За мяжу. І шэсць пенсій "наперад"
23.12.2010
—
Новости Общества
|
Твае правы Сітуацыі, калі чалавек у паважным узросце прымае рашэнне выехаць на пастаяннае месца жыхарства з Беларусі, узнікаюць не так часта. Тым не менш такія выпадкі ёсць, і шмат у чым яны з'яўляюцца аб'ектыўнымі, бо не сакрэт: многія маюць за мяжой тых жа сваякоў. Словам, прычына часта зразумелая. Аднак пытанні ўзнікаюць з іншым: што будзе з беларускай пенсіяй? І разабрацца з гэтым мы паспрабуем з дапамогай намесніка начальніка аддзела прызначэння і выплат пенсій камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольгі Анатольеўны ШЫНГІРЭЙ. Індэксацыі не будзеВарта адразу ж заўважыць, што грамадзяне, якія выязджаюць на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, маюць права атрымаць сваю пенсію за шэсць месяцаў наперад. — Сума выплаты складзе памер 6-разовай пенсіі за месяц, у якім грамадзянін быў зняты з рэгістрацыйнага ўліку ў нашай краіне па месцы жыхарства — за выключэннем выпадкаў, калі іншы парадак прадугледжаны міжнароднымі дагаворамі, — удакладняе Вольга Шынгірэй. — Прычым надалей гэта сума не індэксуецца — нягледзячы на тое, што ў наступныя шэсць месяцаў можа быць праведзены пераразлік пенсій. Да апошняга не цягнуцьДля атрымання пенсіі перад выездам на пастаяннае жыхарства за мяжу неабходна звяртацца ў раённыя органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Пры гэтым грамадзянам Беларусі трэба напісаць заяву, прад'явіць пашпарт для пастаяннага пражывання за мяжой, які выдаецца органамі ўнутраных спраў, і адрасную даведку аб месцы жыхарства з адрасна-даведачнага бюро тых жа органаў унутраных спраў. А пакет дакументаў для замежных грамадзян і асоб без грамадзянства — зноў жа заява, адрасная даведка аб месцы жыхарства і пашпарт ці іншы дакумент, якія прызначаны для выезду за мяжу і выдадзены адпаведным органам дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці ці звычайнага месца жыхарства. Пры гэтым поўны пакет дакументаў упраўленнем ці аддзелам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне павінен быць разгледжаны на працягу 10 дзён. — Здараецца, што ў грамадзяніна адраснай даведкі аб месцы жыхарства няма, — заўважае Вольга Шынгірэй. — У такім выпадку запытаць гэтую даведку ў адрасна-даведачным бюро могуць непасрэдна органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Такі запыт робіцца на працягу 5 дзён пасля паступлення заявы на пенсію. Аднак тут ёсць адна ўмова: на запыт павінен даць згоду сам пенсіянер. Бо ўвогуле такая інфармацыя з'яўляецца канфідэнцыяльнай. Трэба мець на ўвазе і наступны нюанс. Пенсія за шэсць месяцаў наперад, якую па тых або іншых прычынах не ўдалося атрымаць перад выездам з Беларусі, за мяжу не пераводзіцца. Адпаведна, з афармленнем выплаты нельга цягнуць да апошняга. За мінусам "авансу"— Часам здараецца, што пенсіянер пераязджае на пастаяннае месца жыхарства за мяжу, але праз пэўны час па тых або іншых прычынах змяняе сваё рашэнне і ўсё ж вяртаецца ў Беларусь, — заўважае Вольга Шынгірэй. — У такім выпадку для аднаўлення выплат у нашай краіне ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне неабходна падаць заяву. Пры гэтым аднаўленне выплат пачнецца з наступнага месяца за тым, за які пенсіянер ужо атрымаў грошы "наперад", але не раней за дзень рэгістрацыі па месцы жыхарства ў нашай краіне. Што будзе за мяжой?Пасля атрымання 6-месячнай пенсіі ў Беларусі і выезду на пастаяннае месца жыхарства за мяжу выплаты ў нашай краіне спыняюцца. Таму ўзнікае пытанне: ці можна разлічваць на пенсію ў іншых дзяржавах? — Краіны, куды пераязджае пенсіянер, будуць рабіць выплаты паводле свайго нацыянальнага заканадаўства ці паводле міждзяржаўных дамоўленасцяў толькі ў выпадку наяўнасці спецыяльных пагадненняў з Беларуссю, — тлумачыць Вольга Шынгірэй. — Прычым падобныя пагадненні на сёння заключаны толькі з дзяржавамі колішняга Савецкага Саюза — і тое за выключэннем Эстоніі, Азербайджана і Грузіі. Пры часовым выездзе — штомесяцІ, нарэшце, яшчэ адна распаўсюджаная з'ява. Пенсіянер выязджае за мяжу на вельмі працяглы час — скажам, на месяц ці нават на паўгода. Аднак пры гэтым не выязджае з Беларусі на пастаяннае месца жыхарства. Што будзе з пенсіяй у гэтым выпадку? — У такім выпадку ставіць пытанне аб выплаце пенсіі за шэсць месяцаў наперад нельга, — адзначае Вольга Шынгірэй. — Налічэнне пенсіі ў Беларусі будзе рабіцца ў звычайным рэжыме — кожны месяц. Сяргей ГРЫБ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сітуацыі, калі чалавек у паважным узросце прымае рашэнне выехаць на пастаяннае месца жыхарства з Беларусі, узнікаюць не так часта. Тым не менш такія выпадкі ёсць, і...
|
|