Гусі па Прыпяці паплывуць у лютым?
05.02.2011 14:40
—
Новости Общества
|
Гусі па Прыпяці паплывуць у лютым? Паводка, якую складана яшчэ назваць веснавой, прыйшла ў некаторыя вёскі Жыткавіцкага раёна. На асобных участках басейна ракі Прыпяць узровень вады дасягнуў небяспечна высокай адзнакі. Больш за тое, вада ўжо сёння перавышае максімальныя рубяжы сумна вядомага для Палесся 1999 года. Тады ўзровень вады дасягаў 513 см, зараз ён складае 520 см. Снег яшчэ захоўваецца на палях у дастатковай колькасці, а гэта адзначае, што вада будзе прыбываць, гаворыць прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў:
— Тры вёскі: Запясочча, Верасніца і Перароўскі Млынок знаходзяцца ў асабліва небяспечнай сітуацыі. Вакол дамоў, якія пабудаваны непасрэдна ў пойме, падсыпалі пяску, часткова зрабілі дарогу і невялікую дамбу. Вадзе засталося сантыметраў 30, а то і менш, каб пераадолець гэтыя штучныя збудаванні. Вада ідзе з лёдам упярэмешку. Пакуль што яна не падышла да дамоў, а вось да многіх гаспадарчых пабудоў ужо можна дабрацца толькі на плаўсродках. Яшчэ паўметра — і фундаменты дамоў таксама апынуцца ў вадзе. Гэта можа здарыцца, калі вада пераадолее дамбу. Ля Петрыкава Прыпяць перамыла пад'езды да паромаў, якія вядуць да дзвюх вёсак. Але пакуль паромы не працуюць, гэта не ўяўляе праблемы — да населеных пунктаў можна дабрацца з другога боку, яны ад вялікай зямлі не адрэзаны: — Калі зрабіць лунку на пойме Прыпяці, фантан вады пачынае біць у вышыню сантыметраў на 15-20, — расказвае Руслан Габрылёў. — Пад лёдам моцны ціск вады, яна і надалей будзе падымаць лёд. Кожны дзень узровень павялічваецца на 2-4 см. У раёне асабліва пільна пачалі сачыць за сітуацыяй з сярэдзіны студзеня. Правялі пасяджэнні адпаведных камісій. Сітуацыю трымае на кантролі раённае звяно дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый на чале з намеснікам старшыні райвыканкама. Усе неабходныя службы гатовыя аказваць дапамогу, якая можа спатрэбіцца мясцовым жыхарам. І цяпер ужо праводзяцца пэўныя работы. Напрыклад, жанчыне, якая з дому не можа дабрацца да сваіх веснічак, падсыпалі некалькі машын пяску. Зараз ідзе кропкавая падсыпка зямлі, каб можна было некаторы час пратрымацца. Абследуюцца старыя дамбы, адсочваецца, ці не зрабілі ў іх свае хады бабры, бо праз іх трапляе вада і дамба хутка бурыцца. Акрамя таго, у вёсках Жыткавіцкага раёна праведзена апытанне насельніцтва наконт таго, хто жадае выехаць за межы свайго населенага пункта на час паводкі. Звычайна ніхто не збіраецца выязджаць з роднай хаты: прывыклі за столькі гадоў. Тым не менш, жывёлу мясцовыя жыхары своечасова перагналі да сяброў і сваякоў, якія жывуць там, дзе звычайна не топіць. Улады тым часам сумеснымі намаганнямі падрыхтавалі дастаткова месцаў для часовага пражывання людзей. Ёсць куды эвакуявацца: клубы, бальніцы і атэлі гатовыя сустрэць магчымых бежанцаў ад вялікай вады. Зроблены неабходныя запасы прадуктаў і будаўнічых матэрыялаў. — У нас у Тураве ёсць усюдыход "Радыян", — расказвае прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў. — Падлічана, колькі плаўсродкаў знаходзіцца ў насельніцтва, на мясцовых прадпрыемствах, у выратавальнікаў. Так што пастаянны кантроль за сітуацыяй вядзецца, тым больш што сіноптыкі асабліва не суцяшаюць: і надалей нас чакаюць плюсавыя тэмпературы. Але ж у спецыялістаў службы МНС ёсць вопыт пераадольвання наступстваў паводкі і ў 1999 годзе на Прыпяці, і ў 2004 годзе — на Сожы ў Гомелі. Зараз ёсць уся неабходная тэхніка. Спыніць вялікую ваду мы не зможам, але мінімізаваць усе наступствы яе прыходу будзем імкнуцца. Акрамя таго, страхавыя кампаніі атрымалі неабходныя рэкамендацыі, каб актывізаваць работу па дадатковых дагаворах добраахвотнага страхавання маёмасці. Спецыялісты МНС гавораць, што выпрабаванні могуць чакаць і Петрыкаў. Тут можа скласціся даволі сур'ёзная сітуацыя, бо гарадок знаходзіцца ў своеасаблівай гарлавіне Прыпяці. Рака тут звужаецца з васьмі кіламетраў да двух. Пакуль сітуацыя не крытычная, але ж з улікам развіцця падзей людзям і ў гэтым паўднёвым населеным пункце краіны сёлета можа быць несалодка.Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводка, якую складана яшчэ назваць веснавой, прыйшла ў некаторыя вёскі Жыткавіцкага раёна. На асобных участках басейна ракі Прыпяць узровень вады дасягнуў...
|
|