Занатоўкі мастака. 21.by

Занатоўкі мастака

23.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

БОГ

Колькі сябе памятаю, столькі я і бягу.

У дзяцінстве ў мястэчку Койданава я з дзедам Бронікам пайшоў касіць траву на дарожных адхонах. Два разы на тыдзень мы хадзілі па траву для трусоў. Мы гадавалі белых і шэрых трусоў. Мы прыйшлі, і тут дзед агледзеў, што забыўся мянташку. І я пабег, бо без мянташкі не навострыш касу, без касы не набярэш травы, без травы трусы застануцца галодныя.

Я пабег тады і дагэтуль бягу...

У мастацкай вучэльні мяне вучыў бегаць выкладчык Сакалоў. У нас быў выдатны стадыён — той, што ў скверы за крамаю "Прырода". Можа, каму ён і кепскі, а мне падабаўся той сціплы стадыён з бетоннай скульптурай паходняносца. Сам Сакалоў быў алімпійскім чэмпіёнам. Гульні тыя праходзілі ў Сіднэі. І наш Сакалоў стаў на восем хвілін алімпійскім чэмпіёнам. Ён быў першы ў першым забегу. Стаяла страшэнная гарачыня, некалькі бегуноў памерла на дарожцы ад абязводжвання. Адзін эстонец прабег лішні круг, бо гарачыня, бо бегуны пасыходзілі з дыстанцыі, бо некаторыя памерлі, а суддзі перасталі судзіць. Эстонец бег, бо лічыў, што трэба бегчы да канца. Цяжкія былі гульні. Сакалоў мне пра іх распавядаў. І я зразумеў: трэба бегаць да канца, нават калі давядзецца прабегчы лішні круг.

Сёння ў сне я бачыў Бога. У Яго былі вочы блакітныя, як неба сонечнай раніцаю. У маім сне была такая раніца. Я бег з братам на тралейбусны прыпынак. На прыпынку стаяў пусты, зусім пусты тралейбус. Мы дабеглі да прыпынка, брат заскочыў у салон, дзверы зачыніліся перад маім носам, і тралейбус паехаў. Марудна так паехаў. Я падняў з зямлі камень і шпурнуў у тралейбус. Камень пацэліў у шыбу, і тая рассыпалася на шкляны жвір. Тралейбус спыніўся. Я пачаў уцякаць. Бег на Кальварыйскія могілкі. Бег, а ногі не слухаліся. У снах так бывае: бяжыш-бяжыш, і ўсё на адным месцы стаіш. Я азірнуўся і ўбачыў, як з кабіны тралейбуса выходзіць нябеснавокі Бог з каменем у руцэ. Ён мусіў размахнуцца і кінуць у мяне камень. Мусіў забіць мяне каменем пад новым плотам старых Кальварыйскіх могілак. Пэўна, у сне ён так і зрабіў, так і забіў мяне пад плотам, але я прачнуўся...

Забінтаваў я нагу і нарэшце зноўку пабег у парк. Нага яшчэ балела, нават прыпухласць вакол суглоба засталася, і колер скуры ад гематом яшчэ жаўтаваты, але мне надакучыла раніцаю абыходзіцца адно зарадкаю ў кватэры. Я пабег у прахалодны парк. Над рэчкаю стаяла срэбная смуга. Дыхалася лёгка. Беглася цяжка. Напрыканцы прабежкі пот ліўся з мяне цурком. Пад душам я стаяў шчаслівы.

Колькі трэба для таго чалавечага шчасця? Скажу! Трэба каб цябе ў сне Бог не забіў каменем, і трэба прабегчыся ў ранішнім парку над Свіслаччу.

З Богам у нас тут у Беларусі, у Мінску, пэўныя праблемы. Я заўжды ведаў, што Беларусь краіна атэістычная. А на тыдні пабачыў у нэце, што наша дзяржава залічана ў дзясятку самых далёкіх ад рэлігіі краін. Я парадаваўся. Не люблю лічбы, не шаную статыстыку і сацыялогію, ад розных нібыта сур'ёзных апытанак мяне дрыготка б'е, а тут пацяплела на душы, бо праўда. Беларусы мала вераць у Бога, сярод нас адна кропля вернікаў. Да праваслаўя тут горнуцца этнічныя расейцы, а да касцёла ходзяць тутэйшыя палякі. Беларусы? Не вераць! Яны не вераць нікому. Яны не вераць ні ў што.

У маладосці я працаваў рэстаўратарам, замацоўваў касцёльныя фрэскі, аднаўляў праваслаўныя абразы... Я спрабаваў павялічыць колькасць рэлігійнасці ў Беларусі. Марна. У нас не вераць у Бога і мала бегаюць.

Я бегаю... Я бягу нават праз боль.

Ад болю могуць слёзы цячы. Я не плакаў, а слёзы цяклі. Раней дык зусім чорна ўваччу было. Слёзы ажно пырскалі. Потым крыху лягчэй зрабілася. Забінтаваў, заціснуў звязкі над левым ступаком, і пакута крыху адпусціла. А ўсё з-за кавалка асфальту. Я бег і вачыма пачаў кавалак асфальту шукаць. Каб, калі што якое, мець яго ў руцэ за зброю. Пакуль я вачыма шукаў на ходніку паразбіваны асфальт, не заўважыў каменя на сцежцы. Парк стаяў пазасыпаны жоўталісцем. Наступіў я на камень. Нага падвярнулася, і звязка затрашчала, як сухая трэска. Зусім сухі трэск быў. А пасля ўжо і чарноцце агарнула свет. Пастаяў я колькі хвілін у чарнаце і пачыкільдыгаў з мокрымі ад слёз шчокамі праз свежы ранішні парк. Іду, а сабака з гаспадаром на лаўцы сядзяць. Гэта я супроць іх кавалак асфальту шукаў. Не знайшоў, а нагу падвярнуў моцна. Кульгаю, як той д'ябал кілавы, а яны глядзяць і маўчаць. Сабака, той зразумела чаму маўчыць, ягоную пысу сціснулі скураным абручом напысніка. У такім пасе пашчу не расшчэпіш. Я хацеў іх напужаць, а лёс пакараў мяне. Не шукай ты бяды іншаму, і сам цалейшы застанешся... Ведаю. Але... І душ я прыняў, і паснедаў, і забінтаваўся, і нават адфастумгеліўся, а слёзы ўсё цяклі і цяклі.

Усе мае пакуты з бегам пачаліся з сабачніка пад дажджом.

Пятніца, ранак. Дождж пайшоў. Толькі развіднела, ён і пасыпаўся. Дробны, прахалодны, нэндзны. Гарачыня надакучыла, але і дождж не ўзрадаваў, бо я не паспеў прабегчыся ў парку да дажджу. Зазвычай дождж пачынаецца пазней. Раніцай светла, суха і празрыста. А тут сшарэла ўсё. Давялося бегчы ў вятроўцы. Бягу. Сабачнік сядзіць і пакурвае на паркавай лаўцы. Побач памахвае хвастом-абаранкам ваўкавата-шэры сабака. Падбягаю, спыняюся і спакойна кажу да сабакі: "Харошы, харошы, харошы..." А сука, не пачуўшы ад гаспадара ні гу-гу, вызверваецца ў мой бок. Каб сабачнік сказаў сваёй ваўкаватай сучцы "фу" да таго, як яна ўскінецца брахаць, усё магло скласціся інакш... Але склалася як склалася. "Забяры сваю сучку з маёй дарогі!" — "Фу-фу-фу! Ты бяжы, бяжы!" Сучка не супайкойвалася, яна паспрабавала абабегчы мяне, каб напасці з тылу. "Забяры суку! Я зараз не суку, а цябе замалачу!" — "Давай!" — Сабачнік узняўся з лаўкі, і толькі тады я заўважыў пераламаную і загіпсаваную правую руку. Зараз зламлю яму і левую: "Апошні раз кажу — сунімі сабаку!" Сучка, учуўшы маю нежартоўную агрэсію, адбеглася ў глыбіню парка. Угнуўшыся, пасунуўся за сваёй сучкаю і сабачнік. Пятніца, яшчэ і васьмі не было, а я ледзь не замалаціўся з сабачнікам. Прыкра было.

А цяпер мне добра, бо я не зламаў руку сабачніку, і нага мая амаль загаілася, я зноўку бегаю штораніцы ў парку над Свіслаччу і ў сне я бачыў нябеснавокага справядлівага — пэўна, што справядлівага — Бога.

Адам ГЛОБУС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
БОГ Колькі сябе памятаю, столькі я і бягу. У дзяцінстве ў мястэчку Койданава я з дзедам Бронікам пайшоў касіць траву на дарожных адхонах. Два разы на тыдзень мы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика