Ад інавацыйных ведаў да інавацыйнай эканомікі
02.12.2010
—
Новости Общества
|
Уносім прапанову Увесь беларускі народ цяпер абмяркоўвае праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады. Гэта праграма канкрэтных дзеянняў, сфарміраваная ў выніку прывядзення да адной роўніцы разнародных падыходаў і пазіцый розных сацыяльных супольнасцяў і працоўных калектываў, падсумоўвання грамадскіх і асабістых інтарэсаў грамадзян, фарміравання на іх аснове ідэалагічных і палітычных пазіцый. Рэалізацыя такой праграмы, як правіла, дае вельмі добрыя вынікі, паколькі ўлічваюцца інтарэсы многіх людзей. Магчыма, таму ў Беларусі ідзе абмеркаванне, у якім, безумоўна, зацікаўлены многія. Супрацоўнікаў Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі асабліва ўражваюць тэмпы развіцця маладой беларускай дзяржавы. Прадугледжваецца павышэнне рэальных грашовых даходаў насельніцтва ў 2015 годзе ў 1,7 — 1,76 раза да ўзроўню 2010 года на аснове забеспячэння росту ВУП у 1,62 — 1,68 раза, прадукцыйнасці працы — у 1,63 — 1,68 раза, аб'ёмаў прамысловай вытворчасці — у 1,54 — 1,6 раза, сельскай гаспадаркі — у 1,39 — 1,45 раза. Поўнасцю падтрымліваючы асноўныя палажэнні праекта Праграмы, мэты і задачы, якія стаяць перад беларускім народам на наступную пяцігодку, мы ад імя навуковага калектыву інстытута лічым неабходным надаць асаблівую ўвагу навуцы і інавацыям. Паводле слоў французскага навукоўцы Луі Пастэра, "навука павінна быць самым узвышаным увасабленнем Айчыны, бо з усіх народаў першым заўсёды будзе той, хто апярэдзіць іншыя ў галіне думкі і разумовай дзейнасці". Для развіцця фундаментальнай навукі краіны характэрная пераемнасць пераходу ад інавацыйных ведаў да інавацыйнай эканомікі, заснаванай на патоку інавацый, пастаянным тэхналагічным удасканаленні, вытворчасці і экспарце высокатэхналагічнай прадукцыі ды новых тэхналогій. Менавіта інавацыйная эканоміка, як вядома, забяспечвае сусветную эканамічную перавагу краіны, якая яе ўвасабляе. Асноўныя прыкметы інавацыйнай эканомікі — высокі ўзровень развіцця фундаментальнай навукі і высокая якасць чалавечага патэнцыялу. Таму мы прапануем увесці ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады спецыяльны раздзел пад назвай "Навука". Сістэмаўтваральнымі фактарамі Праграмы ў названым раздзеле павінны быць прызнанне навукі і інавацыйнага развіцця асновай сацыяльна-эканамічнага руху краіны наперад; мэтанакіраваная арыентацыя дзейнасці ў галіне навукі і інавацый на сацыяльна-эканамічныя, культурныя і адукацыйныя патрэбы беларускага грамадства; пераўтварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці ў канкурэнтаздольныя на ўнутраным і знешнім рынках прадукты, паслугі, працэсы; прыцягненне моладзі ў навуку, замацаванне маладых навукоўцаў у вядучых навуковых цэнтрах і арганізацыях краіны; фарміраванне спрыяльнай фінансавай, падатковай і мытнай палітыкі ў галіне навукі і інавацый. Пункт 6 у праграме носіць назву "Развіццё інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці". Мы прапануем змяніць яго на "Актывізацыя развіцця навукі, інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці" і падраздзяліць на дзве часткі. Змест першай — развіццё навукі і інавацыйнай дзейнасці — нам уяўляецца наступным. У галіне фундаментальных даследаванняў — паглыбленне ведаў пра прыроду, чалавека і грамадства, якасць якіх павінна адпавядаць сусветнаму ўзроўню развіцця навукі, а таксама патрэбам развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы Беларусі па прыярытэтных накірунках. У галіне прыкладных даследаванняў і распрацовак — накіраванне асноўных намаганняў на распрацоўку стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны; развіццё праграмна-мэтавага метаду планавання навуковых даследаванняў і распрацовак з улікам патрэб галін рэальнага сектару эканомікі; павышэнне рэзультатыўнасці даследаванняў і распрацовак, дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і інавацыйных праектаў, асноўным крытэрыем якіх павінна быць навізна створаных аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці. У сферы дзяржаўнага кіравання навукай і інавацыямі — абгрунтаванне доўгатэрміновай стратэгіі развіцця навукі, заснаванай на выкарыстанні эфектыўных форм інтэграцыі навукі, вытворчасці і адукацыі; узмацненне мэтавай арыентацыі на вырашэнне прыярытэтных для краіны праблем; стымуляванне перспектыўных распрацовак дзяржаўнага значэння і ўдасканаленне механізму іх адбору; першачарговая падтрымка дзяржаўных навукова-тэхнічных праграм і інавацыйных праектаў, скіраваных на пашырэнне экспарту, імпартазамяшчэнне, рэсурсазберажэнне, удасканаленне і абнаўленне найбольш эфектыўных вытворчасцяў, фарміраванне попыту, у задаволенні якога айчынная навукаёмістая прадукцыя іграла б дамініруючую ролю; правядзенне эфектыўнай рэгіянальнай палітыкі ў сферы навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ; развіццё нацыянальнай інавацыйнай сістэмы. Зыходзячы з важнасці фундаментальных і прыкладных даследаванняў, распрацовак у развіцці беларускай дзяржавы, уяўляецца немэтазгодным у пункт 4.5 "Адукацыя" ўключаць падпункт "наданне ўніверсітэтам функцый цэнтраў навукова-інавацыйнай дзейнасці, стварэнне і развіццё пры іх суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры". Калі размова ідзе пра акадэмічныя навукова-даследчыя інстытуты, то згортваць іх навукова-даследчую дзейнасць і адпраўляць на перыферыю адукацыйнага поля — нелагічна і нерацыянальна. Фундаментальныя даследаванні патрабуюць сур'ёзнай даследчыцкай базы, высокапрафесійных навуковых кадраў, а прыкладныя даследаванні — пастаянных маніторынгаў рэспубліканскага маштабу. Гэтую работу немагчыма праводзіць сіламі прафесарска-выкладчыцкага складу ў "вольны ад выкладання час", калі такі ёсць. Неабходна, каб універсітэты і акадэмічныя ўстановы працавалі ў цесным узаемадзеянні, ствараючы пераемнасць ад інавацыйных ведаў да інавацыйнай эканомікі ў Беларусі. Мы перакананыя, што фундаментальная навука дапаможа сфарміраваць інавацыйную эканоміку ў краіне, аб'яднаць намаганні ўсіх грамадзян беларускай дзяржавы для павышэння іх дабрабыту і абнаўленне эканамічнага патэнцыялу краіны, выканаць рашэнні Усебеларускага сходу. Ігар КАТЛЯРОЎ, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, доктар сацыялагічных навук, прафесар. Галіна САКАЛОВА, загадчык аддзела эканамічнай сацыялогіі і сацыяльнай дэмаграфііІнстытута сацыялогіі НАН Беларусі, доктар філасофскіх навук, прафесар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Увесь беларускі народ цяпер абмяркоўвае праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады. Гэта праграма канкрэтных дзеянняў,... |
|