна, спазніўся... Нарэшце яна загаварыла: — Так. Але ты павінен паабяцаць мне адну рэч... — І што гэта за рэч? — мужчына глядзеў на яе недаўменна. — Паабяцай, што мы будзем жыць доўга і шчасліва. І памром у адзін дзень. Яшчэ раз страціць цябе — гэтага болю я больш не вытрываю... Ніна РЫБІК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У кавярні за столікам сядзелі двое. Па глытку адпівала віно з высокага келіха сярэдніх гадоў жанчына са стомленымі вачыма, прыгожа і з густам апранутая, у паставе... |
|