"Тут рускі дух, тут Руссю пахне...". 21.by

"Тут рускі дух, тут Руссю пахне..."

15.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кіеў няспешна рыхтуецца да Новага года і пакуль не радуе багаццем распродажаў. У крамах на знакамітым Хрышчаціку дзе-нідзе красуюцца надпісы -20%, -30%, але гэта яшчэ не татальныя распродажы, калі ўсё, напрыклад, па 40 грывень. Еўрапейскія брэнды кшталту Zаrа і Vеrо Mоdа зніжкі рыхтуюць толькі ў сярэдзіне студзеня, хоць яшчэ год таму яны пачыналіся ў снежні. Але як паехаць з Кіева, нічога не набыўшы на Хрышчаціку (кіеўскі торт у разлік браць не будзем)? Мы з калегай спыняемся на куртцы, якая замест 899 грывень зараз каштуе 499 (каля 65 долараў ці 200 тысяч) і, не доўга раздумваючы, набываем. Часу застаецца няшмат — наша прагулка пачалася толькі ў дзевяць гадзін вечара — большасць магазінаў зачыняецца тут якраз а 21-й. А нам трэба трапіць яшчэ на Майдан Незалежнасці і знайсці кіеўскі торт.

 

Ад Хрышчаціка да Майдана

Знакаміты Хрышчацік з'яўляецца самай кароткай галоўнай вуліцай у Еўропе і складае ўсяго 1 кіламетр 200 метраў. На выхадных і ў святочныя дні аўтамабільны рух на ім перакрываецца, і вуліца цалкам пешаходная, а на Майдане абавязкова арганізуецца які-небудзь канцэрт. Праўда, неаднаразова даводзілася чуць, што кіяўлянам даўно прыеліся гэтыя канцэрты, і на Хрышчаціку звычайна прагульваюцца толькі госці ўкраінскай сталіцы. Самі ж жыхары Кіева аддаюць перавагу больш спакойным месцам. У старажытнасці гэтая галоўная вуліца была ўскраінай Кіева, куды хадзілі паляваць і рыбачыць, яна мела назву Хрышчата даліна. Вуліцу пераймяноўвалі, і ў савецкія часы яна называлася ў гонар Вацлава Вароўскага, аднак назва не прыжылася — кіяўляне хутка назвалі яе "Воровской". Падчас вайны вуліца была амаль цалкам зруйнаваная, сталіца Украіны была разбурана на 60 працэнтаў. Сёння на Хрышчаціку ў асноўным месцяцца офісы. Калі хто і жыве, то гэта, як правіла, старэнькая бабуля, якая марыць прадаць сваю кватэру калі-небудзь у будучыні, калі яе кошт будзе нашмат большым.

Што да кошту кватэр у сталіцы Кіева, то яны адрозніваюцца ад мінскіх. Калега з рэкламнага агенцтва расказвае, што іх мінская фірма здымала кватэру для супрацоўнікаў у Кіеве. Гэта быў пакой у доме барачнага тыпу, з клапамі і тараканамі, праўда, усяго за 300 долараў, але такія танныя пакоі ў дэфіцыце. Набыць кватэру ў Кіеве — гэта мара многіх украінцаў, і не толькі. Арганізатар нашага прэс-тура Марыя расказвае, што яе сяброўка прадала дзве трохпакаёвыя кватэры ў Чарнігаве, каб набыць аднапакаёўку ў Кіеве. Танней набыць кватэру дзесьці ў Еўропе, чым у Кіеве, — так кажуць самі кіяўляне. Праўда, усё роўна знаходзяцца тыя, хто гатовы аддаць 300 тысяч долараў за жыллё ва ўкраінскай сталіцы. У крызіс, як расказвае нам Алена, наш экскурсавод, яго сталі значна менш будаваць, некаторыя будоўлі замарожаныя па 2-3 гады. Але для таго, хто змог захаваць грошы ў крызіс, зараз самы час штосьці набываць — цэны на нерухомасць упалі ледзь не ўдвая. Калі аднапакаёўка 2-3 гады таму каштавала сама менш сто тысяч долараў, то цяпер можна пашукаць за 60. Праўда, з такімі цэнамі іх ніхто не хоча прадаваць. Сама Алена скарысталася выгодамі крызісу — летам яна набыла новы аўтамабіль у салоне — скідка была 10 тысяч грывень.

"Я займаюся цяпер экскурсіямі ў прыватным парадку, у мяне пагадзінная аплата, таму я даўно не сачу за зарплатамі. Раней я ішла ў тую кампанію, дзе мне плацілі больш, а цяпер знайшла справу, ад якой атрымліваю задавальненне і зарабляю. Сярэдні заробак у Кіеве — дзесьці 500 долараў. Урачы, наколькі я ведаю, зарабляюць 1600 грыўняў (200 долараў — Рэд.). Пенсія ў нас — 660 грыўняў — сацыяльная (80 долараў. — Рэд.), 980 грыўняў — сярэдняя (120 долараў)", — расказвае Алена.

Майдан Незалежнасці не ўражвае — на ім пачалі ўстанаўліваць ёлку, не скончылі і абгарадзілі шчытамі. Адзіны напамін пра колішнюю гучную палітычную славу галоўнай плошчы ўкраінскай сталіцы — палатка адной з партый, якая тут жа выконвае ролю і офіса. Паліттэхналогіі ва Украіне самыя розныя, і іх разнастайнасць можна назіраць на вуліцах. "Батьківщина захистить тебе. Юлія Тимошенко" — гэта бігборд у цэнтры Кіева галоўнай цяпер апазіцыянеркі Украіны, лідара партыі "Батьківщина". А вось яшчэ адзін, непадпісаны: "Г. Суркіса — у адстаўку". Чым не задавальняе кіраўнік украінскага футбола — гэта вам любы балельшчык раскажа. А вось каму належыць аўтарства гэтага бігборда на кальцавой Кіева, сказаць складана. Хутчэй за ўсё — апазіцыі, а магчыма, і самому Суркісу, каб было ў чым абвінаваціць пасля апазіцыю — меркаванні выказваюцца самыя розныя.

Цэнтр Кіева — вялікая колькасць хмарачосаў, якія будуюцца ці пабудаваныя нядаўна. Гэта офісныя будынкі і гасцініцы. Будуючы першыя, адміністрацыя Кіева яшчэ больш ускладняе сітуацыю, ператвараючы цэнтр горада ў суцэльны аўтамабільны затор (асабіста нам пашанцавала прастаяць аднойчы не больш за паўтары гадзіны). Узводзячы гасцініцы, украінская сталіца рыхтуецца прыняць чэмпіянат свету па футболе-2012-м. Гатэль "Хаят", вядомы сваёй сеткай па ўсім свеце, пабудаваны ў цэнтры Кіева, побач з Сафіяй Кіеўскай. Як вядома, апошняя з'яўляецца музеем пад патранатам ЮНЭСКА, самым старым саборам не толькі на тэрыторыі Украіны, але і Расіі і Беларусі. Але з прычыны таго, што арабскія бізнэсмены побач узвялі "Хаят", адна з галоўных адметнасцяў Кіева можа пазбавіцца статусу ЮНЭСКА. Дарэчы, Сафія Кіеўская, дзе са старажытнасці хрысціліся кіеўскія князі, шэсць гадоў таму на адзін дзень ізноў ператварыўся ў храм. Віктар Юшчанка аддаў загад зачыніць музей і пажадаў атрымаць там блаславенне на ўладу.

Яшчэ адна адметнасць, якая ажыла ў Кіеве перад чэмпіянатам свету — архітэктурны ансамбль "Радзіма-маці", на шчыце якой зноў адчынілі аглядную пляцоўку. Зачыненая яна была пасля таго, як 102-метровую "Радзіму-маці" аблюбавалі самагубцы. Цяпер уваход і пад'ём на ліфце на аглядную пляцоўку каштуе 200 грыўняў (каля 25 долараў).

Кіеўскі торт і сала ў шакаладзе

Кіеў, як сцвярджаюць кіеўляне, паступова ператвараецца ў еўрапейскі горад і страчвае сваю самабытнасць. "Кіяўляне развучваюцца самі арганізоўваць свой адпачынак. Куды прасцей пры наяўнасці грошай пайсці ў гандлёва-забаўляльны цэнтр ці рэстаран", — расказвае наш гід Алена. Праўда, адметнае заўсёды можна знайсці ва ўкраінскай кухні. На першае нам усюды падаюць боршч, а ў якасці салаты — вінегрэт. Гэта дзве бадай што галоўныя ўкраінскія стравы, без якіх нельга ўявіць стол. Не лічачы сала. У Кіеве сапраўды ёсць рэстаран, дзе падаюць сала ў шакаладзе. Кавалачак сала нанізаны на шпажку і пакрыты шакаладам. Далікатэс падаюць у невялікай колькасці (чатыры шпажкі), і каштуе гэтае задавальненне ўсяго 30 грывень (менш за 5 долараў). А турысты з постсавецкай прасторы па-ранейшаму па традыцыі вязуць з украінскай сталіцы кіеўскія торты. Прычым сапраўдным лічыцца толькі выраблены на фабрыцы "Рашэн" (былая фабрыка імя Карла Маркса). Гісторыя гэтага торта, як і ўсе ўкраінскія адметнасці, абрасла легендамі. Паводле першай, рэцэпт яго ў ХІХ стагоддзі хтосьці ўкраў у французскага кандытара. Паводле другой, нехта кандытар Пятрэнка, які працаваў на фабрыцы імя Карла Маркса, аднойчы ўзбіў занадта шмат бялку, паставіў ў лядоўню і забыўся на яго. Раніцай ён паглядзеў у лядоўню і спалохаўся, што так шмат прадукту загублена — бялок засох. Тады кандытар дадаў туды джэму, крэму, арэхаў — так атрымаўся торт, які пасля доўга перамагаў на шматлікіх выставах і конкурсах.

Прывезці кіеўскі торт мяне папрасілі знаёмыя, і ў пошуках накіроўваемся ў прадуктовую краму на Хрышчаціку. Паўкілаграмовы кіеўскі торт каштуе ўсяго 45 грыўняў (крыху больш за 5 долараў). Хоць асабіста мне цукеркі фабрыкі "Рашэн" падабаюцца значна больш, чым кіеўскі торт. Адзіны беларускі прадукт, які ўдалося знайсці ў гэтым супермаркеце — чырвоная рыба "Санта Брэмар". Каштуе яна прыкладна столькі, колькі і ў Мінску — 80 грыўняў (каля 30 тысяч) за 300 грамаў. Яшчэ ўдалося ўбачыць беларускую касметыку — крэм "Беліта" — у гандлёвым цэнтры ў Чарнігаве. Не так шмат, як магло б быць.

"Тут рускі дух, тут Руссю пахне", — гэтыя вядомыя радкі напісаў у свой час Аляксандр Пушкін пасля наведвання Кіева. Праўда, ён меў на ўвазе пах у літаральным сэнсе: кіяўляне гналі дзёгаць з бяроз, які распаўсюджваў у наваколлі адпаведны водар. Сёння ў Кіеве і рускую мову пачуеш, тут ёсць і гатэль "Русь" (праўда, на ўвазе маецца, напэўна, Русь Кіеўская). У астатнім украінцы імкнуцца падкрэсліць сваю самабытнасць. Заўзятыя ўкраінафілы распаўсюджваюць самыя неверагодныя версіі, напрыклад, тую, што Леў Талстой па паходжанні быў украінцам.

Пиво твоєї БатьківщинИ

Мэта нашага прэс-тура — кіеўскі завод "Абалонь", які экспартуе 80 працэнтаў ад усяго ўкраінскага піва. Гэта самы вялікі па магутнасцях завод у Еўропе па вытворчасці піва. З выгляду — звычайнае прадпрыемства, але ўявіць маштабнасць прымушаюць шэрагі вялізных цыстэрнаў, дзе вытрымліваецца гатовае піва, і колькасць фур у чарзе на загрузку. На нашым рынку, нягледзячы на абмежаванні і абвінавачванні ў дэмпінгу, украінскі вытворца прадстаўлены даўно і разнастайна. Завод пабудаваны ў 80-х і працаваў яшчэ з савецкіх часоў на чэшскім абсталяванні. Потым яно было заменена на нямецкае. І хоць чэшскае і нямецкае піва адрозніваюцца, як неба і зямля, "Абалонь" сцвярджае, што смак іх піва застаецца нязменным, бо ён залежыць ад рэцэптуры, а не ад абсталявання. Праўда, у апошні час на заводзе ліцэнзійна вырабляецца і некалькі гатункаў нямецкага піва.

Афіцыйна піва "Абалонь" прадстаўлена ў 36 краінах свету, у тым ліку ў Канадзе, Аўстраліі, ЗША, хоць, як сцвярджае старшыня Савета ЗАТ "Абалонь" Сяргей Блашчаневіч, іх прадукцыя ёсць на пяці кантынентах, амаль ва ўсіх краінах свету. Першай замежнай краінай, куды трапіла ўкраінскае піва, была Англія. Тое, што піць піва можа нават сапраўдная лэдзі, пацвярджаюць на заводзе гістарычным фактам: англійская каралева на ноч ужывала кубачак падагрэтага портара. Найбольш украінскае піва прадстаўлена на малдаўскім, грузінскім і беларускім рынках — па 5 працэнтаў.

Чуткі пра тое, што "Абалонь" збіраецца купіць адзін з беларускіх заводаў, дакладней, брэсцкі, кіраўніцтва прадпрыемства пацвярджаць не спяшаецца. Пакуль там вырабляецца на ўмовах ліцэнзійнага наліву піва пад назвай "Дэсант". Але ці будзе брэсцкае прадпрыемства акцыянаванае — пакуль не ведае ніхто. Мы пытаем, наколькі "Абалонь" задаволена якасцю соладу, які вырошчваецца ў Беларусі, і чуем у адказ, што солад падыходзіць: "Вы, беларусы, у чымсьці падобныя на нас, украінцаў. Мы таксама заўсёды сумняваемся. А пытанне не так трэба ставіць. Трэба казаць: у нас самы лепшы солад у свеце! Чаму вы не вырабляеце ў нас піва?!", — кажа Сяргей Блашчаневіч. Што ж, мы не супраць, тым больш што піва добрае.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

Мінск—Кіеў.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіеў няспешна рыхтуецца да Новага года і пакуль не радуе багаццем распродажаў. У крамах на знакамітым Хрышчаціку дзе-нідзе красуюцца надпісы -20%, -30%, але гэта яшчэ...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика