Чалавечы фактар, ці Любоў да памылак. 21.by

Чалавечы фактар, ці Любоў да памылак

01.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кіроўца майго ранішняга тралейбуса прапусціла адзін прыпынак. Проста праехала міма, не адчыняючы дзвярэй. Так бывае часам позна ноччу, калі на прыпынку ніхто не выходзіць і, відавочна, не ўваходзіць. Але не спыніцца на прыпынку ў гадзіну пік, калі людзі едуць на працу... Яна зрабіла гэта ненаўмысна. Яна задумалася, ці не выспалася, ці ў яе нешта здарылася. Гэта была жанчына з мужчынскай прычоскай і каменным тварам. Пасажыры адразу пачалі абурацца і лаяць яе на чым свет стаіць. На каменным твары з'явіліся эмоцыі. А я задумалася, што ж у яе здарылася такое ў жыцці?

Гэта яскравы прыклад праяўлення чалавечага фактару ў рабоце. Усе мы людзі, і ніхто не застрахаваны ад банальных памылак і спатыкаў на роўным месцы. Я не буду казаць пра дактароў — памылкі ў іх прафесіі складана апраўдваць уплывам чалавечага фактару, бо яны могуць каштаваць жыцця. А вось ва ўсіх астатніх прафесіях мне вельмі прыемна бачыць чалавека.

Часта трапляюцца сур'ёзныя таксісты, засяроджаныя на кіраванні аўтамабілем. Яны ўсім сваім выглядам кажуць: я важны, мне не да цябе, сядзі ціха, тут я гаспадар. Але калі раптам адзін з іх просіць пакінуць нумар тэлефона, каб сустрэцца яшчэ раз, я з усмешкай пазнаю ў пахмурным кіроўцы простага чалавека. Ці калі паміж хуткаплынных заказаў і нумароў машын па рацыі чуецца:

— Усё, скончыў свой працоўны дзень! Мужыкі, хто хоча адпачыць — да мяне на дачу.

Аператаркі хутка перапыняюць такія размовы і робяць заўвагі разбэшчаным таксістам. Гэта, відаць, каб не страціць аўтарытэтнасць сярод кліентаў. А кліентам толькі і патрэбна, што ўбачыць за ўсёй сур'ёзнасцю і важнасцю простага чалавека. З такімі і ездзіць прыемней!

Узгадайце Лаліту Міляўскую. Яна не баіцца быць смешнай, не баіцца быць непрыгожай, высмеянай, аблаянай. Яна можа спакойна размаўляць перад камерай без макіяжу, яна не сядзіць на строгіх дыетах і не панікуе з-за лішніх кілаграмаў, яна можа зачапіцца аб цвік сцэны і працягваць спяваць у рваных калготках. Сваімі паводзінамі яна разбурае міф пра ідэальнасць папулярных асобаў, яна супраць штучнасці і лялечнасці. Яна такі ж просты чалавек, як і мы з вамі, і гэтым яна бліжэй да гледача.

А ўзгадайце папулярны ролік у інтэрнэце, калі самы прафесійны дыктар Расіі, якому даручана прадстаўляць вышэйшых дзяржаўных асобаў, запінаецца:

— І прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Ул... Дзмітрый Анатольевіч Мядзведзеў.

Насмяшыў ажно самога Дзмітрыя Анатольевіча. Гэта ніяк не сведчыць аб прафесійных здольнасцях і навыках. Гэта сведчыць толькі пра тое, што перад намі звычайны чалавек, які, як і ўсе астатнія, прызвычаіўся да іншага імя прэзідэнта.

Я люблю, калі вядучыя запінаюцца ў радыё- і тэлеэфіры. Мне значна прыемней бачыць і чуць чалавека, чым машыну, якая аўтаматычна чытае тэкст, нават не разумеючы яго сэнсу. Я люблю, калі прыходзіш на інтэрв'ю да чыноўніка, а ён перапыняе гаворку, здымае тэлефон і паклаўшы трубку, тлумачыць са слязлівай усмешкай: "Унучка нарадзілася!" Пасля гэтага гаворка ідзе лягчэй і цікавей, бо цяпер ты мусіш размаўляць з жывым чалавекам, за плячыма якога звычайнае жыццё: сям'я, унукі, дача і нават вясёлыя кампаніі. Ніколі не забуду, як аднойчы на інтэрв'ю прыйшла да высокага начальніка, а на ім твару не было. Шчыра прызнаўся, што ўчора бурна адсвяткавалі дзень нараджэння таварыша. Перада мной адразу паўстаў чалавек, а не дырэктар буйнога прадпрыемства. Я паставілася з разуменнем, і інтэрв'ю, замест сухога, статычнага, атрымалася вельмі жывым і яскравым.

Памятаю, як у старэйшых класах на ўроках біялогіі мы пачалі вывучаць анатомію. Зайшла гаворка пра здароўе дзетародных органаў. Самыя смелыя хлопцы цікавіліся ў біялагіцы: ці дапамагае ў гэтым інтымнае жыццё і як часта трэба займацца сэксам для здароўя. Настаўніца, чырванеючы, прывяла прыклад са свайго сямейнага жыцця. З таго часу яна стала нашым любімым выкладчыкам, яна стала бліжэй да нас, за строгасцю педагога паказаўся жывы чалавек.

Мая інструктар па ЛФК, наймілейшая жанчына, найвыдатнейшы спецыяліст, заўсёды адцягваецца падчас заняткаў, без канца адказвае на тэлефанаванні: то па мабільным, то па працоўным тэлефоне. Адна за адной названьваюць яе дочкі.

— Анюта, паеш супу, выгуляй сабаку і сустрэнь Дзіяну са школы, — наказвае яна старэйшай.

І тут жа тэлефануе малодшая.

— Мышка мая, не ідзі адна, стой, дзе стаіш, хутка Аня сустрэне цябе. А мама табе нешта купіла — увечары ўбачыш, табе спадабаецца.

І так праз кожных пятнаццаць хвілін. Я ведаю, хто з іх якія адзнакі мае па якіх прадметах, хто недалюблівае якую настаўніцу, хто што робіць па гаспадарцы, хто што любіць апранаць, і калі хто едзе адпачываць у які лагер. І мяне не напружвае, не раздражняе, што ўсё гэта адбываецца падчас майго занятку. Мне прыемна, што са мной працуе не проста прафесійны інструктар, а яшчэ і клапатлівая, любячая маці.

Калі я сустракаю фанабэрыстага чалавека, зацыкленага на сваёй пасадзе і працоўных дасягненнях, то стараюся разгледзець у ім чалавека з заганамі і праблемамі, магчымымі комплексамі і пераменамі настрою.

— У вас шакалад на вуснах пасля абеду застаўся, збіліся валасы ці размазалася туш, — падказваю я.

І пыл асядае, амбіцыі прападаюць, перада мной раскрываецца Чалавек.

Людзі, прадстаўнікі розных прафесій, не бойцеся памыляцца, быць смешнымі і падавацца некампетэнтнымі. Мы любім, калі вы памыляецеся, і радуемся, калі вы хоць нешта не ведаеце. Бо мы і самі памыляемся і далёка не ва ўсім разбіраемся. Мы такія ж, як і вы. Мы не толькі начальнікі і падначаленыя, прафесіяналы і стажоры. Мы яшчэ і дзеці, бацькі, суседзі і сябры. Мы людзі.

Таццяна САЛДАЦЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіроўца майго ранішняга тралейбуса прапусціла адзін прыпынак. Проста праехала міма, не адчыняючы дзвярэй. Так бывае часам позна ноччу, калі на прыпынку ніхто не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика