Застаўся жыць у дзецях. Так можна сказаць пра самага незвычайнага на Беларусі бацьку
27.11.2010
—
Новости Общества
|
Яго завуць, правільней ужо, звалі Аляксандр Віктаравіч Артамонаў. Бо, на жаль, скончылася зямное жыццё гэтага цудоўнага чалавека. Вельмі рана, на ўзлёце духоўных і творчых сіл, пайшоў ён у Царства Нябеснае.Што паспеў зрабіць за свае 52 гады Аляксандр Артамонаў?Мужна пераадолеў ранняе сіроцтва. Вывучыўся і стаў настаўнікам. Ён цярпліва і натхнёна нёс сваім выхаванцам высокае пачуццё душы, даваў надзею ў заўтрашні дзень.І вось аднойчы яму, расіяніну, трапіла ў рукі беларуская газета, у якой я пісаў пра віцебскага дзетдомаўца Германа. Артыкул называўся “Падкідыш”. Газета змясціла здымак прыгожага хлопчыка, якога знайшлі на полацкім вакзале.Гісторыя жыццёвага лёсу Германа ўсхвалявала людзей з добрымі сэрцамі. Яны засыпалі мяне пісьмамі-просьбамі дапамагчы ўсынавіць Германа. Тады яго прозвішча было — Акцябрскі, бо знайшлі менавіта ў аднайменным месяцы года.Але найбольш мяне ўсхвалявала пісьмо Аляксандра Віктаравіча Артамонава:“Усё лепшае, што мне перадалі бацькі, я імкнуся перадаць дзецям, з якімі працую ў школе, піянерскім лагеры. Аднойчы я зайшоў у дзіцячы дом. Сэрца маё сцялася ад крыўды і болю. Падумаў: вайна даўно закончылася, а чаму ж дзеці застаюцца без бацькоў? Чаму дзеці растуць без бацькоўскай пяшчоты?Вось чаму мяне вельмі ўсхваляваў лёс хлопчыка Германа. Мне зрабілася крыўдна за падкідыша. Вырашыў для сябе: трэба канчаць уздыхаць, трэба — дзейнічаць. Кожны чалавек на справе павінен даказаць: усё лепшае — дзецям! А не толькі заўсёды ківаць на дзяржаву. Вось і пачаў шукаць жывы мосцік да Германа. Захацелася стаць яму сябрам і бацькам адначасова. Хацелася вярнуць яму шчаслівае дзяцінства. Яно — пачатак жыцця. Бацькоўскі дом для кожнага з нас — гэта прыстань, адкуль пачынае сваё плаванне ў акіян кожны жыццёвы караблік”.Мы ў Беларускім дзіцячым фондзе паверылі ў шчырасць душы Аляксандра Віктаравіча Артамонава і зрабілі ўсё, каб ён усынавіў сірату. Так утварылася незвычайная сям’я ў Салігорску. Пра яе ў хуткім часе ведала ўся Беларусь. І не таму толькі, што адзінокі настаўнік усынавіў падкідыша, а яшчэ і таму, што ў іх сям’і з’явіліся паўнапраўнымі членамі яшчэ трое сірот — Сяргей, Юра, Віталік.Сёння Герман Артамонаў — кандыдат педагагічных навук, жыве і працуе ў Мінску. Сяргей і Юрый Артамонавы жывуць і працуюць у Салігорску, а малодшы Віталік вучыцца ў шостым класе.Педагагічны подзвіг Аляксандра Віктаравіча Артамонава адзначаны дзяржаўнай узнагародай — медалём Францыска Скарыны. Яму ўручана рэспубліканская прэмія “Добрае сэрца”. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі Беларускага дзіцячага фонду “Сябар дзяцей”.Нечаканая цяжкая вестка з Салігорска балюча кранула маё сэрца. Не магу змірыцца, што Аляксандр Віктаравіч так рана адышоў у вечнасць, не магу паверыць, што яго сыны ў другі раз сталі сіротамі. Толькі жыве вера ў тое, што памяць пра неардынарнага, чуллівага і мужнага педагога, дабрэйшай душы чалавека будзе вечнай.Бывай, дарагі Аляксандр Віктаравіч, нізкі паклон табе ад усіх людзей, хто ведаў цябе, хто спачуваў і дапамагаў табе, хто падтрымліваў цябе ўсе гэтыя гады! У смутку і жалобе па табе тысячы людзей Беларусі. Уладзімір ЛІПСКІ, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі Беларусі Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яго завуць, правільней ужо, звалі Аляксандр Віктаравіч Артамонаў.
|
|