2011-ы: нас чакаюць два новыя астралагічныя гады
23.12.2010
—
Новости Общества
|
Апошнім часам вялікую папулярнасць у свеце атрымала ўсходняя астралагічная традыцыя і 12-гадовы "жывёльны" гараскоп, згодна з якім наступны год стане Годам Труса (Ката). Аднак не трэба забывацца, што на працягу стагоддзяў у Еўропе развівалася (і працягвае развівацца) свая, у многім самабытная астралагічная школа, дзе галоўнай дзеючай "фігурай" выступае планета Юпітэр. — Усходні каляндар расказвае пра грамадскае жыццё людзей, — патлумачыла беларускі астролаг Кацярына ФЛІКОП. — У заходняй астралогіі за сацыяльнае жыццё "адказвае" Юпітэр, які таксама праходзіць увесь Задыяк за 12 гадоў. Часцей за ўсё ў адным знаку ён знаходзіцца прыкладна год, але ў 2011-м астранамічная сітуацыя будзе незвычайнай. На працягу года Юпітэр паспее дайсці да канца знака Рыб, дзе быў большую частку 2010-га, потым хутка — усяго за 4,5 месяца — прабегчы знак Авена і на 7 месяцаў затрымацца ў знаку Цяльца. Можна сказаць, што нас у наступныя 12 месяцаў чакае не адзін, а два новыя астралагічныя гады — настолькі рознымі па энергетыцы будуць згаданыя вышэй перыяды. Энергетыка Рыб — гэта натхненне і творчасць, мара і гармонія, глыбіня пачуццяў і душэўнасць, сузіральнасць і спачуванне. З 22 студзеня ёй на змену прыйдзе зусім іншая энергія. У адпаведнасці з зорнай сімволікай, Авен адказвае за хуткасць, імклівасць, смеласць, рашучасць, рэзкасць, за ДЗЕЯННЕ ўвогуле. І паколькі нават самая важкая планета Сонечнай сістэмы "прабягае" гэты знак "на ўсіх парах", адпаведна і людзям прыйдзецца актывізавацца, дзейнічаць хутка і рашуча. Асабліва важна паспець скарыстацца гэтым дынамічным перыядам тым, хто доўгі час нешта адкладаў, пераносіў, не рашаўся на нешта адважыцца. Самы час ажыццявіць свае задумы і планы. Увогуле Юпітэр у Авене спрыяе развіццю дзелавой сферы, бізнэс-праектам, якія патрабуюць пэўнай долі рызыкі і ўмення прымаць смелыя рашэнні. Авен яшчэ адказвае за адкрытасць, шчырасць у праяўленні пачуццяў. Як правіла, прамалінейнасць у кантактаванні — не самая лепшая палітыка для дасягнення поспеху, аднак у акрэслены перыяд яна можа даць больш плюсаў, чым мінусаў. Юпітэр у Авене пакладзе канец сумненням, няўпэўненасці, ваганням. Пачуцці стануць празрыстымі і зразумелымі, а іх праяўленне — адкрытым і шчырым. Астролаг папярэджвае: калі паспрабаваць "абхітрыць" Авена (быць няшчырым, закрытым, няўпэўненым), энергетыка перыяду ўсё роўна будзе праяўляцца, але ўжо не збалансавана, што можа абярнуцца павышанай раздражнёнасцю, незадаволенасцю, агрэсіяй. Для захавання гармоніі з сабой і навакольнымі ў азначаныя 4,5 месяца лепш узяць на ўзбраенне палітыку адкрытасці і шчырасці. Рамантычныя адносіны падчас знаходжання Юпітэра ў Авене таксама актывізуюцца, стануць больш бурнымі. Новыя раманы будуць завязвацца вельмі хутка і развівацца імкліва, бо абодва партнёры будуць адкрыта праяўляць свае намеры і пачуцці. Больш шчырасці і прамалінейнасці можна чакаць і ў парах, якія даўно жывуць побач, бо нешта прыхаваць у душы, стрымаць абурэнне не атрымаецца. Для некаторых "закаханых са стажам" гэты час можа стаць перыядам перараджэння адносін, выхадам на новы этап (паходаў у загс — для рэгістрацыі ці скасавання шлюбу — будзе шмат). Такім чынам, можна меркаваць, што "авенаўскі" перыяд будзе ў нечым складаным, эмацый насычаным, але адначасова і перыядам "ачышчэння", сумеснай духоўнай прапрацоўкі адносін у пары. Самае галоўнае — смела, "па-авенаўску", крочыць далей па жыцці. Юпітэр у Авене дапаможа прымаць смелыя рашэнні нават самым няўпэўненым асобам (гэта тычыцца і дзелавой сферы). Адзіная перасцярога: Авен вылучаецца азартнасцю, да чаго будзе схіляць і нас, аднак розум "падключаць" усё ж такі трэба, асабліва аматарам рызыкі і авантур (вельмі дарэчы асцярожнасць прыйдзецца ў красавіку 2011). "Авенаўскі" перыяд будзе заахвочваць да заняткаў фізкультурай, спортам, да актыўнага адпачынку, здаровага ладу жыцця — а значыць, трымаць сябе ў форме і быць у тонусе. У той жа час Авен сімвалізуе адмаўленне ад мінулага, састарэлага (і ў эмацыйным, і ў фізічным плане). Прыйшла пара змяніць паглыбленасць у свой духоўны свет на рэальныя, актыўныя дзеянні, ставіць канкрэтныя, "зямныя", мэты і дасягаць іх. За 4,5 месяца гасцявання Юпітэра ў Авене можна літаральна "горы звярнуць" — было б жаданне. Згодна з астралагічнай картай, у красавіку 2011 года ў знаку Авена сустрэнуцца шмат нябесных аб'ектаў: Сонца, Месяц, Меркурый, Марс, згаданы ўжо вышэй Юпітэр, Уран і фіктыўная планета Ліліт. Цэлы "парад планет", які яшчэ больш узмацніць уплыў энергіі Авена. З 4 чэрвеня 2011 года Юпітэр знаходзіцца ў сузор'і Цяльца. Пачынае панаваць зусім іншая энергетыка. Цялец — знак стабільнасці, звыклага парадку, кансерватызму, працавітасці, хатняй утульнасці, матэрыяльных каштоўнасцяў. Цялец гатовы працаваць да сёмага поту, але толькі пры ўмове дастойнай аплаты за свае намаганні. Ён вельмі арыгінальна разумее бескарыслівасць: ты бескарысліва дапамажы мне, а потым я бескарысліва дапамагу табе. Інакш у бескарыслівасці, па перакананні Цяльца, проста няма сэнсу. Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што ў час панавання "цяльцоўскай" энергетыкі асобую актуальнасць набудуць фінансавыя пытанні — назапашвання, набыцця каштоўных рэчаў, будаўніцтва і абуладкавання свайго дома. Акрамя таго, большую значнасць атрымаюць патрэбы ў смачных стравах, ласунках, у камфорце, павысіцца роля інтымнай сферы. Гэта час пэўнай прыземленасці, час атрымання асалоды ад фізічных радасцяў і матэрыяльных рэчаў. "Цяльцоўская" энергія больш запаволеная і размераная за "авенаўскую", у гэты перыяд рызыка рэзкіх змен і нечаканых сітуацый будзе значна ніжэйшай. Можна будзе расслабіцца і жыць па загадзя акрэсленым плане. А Цялец дапаможа кожнаму, хто не палянуецца і як след папрацуе, закласці надзейны матэрыяльны фундамент свайго далейшага дабрабыту. Лозунг Цяльца — я маю! Таму ў час праходжання Юпітэра па гэтым знаку кожнаму з нас прыйдзецца даць самому сабе справаздачу: што ж насамрэч мы хочам (у плане фінансаў, жыллёвых умоў, сацыяльнага статусу, кар'еры і г.д.). Панаванне Юпітэра ў Цяльцы зробіць асабістыя стасункі больш роўнымі, спакойнымі, гарманічнымі. Цялец — рамантык, хоць і трывала стаіць на зямлі, а таму свае пачуцці праяўляе ў рэчыўным плане. Яго падарункі — каштоўныя і адначасова практычныя. Сімвал гэтага знаку — бык, буйвал, які працуе на зямлі, адпаведна пад уплывам "цяльцоўскай" энергетыкі нас пацягне на дачы, узнікне патрэба разбіваць клумбы, градкі, нешта расціць, капаць, рыхліць... Нават у самых заўзятых беларучак з'явіцца жаданне аздобіць кватэру жывымі гаршковымі кветкамі. Цялец падтрымае ўсіх, хто займаецца ручной працай, павысіцца попыт на вырабы hаndmаdе. З 30 жніўня па 26 снежня рух Юпітэра зменіцца з прамога на зваротны, астролагі называюць гэта перыядам рэтраграднага Юпітэра. — Сам па сабе Юпітэр увасабляе пашырэнне, экспансію, а яшчэ мудрасць, разважлівасць, — патлумачыла Кацярына Флікоп, — але ў час рэтраграднага руху Юпітэр пераўтвараецца ў сваю процілегласць, што ў рэальным жыцці можа выліцца ў непатрэбную мітуслівасць, павярхоўнасць, недахват аналізу і проста цвярозага погляду на рэчы і падзеі (улічваючы спецыфіку Цяльца, эпіцэнтрам мітусні будуць фінансы і матэрыяльныя каштоўнасці). Каб не наламаць дроў, лепш не паддавацца гэтаму ўплыву, заўсёды вылучаць галоўнае, самае патрэбнае, а лішняе — адкідваць. З 30 сакавіка па 23 красавіка, з 3 па 27 жніўня і з 24 лістапада па 14 снежня рэтраградным будзе Меркурый. Ён прынясе нам шмат сустрэч, дзелавых і асабістых кантактаў, але іх выніковасць будзе невысокай. Нешта пойдзе не так, як планавалася, нешта перанясецца, ці ўвогуле адменіцца, нейкі праект ці дамоўленасць не прынясуць абяцанага прыбытку. Планы будуць мяняцца літаральна кожную хвіліну. Астролаг раіць у час рэтраграднага Меркурыя рабіць усё загадзя і асабліва не разлічваць на адказнасць іншых (планы могуць сарвацца ў любога). Лепш гэты час прысвяціць развагам, асэнсаванню, падрыхтоўчай рабоце з архівамі, а заключэнне дагавораў і здзелак адкласці да завяршэння перыяду. Варта пачакаць з набыццём бытавой і офіснай тэхнікі, аўтамабіля, з прыняццем адказных рашэнняў. Акрамя таго, верагодны збоі ў рабоце сродкаў камунікацыі і транспарту. Як правіла, на працягу кожнага года бываюць перыяды рэтраградных Марса і Венеры, што абвастрае напружанасць у асабістых адносінах. 2011-ы і ў гэтым будзе адметным — такіх перыядаў у наступныя 12 месяцаў астролагі не прадбачаць. З 26 снежня 2010 па 12 студзеня 2011года — выключна спрыяльны перыяд для стварэння новага, складання планаў, пастаноўкі мэт і задач, у кожнага з'явіцца магчымасць зразумець, што ён хоча зрабіць, як змяніць жыццё да лепшага. Сімвалічна, што такі важны перыяд прыпадае на калядна-навагоднія святы, калі над усім пануе атмасфера казкі і цуду. З 17 сакавіка па 21 красавіка — негатыўны перыяд. У гэты час лепш не прымаць сур'ёзных лёсавызначальных рашэнняў. Важна не зламаць таго, што ўжо пабудавана, устрымацца ад авантур. З 4 па 12 мая — спрыяльны час, які дапаможа нам сфарміраваць свае прыярытэты, вызначыць мэты і шляхі для іх дасягнення. З 17 мая па 1 чэрвеня — складаны перыяд. Планеты будуць правакаваць нас да глабальных перамен, узрушэнняў, кардынальных пераўтварэнняў. Трэба трымацца і не паддавацца спакусе. З 4 па 14 чэрвеня — добры перыяд для творчасці, для людзей мастацтва, а таксама для рамантыкі, для ўмацавання адносін. Гэта спрыяльны час для адпачынку, сямейных выездаў, для вандровак і медытацый, а таксама для рэгістрацыі шлюбу, прызнання ў каханні. З 15 чэрвеня па 8 ліпеня — час, калі празмерная сур'ёзнасць, прынцыповасць і кансерватызм могуць проста "зашкальваць" у кантактаванні. Лепш засцерагчыся ад разборак, сварак, высвятлення адносін і адстойвання сваёй пазіцыі. У адносінах больш увагі варта звяртаць на тое, каб зрабіць іх шчаслівымі і гарманічнымі, а не зацыклівацца на думках — сур'ёзныя яны ці не. З 27 чэрвеня па 8 ліпеня і з 27 лістапада па 20 снежня — перыяды шанцавання і ўдачы, якія астролагі называюць "Брамай Папялушкі". З 2 па 13 ліпеня і з 22 кастрычніка па 4 лістапада — спрыяльны час для творчасці і кардынальных перамен, можна прымаць сур'ёзныя рашэнні, мяняць уклад жыцця, ладзіць вяселле, наваселле. З 31 жніўня па 13 верасня — яшчэ адзін добры перыяд для перамен, прыняцця адказных рашэнняў, для паездак і падарожжаў, для новых знаёмстваў. Час шанцавання. З 16 па 30 лістапада — светлы гарманічны перыяд, які заахвочвае праяўляць бескарыслівую дапамогу, падтрымку, рабіць ахвяраванні. Кожны з нас зможа зрабіць нечае жыццё больш радасным, лёгкім, шчаслівым. З 21 лістапада па 11 снежня — небяспечны час ілюзій, падманаў, змрочных эмоцый, сумненняў. Не трэба залішне паглыбляцца ў самааналіз. Лепш засяродзіцца на выкананні канкрэтных "зямных" задач, самім прыўносіць у свет дабрыню і радасць. З 13 па 29 снежня — неспрыяльны момант для важных рашэнняў, час спакус, неапраўданага працоўнага аптымізму і спадзяванняў. Трэба трымацца прымаўкі "людзей слухай, а свой розум май" і ставіцца да ўсяго больш крытычна. З 22 снежня па 16 лютага2012 года — у людзей творчых прафесій нарэшце з'явіцца магчымасць атрымаць заслужаныя ўзнагароды. Спрыяльны час для ўмацавання асабістых адносін. Таіса ВАСІЛЬЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Апошнім часам вялікую папулярнасць у свеце атрымала ўсходняя астралагічная традыцыя і 12-гадовы "жывёльны" гараскоп, згодна з якім наступны год стане Годам...
|
|