Калі Радзіма прытуліць маладых і перспектыўных
25.09.2010
—
Новости Общества
|
У нумары "Звязды" за 4 верасня 2010 года выйшаў тэкст "Ці ёсць выбар у маладога і перспектыўнага?" Вось пра што я разважаў у тэксце. З аднаго боку, многія беларусы атрымліваюць бясплатную някепскую адукацыю, з іншага — часам не могуць рэалізаваць сябе на Бацькаўшчыне і з'язджаюць. Хоць некаторыя, якіх апанавала і не адпускае пачуццё патрыятызму, не могуць прыжыцца за мяжой — нават адносна вялікія грошы ім часта прыядаюцца. І зноў жа яны трапляюць у замкнёнае кола — на Радзіме іншы раз сутыкаюцца з несправядлівасцю, малымі магчымасцямі для раскруткі. Якое выйсце з сітуацыі? Многія чытачы выказалі свае меркаванні па набалелай праблеме. Друкуем самыя цікавыя каментары: Ханка: Знаёмая вярнулася днямі з Германіі, збіраецца шукаць працу ў Беларусі. Ведаеце, немцы — не амерыканцы, нянькам шмат не плацяць. Дзяўчына жыла ў доме працадаўцы, даглядала дзіця-інваліда. Маленькі гарадок, нейкія там курсы. Казала мне: "Ні за што не буду там жыць!". Пытаюся: "А калі збіраешся вяртацца?" "Ну, не ведаю, яшчэ паўгода пабуду". Вось такія зазвычай былі размовы. Калі дома нічога не атрымаецца, яна зноўку збіраецца вяртацца туды. Nо-аvаtаr: Раманчукоў, шумчанкаў — плюнуць няма куды. А як справа даходзіць да дробнай кансультацыі — навыперадкі ў райвыканкам <І>(сапраўды ў тэксце вялася размова пра тое, што дзяржаўныя чыноўнікі павінны спрыяць маладым і ахвочым людзям у развіцці іх пачынанняў. — Аўтар). Сабе ж ці то дыягназ, ці то прысуд падпісваеце, "свядомыя". Дарэчы, якія такія ўмовы патрэбныя для напісання калі не "Гары Потэра", то "Чорнага замка Альшанскага"? Апроч алоўка і кавалка паперы? (У тэксце пісалася, што творчай моладзі не даюць магчымасці развівацца, як вынік — яркіх імёнаў у літаратуры, музыцы і іншых падобных сферах не з'яўляецца. — Аўтар). Што, зноўку рэжым вінаваты? Ці, можа, калгасны менталітэт суседзяў? Shurароlуаnа: Мне вельмі шкада вас, Яўген, што музыка ў вас асацыюецца з масавай культурай. Магу вас упэўніць, хоць я і не журналіст: у Беларусі дастаткова маладых імёнаў, якія шырока вядомыя не толькі ў нашай краіне. Праўда, яны прадстаўнікі элітнай класічнай культуры: Паначэўны, Стахіевіч, Сінкевіч, Бельцюкова, Беражная, Плігаўка, Палякоў, Гарадзецкі і многія іншыя. Я не буду распісваць іх дасягненні. Мне цікава, ці зможаце вы, як журналіст, знайсці пра іх інфармацыю. Дык, можа, варта змяніць ракурс і звярнуцца да гэтых маладых музыкаў, якія маюць больш перспектыў, чым уся беларуская "папса"? Ад аўтара. Пагаджуся з вамі. У кожнай высокаразвітай краіне людзі ведаюць і паважаюць прадстаўнікоў "элітнай" культуры. Скажам, у Барселоне легендарныя оперныя артысты Хасэ Карэрас і Мантсэрат Кабалье зрабіліся не інакш як культурнымі ідаламі. У нас пакуль з усіх шчылінаў часта пруць блатныя бяздарнасці, а на справе яны проста няздольныя дасягнуць папулярнасці. А тым, пра каго вы напісалі, пакуль нашмат цяжэй. Юлія: Наша "талерантнасць" і "добразычлівасць", на маю думку, прагнілы міф. У больш-менш вялікіх гарадах, дзе людзі адно аднаго не ведаюць, — абыякавасць. У правінцыі — адно аднаго брудам паліваюць і смакуюць плёткі. Дзе вы бачылі, каб беларус за беларуса шчыра радаваўся? Я б на гэта паглядзела. А "талерантныя ўсмешкі" — паказуха для тэлебачання і замежных гасцей! Пра цяганіну ў "інстанцыях" і ўзгадваць не хачу. Пра якую дапамогу маладым і перспектыўным у такой сітуацыі можна гаварыць? Зразумела, ніхто нічога гатовага нікому не дасць. Але і ўмоў, каб нечага дабіцца самому, у нас, лічу, мала... Sоvа_115: Ведаеце прымаўку: "Дапамагай таленавітым, а бяздарнасці праб'юцца самі?" На жаль, у высокіх крэслах часта сядзяць такія людзі, якім маладыя і яркія — як костка ў горле! Прыклад з маіх назіранняў. На работу ў навуковую ўстанову спрабуюць уладкавацца два чалавекі аднолькавага ўзросту. Адзін — малады энтузіяст, зацікаўлены сваёй працай. Пра такіх кажуць — перспектыўны. Другі прыйшоў таму, што трэба недзе працаваць. Перавагу аддалі апошняму. Наглядальнік: Сам жыў за кардонам два з паловай гады. І далучаюся да таго, што сказаў той наш вучоны з Нідэрландаў: "Ведаеш, чаму мне часта хочацца вярнуцца дадому? Таму што за мяжой мы — ніхто. Грошы ёсць, і ў начальства маеш добрую рэпутацыю, а адчуваеш сябе чужым, пігмеем у баскетбольнай дружыне. Але і вяртацца на заробак у 500 тысяч не хочацца..." (Сапраўды гэта цытата прыводзілася ў тэксце. — Аўтар). Гэта так. Там можна шмат зарабляць. З табой будуць ветліва абыходзіцца. Але нутром адчуваеш, што ты чужы. Там ты атрымаеш увагу, не прападзеш у выпадку чаго. Мінімум клопату там атрымаць можна, але не больш. Крыўдзіцца на гэта — глупства. Там увогуле ніхто не абавязаны нічога для нас рабіць. Крыўдна стала потым, калі я вярнуўся. І на сабе адчуў, што тут мы... А знаходзімся не ў чужой, а ў сваёй краіне. Нядаўна выйшаў з кабінета чарговага чыноўніка, які, упіваючыся уладай, мяне "аблаяў". Азарыла: чаму мы не можам дасягнуць таго ўзроўню, што ёсць у Еўропе? Таму што не паважаем адно аднаго і не маем адзінства нашай нацыі. Мы ўсе падзяліліся на нейкія падгрупы і адчайна змагаемся адно з адным. Мы забыліся, што належым да адной сям'і — беларусаў. У кожным сустрэчным бачым не брата па крыві, а патэнцыйнага ворага, які абавязкова нешта ў нас украдзе. Ад аўтара. У водгуках, якія мы атрымалі, лічу, дасціпна адлюстраваныя асноўныя нашы праблемы. Чаму ж мы, беларусы, часам не можам прытуліць на сваёй зямлі сваіх жа лепшых прадстаўнікоў? Ды і ўвогуле адчуць сябе паўнавартасным народам? Згодны, што перашкаджае гэтаму ў многім з'едлівая зайздрасць адно да аднаго, гэты разбуральны падзел людзей на сваіх і чужых. А такі падыход, у сваю чаргу, прыводзіць да наступнай небяспечнай тэндэнцыі: адказныя людзі падыходзяць да іншых па прынцыпе "свой-чужы", што вядзе да карупцыі, блату і іншага. Але далёка не ўсе адказныя людзі кіруюцца такімі прынцыпамі. І веру, што "каставыя" стэрэатыпы рана ці позна павінны сябе зжыць. І самыя вартыя пабачаць перад сабой зялёнае святло на родных дарогах. Яўген ВАЛОШЫН. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нумары "Звязды" за 4 верасня 2010 года выйшаў тэкст "Ці ёсць выбар у маладога і перспектыўнага?" Вось пра што я разважаў у тэксце. З аднаго боку, многія...
|
|