Дыплом ПРАСОЎВАЕ кар'еру. 21.by

Дыплом ПРАСОЎВАЕ кар'еру

02.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

Як сведчыць статыстыка, чым вышэйшы ўзровень адукацыі — тым меншая рызыка калі-небудзь апынуцца ў катэгорыі беспрацоўных. І да таго ж не сакрэт: без дыплома амаль нерэальна атрымаць прэстыжнае і высокааплатнае месца. З улікам гэтага цікавасць да навучання падаецца цалкам натуральнай, прычым тут многія аддаюць перавагу менавіта завочнаму варыянту. Між тым, як можна сумясціць навучанне з працай? Адказаць на гэта пытанне мы паспрабуем з дапамогай загадчыка юрыдычнай кансультацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Уладзіміра Іванавіча Шэлковіча.

Водпускі ў звязцы з накіраваннем

Ці не галоўнае пытанне, якое ўзнікае пры прыняцці рашэння паралельна працаваць і вучыцца, — як гэта сумясціць? І ў прыватнасці, ці павінны ў такой сітуацыі дазволіць работніку спецыяльны водпуск?

— У гэтым выпадку ёсць агульнае правіла: работнікам, якія завочна атрымліваюць прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную ці першую вышэйшую адукацыю па накіраванні, па дагаворы з наймальнікам, працоўным або калектыўным дагаворы водпуск для здачы экзаменаў, залікаў, лабараторных работ і выніковай атэстацыі давацца павінен, — распавядае Уладзімір Шэлковіч. — Аднак калі накіравання або дамовы з наймальнікам няма ці калі работнік атрымлівае другую і наступныя сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыі, то абавязак даваць водпуск "на сесію" ў таго ж наймальніка знікае. І тут застаецца адзін варыянт: дамаўляцца з кіраўніцтвам.

Дарэчы, нялішне ўзгадаць і правіла нумар два. Калі навучанне адбываецца па накіраванні або па дагаворы з наймальнікам, то на час водпуску "на сесію" за работнікам па асноўным месцы працы захоўваецца сярэдні заробак. Аднак пры адсутнасці накіравання або дагавора, а таксама ў выпадку атрымання другой і наступных сярэдніх спецыяльных і вышэйшых адукацый сярэдні заробак не захоўваецца.

Колькі дзён на сесію?

Працягласць водпуску на навучанне вызначаецца даведкай-выклікам з навучальнай установы, разам з тым трэба мець на ўвазе, што тут існуюць пэўныя ліміты. Скажам, тэрмін водпуску навучэнцам-завочнікам ПТВ для выканання лабараторных работ, здачы залікаў і экзаменаў на першым і другім курсах не можа перавышаць 10, а на трэцім курсе — 20 каляндарных дзён у навучальным годзе, а водпуск для падрыхтоўкі і праходжання выніковай атэстацыі складае тыя ж 20 каляндарных дзён.

Адначасова максімальная працягласць водпуску работнікам, якія паспяхова навучаюцца завочна ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых установах на перыяд установачнай або лабараторна-экзаменацыйнай сесіі на першым і другім курсах вызначана ў 20, а на трэцім і наступных курсах — у 30 каляндарных дзён на працягу навучальнага года, на перыяд здачы дзяржаўных экзаменаў працягласць водпуску складае 20, а на перыяд падрыхтоўкі і абароны дыпломнага праекта — 90 каляндарных дзён зноў жа на працягу навучальнага года.

— Водпускі на навучанне даюцца менавіта ў каляндарных днях, прычым у выпадку, калі на такія водпускі прыпадае дзяржаўнае свята, то іх працягласць не павялічваецца, — заўважае Уладзімір Шэлковіч. — Гэтаксама як не павялічваецца працягласць водпускаў на навучанне і тады, калі падчас іх завочнік хварэе. Аднак, з іншага боку, трэба мець на ўвазе — магчымасці датэрміновага адклікання завочніка з водпуску на навучанне наша заканадаўства не прадугледжвае.

Графікі з аглядкай на завочніка

Не сакрэт, што водпуску на навучанне можа "не хапіць", і ў такім разе адразу ж узгадваецца "запасны" варыянт — працоўны водпуск. Ці павінен ён давацца завочнікам у "патрэбны" для іх час?

— Пры складанні графіка працоўных водпускаў пры жаданні работнікаў наймальнік абавязаны вызначыць час адпачынку завочніка, які навучаецца ў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных або вышэйшых установах, перад або ў перыяд праходжання бягучай ці выніковай сесіі, здачы кандыдацкіх экзаменаў, а таксама ў перыяд канікулаў у навучальнай установе, — падкрэслівае Уладзімір Шэлковіч. — Дарэчы, у таго ж завочніка пры жаданні ёсць і магчымасць пайсці ў працоўны водпуск яшчэ да заканчэння 6 месяцаў з часу ўладкавання.

Галоўнае — уласнае жаданне

Часта бывае, што завочнік вучыцца ў тым жа горадзе, дзе знаходзіцца арганізацыя. Ці можа з улікам навучання няпоўны дзень наймальнік запатрабаваць, каб яго падначалены пасля заняткаў, залікаў ці экзаменаў з'яўляўся на сваім працоўным месцы?

— З'яўляцца на сваім працоўным месцы падчас водпуску на навучанне завочнік не абавязаны, — зазначае Уладзімір Шэлковіч. — Зрэшты, варыянт такога з'яўлення ўсё ж не выключаецца — тут усё залежыць ад жадання работніка і, зразумела, ад яго стаўлення да арганізацыі.

Гарантыі дае калдагавор

Пікантны момант у выпадку "несупадзення" месца знаходжання арганізацыі і месца навучання — аплата праезду. Паводле заканадаўства, наймальнік можа аплачваць 50 працэнтаў кошту такога праезду адзін раз на працягу навучальнага года. Аднак варта заўважыць, што гэта — толькі права, а не абавязак адміністрацыі арганізацыі.

— Насуперак распаўсюджанай думцы, той жа наймальнік не абавязаны і даваць тыя або іншыя перавагі завочніку ў выпадку скарачэння штатаў, — працягвае Уладзімір Шэлковіч. — Падобныя гарантыі работніку, які вучыцца, становяцца для наймальніка законам толькі ў выпадку, калі існуе адпаведны запіс у калектыўным дагаворы.

На навучанне — вольны час

Адна з задач наймальніка, паводле заканадаўства, — ствараць неабходныя ўмовы для сумяшчэння работы з навучаннем. І ў сваю чаргу гэта — падстава для сур'ёзнай размовы з кіраўніцтвам арганізацыі ў выпадку, калі завочніку прапануецца нязручны рэжым работы. Да таго ж у пэўных варунках працягласць працоўнага дня або тыдня ўвогуле павінна скарачацца.

— Для завочнікаў прафесійна-тэхнічных устаноў у перыяд навучальнага года ўстанаўліваецца скарочаны працоўны тыдзень на адзін працоўны дзень (або адпаведную яму колькасць гадзін пры скарачэнні працоўнага дня на працягу тыдня) з аплатай не менш чым 50 працэнтаў сярэдняга заробку, — адзначае Уладзімір Шэлковіч. — Пры гэтым наймальнік мае права дадаткова даваць такім работнікам штотыднёвыя свабодныя ад працы дні без захавання, а ў выпадку спецыяльных умоў калдагавора, — і з захаваннем зарплаты.

Што да работнікаў, якія па накіраванні або па дамове з наймальнікам атрымліваюць завочна сярэднюю спецыяльную або першую вышэйшую адукацыю, то тут таксама на перыяд чатырох навучальных месяцаў перад пачаткам выканання дыпломнай работы і здачы дзяржэкзаменаў вызначаецца скарочаны працоўны тыдзень на адзін дзень (або адпаведную яму колькасці гадзін пры скарачэнні працоўнага дня на працягу тыдня) для падрыхтоўкі да заняткаў з аплатай не менш чым 50 працэнтаў сярэдняга заробку. І зноў жа на працягу гэтых чатырох месяцаў пры жаданні работніка наймальнік можа даць дадатковыя штотыднёвыя выхадныя без захавання, а пры асаблівых умовах калдагавора, — нават з захаваннем зарплаты.

— Сумяшчаць працу з навучаннем — справа нялёгкая, аднак вартая, — лічыць Уладзімір Шэлковіч. — У прыватнасці, можна заўважыць: паводле 205-га артыкула Працоўнага кодэкса, пры прысваенні больш высокага разраду, класа, катэгорыі, а таксама пры прасоўванні па кар'ернай лесвіцы павінен улічвацца ўзровень адукацыі работніка. Словам, стымул ёсць, і забывацца на яго не трэба. 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як сведчыць статыстыка, чым вышэйшы ўзровень адукацыі — тым меншая рызыка калі-небудзь апынуцца ў катэгорыі беспрацоўных. І да таго ж не сакрэт: без дыплома амаль...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика