"Фермерскія гаспадаркі павінны браць арыенцір на кааперацыю"
11.09.2010
—
Новости Общества
|
Лічыць Аляксандр КАЗАКЕВІЧ, загадчык сектара сялянскіх гаспадарак Інстытута сістэмных даследаванняў у аграпрамысловым комплексе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і матывуе сваё меркаванне тым, што "адзін у полі не воін". Фермерства — адна з распаўсюджаных формаў развіцця аграрнага бізнэсу ў многіх краінах свету. У Беларусі ж, дзе на сёння функцыянуе больш як дзве тысячы фермерскіх гаспадарак, фермерскі рух існуе амаль 20 гадоў і з'яўляецца адносна новым накірункам дзейнасці ў аграрным сектары. — Аляксандр Васільевіч, як вы лічыце, дзейснае заканадаўства спрыяе актыўнаму развіццю фермерства ў нашай краіне альбо, наадварот, прытарможвае яго? — Закон "Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы", прыняты пяць гадоў таму, грунтоўны. Але, на жаль, аб чым сведчаць скаргі фермераў, ён не ў поўнай меры рэалізуецца на практыцы. У прыватнасці, фінансавая падтрымка фермерскіх гаспадарак з боку дзяржавы нават блізка не супастаўляльная з той жа падтрымкай іншых катэгорый сельгаспрадпрыемстваў. Згадзіцеся, гэта не зусім справядліва. Акрамя таго, на мой погляд, мэтазгодна стварыць аднолькавыя эканамічныя ўмовы і для дзейнасці фермераў у розных рэгіёнах рэспублікі. Сёння ў многіх фермерскіх гаспадарак рэспублікі ёсць патэнцыял расшыраць вытворчасць экспартаарыентаванай і імпартазамяшчальнай прадукцыі. Праўда, для гэтага з боку дзяржавы патрэбная падтрымка, у тым ліку і фінансавая. — У адной з публікацый, якую я знайшла падчас падрыхтоўкі да інтэрв'ю, беларускіх фермераў назвалі "статкам бараноў без пастуха". А што асабіста вы думаеце аб арганізацыі працы нашых фермераў? — Аўтар гэтага выказвання адзін з вядучых фермераў Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Анатоль Васільевіч Круглякоў. Я з ім згодны. Сапраўды, у нашым фермерскім руху адсутнічае цэнтр — арганізацыя, якая б займалася каардынацыяй дзейнасці фермерскіх гаспадарак. Працы грамадскіх фермерскіх аб'яднанняў, якія ёсць практычна ў кожнай вобласці, недастаткова. Трэба аднаўляць дзейнасць фермерскага саюзу рэспубліканскага ўзроўню, які быў галаўной арганізацыяй, адстойваў правы і інтарэсы фермераў. Разам з тым, фермеры павінны актыўна — у гэтым я цвёрда перакананы — браць арыенцір на кааперацыю, каб эфектыўна развівацца і супрацоўнічаць з сельскагаспадарчымі і перапрацоўчымі арганізацыямі аграпрамысловага комплексу. Калі б фермерскія гаспадаркі, якія спецыялізуюцца, да прыкладу, на вырошчванні "другога хлеба", прадавалі не сыравіну, а гатовыя прадукты харчавання з яе (чыпсы, дранікі, клёцкі і інш.), то іх рэнтабельнасць павялічылася б у разы. Падобная практыка распаўсюджана ў такіх развітых краінах, як Германія, Галандыя, Францыя, Амерыка. Там фермеры для таго, каб працаваць эфектыўна, аб'ядноўваюцца ў кааператывы па забеспячэнні, перапрацоўцы, збыту, у кааператывы па набыцці тэхнікі, іншыя формы кааперацыі. Адна фермерская гаспадарка там з'яўляецца адначасова членам 3-5 і болей кааператыўных арганізацый. Аб'ядноўваюцца, бо разумеюць, што адзін у полі не воін і разрозненая фермерская праца не дасць вялікага эфекту. Замежны вопыт дапаможа і нашым фермерам, якія пакуль што ў пераважнай большасці варацца ў сваім соку, павышаць эфектыўнасць сваёй дзейнасці і выжываць ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Адным словам, лічу, што ўзнікла аб'ектыўная неабходнасць распрацоўкі і прыняцця Закона "Аб сельскагаспадарчай кааперацыі". Акрамя таго, я перакананы, што фермерам трэба асвойваць новыя перспектыўныя накірункі дзейнасці... — Што