Гэты дзень — галоўнае свята краіны. 21.by

Гэты дзень — галоўнае свята краіны

03.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сёння ў краіне адзначаецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Што ён сімвалізуе для нашых чытачоў, якія асацыяцыі абуджае ў прадстаўнікоў розных пакаленняў? Як нашы рэспандэнты будуць яго адзначаць?

 Пётр НАВУМЕНКАЎ, пенсіянер, г. Мінск:

— Для мяне гэты дзень, як і для ўсіх іншых грамадзян краіны, сапраўднае свята. Упершыню я з'явіўся ў Мінску ў кастрычніку 1944 года. Мы пераехалі са Смаленскай вобласці, дзе ішлі жорсткія баі, дзе мы жылі ў зямлянцы... Дагэтуль памятаю той стары будынак чыгуначнага вакзала, лічаныя ацалелыя дамы на цэнтральнай вуліцы, па якой хадзіў трамвай, і руіны навокал... У першыя пасляваенныя гады былі халодныя зімы, а адзенне слабое, у трамваі ногі літаральна прымярзалі да металу. Што яшчэ памятаю? Карткі на прадукты. Як з сястрой стаялі ў чарзе за імі ў невялічкую краму на тагачаснай Грушаўскай вуліцы. Унутры маглі размясціцца не болей за дзесяць чалавек, астатнія мерзлі на вуліцы. Памятаю першы бохан хлеба, набыты пасля адмены картак. Гэта была вялікая радасць! Памятаю, як нёс пад пахай той бохан дадому. Так, было цяжка. Але быў і пад'ём! Кожны ў меру сілаў удзельнічаў у аднаўленні горада. Мы школьнікамі таксама, памятаю, грузілі бітую цэглу. І з кожным годам усё мянялася.

Я ўдзячны Беларусі, якая стала для мяне другім домам. І да Дня Незалежнасці стаўлюся з вялікай павагай. Гэты дзень прынёс і Перамогу і ў літаральным сэнсе — новае жыццё.

Аляксандр ЛАСТОЎСКІ, начальнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама:

— Гэты дзень — галоўнае свята краіны. Яно дазваляе вызначыцца: грамадзянін, патрыёт ты сваёй краіны або не. Такі своеасаблівы Рубікон. У мяне ў гэты дзень толькі станоўчыя эмоцыі, нават трава падаецца больш зялёнай (смяецца). Гэта я гавару абсалютна без пафасу, гэта маё сапраўднае стаўленне да Дня Незалежнасці. Як я яго адзначу? З аднаго боку, я не задзейнічаны ў ахове правапарадку, мне далі магчымасць адпачыць. Але па сваёй уласнай ініцыятыве я буду знаходзіцца на працы да канца ўсіх мерапрыемстваў — для зручнасці журналістаў. Для іх я буду заўсёды на сувязі. Так, гэты дзень мне не аплацяць, так, потым давядзецца адсыпацца, але гэтае свята ні з чым нельга параўноўваць.

Надзея ГАЦУРА, пенсіянерка, вёска Панямонь Навагрудскага раёна:

— Для людзей у нашай вёсцы гэты дзень найперш атаясамліваецца з заканчэннем вайны. Гэта галоўнае. За некалькі дзён да вызвалення многіх пагналі расстрэльваць, ужо і ямы падрыхтавалі. Была сярод тых людзей і сям'я майго мужа. Толькі цудам усе засталіся жывымі. Раней, калі былі маладзейшымі, многія вяскоўцы адзначалі гэты дзень разам. Цяпер ужо і ўзрост, і здароўе не тыя, але пра тыя падзеі памятаем. І за свята ўздымем па чарцы.

Аляксандр МАРЦУЛЬ, вёска Рэзы Шчучынскага раёна:

— Асабіста для мяне гэтае свята мае сувязь з вайной. І карані цяперашняй незалежнасці, пра якую мы гаворым, якраз бяруць пачатак ад той Перамогі. У Дзень Незалежнасці ў нашым райцэнтры пройдуць святочныя мерапрыемствы. Асабіста я буду браць удзел у шахматным турніры.

Ніна ЧОРНАЯ, бібліятэкар, пасёлак Новапалескі Салігорскага раёна:

— Што для мяне сімвалізуе гэта свята? Тое, што мы жывём у свабоднай, дэмакратычнай краіне. Прынамсі, мы кожны месяц атрымліваем зарплату, нашы дзеці маюць права выбару — атрымліваць бясплатную ці платную адукацыю. Вось такія выключна мірныя асацыяцыі ў мяне з Днём Незалежнасці. Я сама культработнік, таму прыму ў святочных мерапрыемствах самы непасрэдны ўдзел — буду весці ў нашым пасёлку тэматычную праграму перад канцэртам.

Сяргей СТАРЫНАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў краіне адзначаецца Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Што ён сімвалізуе для нашых чытачоў, якія асацыяцыі абуджае ў прадстаўнікоў розных пакаленняў?...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика