"Грамніца" — абярэг
16.02.2011
—
Новости Общества
|
Беларусы з часоў сівой міфалагічнай мінуўшчыны былі сонца- і вогнепаклоннікамі, таму фактычна ніводзін з абрадаў любой накіраванасці і прымеркаванасці не абыходзіўся без прысутнасці агню. Далей, на працягу года, жыццяспрыяльная эстафета агню арганічна ўпляталася ў розныя абрадавыя кантэксты, спалучаючыся з іншымі рытуальнымі атрыбутамі. Знаўцы архаічнай традыцыі сцвярджаюць, што 13 сакавіка надзвычай неспрыяльны дзень, таму, каб засцерагчы сябе ад непрадказальных непрыемнасцяў, людзі, па магчымасці, заставаліся дома, запальвалі грамнічную свечку, чыталі малітвы, ахоўныя замовы. Калі ж абставіны складваліся так, што трэба было абавязкова куды-небудзь ехаць, то з сабой у дарогу бралі ікону, чацвярговую соль. На Юр'я першы раз выганялі жывёлу на пашу. Каб максімальна засцерагчы галоўную карміцельку сям'і ад розных пашкоджанняў, гаспадыня брала ў рукі грамнічную свечку, вербную галінку і чырвонае яйка і тройчы па сонцы абыходзіла карову. Як толькі ўся вясковая чарада збіралася на полі, цяпер ужо пастухі "замыкалі" яе ў непарушнае кола — абыходзілі статак, трымаючы ў руках тыя ж атрыбуты ды яшчэ рог, нож і пугу. Адвячоркам гаспадыня сустракала скаціну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў, гэтым самым закальцоўваючы раніцай распачатае свяшчэннадзейства. Як бачым, у такім выпадку свечку нават не запальвалі, таму што ў двары гарэў асобны агонь, але яе прысутнасць была абавязковай. Аднак найбольш моцным абярэгам грамнічную свечку лічылі ў час летняй навальніцы. Тое, што нарадзілася ад нябеснага агню, тое, што асвечана царкоўным абрадам, станавілася своеасаблівым гарантам перасцярогі. Свечка-грамніца, як дачка бога-грамаўніка, павінна была адвесці гнеў бацькі і заступіцца за чалавека ўжо хаця б таму, што ў гэтай хаце прысутнічала яго сімвалічная частка. Улетку, як толькі гаспадыня чула набліжэнне навальніцы, яна запальвала грамніцу і ставіла на падаконнік. Бог-грамаўнік ляскатаў на ўсё наваколле, паласаваў неба слядамі сваёй калясніцы — быццам вышукваў тых, хто не паважаў законаў продкаў, каб пакараць іх за гэта. Асаблівае месца ў народным календары займала Купалле, калі Сонца дасягала найбольшага росквіту. Аднак парадокс зямнога існавання заключаецца ў тым, што вяршыня тваёй славы — гэта адначасова паварот да знямогласці, страты актыўнай жыццёвай пазіцыі. Тое ж самае адбывалася і з Сонцам. У наступныя пасля свята дні яно пачынала здаваць пазіцыі ўладара, пра што добра ведалі. Чалавек жа прадпрымаў шэраг захадаў, каб засцерагчы сябе і гаспадарку ад іх магчымага ўздзеяння. Каб ведзьма не забрала малако ў каровы, гаспадыня вешала над дзвярамі серп і крапіву-пякучку, а да дзвярнога вушака мацавала свечку-грамніцу кнотам уніз. Грамнічная свечка суправаджала абрады засявання і зажынак. Яе запальвалі тады, калі насыпалі насенне ў мяхі перад сяўбой і перад тым, як засыпаць першы вымалачаны хлеб у засекі. Без грамнічнай свечкі не распачыналі зажынкі. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб захаваць палеткі ад граду. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусы з часоў сівой міфалагічнай мінуўшчыны былі сонца- і вогнепаклоннікамі, таму фактычна ніводзін з абрадаў любой накіраванасці і прымеркаванасці не...
|
|