канкрэтна вы маеце на ўвазе пад новымі накірункамі фермерскай дзейнасці? — Да прыкладу, Польшча займае адно з вядучых месцаў у свеце па вытворчасці прадукцыі пчалярства. Сярод нашых фермераў гэта галіна не вельмі распаўсюджана. Тое ж самае і з садавіной, дробнай рагатай жывёлай і іншай прадукцыяй. Напрыклад, у нашых крамах прадаецца замежнае казінае малако па 12-15 тысяч за літр. А чаму б беларускім фермерам самім не пачаць разводзіць козаў, і прадаваць тое ж казінае малако, толькі значна танней?.. Сёлета, да прыкладу, было спякотнае лета, таму некаторыя фермеры займаліся вырошчваннем кавуноў. Давялося мне наведаць адну такую фермерскую гаспадарку, дзе на свае вочы пабачыў ягады вагой па 10 кілаграмаў і болей. Асобныя фермеры пачалі займацца вытворчасцю дурніц амерыканскіх. Гэта вельмі смачная ягада. Ёсць даволі шмат рэнтабельных накірункаў, якія б маглі асвоіць нашы фермеры. Але для гэтага, па-першае, трэба вызначыць тыя накірункі дзейнасці, якія б былі ўзаемавыгадныя для дзяржавы і для фермераў. Па-другое, распрацаваць адпаведную праграму. У якасці прыкладу возьмем аграэкатурызм — актуальны накірунак у развіцці фермерскіх гаспадарак. Пакуль не выйшаў Указ "Аб мерах па развіцці аграэкатурызму ў Рэспубліцы Беларусь", ён развіваўся вельмі марудна. А зараз, паглядзіце, аграсядзібы растуць, як на дражджах. — А як вы ставіцеся да стварэння аграхолдынгаў у Беларусі? — Працэс узбуйнення — гэта нармальная з'ява. Ва ўсім свеце ўзнікаюць буйныя холдынгі па вытворчасці сельгаспрадукцыі, таму што невялікая сямейная фермерская гаспадарка робіцца неканкурэнтаздольнай. Гэта ў перспектыве чакае і нас. Усе, напэўна, чулі, што Прэзідэнт падчас наведвання гаспадаркі Міхаіла Шрубы, фермера з Жыткавіцкага раёна (фермерская гаспадарка Шрубы займае больш за 1800 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў і дае больш за 30 % выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ад усіх сельскагападарчых прадпрыемстваў раёна), прапанаваў яму стварыць першы ў Беларусі аграхолдынг. Пры гэтым падкрэсліў, што гатовы ўзяць працэс стварэння аграхолдынгу пад асабісты кантроль і аказаць неабходную падтрымку. Стварэнне прыватных аграхолдынгаў на базе рэнтабельных фермерскіх гаспадарак — добрая ідэя, але перш трэба прадумаць, на якіх умовах фермерам будзе перададзеная калгасная і дзяржаўная маёмасць. — Што на ваш погляд патрэбна для поспеху ў фермерскім бізнэсе? — На поспех уплывае шмат аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў. Але самае важнае ў любой справе — чалавек. Паспяховы фермер — гэта ў маім разуменні ініцыятыўны і прадпрымальны чалавек, які мае адпаведную кваліфікацыю і вопыт работы ў сферы сельскагаспадарчай вытворчасці. Акрамя таго, ён павінен мець стартавы капітал для арганізацыі і вядзення аграрнага бізнэсу, карыстацца аўтарытэтам сярод мясцовага насельніцтва, а таксама быць адкрытым да ўсяго новага. Бо калі нашы фермеры будуць жыць у "каменным стагоддзі", то пра прагрэс і рэнтабельнасць можна будзе забыцца. Дарэчы, на мой погляд, трэба падтрымліваць не толькі фермераў, якія жадаюць "узбуйняцца" за кошт "кавалачкаў" зямлі, якая ў сілу розных прычын выкарыстоўваюцца не эфектыўна, але і перадаваць ім на розных ўмовах закінутыя сельскагаспадарчыя памяшканні, тэхніку калгасаў і дзяржаўных прадпрыемстваў, забяспечваць фінансавую падтрымку. — Дзякуй за цікавую размову. Размаўляла Надзея ДРЫЛА, фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лічыць Аляксандр КАЗАКЕВІЧ, загадчык сектара сялянскіх гаспадарак Інстытута сістэмных даследаванняў у аграпрамысловым комплексе Нацыянальнай акадэміі навук...
|
|