Дзе павучыцца быць домакіраўніком?. 21.by

Дзе павучыцца быць домакіраўніком?

15.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Якія ёсць магчымасці для навучання домакіраўнікоў жыллём у Беларусі, высвятляла Настасся Занько

Калі паспрабаваць забіць у інтэрнэт-пашукавік словазлучэнне "патрабуецца кіраўнік дома" ці "старшыня таварыства ўласнікаў" (у аб'явах розніцы паміж імі няма), то на вас вываліцца некалькі сотняў спасылак. Попыт на домакіраўнікоў досыць высокі. І па ацэнках спецыялістаў, праца ў гэтай сферы досыць перспектыўная. Таму што не за гарамі прыход рынкавых адносін у сферу жыллёва-камунальных паслуг. Ды і зараз добры домакіраўнік можа зарабляць вельмі і вельмі нядрэнна. Некаторыя вядуць некалькі дамоў (заробак у кожным можа складаць да двух мільёнаў). "Дзе ж атрымаць такую неблагую спецыяльнасць?" — спытаеце вы.

У сталіцы курсы для старшынь ТУ, ЖБК і ЖСПК праводзяцца ў дзяржаўным навучальным цэнтры "Жылкам", Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, а таксама ў Беларускім інстытуце правазнаўства.

"Жылкам" праводзіць курсы чатыры гады

Па словах метадыста вышэйшай катэгорыі Марыны Камінскай, менавіта Жылкам быў першым у распрацоўцы праграмы навучання старшыняў таварыстваў уласнікаў.

— Курсы мы праводзім з 2006 года. Звычайна яны ў нас праходзяць у чэрвені. Аднак у сувязі з выхадам указа № 538 мы арганізавалі дадатковыя курсы з 20 па 24 снежня. Каштаваць яны будуць 176 650 рублёў. Выкладчыкі — спецыялісты Міністэрства ЖКГ, Мінгарвыканкама, БНТУ і інш., а таксама вопытныя старшыні таварыстваў уласнікаў, — кажа спадарыня Камінская. — Зараз з 312 таварыстваў уласнікаў, што ў Мінску, запісалася чалавек 20. Многія казалі, што дорага, але такія меркаванні былі нават тады, калі курсы каштавалі 136 тыс.

Вырашаць канфлікты з жыльцамі навучыць БНТУ

Першую групу на навучальныя курсы для домакіраўнікоў Інстытут павышэння кваліфікацыі БНТУ набраў тры гады таму. З таго часу і па сённяшні дзень яны карыстаюцца попытам.

— Мы рыхтуем не толькі старшынь таварыстваў уласнікаў, але і старшынь ЖБК, ЖБСК і ТУ, — расказвае прафесар кафедры будаўніцтва і эксплуатацыі будынкаў факультэта "Будаўніцтва і нерухомасць" Яўген Сапожнікаў. — У аснову нашага курса ўваходзіць юрыдычнае справаводства, канструкцыя будынкаў і збудаванняў, а таксама санітарныя ўмовы пражывання, энергазберагальныя тэхналогіі і экалогія, пытанні чысціні вады і г.д. Асобна надаецца ўвага спосабам вырашэння канфліктаў паміж жыхарамі.

Выкладчыкі — спецыялісты ўніверсітэта. У БНТУ ёсць два віды курсаў: тыднёвыя, якія тычацца толькі эксплуатацыі жылля, і пашыраныя двухтыднёвыя. Кошт першых складае 400-500 тыс. рублёў (у залежнасці ад велічыні групы), другіх — 700 тыс. рублёў. Пасля навучання выдаецца пасведчанне.

На курсы ў БНТУ, па словах прафесара Сапожнікава, у асноўным прыходзяць мэтанакіраваныя зацікаўленыя людзі.

— Хоць бывае кантынгент розны, — расказвае спадар Яўген. — Ведаеце, як у Ільфа і Пятрова: "Куды мне падацца? Ва ўпраўдомы". Таму і ідуць усе без разбору.

Падабраць калектыў дапаможа Інстытут правазнаўства

Курсы, падобныя да БНТУ ёсць і ў Інстытуце правазнаўства.

— У асноўным гэта курсы па эксплуатацыі, пачынаючы з канструктыўных элементаў і заканчваючы заключэннем дамоў. Сюды ўваходзяць таксама кадравае справаводства і бухгалтарскі ўлік, а таксама спосабы і метады вырашэння канфліктаў паміж суседзямі, — кажа каардынатар праекта Людміла Карабо. — Таксама распрацаваны праграмы асобна для ЖБСК якія пачынаюць весці дом фактычна з "нуля". І для таварыства ўласнікаў, якія па факце прыходзяць у дом.

У ІБП ёсць розныя курсы ад трох дзён да 2 месяцаў. Кошт курсаў (50 гадзін) — 399 тыс. Семінары — ад 144 (аднадзённыя) да 380 (трохдзённыя).

— Мы выдаём сертыфікаты. Працуем таксама і з выканкамамі, і з забудоўшчыкамі, запрашаем практыкаў, каб яны падзяліліся сваім досведам, — кажа спадарыня Людміла.

— Попыт на такія курсы ёсць. Таму што кожны дом павінен стварыць сваё таварыства ўласнікаў. Са свайго ўласнага досведу магу сказаць, што кіраванне дамамі пачынае актыўна і цікава развівацца, — адзначае Людміла Карабо. — У перспектыве, думаю, будуць развівацца кіруючыя кампаніі. Таму што ўсё ж старшыня таварыства — больш грамадская пасада, а домам павінен займацца прафесіянал. Як мне падаецца, домакіраўнік — цікавая спецыяльнасць для актыўнай моладзі, а таксама для менеджараў, якія ў 40-45 гадоў засталіся без працы, але маюць уяўленне пра тое, як трэба арганізоўваць калектыў.

А што ў рэгіёнах?

Пры Віцебскім тэхналагічным універсітэце курсы праводзіліся, як сведчыць сайт аблвыканкама, сёлета. Кошт за два тыдні навучання — 138 тысяч рублёў.

На сталай аснове адукацыйныя курсы праходзяць у Гомелі і Магілёве (навучальны камбінат ЖКГ праводзіць для ўсіх ахвотных спецыяльныя заняткі). Прычым, як паведамілі ў Гомельскім аблвыканкаме, асноўная маса старшыняў і бухгалтараў таварыстваў уласнікаў прайшла курсы ў 2008 годзе.

У Гродне рыхтаваць домакіраўнікоў пачнуць са студзеня наступнага года.

— Зараз распрацоўваецца 40-гадзінная навучальная праграма. Мы нават гатовыя ладзіць семінары і курсы ў Лідзе, Слоніме, — кажа Уладзімір Сідарчук, галоўны спецыяліст аддзела жыллёвай гаспадаркі ўпраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама. — Заняткі будуць праходзіць у другой палове дня, выкладчыкі — спецыялісты абласнога ўпраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама. Мяркуецца, што навучанне будзе каштаваць каля Br210 тыс.

Дадатковая інфармацыя ў грамадскіх арганізацыях

Атрымаць дадатковыя веды па кіраванні домам можна і ў грамадскіх арганізацыях.

У Віцебску дзейнічае асацыяцыя таварыстваў уласнікаў "Віцебская альтэрнатыва". У Мінску літаральна сёлета была зарэгістравана Міжнародная асацыяцыя кіраўнікоў нерухомасці. У бліжэйшы час запрацуе сайт, на якім можна знайсці ўсю неабходную інфармацыю.

У Беларусі дзейнічае ініцыятыва "Жыллёвая гаспадарка ва Усходняй Еўропе", якая фінансуецца Еўрасаюзам. На працягу двух апошніх гадоў дзякуючы гэтай ініцыятыве ў нашай краіне праходзіў праект "Жыллёвыя рэформы з удзелам насельніцтва". Падчас праекта ўсім зацікаўленым прапаноўвалася ўдзельнічаць у "круглых сталах", навучальных семінарах і г.д.

Карысную інфармацыю пра таварыствы ўласнікаў можна даведацца на сайтах:

1. осhаg7.nаrоd.ru/ — сайт таварыства ўласнікаў "Ачаг".

2. httр://www.bеldоm.оrg/ — інтэрнэт-платформа "Жыві як гаспадар".

3. httр://jіldоm.соm/— інфармацыйная платформа "Жыллёвыя рэформы з удзелам насельніцтва".

4. httр://vіtаltеrnаtіvа.nаrоd.ru/ — сайт асацыяцыі таварыстваў уласнікаў "Віцебская альтэрнатыва".

Погляд спецыяліста

Генадзь Калёнаў, старшыня таварыства ўласнікаў "Ачаг".

— Што да эфектыўнасці курсаў, то кожная арганізацыя прапануе свой пэўны набор інфармацыі. На маю думку, 3-5 дзён заняткаў — гэта "павышэнне кваліфікацыі". Навучанне — гэта мінімум месяц для падрыхтаваных спецыялістаў і адпаведна больш за месяц для непадрыхтаваных.

У любым выпадку, калі "старшыня" нічога не ведае ні пра кіраванне, ні пра заканадаўства, ні пра бухгалтэрыю, ні пра правілы вядзення справаводства і г.д., то гэта — выбарная пасада, якая дазваляе ажыццяўляць прадстаўніцкія функцыі. А сумесным домаўладанне ў гэтым выпадку павінен кіраваць прафесійна падрыхтаваны чалавек за адпаведную зарплату. Назавём яго "кіраўнік". Але зноў жа, каб кантраляваць дзейнасць "кіраўніка", старшыня таварыства павінен прайсці курсы павышэння кваліфікацыі, каб мець базавыя веды.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Якія ёсць магчымасці для навучання домакіраўнікоў жыллём у Беларусі, высвятляла Настасся Занько
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика