Колькі Нарачаў на Нарачы?. 21.by

Колькі Нарачаў на Нарачы?

18.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З рэестру Нарачанскага сельскага Савета даведваюся, што назву самага вялікага ў краіне возера, акрамя самога возера, маюць:

1. Вёска Нарач.

2. Курортны пасёлак Нарач.

3. Аграгарадок Нарач.

4. Гасцініца "Нарач".

5. Тургасцініца (туркомплекс) "Нарач".

6. Санаторый "Нарач".

7. Дзіцячы аздараўленчы лагер "Нарач".

8. Санаторый "Нарачанскі бераг".

9. Аўтакемпінг "Нарачанка".

10. РУП ОРХ "Нарач" (колішні рыбзавод).

11. Нацыянальны парк "Нарачанскі".

12. "Нарачанская Ніва" (колішні саўгас "Нарач").

13. РУП "Нарачанскі завод напіткаў".

14. ТАА "Нарачанскі масласырзавод".

Спіс можна працягваць. Не надта даўно былі яшчэ Дом адпачынку "Нарач", калгас "Нарач", Нарачанскі пасялковы Савет.

Не ведаю, захапляцца гэтым нарачанскім "букетам", вартым кнігі рэкордаў, ці здзіўляцца колькасці аднолькавых назваў, бо ніводзін з айчынных прыродных аб'ектаў не набыў і паловы гэткай славы. Не магу шчыра вызначыцца ў сваіх пачуццях, але без усмешкі гэты пералік не ўспрымаю. Дарэчы, у мяне заўсёды выклікаюць пытанне выпадкі, калі, напрыклад, імя бацькі даецца і сыну, і ў сям'і з'яўляюцца два Васі, два Сашы альбо два Сярожы. Няўжо не хапае імёнаў? Ці іншыя сапраўды не пасуюць чалавеку? Няўжо на Нарачы павінны быць адны Нарачы? Іншая справа, каб гэта быў вялікі горад, сталіца. У адным сельсавеце, лічы, у адным месцы, гэта здаецца перабольшваннем.

З аднаго боку, відавочна, што назва возера стала брэндам — гэта і прызнанне, і любоў, і павага. У гонар беларускага "мора" называюць вуліцы, гандлёвыя цэнтры, рэстараны і кавярні, прадукты харчавання: сыры, мінеральную ваду, нават каўбасу. Самы вядомы з іх чорны хлеб "Нарачанскі" — папулярны ў мінчан за добрыя смакавыя якасці.

З іншага, навідавоку бессэнсоўныя паўторы, якія выклікаюць блытаніну ў геаграфічных абазначэннях і назвах устаноў. У Беларусі даволі часта сустракаюцца аднолькавыя назвы, напрыклад, возера ці ракі і вёскі на яе беразе. Напрыклад, рака Лань і вёска Лань (Нясвіжскі раён) альбо возера Шо і вёска Шо (Глыбоцкі раён). Ці вёска Нарач на беразе ракі Нарач у Вілейскім раёне (вось яшчэ дзве Нарачы). Гэтыя паселішчы старажытныя, і назвы склаліся з умовамі колішніх абставін, іхняе ўтварэнне штучным ніяк не назавеш. Здзіўляе якраз тое, што на азёрным беразе ніколі не было населенага пункта з назвай Нарач (калі не лічыць вёску Занарач). Цяпер іх ажно два.

У 1964 годзе назву вёскі Кабыльнік незразумела навошта перайначылі. Старажытную, першае ўпамінанне якой, як маёнтка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, адносіцца да 1463 года. Цяпер гэта вёска Нарач (цікава, што перайменавалі якраз ў 500-гадовым узросце). І хоць з часу перайменавання прайшло амаль паўсотні гадоў, многія жыхары па-ранейшаму ўжываюць старую назву Кабыльнік — каб, найперш, не блытацца ў шматлікіх Нарачах. І яшчэ справа звычкі. Уявіце, каб чалавека, які пражыў на свеце гадоў гэтак 50-60, раптам сталі называць па-іншаму? Іншая справа, каб Кабыльнік знаходзіўся непасрэдна на азёрным беразе ці ў яго не было сваёй — кабыльніцкай — гісторыі. У 2006 годзе колішні Кабыльнік стаў яшчэ і аграгарадком "Нарач".

Санаторны пасёлак Нарач (тры кіламетры ад вёскі Нарач) з'явіўся ў тым самым 1964-м, калі знік Кабыльнік. Але зноў-такі мясцовы люд не кажа па-новаму — Нарач — і для зручнасці абыходзіцца старой назвай Купа. Пасёлак утварыўся з рыбацкіх вёсак Купа, Урлікі і Сцепянёва. Назвы гэтых населеных пунктаў з цягам часу не перайшлі ў назвы новых здраўніц ці вуліц. А замест колішняй дарогі ўздоўж возера з'явілася вуліца Нарачанская. Адрас адной з аздараўленчых устаноў гучыць так: пасёлак Нарач, вуліца Нарачанская, санаторый "Нарач". Сапраўды, знарок не прыдумаеш. Але, як вядома, колькі не кажы цукар, соладка ў роце не будзе.

Колькі не называй будынкі і вёскі імем Нарач, большым, глыбейшым і чысцейшым возера не стане. І менш знакамітым, дарэчы, таксама. Нарачанскі бераг не ператворыцца ў курорты Ніццы, Егіпта ці Турцыі. Бо спярша на сваёй радзіме ён павінен стаць сапраўднай разынкай адпачынку і турызму. А тады можна і з Еўропай цягацца. Калі па-свойму, гэта значыць, па-беларуску, ставіцца і да стварэння сучаснага, адпаведнага часу сэрвісу і вобліку курортнага месца, не ігнараваць і гісторыка-культурную спадчыну, да якой адносяцца і старыя назвы. У дзяржаўнай праграме развіцця курортнай зоны нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады, трэба спадзявацца, многія рэчы будуць улічаны адпаведна мясцовым асаблівасцям, традыцыям, наваколлю. Але ці не з'явіцца на гэтым беразе яшчэ некалькі назваў-клонаў?

Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.

Вёска Нарач, Нарачанскі сельскі Савет, Мядзельскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не ведаю, захапляцца гэтым нарачанскім "букетам", вартым кнігі рэкордаў, ці здзіўляцца колькасці аднолькавых назваў, бо ніводзін з айчынных прыродных...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика