За звесткі аб "канвертах" работнік не заплаціць. 21.by

За звесткі аб "канвертах" работнік не заплаціць

23.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі плануецца вызваліць ад адказнасці і даналічэння падаходнага падатку работнікаў, якія будуць паведамляць аб атрыманні заробкаў у "канвертах". Як адзначыў намеснік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка, праект адпаведнага ўказа ўжо распрацаваны і знаходзіцца на разглядзе.

Падчас праверак падатковых органаў летась былі ўстаноўленыя 243, а з пачатку гэтага года — 270 суб'ектаў гаспадарання, якія практыкавалі выплаты заробкаў не праз бухгалтэрыю. Гэтае ж парушэнне заканадаўства датычыцца і канкрэтных грамадзян. Падстаў для падазрэнняў і дадатковага збору інфармацыі тут можа быць некалькі, і гаворка ідзе не толькі пра непасрэдныя "сігналы". У поле зроку падаткавікоў часцяком трапляюць асобы, якія не маюць увогуле або маюць мізэрны афіцыйны даход. Сумненні ўзнікаюць таксама ў дачыненні службовых асоб камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія атрымліваюць заробкі на ўзроўні бюджэту пражытковага мінімуму — у прыватнасці, само па сабе гэта з'яўляецца падставай для параўнання зарплаты з фактамі куплі-продажу нерухомасці ці аўтамабіляў.

Сапраўды, заўважыў намеснік міністра, праблему "шэрых" заробкаў нельга назваць звышактуальнай. За апошнія дзесяць гадоў доля падаходнага падатку ў бюджэце ўзрасла з 3-5 да 14,5 працэнта, і ў тым ліку на рост сумленнасці грамадзян паўплывала рашэнне вызначыць адзіную 12-працэнтную стаўку абкладання. Аднак казаць, што тут не ўзнікае ніякіх пытанняў, таксама нельга. Паводле ацэнак міністэрства, цяпер "міма бухгалтэрыі" ідзе фактычна кожны дзясяты зароблены рубель. А гэта — прыкладна 150-200 мільярдаў рублёў страт для бюджэту. Асабліва шмат пытанняў тут узнікае з гандлем, а таксама з пунктамі грамадскага харчавання.

Выяўленне фактаў выплаты заробкаў не праз бухгалтэрыю — справа надзвычай складаная. Па сутнасці, значна прасцей знайсці тавар, які быў прададзены паводле "шэрай схемы", бо ў рэшце рэшт гэты тавар недзе захоўваецца, яго хтосьці перавозіў і разгружаў, тут ёсць прадавец і пакупнік. Іншая сітуацыя — з выплатай "канвертнай" зарплаты. Тут знайсці "сляды" праблематычна, і перш-наперш з-за ўзаемнай "зацікаўленасці" работніка і працадаўца. Так, пры такой схеме наёмны работнік можа "эканоміць" на выплаце падаходнага падатку. А наймальнік пазбаўляецца ад неабходнасці пералічваць узносы на сацыяльнае страхаванне, а таксама атрымлівае магчымасць прадаваць тавар танней.

Праўда, адзначыў Васіль Каменка, пасля ўвядзення адзінай 12-працэнтнай стаўкі падаходнага падатку інтарэс з боку работнікаў да падобных здзелак пакрысе знікае. Усё больш работнікаў разумее, што атрыманне зарплаты або яе часткі ў "канверце" мае не самыя прыемныя наступствы: зніжэнне памераў "бальнічных", выхадной дапамогі і кампенсацыі за нявыкарыстаны водпуск пасля звальнення, змяншэнне пенсіі ў будучыні, цяжкасці з атрыманнем банкаўскіх крэдытаў, праблемы са справаздачнасцю пры набыцці пэўных дарагіх рэчаў.

З наймальнікамі сітуацыя іншая. Іх інтарэс да "шэрых схем" па-ранейшаму вялікі. Таму, паведаміў Васіль Каменка, цяпер распрацаваны праект указа, які скіраваны на папярэджанне выплат заробкаў у "канвертах". "Сёння ўзнікае парадаксальная сітуацыя: чалавек, які паведамляе аб атрыманні "шэрай" зарплаты, у выніку вымушаны сам жа даплачваць падаходны падатак. І гэта стрымлівае звароты, — зазначыў Васіль Каменка. — Таму праект указа прадугледжвае: наёмны работнік пры падачы інфармацыі будзе цалкам вызвалены ад адказнасці — даплачваць падаткі са "схаванай" зарплаты будзе наймальнік. І плюс да таго наймальнік заплаціць штраф".

Між тым, мяркуюць у міністэрстве, яшчэ адным шляхам папярэджання "шэрых" выплат магло б стаць змяненне ўмоў адлічэнняў на сацыяльнае страхаванне. Цяпер работнік пералічвае на сацстрах усяго 1 працэнт сваёй зарплаты, тады як большасць наймальнікаў — 30 працэнтаў ад фонду аплаты працы. Зразумела, што наймальніку гэта нявыгадна, і ў яго з'яўляецца спакуса занізіць афіцыйныя заробкі ў арганізацыі, а разам з тым — занізіць і суму ўзносаў на сацыяльнае страхаванне. Таму магчымае, і да таго ж прынятае ў многіх краінах вырашэнне праблемы: змяншэнне працэнта адлічэнняў для наймальнікаў і павелічэнне працэнта для работнікаў — з павелічэннем зарплаты апошніх. "Разам з тым пакуль гэта варта разглядаць толькі як прапанову, і тут трэба быць вельмі асцярожным: ёсць рызыка, што без дакладнага рэгулявання на заканадаўчым узроўні частка работнікаў рабіць павялічаныя ўзносы проста адмовіцца", — заўважыў намеснік міністра.

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі плануецца вызваліць ад адказнасці і даналічэння падаходнага падатку работнікаў, якія будуць паведамляць аб атрыманні заробкаў у "канвертах". Як...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика