Як апрануцца з галівудскім размахам на нашу зарплату?. 21.by

Як апрануцца з галівудскім размахам на нашу зарплату?

15.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці проста жанчыне купіць зімовыя боты за 600 тысяч, калі яна зарабляе мільён? Задачка для алімпіяднікаў.

З дзелавой і стылёвай мужчынскай вопраткай — тое самае.

А вось у некаторых краінах Еўрасаюза, калі трапіш на сезонныя распродажы, — то апранешся як тэлезорка, нават за беларускую зарплату.

Журналіст "Звязды" правёў сваё нерэкламнае спажывецкае даследаванне: куды ехаць, каб не прамахнуцца з выгадным шопінгам?

Да еўрапейскіх брэндаў — 30 кіламетраў ад беларускай мяжы

Як вядома, самы кароткі шлях "з беларусаў у еўрапейскія гандлёвыя цэнтры" — гэта Вільня. 169 кіламетраў ад Мінска, 100 км ад Ліды, 30 км ад мяжы з нашай краінай.

А ў Вільні — як мінімум тры буйныя гіпермаркеты — "Акропаліс", "Озас" і "Панарама". Сотні фірмовых крамаў. Вось чаму шопінг у гэтым горадзе такі папулярны сярод беларусаў.

Адзіная перашкода на сёння — шэнгенская віза, якую звычайнаму смяротнаму не так проста атрымаць. Але нават калі зрабіць візу праз турыстычную фірму і трапіць на распродажы, то 80 еўра, выдаткаваныя за гэта (60 еўра — кошт візы, 20 еўра — за аказанне паслугі), могуць у разы акупіцца.

Па службовых справах трапіў у Вільню ў пачатку снежня гэтага года. Па логіцы ўжо павінны былі пачацца грандыёзныя распродажы. Але паблукаўшы па адным з гандлёвых цэнтраў, быў здзіўлены адносна невялікім выбарам рэчаў і стандартным коштам. Калі на жаночыя рэчы дзе-нідзе зрабілі ўцэнку, то на мужчынскія  кошты стаялі непарушным слупом.

— І што гэта за сюрпрызы такія, чаму няма зніжак? — пытаюся па-руску ў юнай прадавачкі Аліны.

— У гэтым годзе ўцэнкі пачынаюцца пазней. Кажуць, што будзе нейкія два дні з татальнымі распродажамі, але калі яны будуць, сказаць не магу. Шчыра кажучы, нават многія літоўцы выпраўляюцца на шопінг у іншыя краіны. Там большы выбар, больш уцэнак. А ў нас невялікая краіна, менш фірмовых крамаў.

Тым не менш — выбраць ёсць з чаго, асабліва жанчынам. Так, адна знаёмая студэнтка (сама беларуска, а навучаецца ў Вільні) пахвалілася, што набыла шыкоўныя зімовыя боцікі ўсяго за 100 літаў (каля 120 тысяч беларускіх рублёў).

— А ў Беларусі такія танней, чым за 500-600 тысяч, не знойдзеш, — запэўніла модніца.

Перавагай літоўскага шопінгу можна назваць тое, што ў Вільні цудоўна развіты турызм, неверагодна прыгожы стары горад, шмат месцаў, звязаных з Беларуссю. Напрыклад, можна паглядзець на будынак, дзе выходзіла газета "Наша Ніва", на вязніцу, дзе перад смерцю трымалі Кастуся Каліноўскага, на легендарны касцёл Святой Ганны, будынак Віленскага ўніверсітэта і гэтак далей...

Пераночыць у хостэле можна за 15 долараў на чалавека.

Шчыра кажучы, я нічога звышэксклюзіўнага і таннага з Вільні не прывёз. Апроч падарункаў дзецям, цукерак і сувеніраў. Але неразбэшчаны замежным шопінгам чалавек хутчэй за ўсё знойдзе для сябе нямала.

Танны шопінг у сталіцах моды можа праваліцца

Трэба сказаць, што сезоны зніжак дораць многім аматарам шопінгу неверагодныя бонусы.

Вядомы беларускі бас-гітарыст Ціхан Золатаў на працягу года збірае грошы, а ўлетку ездзіць з жонкай у тур па Еўропе.

—У Барселоне якраз трапілі на распродажы. Кашулі "Бенетон", якія спачатку каштавалі 40 еўра, бралі па тры еўра за адзінку, — хваліўся мне аднойчы Ціхан. — Набралі з жонкай абутку, штаноў, спадніц. Закупіліся — на цэлы год, зэканомілі шмат грошай.

Я трапіў у Барселону ў пачатку восені гэтага года. І, узгадаўшы пра словы Ціхана, першай справай пайшоў гуляць па вулачках у раёне станцыі метро "Каталонія". Гэты раён называюць раем для аматараў шопінгу.

— Яшчэ схадзі да старога порта, паглядзі на помнік Калумбу, на яхты, на афрыканскіх гандляроў, — вучыла мяне барселонская студэнтка Асмік, ураджэнка Арменіі. — Так дойдзеш да гандлёвага цэнтра "Марэмагнум", там шмат моладзевых марак па прымальным кошце.  

Цялежка з адзеннем, якое журналіст “Звязды” прыдбаў па зніжках.

Але нічога па зніжках для сябе, на жаль, не знайшоў. Месцамі кошт быў прымальным. Але за такія грошы, і нават танней я ў любы час закуплюся ў той жа Вільні.

Так барселонскі шопінг праваліўся. Далей я цягам тыдня аглядаў райскай прыгажосці архітэктуру, блукаў па арыгінальных каталонскіх вулачках, слухаў оперных спевакоў у Гатычным квартале ды купаўся ў моры.

Дарэчы, калі вам захочацца сумясціць культурную праграму з шопінгам у сезон зніжак, то Барселона — найлепшае для гэтага месца. Пры жаданні даляцець сюды з Каўнаса магчыма за 150 еўра ў абодва бакі (600 тысяч беларускіх рублёў), пражыванне каштуе 15 еўра за суткі (60 тысяч), а харчавацца можна не даражэй, чым у Мінску.

Шопінг у Нямеччыне, Францыі і Італіі, скажу шчыра, не здзівіў мяне таннасцю. Гэта істотна даражэй, чым у той жа Вільні. Праўда, краіны гэтыя я наведваў далёка не ў сезон зніжак.

Дык куды ехаць, каб гарантавана і паспяхова схадзіць на больш-менш танны шопінг? Журналіст "Звязды" знайшоў адказ на пытанне.

Шопінг у Польшчы. Прымальныя цэны, нават калі не патрапіш на зніжкі

Я неаднаразова чытаў як на беларускіх, так і на расійскіх форумах пра шопінг у польскім Беластоку. Прыпынімся. Горад знаходзіцца ўсяго за 50 км ад беларускай мяжы, а цэны на вядомыя брэнды — адны з самых нізкіх у Еўрасаюзе. У горадзе як мінімум два буйныя гандлёвыя цэнтры — "Панарама" і "Альфа". Выглядаюць гэтак жа, як цэнтры ў Барселоне, Нюрнбергу ці Парыжы. Цэны ж прыемна адрозніваюцца. У пачатку снежня пасадзіў у машыну дваіх знаёмых (яны ўдала вырашылі візавыя пытанні) і ўзяў курс на Беласток.

За паўтара сутак наездзілі 800 кіламетраў (41 280 беларускіх рублёў за паліва на чалавека). Страхоўку, так званую "Зялёную карту", разбілі на траіх (40 тысяч беларускіх рублёў на чалавека). У самім Беластоку з дапамогай інтэрнэта знайшлі недарагі хостэл, дзе пераначавалі (усяго за 25 тысяч беларускіх рублёў на чалавека). На харчаванне я асабіста аддаў 30 тысяч беларускіх рублёў. Такім чынам, вандроўка ў Беласток абышлася мне прыкладна ў 135 тысяч беларускіх рублёў.

На жаль, у пачатку снежня татальныя калядныя распродажы яшчэ не пачаліся. Прадаўцы праінфармавалі нас, што афіцыйна зніжкі пачынаюцца за тыдзень да каталіцкіх Калядаў — прыкладна 18 снежня. І доўжацца да канца студзеня.

Тым не менш, шопінг не быў сапсаваны.

— Трасца, фірмовыя джынсы каштуюць амаль у чатыры разы танней, чым былі першапачаткова! — здзівіўся я ў адной з крамаў.

На цэнніку быў пазначаны стары кошт (229 злотых, па сённяшнім курсе каля 230 тысяч беларускіх рублёў) і новы (59 злотых, каля 60 тысяч беларускіх рублёў). Прытым джынсы аказаліся фірменнымі, класічнымі. Так выкупіў сабе некалькі пар нагавіцаў, модны скураны абутак (150 тысяч рублёў за пару), фірменную майку з доўгімі рукавамі (25 тысяч беларускі рублёў).

Якія-ніякія зніжкі пачаліся ў крамах бытавой тэхнікі. Так, некалькі месяцаў таму ў Мінску я набыў сабе мабільны тэлефон за 70 долараў. Тут жа такі самы ляжаў па ўцэнцы за 30 долараў.

Пачаліся зніжкі і на дзіцячую вопратку. За цэны, удвая ніжэйшыя, чым былі першапачаткова, набыў падарункі (джынсавыя камбінезоны, пальчаткі, каптуркі, майкі) траім хрэснікам.

— Цяпер выглядаем, як галівудскія тэлезоркі, — падсумавала мае шопінг-прыгоды васьмігадовая пляменніца Сафія, атрымаўшы падарункі.

І сапраўды, купіўшы вопратку за мяжой, мне ўдалося нямала зэканоміць.

Як аказалася, такія ж выгадныя ўмовы для шопінгу можна знайсці і ў іншых польскіх гарадах. Паўсюль ёсць прыстойныя гандлёвыя цэнтры.

Уяўляю сабе, якія цэны ўсталююць там у сезон зніжак.

многія еўрапейскія брэнды ўжо прыйшлі і ў суседнія Кіеў з Масквой. Пачакаем і нас? Да святаў блізка-блізка...

Яўген ВАЛОШЫН.    

Кошты на адно і тое ж адзенне адрозніваюцца ў розных краінах

Маркі адзення ў гандлёвых цэнтрах розных еўрапейскіх дзяржаў збольшага аднолькавыя. Глабалізацыя. Скажам, такія канторы, як "Ньюёркер", "Зара", "Дуглас", "Мекс" і многія іншыя прысутнічаюць абсалютна ў любым буйным заходнееўрапейскім гандлёвым цэнтры. Толькі цэны на тавары адрозніваюцца. Вылічваюцца яны па нейкім дзіўным каэфіцыенце агульнага ўзроўню жыцця, трываласці валюты.

Але мне гэты каэфіцыент не заўсёды падаецца лагічным. Скажам, у Літве цэны на мужчынскае адзенне прыкладна на 10-15% большыя, чым у Польшчы. У Нямеччыне — на 15-20% вышэйшыя, чым у Літве.

Аднак падчас сезонных зніжак набыць адзенне па сімвалічным кошце магчыма абсалютна паўсюль.   Папулярны сярод моладзі барселонскі “Марэмагнум”. Прыкладна гэтак жа выглядаюць гандлёвыя цэнтры па ўсім Еўрасаюзе.

Як не прамахнуцца з распродажам?

У большасці краін Еўрасаюза калядныя распродажы пачынаюцца незадоўга да 25 снежня, перад Божым Нараджэннем. Гэты час называюць самым удалым для шопінгу. Ёсць вялікі выбар і зімовай і асенне-вясенняй вопраткі. Сканчаюцца распродажы ў канцы студзеня. Зніжкі дасягаюць 80%. Але і ў лютым уцэнкі на многія зімовыя рэчы здараюцца.

Летнія ж распродажы пачынаюцца з канца чэрвеня—пачатку ліпеня і цягнуцца каля месяца. Уцэнкі робяць як на летнюю, так і на вясеннюю вопратку.

Цікава, што ў многіх краінах Еўрасаюза тэрміны сезону зніжак рэгулююцца заканадаўствам.

Дзе зніжкі дзейнічаюць круглы год?

У многіх краінах Еўрасаюза функцыянуюць так званыя дысконтныя раёны Сhіс Оutlеt Shорріng. Тут круглы год са зніжкамі прадаецца адзенне сусветных брэндаў. Мне ўдалося наведаць такі раён у польскай сталіцы Варшаве (гандлёвы цэнтр Fаktоrу). Там за адну гадзіну шопінгу я за 40 долараў набыў пінжак, які першапачаткова каштаваў 250. А за 35 долараў — скураныя красоўкі (першапачаткова каштавалі 120 долараў).

Ля еўрапейскіх сталіц моды (такіх, як Барселона, Мілан, Дзюсельдорф, Парыж і гэтак далей) функцыянуюць так званыя "вёскі распродажаў". Набываць там лепш адзенне дарагіх марак.

Але пераважнай большасці простых беларусаў, якія жывуць на сціплую зарплату, такі шопінг можа бачыцца толькі ў снах.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці проста жанчыне купіць зімовыя боты за 600 тысяч, калі яна зарабляе мільён? Задачка для алімпіяднікаў. З дзелавой і стылёвай мужчынскай вопраткай — тое самае. А...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика