"Прашу справядлівасці!". 21.by

"Прашу справядлівасці!"

15.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У "Звязду" звярнулася з лістом падпісчыца Алена Іванаўна Карпава з вёскі Кудзін Бялыніцкага раёна. Яна просіць дапамогі ў мясцовых уладаў і ў Камітэце дзяржкантролю.

Алена Іванаўна, інвалід па зроку, хвалюецца за мужа Мікалая Іларыёнавіча Карпава, які працаваў пастухом у СВК "Кудзін" на ферме ў вёсцы Малы Трылесін. Менавіта працаваў — у мінулым часе, таму што пакуль ліст пісаўся і дасылаўся, мужа з працы звольнілі — па артыкуле за п'янства.

Карпава пры гэтым зусім не хавае, што муж выпівае. Больш за тое, яна не аспрэчвае яго звальненне з працы і нават не хоча, каб ён вяртаўся ў гаспадарку. Аднак, разам з тым, скаржніца настойвае на тым, што канфлікт на гэтым далёка не вычарпаны.

Пытанні Алены Іванаўны, выкладзеныя на сямі старонках, датычацца аплаты працы мужа. Сялянка ўпэўненая, што мужу на працы недаплачвалі грошы і незаконна пазбаўлялі часткі заробку. Да падрабязнага тлумачэння прыкладзены копіі дакументаў, і ўсё гэта разам павінна стаць прадметам карпатлівага разбору спецыялістаў па заработнай плаце. Рэдакцыя ж імкнулася разабрацца, як здарыўся канфлікт з кіраўніком сельскай гаспадаркі "Кудзін" і чаму немагчыма знайсці кампраміс без удзелу ўладаў, кантралёраў і журналістаў.

— Мы пайшлі ў праўленне з суседкай наконт заробку мужоў, знайшлі разыходжанні і сталі задаваць пытанні, — расказвае Алена Іванаўна пры сустрэчы ў Кудзіне. — Потым я ўважліва перачытала Працоўны кодэкс і ўбачыла, што нічога ў нас па законе не робіцца. Але мне ў канторы адказваюць: "У нашага старшыні свае законы".

Яна так і не знайшла паразумення ў праўленні гаспадаркі па налічэнні заробку мужа, а таму стала звяртацца вышэй.

— Я хачу, каб усё было законна. Калі ён 12 гадзін працаваў, то чаму яму пішуць 7? Ён за ўсё лета не меў ніводнага выхаднога дня. Летась у водпуску не быў. Працоўнага дагавора з ім не заключалі. Яны, кіраўнікі, патрабуюць і жорстка вылічваюць за парушэнні, а з іх саміх ніхто не запатрабуе. Чаму? Хачу, каб разлічылі яго заробак па справядлівасці і вярнулі грошы.

У старшыні СВК "Кудзін" Адама Сачыловіча — свая пазіцыя ў дачыненні да Мікалая Карпава ў прыватнасці і п'яніц увогуле.

— Як можна трымаць работніка, які злоўжывае спіртнымі напоямі і сістэматычна не выходзіць на працу, і ад гэтага жывёла часта застаецца галоднай? Гэта было ўжо не першы раз, і за гэта мы Карпава звольнілі. Можна не заўважыць аднойчы і двойчы, але ў выніку пакутуюць усе астатнія. Ад такога недысцыплінаванага работніка ніякай карысці, толькі шкода гаспадарцы. Так што іншага выйсця, акрамя звальнення, у мяне не было.

Прадстаўнікі мясцовай улады, якія ўжо спрабавалі разабрацца са скаргай Карпавай, гавораць, што нібыта з аплатай працы "ёсць пэўныя пытанні". Праўда, афіцыйнага заключэння на гэты конт няма. Не адмаўляецца нешта паправіць, калі на гэта ўкажуць кампетэнтныя спецыялісты, і сам Адам Сачыловіч.

— Верагодна, мы недзе і недапрацавалі, — прызнае старшыня. — Магчыма, не зусім згодна заканадаўству зрабілі і пакаралі. Калі вінаватыя — паправім. Але з пункту гледжання кіраўніка, чалавека і гаспадарніка, я маю рацыю на 100%, што перапыніў з Карпавым працоўныя дачыненні. Так цягнуцца болей не магло.

Абодва бакі, здаецца, ужо не саромеюцца ў выказваннях, нават пры ўключаным дыктафоне. У такіх, прама скажам, непрыязных стасунках наўрад ці магчымы кампраміс, які б усіх задаволіў і супакоіў.

Алена Іванаўна кажа, што яе моцна пакрыўдзіла стаўленне старшыні СВК да простага чалавека.

— Ён мяне проста выставіў, — расказвае яна са слязамі. — Адкрыў дзверы і сказаў: "Выйдзі адсюль, ты тут ніхто, а я як лічу патрэбным, так і буду плаціць". Яны там нічога не хочуць слухаць. Рот закрываюць. Ні з кім не размаўляюць нармальным чынам. Што хочуць, тое і робяць.

— Я пачуў у канторы крык: гэта Карпава, якая нават не працуе ў гаспадарцы, нарабіла шуму, — даводзіць Адам Пятровіч сваю версію здарэння. — І я сапраўды яе выдварыў. Адчыніў дзверы і сказаў, каб сыходзіла і не перашкаджала людзям працаваць. Я разумею, што, можа, у нечым я і не меў на гэта права. Але калі ўсе 310 чалавек прыйдуць сюды і будуць крычаць, то хто будзе рабіць? А мне трэба даваць краіне малако і мяса, выконваць паказчыкі.

У праўленні СВК "Кудзін" ужо адбыўся адзін разбор з удзелам зацікаўленых бакоў і спецыялістаў з Бялыніцкага райвыканкама, які, аднак, не даў палёгкі ў справе.

— Мяне крыўдзіць, што яны паступаюць без закона, — цвердзіць Алена Іванаўна. — Налічылі мужу заробак няправільна, а ўжо пасля таго, як я стала дамагацца праўды, яго штомесяц незаконна пазбаўлялі грошай. Так, ён выпіваў, але як гэта можа быць, што заробак — 400 тысяч рублёў, а палову з яго вылічваюць? Ці гэта гарантаваны дзяржавай мінімум?

Старшыня завочна адказвае:

— Я не буду трымаць работнікаў, якія не хочуць працаваць. Яны ствараюць склоку. Я лічу, што павінна быць дысцыпліна. За 7 гадоў маёй працы ў "Кудзіне" ўпершыню такая скарга.

Адам Сачыловіч назваў толькі адно выйсце з гэтай патавай сітуацыі — так бы мовіць, яўку з павіннай.

— Я б на іх месцы прыйшоў і сказаў: маўляў, прабачце, я болей не буду парушаць дысцыпліну. А так, безумоўна, я лічу, што маю рацыю і дзейнічаў якраз згодна з заканадаўствам. Тут ёсць сістэма штодзённага злоўжывання спіртнымі напоямі. Які ж я кіраўнік, калі да мяне кожны будзе такім чынам ставіцца?

Шчыра кажучы, найбольшыя перасцярогі былі наконт таго, як будзе далей існаваць сялянская сям'я Карпавых. Мужык у 49 гадоў страціў працу і заробак, а 46-гадовая жонка мае толькі пенсію па інваліднасці. Як пражыць? Аказалася, што самі Карпавы пра гэта не хвалююцца. Яны маюць добры дом з абстаноўкай і бытавой тэхнікай. Працуе дачка, ёсць падсобная гаспадарка — карова і свінні. Бульбы здалі на мільён рублёў, штолета маюць ад продажу малака дзяржаве некалькі мільёнаў рублёў. Таму Алена Іванаўна і кажа: "Жыць будзем, праца знойдзецца, нам хопіць". Муж згодна ківае галавой.

А вось сваю барацьбу за справядлівасць Карпава не збіраецца перапыняць: "Няхай паводле закона грошы налічаць і вернуць". Прычым яна нават не ўяўляе сабе, пра якую суму грошай можа ісці гаворка. Можа, і пра вельмі нязначную. Але для яе, настойвае жанчына, галоўнае — не грашовыя знакі, а справядлівасць.

Да Алены Іванаўны далучыліся ў працэсе гутаркі яшчэ дзве жанчыны, якія маюць свае прэтэнзіі да кіраўніцтва гаспадаркі. Сваю інфармацыю яны хочуць давесці да спецыялістаў Камітэта дзяржкантролю, і таму невыпадкова Карпава звярнулася на "прамую лінію" да старшыні КДК Зянона Ломаця. Цяпер скарга з Кудзіна знаходзіцца на кантролі ў супрацоўніка Камітэта дзяржкантролю Магілёўскай вобласці, а ўважліва разбірацца па яе сутнасці будуць раённыя ўлады.

— Калі і тут не дапамогуць, то напішу далей, у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, — абяцае Алена Карпава. — Не адступлюся, хоць і не хацела пачынаць усё гэта. Мы ж ходзім на выбары, галасуем за дэпутатаў, а яны потым законы пішуць. Дык для каго ж гэтыя законы напісаныя?

Ілона Іванова.

Бялыніцкі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У "Звязду" звярнулася з лістом падпісчыца Алена Іванаўна Карпава з вёскі Кудзін Бялыніцкага раёна. Яна просіць дапамогі ў мясцовых уладаў і ў Камітэце...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика