Алесь МАТАФОНАЎ: "Мне хочацца, каб беларусы хутчэй пачалі сябе больш паважаць і разумець". 21.by

Алесь МАТАФОНАЎ: "Мне хочацца, каб беларусы хутчэй пачалі сябе больш паважаць і разумець"

28.06.2010 12:45 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алесь Матафонаў вядомы нам па цыкле гістарычных перадач "Лабірынты" на тэлеканале "Лад", які ідзе ўжо тры гады. Дагэтуль былі іншыя цыклы — "Адкрыты архіў", "Біяграфія слова", "Алхімія слова", "Маем рэчы"... Мая бабуля пра такіх, як Алесь Матафонаў, часам кажа: "І адкуль ён усё ведае — такі малады!?" Сапраўды — і адкуль?..

"Я драматург — павінен хадзіць па тэатрах і спрачацца з рэжысёрамі"


— Спадар Алесь, калі глядзіш перадачу "Лабірынты" па тэлевізары, то няма адчування, што вы проста чытаеце напісаны тэкст. Адчуванне, што вы распавядаеце ўсё прадумана, засяроджана і з глыбокім разуменнем справы. Адкуль гэтае разуменне?

— Я стараюся самастойна вывучаць кожную тэму. Канешне, мне дапамагаюць сябры, калегі — часта гэта прафесіяналы з навуковымі ступенямі. Яны мне дапамагаюць зарыентавацца ў гэтай навуковай прасторы. А я пасля сам задаю пытанні і спрабую на іх адказаць. Таму, відаць, у перадачах і прасочваецца мой асабісты погляд на некаторыя гістарычныя падзеі. Я не стаўлю кропку ў канцы кожнай перадачы, не спрабую падвесці рысу, не спрабую адказаць на тыя пытанні, на якія ніхто не адказваў. Я, хутчэй, такі праваднік па гэтым лабірынце — лабірынце нашай памяці.

— Аднак, наколькі я разумею, вы з адукацыі не гісторык?..

— Ну так, я з адукацыі — драматург, павінен сядзець за сталом і пісаць п'есы, хадзіць у тэатр і спрачацца з рэжысёрамі... Але так не склалася, хаця літаратура для мяне заўжды была цікавая — ад моманту, як навучыўся чытаць. З дзяцінства марыў напісаць штосьці цікавае, і ў часе свае вучобы тое-сёе напісаў. Але на сённяшні дзень я звязаўся з тэлебачаннем, зрабіў ужо пару сотняў навукова-папулярных, гістарычных, асветніцкіх перадач.

— Калі вы з адукацыі драматург, то павінны фантазіраваць, рабіць не перадачы, а шоу! А ў вашых перадачах назіраецца наадварот часам дакументальная дакладнасць, уедлівасць. Гэта вашая супярэчлівая натура ці вы проста перапрафіляваліся?

— Сапраўды, можна закінуць мне такі папрок, што перадачы пазбаўленыя дынамічнасці, мастацкага вырашэння. Мне здаецца, якраз гэта прысутнічае ва ўсіх іншых перадачах — і яны ў гэтым падобныя. Я нават ужо пазнаю актораў і тых маладых рыцараў, якія вось так з аднае перадачы ў другую гуляюць: адныя і тыя ж рыцарскія касцюмы, адныя і тыя ж руіны. Мне ж хочацца рабіць нешта сваё. І я задаволены, што ёсць людзі, якім гэтая перадача падабаецца, якія тэлефануюць, лістуюць і просяць запісаць выпускі перадачы. Але, на жаль, нашая кампанія яшчэ не занялася выпускам перадачы на дысках, гэта юрыдычнае пытанне. Аднак ведаю, што ў інтэрнэце перадача "гуляе".

"Спачатку рабіў перадачы "Зварка", "Парашковая металургія"...

— Спадар Алесь, "Лабірынты" — не першы ваш цыкл перадачаў. Усё пачыналася на іншым канале і пад іншымі назвамі. Давайце згадаем пачатак.

— Я працую на тэлебачанні ад 1998 года, калі прыйшоў сюды на практыку, а ў 1999 мяне ўзялі ў штат. Пачыналася ўсё ў навукова-папулярнай рэдакцыі БТ. Я тады спрабаваў пісаць сцэнары для такіх навукова-папулярных перадач як "Зварка", "Парашковая металургія". Адкрываю вам сакрэт — раней не казаў пра гэта. Зрабіў таксама колькі перадачаў, прысвечаных школе... Потым я ўцягнуўся ў сённяшнюю тэматыку, прыдумаў свой першы цыкл — "Цені і постаці". Гэта быў такі гістарычны цыкл, які прадвызначыў маю далейшую працу на тэлебачанні. Былі яшчэ праекты "Біяграфія слова", "Алхімія слова", "Маем рэчы", "Адкрыты архіў", цяпер вось — "Лабірынты". Хачу адзначыць з гонарам, што з "Лабірынтамі" мы завяршаем трэці тэлесезон, за гэты час зрабілі 56 фільмаў.

— Усе гэтыя цыклы — ярка заўважнай культурніцка-гістарычнай, нацыянальнай тэматыкі. Гэта — вашая ініцыятыва ці "дзяржзаказ"?

— Вядома, мая ініцыятыва. Я яшчэ са студэнцкіх гадоў зацікавіўся нашай гісторыяй, хаця сам беларус напалову — мой бацька нарадзіўся ва Украіне, а ягоны бацька — на Далёкім Усходзе. Матафонавы жывуць пераважна ў Забайкаллі, былі там нават казакі з такім прозвішчам. Маці мая нарадзілася ў Беларусі, я таксама — і сябе лічу беларусам. Беларусы — вельмі цікавая нацыя, вельмі маладая, якая сябе яшчэ стварае, шукае, усведамляе. І гэты працэс мне хочацца паскорыць, каб беларусы пачалі сябе больш паважаць і разумець.

— Але так здараецца, што часам гісторыя не такая прыгожая і выгадная, як нам хочацца. Часам даводзіцца даказваць, што Наваградак — першая сталіца ВКЛ, што нейкаму там будынку 500 гадоў, а не 100. Ці не лічыце вы, што ў некаторых выпадках дапушчальна "ўпрыгожваць" гісторыю, ствараць свой нацыянальны міф — як гэта робяць некаторыя нашыя суседзі?..

— Я згодны, што такі нацыянальны міф ствараць трэба — каб беларусы ганарыліся тым, дзе яны жывуць і якую гісторыю маюць. І выязджаючы за межы Беларусі, каб яны з гонарам казалі, адкуль яны. Але часам беларусы, якія хочуць паказаць багацце нашай гісторыі, пачынаюць даводзіць гэта агрэсіўна. І часам змагаюцца за праўду, кідаючыся на амбразуру. Трэба ганарыцца тым, што ў нас ёсць цяпер. Так, у нас была Вільня, якая была калыскай дзяржаўнасці, цэнтрам культуры, мастацтва. Але так склалася, што цяпер Вільня не нашая. І не трэба забываць, што там стваралася і польская, і літоўская, і яўрэйская культура таксама. Мінск і Вільня — гэта сёння дзве вялікія розніцы. А быў час, калі яны былі вельмі падобныя... Давайце засяродзімся на тым, што мы маем цяпер: у нас ёсць Полацак, Наваградак, нашыя мастакі, кампазітары, літаратары... І калі ў цябе пытаюцца, калі быў пабудаваны Крэўскі замак — трэба казаць праўду, што ў XІV стагоддзі, а не выдумляць, што яму 1000 гадоў. Ад гэтага ён не стане менш значным! Шкада толькі, што будынкаў, у якіх адбыліся гістарычныя падзеі, усё менее і менее ў нашай краіне, яны знікаюць...

"Тыя, хто пачынаюць размаўляць па-беларуску — яны адкрываюць іншы свет"

— У перадачы пра Наваградак вы пасеялі сумніў сярод тых, хто перакананы: гэты беларускі горад быў першай сталіцай ВКЛ. Нашто? Што за тыповая беларуская рыса — шукаць кампраміс, балансаваць, калі ў падобных пытаннях нашыя суседзі літаральна "цягнуць на сябе коўдру"?!

— І што мы гэтым дасягнем, да чаго мы прыйдзем? Нацягнем коўдру і будзем драўляным мячом адмахвацца ад усіх? Я заўважыў, што такія спрэчкі і бойкі ідуць ад "калягістарычных" людзей, а сапраўдныя навукоўцы ладзяць дыскусіі, спрачаюцца, абмяркоўваюць — і прыходзяць да нейкіх пагадненняў, высноваў. Я таксама ў перадачы хачу дыскусаваць, а не казаць, што нехта там памыляецца, а толькі мы маем рацыю. Гэта была б размова з самімі сабою.

— За тры сезоны перадачы былі зробленыя нейкія гістарычныя адкрыцці?

— Такіх каб ажно адкрыцці — то не. Я раблю перадачу не для гісторыкаў-прафесіяналаў — яны большасць з гэтага і так ведаюць. А я хачу, каб нашую гісторыю ведаў кожны глядач, кожны беларус. Таму стараюся выбіраць такія цікавосткі, якія прыцягнуць увагу шырокага кола гледачоў. Але арыентуюся найперш на сябе — бо сам хачу шмат пра што даведацца. І калі мяне гэта прывабіла, зацікавіла — то зацікавіць і яшчэ некага. Удалося знайсці шмат цікавага. Мы распавялі, напрыклад, пра Оскара Мілаша — гэта французскі паэт-сімваліст, які стаў класікам. А нарадзіўся ён у Чарэі пад Чашнікамі. Мы зрабілі перадачы пра шматлікія архітэктурныя помнікі Беларусі, якія сёння знаходзяцца не ў найлепшым стане. Мы зрабілі перадачу пра парэшткі апошняга караля Рэчы Паспалітай у мястэчку Воўчын, якія былі пахаваныя там таемна. Мы расказалі пра святыя абразы і крыніцы, культавыя камяні на Беларусі — дзе яны знаходзяцца, чаму яны шануюцца людзьмі і лічацца святымі. Мне здаецца таксама, што беларуская мова — гэта сістэма знакаў, праз якую мы спазнаем гэты свет. І тыя, хто пачынаюць размаўляць па-беларуску — яны адкрываюць іншы свет. Таксама і з іншымі мовамі: вывучыш англійскую — і таксама адкрыеш іншы свет. А тут не трэба вучыць — пачынайце размаўляць па-беларуску, і генетычная памяць сама прынясе вам словы з глыбіні стагоддзяў! Беларуская мова ніколі не знікала! Яна, як і ўся наша гісторыя, ходзіць па лабірынце — лабірынце нацыянальнай памяці. Пра гэта і ёсць мая перадача. Прачытаўшы шлях таго лабірынта, што быў перад намі, мы адкрываем дарогу тым, хто будзе пасля нас. 

ДАВЕДКА "ЗВЯЗДЫ"

Алесь МАТАФОНАЎ нарадзіўся ў 1977 годзе ў Барысаве. Скончыў Універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці "драматургія", Беларускі калегіум па спецыяльнасці "Журналістыка", Рэжысёрскія тэлевізійныя курсы ў Санкт-Пецярбургу. Ад 1998 года працуе на тэлебачанні, стварыў 6 аўтарскіх праектаў. Цяперашні цыкл фільмаў "Лабірынты" ідзе ўжо тры гады.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алесь Матафонаў вядомы нам па цыкле гістарычных перадач "Лабірынты" на тэлеканале "Лад", які ідзе ўжо тры гады. Дагэтуль былі іншыя цыклы — "Адкрыты архіў",...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика