Ірына Жыхар: "Рынкавыя адносіны ў ЖКГ дазволяць спажыўцу не выбіваць камфорт праз скаргі". 21.by

Ірына Жыхар: "Рынкавыя адносіны ў ЖКГ дазволяць спажыўцу не выбіваць камфорт праз скаргі"

15.09.2010 09:52 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На ЖКГ нараканняў у беларусаў больш за ўсё. Побытавыя пытанні вырашаюцца складана, з вялікай колькасцю нерваў і высілкаў. Чаму так адбываецца, што робіцца ў беларускай жыллёва-камунальнай гаспадарцы сёння і што чакае нас заўтра? Сваім бачаннем сітуацыі дзеліцца Ірына Жыхар, асістэнт дырэктара праекта "Фарміраванне эфектыўнага спажыўца жыллёва-камунальных паслуг".

— Вы праводзілі маніторынг сярод спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг. Які малюнак склаўся ў вас наконт таго, што ёсць у нас зараз у ЖКГ?

— Калі ствараўся Закон "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг", то планавалася, што ён здыме сацыяльную незадаволенасць, якая існуе ў гэтым сектары. Г.зн. магчымасці спажыўцоў пашырацца, і дакументаабарот па жыллёвых пытаннях і па нізкай якасці жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) зменшыцца. Як паказала анкетаванне, за год дзеяння Закона стыль паводзінаў спажыўцоў не змяніўся. Шмат хто з іх незадаволены якасцю жыллёва-камунальных паслуг, кожны другі пры гэтым свае правы спрабуе абараніць. І, дарэчы, анкетаванне паказала: ёсць што бараніць. Але робіцца гэта звычайнымі метадамі. Таму ў выканкамах і падпарадкаваных ім жыллёва-эксплуатацыйных службах (ЖЭС) захаваўся вялікі паток зваротаў і скаргаў насельніцтва.

Палова з апытаных спажыўцоў не мае дамовы з абслуговымі арганізацыямі, а значыць, — і прававой асновы для атрымання паслугі. А як абараніць свае правы, калі не маеш прадмета дамовы? Пры гэтым трэба ўлічваць, што каля 85% жыллёвага фонду знаходзіцца ў прыватнай уласнасці гэтых самых спажыўцоў. Таму адсутнасць дагаворных адносінаў паказвае, што спажыўцы ў сваёй пераважнай большасці ўспрымаюць сябе пасіўнымі гульцамі ў жыллёвых стасунках і аддаюць ініцыятыву ЖЭСам і іншымі дзяржаўным органам.

Закон прапанаваў спажыўцам такую новую магчымасць для вырашэння спрэчак адносна якасці ЖКП, як незалежная экспертыза, але з 557 апытаных ніводзін не скарыстаў такі шанц, як і пераважная колькасць спажыўцоў — магчымасць выбару выканаўцаў ЖКП. Яшчэ год таму такім правам маглі карыстацца толькі тыя, хто ўваходзіў у склад таварыстваў уласнікаў, жыллёва-будаўнічых кааператываў (далей ЖБК). Адсутнасць канкурэнтаздольнасці, як вядома, не спрыяе развіццю рынку любых паслуг (не толькі жыллёва-камунальных) зніжэнню затрат на вытворчасць.

Новы Закон асобную ўвагу надаў інфармацыйнай палітыцы выканаўцаў ЖКП. Але для большасці апытаных намі спажыўцоў гэта прайшло незаўважна.

— Гэты закон дрэнна напісаны? Ці яго проста не выконваюць?

— Не магу казаць пра якасць усяго Закона, але што датычыцца дакладнасці працэдурных пытанняў, размеркавання адказнасці, то ён "правісае" канкрэтна. Напрыклад, права выбару выканаўца жыллёва-камунальных паслуг. Напісана, што група спажыўцоў, якая жыве ці то на адным паверсе, ці то ў адным пад'ездзе, ці то ў адным доме, сабралася і прыняла рашэнне, з кім заключыць дамову на эксплуатацыю дома, аформіла пратакол. Здавалася б, такая простая рэч, як правядзенне апісанага ў арт. 10 Закона сходу, на практыцы выклікае шмат пытанняў. А калі на розных паверхах прымуць рашэнні пра розныя ЖЭСы, хто і як будзе дамаўляцца? Ці будуць такія рашэнні абавязковымі для ўсіх жыльцоў? Што такое кворум у такім разе? Хто атрымлівае права заключаць дамову з абраным ЖЭСам? Пытанні можна працягваць і далей, але навошта? Можна ж было скарыстаць досвед таварыстваў уласнікаў ці ЖБК, дзе ўсе працэдурныя пытанні распісаныя вельмі дакладна. Абслугоўванне дома — складанага інжынернага аб'екта — гэта не проста зубы пачысціць.

На жаль, Закон не прадуманы і ў пытанні дамовы на аказанне ЖКП. Спажывец не павінен займацца самаадукацыяй, каб убачыць за тымі фармальнымі фразамі, якія запісаны ў тыповую дамову, зразумелую інфармацыю: якія, у якім аб'ёме, з якой якасцю яму прапануюць паслугі, якім чынам фарміруецца кошт. Спажывец павінен ведаць формулу разліку сабекошту паслугі. Тады ў яго будзе зацікаўленасць у эканоміі, пра якую сёння шмат гаворкі ідзе. Давайце не забываць, што жыллёвы сектар — самы энергазатратны, і энергаэфектыўныя мерапрыемствы магчымыя толькі пры непасрэднай зацікаўленасці спажыўца. Як гэта было з лічыльнікамі на ваду. А дамова ў тым выглядзе, у якім яна існуе зараз, не спрыяе развіццю спажывецкай зацікаўленасці. Паглядзіце, хто самы актыўны ініцыятар эканоміі ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Дзяржкантроль. А магло б ўсё дарослае насельніцтва краіны. І эфект, зразумела, быў бы большы.

— Самая вялікая загваздка — людзі не разумеюць, дзе яны жывуць і на што маюць права...

— Людзі не разумеюць, за што і якую адказнасць яны нясуць. І дзяржава ім яе не спяшаецца перадаць. Чыноўнікі баяцца, што ўласнікі не здольныя несці адказнасць за дом. Сапраўды, жыхары дамоў — не прафесійныя інжынеры, не электрыкі, не сантэхнікі. І не павінны імі быць. Дзеля таго, каб домам кіравалі прафесіяналы, ва ўсім свеце існуе прафесія — домакіраўнік, з адпаведнай ліцэнзіяй, навучаннем, страхаваннем, што азначае адказнасць. Толькі ў нас новы Закон вызначыў домакіраванне як дадатковую паслугу. Адсюль і боязь чыноўнікаў, якія маюць рацыю пры сённяшнім раскладзе. Хоць дзяржаўная Праграма развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады прадугледжвала масавае развіццё не толькі прыватных ЖЭСаў, але і кіраўнічых арганізацый. Планавалася, што спажыўцы (яны ж і ўласнікі) будуць заключаць толькі адну дамову — з прафесійнымі домакіраўнікамі. Як я разумею, дзеля гэтага прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ № 604 ад 06.10.2006 года, згодна з якім да 1 студзеня 2009 года спажыўцы павінны былі правесці агульныя сходы, каб вызначыцца, якому прафесіяналу яны давераць упраўленне домам. Але Закон "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг", прыняты ў ліпені 2008 года, ад гэтай мадэлі фактычна адмовіўся. Інакш як патлумачыць, што ўпраўленне было пераведзена ў дадатковыя паслугі?

— Якія тады атрымоўваюцца перспектывы для простых людзей?

— Калі перспектывы арыентаваныя на развіццё рыначных адносінаў у жыллёва-камунальным сектары, то спажыўцу спачатку будзе цяжка прызвычаіцца да ўласнай адказнасці. Таму што любыя змены звычак заўсёды патрабуюць працы над сабой. Але ўсе краіны прайшлі гэтым шляхам. Калі ўлічыць замежны досвед, мы можам прайсці значна хутчэй за іншых. Затое на выхадзе спажывец атрымлівае магчымасць уплываць на кошт, аб'ём і якасць жыллёва-камунальных паслуг, а не выбіваць камфортныя ўмовы свайго пражывання праз скаргі. Тады і жыллёвы сектар стане прывабным для інвестараў, у тым ліку і замежных. Сёння ж, як паказала даследаванне спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, жыллёвы сектар знаходзіцца на апошнім месцы па інвестыцыйнай прывабнасці. Каб стварыць адпаведную матывацыю ў спажыўцоў, трэба аб'яднаць намаганні зацікаўленых суб'ектаў з боку дзяржавы, бізнэсу, грамадскасці і СМІ і пачаць працаваць разам. Іншага шляху няма.

Калі ж будзе працягвацца дзяржаўны патранаж, тое палягчэнне ў выглядзе як быццам нізкіх тарыфаў сёння заўтра стане непад'ёмным цяжарам для спажыўцоў. Сёння большасць з іх не задаволена якасцю паслуг. Заўтра лепей не будзе. Жылы фонд старэе, патрабуе ўсё больш штодзённага клопату, тэхнічнага і фінансавага. Праз 5-10 год хрушчоўкі ў масавым парадку запатрабуюць капітальнага рамонту. Трэба быць вельмі ўпэўненым у сабе, каб думаць, што з сітуацыяй можна справіцца звычайнымі метадамі. Еўрапейскія і амерыканскія палітыкі даўно зразумелі, што дзяржава не здолее справіцца з такім выклікам, і спрыялі развіццю рыначных правілаў гульні ў жыллёвым сектары. Зараз украінскі прэзідэнт заявіў пра развіццё ЖКГ Украіны праз стварэнне на кожным доме аб'яднанняў уласнікаў-спажыўцоў і арганізацыі празрыстых і зразумелых працэсаў у гэтым сектары. У Расіі партыя ўлады "Адзіная Расія" правяла эксперымент у некалькіх галінах і ўбачыла канкрэтную эканомію (у некаторых выпадках да 30%) ад увядзення прафесійнага ўпраўлення домам. Акрамя эканоміі, ствараюцца новыя рабочыя месцы. Рэалізацыя такога праекта дазволіць падрыхтаваць больш за 200 тысяч упраўляючых і каля 1 мільёна новых працоўных месцаў. Беларусь, лічу, застаецца ў хвасце працэсаў развіцця жыллёвай палітыкі, якая б адпавядала сучаснаму моманту.

Даведка "Звязды"
Ірына Жыхар, у 1988 годзе скончыла хімічны факультэт БДУ па спецыяльнасці хімік, выкладчык. Працавала настаўніцай і на кіруючых пасадах у сістэме адукацыі, журналістам, старшынёй ЖБК. З 1997 года займаецца грамадскай дзейнасцю. Зараз з'яўляецца асістэнтам дырэктара праекта "Фарміраванне эфектыўнага спажыўца жыллёва-камунальных паслуг", які рэалізоўвае Грамадскае аб'яднанне "Беларускае таварыства абароны спажыўцоў". 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На ЖКГ нараканняў у беларусаў больш за ўсё. Побытавыя пытанні вырашаюцца складана, з вялікай колькасцю нерваў і высілкаў. Чаму так адбываецца, што робіцца ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика