Авечкі: Страціць — лёгка, аднавіць — цяжка. 21.by

Авечкі: Страціць — лёгка, аднавіць — цяжка

04.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напрыканцы мінулага стагоддзя я сустракаўся з тагачасным міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, каб высветліць сітуацыю з авечкагадоўляй у нашай краіне. Ужо тады становішча ў гэтай галіне было даволі складанае, але падчас размовы з'явілася надзея, што ў будучым сітуацыя зменіцца да лепшага. Мінула гадоў 12 ці больш.

Дык вось, за гэтыя гады пагалоўе авечак у краіне скарацілася амаль у сем разоў. Невялікія атары ёсць у фермераў, ды насельніцтва трымае, але найбольшыя страты панеслі сельгасарганізацыі, дзе пагалоўе зменшылася ў 25 разоў.

На сёння толькі адна буйная гаспадарка займаецца развядзеннем у нас авечак. СВК "Канюхі" Ляхавіцкага раёна працягвае племянную работу, хоць рабіць гэта няпроста, бо на авечках багатым не станеш.

Чаму такая карысная жывёліна, без якой, яшчэ паўвека таму не мог абысціся ніводзін гаспадар, аказалася не запатрабаванай?

Яўген Юрлевіч сёння працуе старшынёй райсавета, а раней 15 гадоў кіраваў СВК "Канюхі" і верыў, што ў авечкагадоўлі ёсць перспектыва.

— Яўген Нікадзімавіч, памятаю, як вы спадзяваліся на светлую будучыню нашых авечак. Што здарылася?

<І>— Калі я не памыляюся, то напрыканцы 80-х—пачатку 90-х у краіне налічвалася каля 300 тысяч авечак, імі займаліся 153 спецыялізаваныя гаспадаркі. А сёння авечкі сталі стратныя.

— Спрадвеку авечкі прыносілі прыбытак. Воўна, аўчыны, мяса — і раптам адны страты. Не хочацца верыць у гэта.

— У гаспадароў некалі авечкі хадзілі за каровамі — іх ніхто асобна не пасвіў. І карміліся пры тых жа каровах — сена падбіралі. А ўтрымліваць тысячы галоў ды яшчэ весці з імі племянную работу без фінансавых укладанняў няпроста...

— Да вашага пераходу на працу ў раён гаспадарка мела 4300 авечак, а затым пагалоўе пачало падаць.

— За апошнія сем гадоў у сельгаскааператыве змяніліся чатыры кіраўнікі, і гэты факт адмоўна паўплываў на сітуацыю. Таксама гаспадарцы прыйшлося выжываць за кошт авечак — іх прадавалі.

— Сітуацыю можна выправіць?

— Да праблемы неабходна падысці па-дзяржаўнаму. Патрэбна праграма развіцця авечкагадоўлі ў краіне ў цэлым, з падключэннем вучоных і спецыялістаў. Пакуль што ў нас гэтай праблемай глыбока ніхто не займаецца.

Апошні старшыня СВК "Канюхі" Аляксей Кавальчык яшчэ не адпрацаваў і года, але пагалоўе пры ім вырасла з 2500 да 3100 авечак. За кошт чаго ўдалося гэта зрабіць?

— Мы ўдзялілі ўвагу маладняку. Устанавілі дзяжурства ноччу. Авечкі найчасцей гінуць ад прастуды. Захварэла, а хвароба хуткацечная... У нас талковы ўрач і вопытны заатэхнік, — паведаміў старшыня.

— Каму сёння патрэбны авечкі?

— Попыт на ягнят вялікі. Людзі хочуць гадаваць авечак, але мы не можам задаволіць усе заяўкі. Жадаюць набыць маладняк і фермеры, СВК. Закупляе авечак і Аршанскі мясакамбінат — там вырабляюць з бараніны харчаванне для дзяцей.

— Па якой цане прадаяце? У якую суму абыходзіцца парачка ягнят?

— Па 22-23 тыс/кг жывой вагі, парачка маладняку абыдзецца прыкладна ў мільён, усё ў залежнасці ад вагі.

— Дзяржава дапамагае?

— У мінулым годзе Міністэрства сельскай гаспадаркі выдзеліла 55 млн рублёў на развіццё племянной авечкагадоўлі, а яшчэ за грошы міністэрства купілі 200 галоў пароды тэксель. Вядома, хацелася б большай падтрымкі, але перабіраць не даводзіцца.

— Аляксей Аляксеевіч, а воўну і шкуры каму збываеце? Раней праблема была.

— Воўны ў нас набіраецца ў год 5 тон, і мы прадаём яе на фабрыку ў Смілавічы. Там з яе вырабляюць коўдры, валёнкі... За кілаграм воўны нам плацяць 4100 рублёў. А шкуры нікому не патрэбныя. Фабрыка ў Бабруйску магла б забраць, але толькі калі партыя будзе 1500 штук, а мы такой колькасці адразу даць не можам.

— Каб аўчыны ды і не патрэбныя былі...

— Вось мы і хацелі б свой цэх адкрыць па выдзелцы шкур. Каб у гаспадарцы быў закрыты вытворчы цыкл. А для гэтага неабходна давесці пагалоўе авечак да 4,5 тысячы.

— Сёння гэта рэальна?

— Неабходна скараціць продаж авечак, а летась гаспадарка прадала 663 ягняці і 293 авечкі. Матачнае пагалоўе трэба павялічыць удвая і давесці яго да 2,5 тысячы. Пабудаваць новую ферму, а затым думаць пра цэх. Нам ён патрэбен невялікі, а то шкада шкуры выкідваць. Вунь ляжыць штук 500, соллю пасыпаныя... Раней на Брэстчыне былі два прадпрыемствы па выдзелцы шкур, а сёння няма ніводнага.

— Дык перспектыва ўсё ж ёсць?

— Будуць грошы, падтрымаюць, то і перспектывы з'явяцца. Цяжка, што сёння ніхто не ведае, якой павінна быць ферма для авечак. Вось быў на вучобе, і там ніхто не мог нічога толкам наконт авечак растлумачыць. Страціць — лёгка, аднавіць — цяжка.

А што думаюць у райвыканкаме? З гэтым пытаннем я звярнуўся да начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Мікалая Варажуна.

— У эканамічным плане авечкі для гаспадаркі стратныя, а ў сацыяльным — падтрымка для людзей, маладняк запатрабаваны прыватным сектарам. Насельніцтва хоча гадаваць авечак. А дзе можна набыць пародзістых, як не ў нашым раёне?

— Але як выжыць сельгаскааператыву? Узяць крэдыт і аднаўляць пагалоўе?

— Банк крэдыты СВК "Канюхі" не дае. І тут, на мой погляд, трэба паралельна з авечкамі развіваць другую галіну — гадаваць цялушак. Бычкі ў іх ёсць, але яны стратныя.

— Авечкі стратныя, бычкі стратныя, то можа прадаць гаспадарку з аўкцыёну?

— Ахвотныя былі набыць... за адну базавую, каб затым усіх авечак паціху на шашлыкі пусціць. Хочаце купіць, то плаціце рэальную цану і працуйце.

Успомнім, што пры М. Хрушчову кукуруза не прыжылася ў Беларусі і служыла тэмай для анекдотаў. А сёння ніводная гаспадарка без кукурузы не можа абысціся. Значыць, справа была не ў гэтай сельгаскультуры, а ў нас. Вось гэтаксама і з авечкамі. Неабходна пераймаць замежны вопыт, улічваць айчынныя напрацоўкі мінулых гадоў... Авечкі не могуць быць стратнымі!

А можа, не ўсё так і кепска. Прайшла інфармацыя, што ў адпаведнасці з распрацаваным бізнэс-планам у Лагойскім раёне плануецца будаўніцтва авечкагадоўчага комплексу на 10 тысяч галоў адначасовага ўтрымання. Калі праект ажыццявіцца, то гэта будзе прарыў для авечкагадоўлі ў цэлым. Праўда, многае залежыць ад замежных інвестыцый.

Сымон Свістуновіч.

Фота аўтара.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы мінулага стагоддзя я сустракаўся з тагачасным міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання, каб высветліць сітуацыю з авечкагадоўляй у нашай краіне. Ужо...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика